Ядзя на хвiлiну задумалася, а Юлi ўжо i след прастыў. На наступны дзень прадаўшчыца зноў затрымалася ў кабiнеце начальнiцы i зноў блакiтны канверт апынуўся ў стале загадчыцы.
На трэцi дзень, як толькi за Юляй зачынiлiся дзверы i яны засталiся адны, Ядзя ўзбуджана прагаварыла:
– Тут, на месцы, мы не зможам раскруцiцца. Нам патрэбны гандлёвыя кропкi ў горадзе.
– Правiльна, Ядзечка Станiславаўна, – ажно засвяцiлася радасцю Юля, – правiльна, толькi як пераканаць дырэктара?
– Дырэктар – мой клопат, – ставячы на стол бутэльку шампанскага, усмiхнулася Ядзя, якая прыняла рашэнне. – Адзначым наш сумесны поспех!
Праз некалькi месяцаў Ядзя зразумела, што яны з Юляй не спраўляюцца. Патрэбныя яшчэ людзi i дадатковыя гандлёвыя кропкi, дый муж пачаў падазрона пазiраць. Кааператыўная кватэра за паўгода, новенькiя «жыгулi», гараж. Акрамя гэтага, Ядзя задумала будаваць дачу… Шаўцоў некалькi разоў наважваўся пагаварыць з жонкай, але тая толькi адмахвалася, маўляў, усё для дачушкi.
Ядзя разумела, што ў сваю задуму трэба ўцягваць мужа. Восень – самая пара складаць дамовы на закупку цытрусавых, а гэта ж залатое дно. Чарнявыя каўказцы навязуць чаго хочаш, толькi круцiся. Але ж як схiлiць на свой бок Шаўцова? Ён, праведнiк, i слухаць не захоча, а даведаецца пра Юлю – як пiць даць звольнiць дзяўчыну. Ядзя доўга шукала выйсця i нарэшце наважылася. У гэтай справе яна вырашыла, як кажуць, забiць двух зайцоў. Калi падзялiлася сваiмi разважаннямi з Юляй, у прадаўшчыцы ажно мову адняло, язык быццам прысох да нёба. Яна не паверыла сваiм вушам, была так уражана i здзiўлена, што доўга нiчога не магла сказаць. Маўчала i Ядзя, чакаючы, калi, зрэшты, дзяўчына прыме рашэнне, бо ў сваiм плане галоўную ролю яна адводзiла менавiта Юлi. Дзяўчына яна прыгожая, кiдкая, без комплексаў. Трэба толькi, каб Шаўцоў яе заўважыў, як кажуць, паклаў вока.
– Ты хочаш укласцi свайго мужа ў ложак з сяброўкай? – нарэшце ачомалася Юля, яе твар расплыўся ў здзiўлена летуценнай усмешцы, вочы пазiралi з недаверам.
– I што з таго? – сур’ёзна, не зважаючы на разгубленасць сяброўкi, зазначыла Ядзя. – Замуж я выйшла, бо не было куды дзецца, не на вёску ж ехаць пасля iнстытута! Мяне з мужам нiчога не звязвае, толькi што жывём разам. Ёсць дачка, але гэта зусiм iншае… Мы з iм партнёры ў сексе, а кахання няма. Тое самае, што i ў цябе: сёння з адным, заўтра з другiм, паслязаўтра…
– Ты лiчыш мяне прастытуткай? – зласлiва перапынiла начальнiцу Юля.
– Ну што ты, – прыхiльна ўсмiхнулася Ядзя, – я i сама не супраць жыць, як ты, толькi звязана па руках i нагах. Але спадзяюся, што хамут, якi навесiў на мяне Шаўцоў, не на ўсё жыццё. Хачу быць вольнай, рабiць, што прыйдзе ў галаву, але ж, сама разумееш, для гэтага патрэбны грошы. Дык ты згодна?
– Не зусiм, – не пагадзiлася Юля: ад яе злосцi не засталося i следу, дзяўчыне iмпанавала Ядзiна зайздрасць; прыпалiўшы цыгарэту, яна цынiчна дадала: – Трэба мець не проста грошы, а вялiкiя грошы, i пажадана ў валюце… А ў цябе, сяброўка, галава варыць, не кожны дадумаецца да такога. Значыць, цяпер Шаўцоў мой?
– Твой, – з палёгкай уздыхнула Ядзя, – i чым хутчэй ты яго спакусiш i прыбярэш да рук, тым лепш для нашай справы.
Пасля згаданай размовы мiнуў тыдзень, але змен нiякiх не адбылося. Пры сустрэчы Юля толькi роспачна пацiскала плячыма, даючы зразумець, што справа з месца не скранулася. У душы Ядзя была задаволена, што нi Юлiна спакуслiвая прыгажосць i вабнасць, нi яе жаданне не дзейнiчаюць на Шаўцова. Першая не вытрымала Юля:
– Прабач, сяброўка, але твайго Шаўцова, акрамя цябе, нiхто ў жыццi не цалаваў, не дзейнiчаюць на яго мае чары. Учора сказаў, што, калi я не выкiну дурноцце з галавы, звольнiць з работы.
– Так i сказаў? – не стрымалася, зайшлася радасным смехам Ядзя.
Юлiн твар iмгненна пабiла чырвонымi плямамi. Яна нервова сцiснула кулачкi i злосна паглядзела на Ядзю:
– Мы павiнны нешта прыдумаць. Можа, знайсцi другую?
– Выкiнь з галавы, – пасур’ёзнела Ядзя i, каб улагодзiць сяброўку, дадала: – Лепшую за цябе знайсцi немагчыма, не iснуе ў прыродзе.
Юля ўдзячным, пацяплелым позiркам паглядзела на Ядзю i жартаўлiва прагаварыла:
– Каб не было лепшай, я б тут з табой лясы не тачыла.
– Добра, сяброўка, не падлiзвайся, – адмахнулася Ядзя. – Будзь больш лiпучай, i ў нас атрымаецца.
– У нас? – здзiўлена перапынiла Юля.
– Так, у нас. Я вырашыла табе дапамагчы…
У той жа вечар Ядзя наўмысна справакавала зваду, абвiнавацiла мужа ў тым, што ён мала займаецца дачкой, вышуквае розныя прычыны, абы толькi не ехаць з ёй на вёску да бацькоў, беспадстаўна назвала Шаўцова слiмаком i, дэманстратыўна грукнуўшы дзвярыма, пайшла спаць у пакой дачкi. На наступны дзень Шаўцоў прыйшоў дадому з вялiзным букетам чырвоных руж, але Ядзя i брывом не павяла, а кветкi паляцелi ў сметнiк. Яна бачыла, як закалацiла мужа, як спалатнеў ягоны твар, але ён стрымаў парыў гневу, нават нiчога не сказаў. Толькi цяжка ўздыхнуў i, трымаючыся за грудзiну, пасунуўся ў спальню.
Ядзя не спала ноччу. Яна чула, як Шаўцоў шпацыраваў па кватэры, як пiў гарэлку, як выходзiў на балкон i доўга курыў. У нейкi момант у яе душы варухнулася пачуццё жалю: «А што, калi п’яны Шаўцоў скокне з балкона?» Ад адной толькi думкi паралiзоўваў страх, яна ўжо была гатова бегчы да мужа i пра ўсё расказаць, кiнуцца ў ногi, папрасiць прабачэння… Ён добры… Але ж тады трэба кiнуць махлярства! Не, няхай будзе так, як спланавана. Шаўцоў павiнен зрабiць тое, што трэба, яны зломяць яго, Юля стане палюбоўнiцай.
Шаўцоў мяняўся на вачах. Схуднелы, нервовы, з хваравiтымi агеньчыкамi ў вачах, ён мала нагадваў начальнiка, якога прывыклi бачыць людзi, лагоднага i зычлiвага. Ён хадзiў цяжка, няўпэўнена, часцяком адказваў на пытаннi неўпапад. Шаўцоў нагадваў цяжкахворага, але Ядзя ведала сапраўдную прычыну хваробы i няўмольна вяла сваю лiнiю. Яна адмаўляла мужу ўва ўсiм i ведала, што доўга ён не вытрымае, хутка дойдзе да такога стану, калi спакусiцца не толькi на прыгожую Юлю.
Напрыканцы тыдня, у пятнiцу, Шаўцоў прыйшоў з працы пазней звычайнага. Ядзя ведала, што начальства з торга гэтымi днямi часцяком арганiзоўвала выезды на прыроду. Мелiся аблюбаваныя куточкi на беразе ракi цi возера, дзе цеплiлася лазня, гатавалi двайную, а то i трайную юшку, смажылiся шашлыкi, лiлася ракой гарэлка, а заадно абмяркоўвалi справы. Шаўцоў таксама запрашаўся на гэтыя вечарынкi. Тут можна было сустрэць важных чыноўнiкаў з мiнiстэрства, з гарвыканкама, пракурора i начальнiка мiлiцыi. Але па тым, як муж хуценька крутнуўся з ваннага пакоя ў спальню, не цадзiў каньяк на балконе, а адразу завалiўся спаць i ўжо праз дзесяць хвiлiн пацiху соп, па-дзiцячы падсунуўшы далонь пад шчаку, Ядзя зразумела: Шаўцоў здрадзiў. Яна ўспрыняла гэта як нешта звычайнае, без трывогi i хвалявання. Наадварот, быццам камень звалiўся з душы: цяпер рукi былi развязаныя. У гэтую хвiлiну Ядзя падзякавала лёсу, што выйшла замуж па разлiку. З каханым зрабiць такое, што вытварыла з Шаўцовым, i ў галаву б не прыйшло. I адразу перад вачыма ўзнiк вобраз Калеснiка.
Ядзя баялася прызнацца нават сабе, што патаемна чакала сустрэчы з Сержам, у душы песцiла надзею, што прыйдзе час i яны зноў будуць разам.
Тыдзень цярплiвага чакання, назiранняў за Шаўцовым, якi цяпер дадому прыходзiў далёка за поўнач, поўнасцю пераканалi, што план удаўся. Ядзя вырашыла неадкладна дзейнiчаць. Яна наважылася паўтарыць тое, што рабiлi разам з Калеснiкам, толькi цяпер яе ролю выконвала Юля. Ядзя нячутна адамкнула Юлiну кватэру, увайшла, прыслухалася. У калiдорчыку над галавой цiкаў нябачны гадзiннiк. Ядзя прачынiла дзверы ў спальню, начная лямпа блакiтным святлом слаба асвятляла пакой. На вялiкiм двухспальным ложку ў абдымку спалi Шаўцоў з Юляй. Ядзя выцягнула з сумачкi фотаапарат, прымацавала ўспышку i рыўком скiнула са спячых коўдру. Пакуль Шаўцоў уцямiў, што да чаго, справа была зроблена, i Ядзя, выходзячы з кватэры, наўмысна грэблiва кiнула:
– Заўтра фоткi лягуць на стол каму трэба…