Фiлiн выцягнуў з кiшэнi некалькi пашпартоў без фотакартак.
– Выбiрай, якое прозвiшча падабаецца больш, тое тваё.
– Не трэба мне такой дапамогi, – адштурхнуў руку з пашпартамi Бусел, – як-небудзь сам…
Фiлiн адвёў вочы, плёснуў гарэлкi ў двухсотграмовiк, ажно разлiлася, пацякла праз берагi на стол. На шчоках ходырам захадзiлi нервовыя жаўлакi, твар счырванеў, рукi па-здраднiцку задрыжэлi. Ён каўтануў палову двухсотграмовiка i, унiкаючы глядзець на Бусла, цяжка ўздыхнуў:
– Скажы шчыра, ты прынцыпова грэбуеш маёй дапамогай цi баiшся запэцкацца?
– Прынцыпова.
– Калi так, то я абавязаны дапамагчы, хочаш ты гэтага цi не. Памятаеш, з чаго пачалося наша вайсковае сяброўства? Ты мне жыццё выратаваў.
– Ты б зрабiў тое самае.
– Не ведаю. Дзесяць гадоў дапякае гэтае пытанне, а адказу няма… Калi шчыра, мне б смеласцi не хапiла на вышынi тысяча метраў ухапiць падаючага дэсантнiка, у якога не раскрыўся парашут. Кiшка была слабаватая…
– А цяпер кiшка твая стала моцная? – здзеклiва ўпiкнуў Бусел.
– Я проста вяртаю доўг, – ледзь стрымлiваючы гнеў, прасiпеў Фiлiн i сцiснуў вялiзныя кулакi-кувалды так, ажно пабялелi пальцы.
– А цi добра падумаў? Я ведаю, хто ты i чым займаешся, для кагосьцi ты Фiлiн, а для мяне Васiль Мароз, i адразу папярэджваю: цябе будуць шукаць i знойдуць. Магчыма, гэтым прыйдзецца заняцца мне самому.
– Пакуль капiтан Бусел вырашыць асабiстыя праблемы, кiлеру Фiлiну хопiць часу спалiць за сабой усе масты i жыць там, дзе яго не знойдуць. Я буду пачуваць сябе спакойна, мы квiты: ты выратаваў мяне дзесяць год таму, я цябе – учора. Вось такая мая фiласофiя, таварыш iнспектар крымiнальнага вышуку, – Фiлiн з цяжкасцю ўзняўся i, хiстаючыся, пакрочыў да выхаду; у дзвярах прыпынiўся i, чакаючы Бусла, дадаў: – Я б хацеў сустрэцца пры iншых абставiнах, але што маем, тое маем, жыццё мацнейшае за нас.
– Цiкавая фiласофiя, ты, пэўна, сабой ганарышся, – праходзячы мiма Фiлiна, насмешлiва прагаварыў Бусел. – А што тычыцца доўгу, дык ледзь слязу не выцiснуў, такi ты дабрадзей… Куды iдзём? – стоячы на ганку, на поўныя грудзi ўздыхнуў капiтан i не адчуў тупога болю ў правым баку, што яшчэ гадзiну таму выклiкаў прыступы ўдушлiвага кашлю.
– Кiруй да студнi, – падштурхнуў Бусла ў спiну Фiлiн.
– Што шукае Прышч у сталiцы? – апускаючы ў студню рыпучы журавель з iржавым вядром, спытаў Бусел. – Пэўна, грошы? I ўсё ж колькi я каштую?
– Камерцыйная тайна, – неахвотна прабурчэў Фiлiн, скiнуў з сябе кашулю i падхапiў вядро празрыстай вады. – Плеханi, а то нешта на сон хiлiць.
– Баiшся, што задам лататы? – перахапiўшы вядро, Бусел зрабiў некалькi глыткоў. – Ого, халодная, ажно скiвiцы зводзiць!
– Вада i сапраўды што трэба, сiлу дае… А наконт уцёкаў я спакойны, ранавата табе на людзях з’яўляцца, пазнаюць…
– То i добра, я не збiраюся гуляць у тваю гульню.
– Мая, як ты кажаш, гульня, праз пару-тройку дзён скончыцца, i ты, даражэнькi, будзеш выблытвацца сам, iнакш не паспееш аб’явiцца, як хтосьцi лупяне манцiроўкай па галаве, i памiнай як звалi.
Бусел незадаволена перасмыкнуў плячыма, спадылба зiрнуў на Фiлiна i рэзка плёхнуў ваду на ягонае мускулiстае цела. Злачынец ад нечаканасцi ажно падскокнуў, з грудзiны вырваўся мiжвольны крык, больш падобны на конскае ржанне, ён зафыркаў, зачмыхаў носам i пачаў iмпэтна расцiраць цела.
– Плiснi яшчэ! – узбуджана крыкнуў Фiлiн, але, убачыўшы, што Бусел быццам аслупянеў з вядром у руках, думаючы пра штосьцi сваё, выхапiў журавель, апусцiў у студню.
Наступнае паўнюткае вядро сцюдзёнай вады Фiлiн выплеснуў сабе на галаву i, не зважаючы на задумлiвага капiтана, подбегам пашкандыбаў у хату, пакiдаючы на зямлi добры дзесятак ручайкоў.
Буслу было над чым пакумекаць. Фiлiн меў рацыю, калi гаварыў пра тое, што ён павiнен на нейкi час зрабiцца нябожчыкам. Цяпер думкi былi скiраваны на тое, каб разблытаць злачынства. У прапанаванай сiтуацыi i сапраўды будзе лягчэй рассекчы вузел, выкрыць забойцу Кузаўкова i наркадзялкоў з фармацэўтычнай фабрыкi. Чалавек, якi тэлефанаваў, забiты, i ўсе нiтачкi абарвалiся. Арыштаваны Князь маўчыць i будзе стаяць на сваiм. Вiдавочна, трэба мяняць тактыку, i зноў Фiлiн правы: яго, капiтана Бусла, падставiлi, i да гэтага прыклаў руку хтосьцi са сваiх… Ён павiнен не хавацца ўсё жыццё пад чужым прозвiшчам, а знайсцi юду.
Пасля халоднага душу галава ў Бусла прасвятлела, куды падзеўся боль, цела паступова налiлося сiлай, начная стома пачала забывацца. Пачуццё самазахавання, якое яшчэ ноччу нясцерпна вярэдзiла душу, шчымiла жаданнем помсты сэрца, цяпер саступiла месца прафесiйнаму азарту, непераадольнаму жаданню асабiста ўва ўсiм разабрацца. Капiтан прагнуў дзейнiчаць, i толькi напрацаваная за гады разважлiвасць i цвярозы разлiк стрымлiвалi, прымушалi яшчэ i яшчэ пралiчваць магчымыя хады злачынцаў. Больш памыляцца Бусел не мог, другога Васiля Мароза не будзе. Капiтан вырашыў паслухацца парад Фiлiна.
Бусел павесялелым позiркам агледзеў вялiкую паляну, на якой месцiлiся хата з прыбудовамi, агароджаныя плотам, якi ад часу i недагляду спарахнеў i павалiўся на кусты здзiчэлай малiны, i толькi праз гэта яшчэ трымаўся, ствараючы ўражанне сваёй патрэбы. Адзiн з трох хлявоў неяк бокам усунуўся ў лес, быццам нiхто яго не будаваў, а ён вырас тут сам, разам з калматымi пахучымi соснамi, што шчыльна ўзялi яго ў палон. Другi хлеў быў напаўразбураны, i толькi трэцi, яшчэ нiштаваты, вiдаць, прыстасаваны пад гараж, ганарлiва паглядаў наўкол праз расчыненыя дзверы, падпёртыя тоўстымi калодамi. Страха на хаце ў адным месцы свяцiлася велiкаватай дзiркай, на напаўразбуранай пячной трубе сядзела вялiзная шэрая варона i, схiлiўшы галаву набок, насцярожана сачыла за Буслам.
«Тут, вiдавочна, нiхто не жыве», – падумаў Бусел i, падставiўшы твар яшчэ цеплаватым сонечным промням, заплюшчыў вочы.
I раптам ён акунуўся ў зусiм iншы свет: усё наўкол поўнiлася птушынымi галасамi, у траве на ўсе лады стракаталi конiкi, цёплы, ласкавы вятрыска ўзяў у свае абдымкi вiльготнае цела, iмгненна раскудлацiў валасы. Далёкi i адначасова блiзкi ўспамiн устрывожыў i расчулiў, капiтан адчуў, што даўным-даўно з iм гэта ўжо было, ён перажываў гэткi момант. Гуллiвы вецер менавiта так кудлацiў непаслухмяныя валасы, а птушыныя спевы напаўнялi душу неймавернай лёгкасцю i жаданнем узляцець. Iмгненна перад вачыма ўзнiк белабрысы дзесяцiгадовы хлапчук. Гэта ён, Андрэй Бусел, каб не адстаць ад старэйшых, узлез на вялiкi стары дуб, што рос на схiле Замкавай гары. Пад нагамi хiсткая, спружынiстая галiнка, а яшчэ нiжэй струменiцца, круцiцца вiрам рака Мнюта. Шлях да адступлення адрэзаны, Андрэй заплюшчвае вочы i саскоквае… Ён ляцiць i не адчувае свайго цела, толькi гэтыя птушыныя спевы i вецер, цёплы крылаты вецер у валасах.
– Калiсьцi тут жыў ляснiк, – парушыў нечаканы ўспамiн Фiлiн. – Стары памёр, а сын у турме, ён i даў адрасок. Месца надзейнае, блiжнi шлях – трынаццаць кiламетраў лясной дарогi, калi прыцiсне – сiгануў у кусты i шукай ветру ў полi. Цябе наўмысна сюды прывёз, пажывеш пару тыдняў, лiчы, што адпачываеш у санаторыi.
Пачуўшы пра два тыднi, Бусел не вытрымаў:
– Паўмесяца – гэта занадта!
– Я разлiчваю, што праз тыдзень цябе пахаваюць, – не зважаючы на капiтанаву нервознасць, вёў сваё Фiлiн, – а яшчэ праз тыдзень, трошкi змянiўшы знешнасць, аб’явiшся ў Мiнску. Цi табе абавязкова трэба быць на асабiстым пахаваннi?
– Добра было б, – незадаволена буркнуў Бусел, – са мной развiтацца прыйдуць не толькi сябры. Дарэчы, хто заказаў маё забойства?
– Я клiентаў адразу выкрэслiваю з памяцi, але ў тваiм выпадку можна зрабiць выключэнне. Жанчына пажадала бачыць цябе мерцвяком. Шэршэ ля фам, як кажуць французы.
– Ты з ёй сустракаўся? Што за яна, як выглядае?
– Перамовы вёў пасрэднiк, я толькi аднойчы гаварыў па тэлефоне.
– А пасрэднiк?
– Пра яго не пытайся, да тваёй гiсторыi чалавек не мае анiякага дачынення, нi пры чым ён.
– Нiчога сабе, нi пры чым! – узбуджана ўскрыкнуў Бусел. – Дапамагаў у забойстве – i нi пры чым!