Гаспадар яму:
– Няможна, свае!
У мяне ажно спіна выпрасталася – так прыемна быць сваім.
* * *
Баяўся за Ромку, але дарэмна. Ноччу ён ходзіць па дзеўках, а днём спіць у маім ложку.
* * *
Радзіва «Прудок». Перадача пра сварлівых жукоў і інтраверта. Вычышчаў пограб, выкапаў калонію жукоў.
Яны мне:
– Якой халеры?! Выключы святло!
Я ім:
– Падʼём! Вясна!
– Трасца табе ў сраку! Дай паспаць.
– Спіце на дварэ. Гэта мая хата.
– Чагоооо?! Навалач сталічная, шкындзёхай адселя. Мы тут нарадзіліся. Хата наша.
А вы кажаце: як ты там будзеш адзін? У інтравертаў няма часу на адзіноту: столькі ўсяго адбываецца! Будзе сумна – пафарбую зялёнкай лямпачкі.
* * *
Навіна пра тое, што ў Прудок прыехаў жыць сталічны журналіст, хутка абляцела вёску. Але недзе чутку перабрахалі і кажуць, што прыехаў пісьменнік.
* * *
У Мінску чысценька, як па тэлевізары. Усе людзі памытыя. Гэта неверагодна!
* * *
– Здароў, сусед! А праўда, што ў цябе быў свой бізнес?
– Хто сказаў?
– А, там адзін. Кажа, што ўсё кінуў – кватэру і хвірму – і пераехаў сюды. Хіба праўда?
– Ну.
– Ат, прадаў бы. Нашто было кідаць?!
Красавік
* * *
Крапіва – мой ранішні эліксір бессмяротнасці. Выпіў – і да вечара бессмяротны. Унутры ўключаецца генератар. Адразу хочацца перанесці хату бліжэй да сонца або выкарчаваць стары пень.
* * *
У мяне дваццаць саджанцаў вішні. Заўтра яны стануць садам. Не разумею, чаму я пятнаццаць гадоў жыў у Мінску.
* * *
Радзіва «Прудок». Перадача «Апошні герой».
Электраабагравальнік зламаўся, 3G-мадэм не працуе, малако не кісне. А ў каморы, дзе я сплю, плюс восем.
* * *
Суседка адключыла мяне ад электрычнасці (спужалася, што яе хата згарыць праз мяне). Я купіў у краме свечку, сшытак і аловак. І ведаеце што? Так крута! Так проста. Так зразумела ўсё. Ежа – гэта вогнішча. Святло – гэта агонь. Тэкст – гэта папера.
* * *
«Паляшук, прыйшоўшы на белы свет, жыццё пачынае ў сасновай калысцы, цэлае жыццё жывучы ў сасновай хаце, абаграванай і асветленай сасной, спіць, адпачывае і есць на сасновай мэблі. У вольны ад працы час слухае гукі, узмоцненыя слаямі сасновага дэка скрыпкі, а адыходзячы на вечны адпачынак ад зямных турбот, забірае з сабой чатыры сасновыя дошкі ў выглядзе дамавіны».
Часлаў Пяткевіч, «Рэчыцкае Палессе».
* * *
Дзень пачаўся з грукату ў дзверы.
Цётка Дуня пабачыла тое, што пабачыла, – памятага барадатага мужыка са спужанымі вачыма.
– Я табе картоплю прынесла. Баршчы ясі? У мяне боршч е закатаны. І яйцы вечарам прывязу. А жыр нада?
* * *
Калі я бʼюся галавой аб дзвярны праём, я кажу не «Халера!» і нават не «Іці тваю маць!». Я кажу: «Выбачай». Дзед наўмысна рабіў дзверы такімі нізкімі, каб кожны, хто ўваходзіць у хату, пакланіўся. Занадта ганарысты – на табе цацку на галаву. У расійскай мове ёсць «отвесить поклон», у беларускай – «адбіць паклон». Я яшчэ свой паклон, мабыць, не надта добра адбіў, бо і сёння ў тым праёме пабачыў прыгожыя іскры.
* * *
Меў кароткую гутарку з братам Шурыкам. Ён працуе ў школе. Аказваецца, сёлета ў праграме ажно тры ўрокі беларускай мовы штотыдзень, як і расійскай, а гэта «безабразіе».
– Чаму так? – пытаюся. – Добра ж, што дзеці вучаць родную мову.
– Ты міня не агіціруй. Я протіф всех эціх нацыаналізацый. Мы часць рускай культуры і нікуда ат этава не дзенемся. Нацыаналізацыі фсе эці ваші прыводзят да таго, што на Украіне, – да настаяшчага фашызму. Мы с Расіяй, а не з Амерыкай.
– А прычым тут Амерыка? Сваю мову ж нада ведаць.
– Не нада. Дзеці і так у дзярэвні растуць, ім нада выправляць рэч.
Шурык не п’е і любіць сваіх дзяцей. Яго маці, мая цётка, даўно памерла. Ён тады падлеткам быў. І тут на табе – такая філасофія. Земляка Мележа—утопку, бобеларускаямовавядзеда «настаяшчагафашызму».
Нічога, пакрысе разбяромся.
* * *
Прыехаў да бацькоў, паглядзеў тэлевізар. Пасля расійскага тэлебачання хочацца каго-небудзь застрэліць, а потым памыцца і нажэрціся канопляў. І справа не ў змесце, а ў агрэсіі, з якой ядуць мазгі. А беларускае тэлебачанне мяне супакойвае.
* * *
Вы не паверыце, але гэтую сваю хату я таксама згубіў. Праз Шурыка, які не захацеў перапісваць хату на мяне, хоць усе дакументы амаль гатовы.
От табе і Вялікдзень! Са святам! Хрыстос уваскрос!
* * *
Мая баба Ганна казала, што па пятніцах напярэдадні вялікіх царкоўных святаў трэба пакідаць куццю на стале для продкаў. Але бабуля не ведала, калі тыя святы, і пакідала куццю штопятніцу.
* * *
У чаканні самага важнага дыялогу з Шурыкам паразмаўляў з партрэтам дзеда.
– Дзед, – кажу, – ты ж бачыш, як мне хочацца адбудаваць хату. Памажы мне. Памажы, – кажу, – дзеда.
Шурык сказаў, што падумае да Радаўніцы.
* * *
А вы ведаеце пра традыцыю падпальваць цыгарэту і класці на магілу памерламу курцу? Мой дзядзька зараз так «курыць». Учора да яго прыязджалі мае дваюрадныя сёстры, прывезлі пакурыць.
* * *
У скарбонку беларускай лаянкі: «Маць яго дыхала!». Перакладаецца так: «Шурык такі-сякі, але няхай робіць што хоча, я больш умешвацца не буду».
* * *
Радзіва «Прудок». Паведамленне з лініі фронту: «Прудокнаш».
* * *
Маша цікавіцца, чаму я не жыву ў Варшаве. А я сёння пасадзіў буракі, моркву, рэдзьку, цыбулю, часнок, кроп, пятрушку. Зараз пайду па лазу, каб сплесці кошык. Што, у той Варшаве кроп зелянейшы, Маша?
* * *
Сублімую сексуальную энергію ў пасеў гародніны. І будзе ў мяне восенню сексуальны ўраджай. Вельмі-вельмі-вельмі багаты.
* * *
У Каленкавічах дзеўкі ў кароткіх спадніцах і высокіх ботах. Мабыць, пра такіх казала баба Параска, калі перасцерагала мяне ад жонкі-лацугі.
Але я на тых дзевак глядзеў яшчэ да таго, як памыўся. Нямытым адно што глядзець можна. Калі памыўся, дзевак ужо не ўгледзеў. А калі б і ўгледзеў, то што?
Вы праслухалі новую радзіварэфлексію «Горват і дзеўкі». Не пераключайцеся.
* * *
У мяне зноў расце барада. Не наўмысна яе рашчу – проста няма ўмоваў галіцца, дый у люстэрка сябе бачу, толькі калі прыязджаю да цёткі Волі ў Каленкавічы (опа, а я зноў барадаты). Адзін дзядзька ў Прудку сёння сказаў, што я падобны да святара. Параіў павесіць на страху крыж, а ў хаце – абраз. Людзі будуць прыходзіць маліцца. Абраз у мяне ўжо ёсць. Мая бабця прыцягнула з Пскова Дзеву Марыю.
* * *
Колісь ліштвы вокнаў па-паганску аздаблялі сімваламі сонца, каб у хату не трапіла штосьці цёмнае і злое. Гэта ніякая не навіна, нават самы лянівы этнограф пра гэта ведае. Але чытаць пра тое ў кнігах не тое самае, што ламаць сабе галаву: мой дзед, калі выразаў сонейкі, хацеў абараніць хату ад цёмнага і злога ці проста аздобіў вокны традыцыйнымі сімваламі без усведамлення іх значэння?
* * *
Не ведаю, што сёння зрабілі вы, а я дык зрабіў нейкую драўляную хярню-вешалку. Сяджу, гляджу на яе і радуюся.
Пакуль я рабіў вешалку, Ромка спаймаў сваю першую мыш. Як той кажа, усе пры справе.
Расказвае мне, што яму падабаюцца мышы і што я мушу менавіта такую ежу купляць яму ў краме. Я таксама люблю мышэй, але жывых, таму раблю выгляд, што нічога не разумею.