І я павесіў крыжык побач са шкляначкай. У ёй была зямля з Прудка, Каранеўкі, Каленкавіч, Бярозаўкі, Боруска – з усіх месцаў, дзе жылі мае прадзеды. Зямля ўтварала такую сумесь, як я сам. Менавіта такой зямлёй я мушу стаць некалі. Гэты амулет расказваў пра маё зямное жыццё, а крыжык – пра тое, іншае. Але насіць іх разам не атрымалася: яны чапляліся і блыталіся. Я зняў крыжык і паклаў яго ў чамадан. Нашыя лёсы з Евай таксама чапляліся і блыталіся. Мы іх разнялі і забралі – кожны сабе свой.
Я зразумеў, што добрая жонка – тая, што з вады і мукі можа зрабіць блін, а не верш пра страказу. Усё чотка: яна – блін, я – табурэт. І ніякіх ямбаў і харэяў.
Каб даіла карову, трэба шукаць такую жонку, якая любіць пах палыну, а не лаванды.
Лістапад
* * *
Купіў у «букінісце» кнігу «Лекавыя расліны ў комплексным лячэнні», а там пазнака: «З кніг Вольгі Іпатавай». Такія ставяцца, каб кнігі не губляліся, таму мушу прызнацца: спадарыня Вольга, калі што, кніга на паліцы паміж скруткамі з чаборам і святаяннікам. Я магу вярнуць кнігу, але з вашага дазволу буду збіраць па ёй прудкаўскія зёлкі.
* * *
Наступнай восенню я адсвяткую Дзяды ў сваёй хаце. Нічога кніжнага – усё, як дагэтуль робіць маці: прыгатую вячэру, адчыню вокны і дзверы для памерлых, на стол пастаўлю лішні сталовы прыбор. Але ці не замала гэтага будзе? У Прудку на могілках пахаваны прынамсі шэсцьдзесят адзін мой продак. Столькі я налічыў у метрычных запісах у архіве. Там, напэўна, кожнае дрэва захоўвае частку майго генетычнага матэрыялу, бо вырасла з праху дзядоў.
Снежань
* * *
«Гуляць дык гуляць», – падумаў я і купіў квіток на цягнік да Вільні.
2015 год
Студзень
* * *
У Вільні ёсць традыцыя, калі суседзі і сябры сустракаюць Новы год у любімай кавярні – у такім амаль сямейным коле, дзе трыццаць першага вам скажуць:
– Выбачайце, сёння мы зачыненыя, мы святкуем Новы год з нашымі суседзямі-сябрамі.
І нават калі ў вас будзе самая прыгожая сукенка ці самы тоўсты гаманец, трапіць туды немагчыма.
Нам з Кацяй пашчасціла. Можа, таму, што мы беларусы і гаспадыні захацелася падараваць нам асаблівыя ўспаміны пра Вільню.
– Што з вамі рабіць? Не пакідаць жа вас на дварэ? – сказала яна нам у тры гадзіны ночы.
У кавярні і папраўдзе былі толькі свае. Літоўская княгіня, мастак, хірург, яшчэ некалькі чалавек. Усе яны жывуць у дамах побач. Пазней зайшоў паліцыянт пасля начнога дзяжурства. Ён таксама мясцовы. Большасць з іх яшчэ дзецьмі гулялі разам, залазілі на муры ля вежы Гедыміна, кахалі адно аднаго, потым жаніліся, разыходзіліся.
І сустракалі Новы год разам. Нехта – усю ноч. Нехта толькі заходзіў павіншаваць, абняць.
Былі і замежныя госці. З тых тутэйшых, што зʼехалі, але вяртаюцца сустракаць Новы год дома. Яны прывозяць сваіх мужоў-жонак і далучаюць да яшчэ адной сямʼі – сямʼі суседзяў.
Кавярня расцягваецца, калі трэба, каб усім было ўтульна.
Альбо сціскаецца да маленькага пакойчыка, калі застаюцца толькі княгіня, мастак, паліцыянт, спячы хірург. І мы ўдвох – навалач-беларусы.
Княгіня запрасіла мяне на танец. Тое, што яна княгіня, было заўважна і без словаў. Я на развітанне сказаў:
– Мы никогда не встретимся, и мне очень жаль.
А яна адказала:
– Мой милый, не жалей о том, что тебе не принадлежит. Береги то, что твоё по праву.
* * *
Скончыцца зіма, і я пераеду жыць у сваю хату.
Таму я люблю прыбіраць снег. Люблю прачынацца раней за самага спрытнага пеўня, есці вялікую талерку аўсянай кашы, бадзёра шпацыраваць упоцемках, калі ўсе прыстойныя людзі толькі пачынаюць ненавідзець свае будзільнікі. Люблю выносіць з тэатральнай каморкі рыдлёўку і рабіць на белай прасціне першую сцежку.
Люблю вяртацца дадому, дзе ёсць суп, гарачая ліпавая гарбата і цёплы Рома.
Скончыцца зіма, і я пераеду жыць у сваю хату. Таму я люблю прыбіраць снег: гэта як чысціць доўгую дарогу дадому.
* * *
Размаўляў з братам Шурыкам. Кажа, хата стаіць на месцы, а мяне возьмуць у Юравіцкую школу. З першага верасня я буду працаваць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Я ў дзяцінстве марыў пра гэта – стаць сельскім настаўнікам, але стаў журналістам. І тут раптам.
У гэтай школе навучаўся мой бацька. Ён хадзіў туды пешшу па пятнаццаць кіламетраў у адзін бок.
Люты
* * *
Праз адзін мільён восемсот чатырнаццаць тысяч чатырыста секунд я буду дома. А ўчора Іосіфаўна падпісала маю заяву на звальненне.
Куля зямная нахіляецца ў бок вясны.
* * *
Пабачыў новага дворніка Купалаўскага тэатра. Мы сутыкнуліся ў аддзеле кадраў. Як старае і новае, смерць і жыццё, зіма і вясна.
Але ў мяне засталіся тры апошнія дні. Тэатральныя рыдлёўкі і мётлы яшчэ тры дні падначалены мне. Каморка яшчэ тры дні мая.
А потым вазьму з сабой тэрмас, сяду ля фантана, буду піць гарбату ў сем раніцы і назіраць, як я не дворнік.
Абавязкова так зраблю.
Крыху падумаў і вырашыў замест гарбаты ўзяць каньяк.
* * *
Збіраю рэчы. Знайшоў свой дзіцячы вершык:
Справа пижама.
Слева кровать.
На кухне ножами
Орудует мать.
* * *
У летапісах Купалаўскага тэатра цяпер два Горваты. Першы – маршалак шляхты Мінскай губерніі Атон Горват, які ахвяраваў 50 рублёў на будаўніцтва тэатра. І я, які сыграў ролю дворніка ў рэалістычнай працяглай дзеі. Ключ ад грымёркі здадзены, пячатка пастаўлена. Без авацый, без кветак і падзякаў, ціха, лёгка, незаўважна перацякаю ў новую ёмістасць. З галоўным набытым уменнем – не саромецца рабіць простыя рэчы.
Таксама нагадваю, што заўтра а сёмай адбудзецца ўрачысты алкаранішнік ля фантана і агледзіны новага дворніка. Усе ахвочыя могуць далучыцца.
* * *
Вельмі добра памятаю пачатак свайго сталічнага жыцця. Я называў кока-колу сокам, модна апранаўся на Жданах, вазіў з дому закаткі. Потым хутка пасталеў, стаў апранацца на Дынама, навучыўся казаць: «Мама, не нужны мне эці закаткі, што я буду с німі цягацца».
Я аніколькі не шкадую, што засталіся толькі дзве ночы пад мінскім небам. Гэта вельмі каштоўнае ўменне – без болю пакідаць месцы і людзей. Бо самае галоўнае ж застанецца, нікуды не дзенецца.
Папраўдзе, я проста сябе падбадзёрваю.
Лахатрон
Гадоў дзесяць таму ўладкаваўся я на фірму, якая займалася рэалізацыяй бытавой тэхнікі. Карацей, у лахатрон. Тое, што ў газетнай аб’яве называла сябе гандлёвым прадстаўніком, папраўдзе хадзіла па кватэрах і пад выглядам уяўных рэкламных акцый збывала дробную бытавую тэхніку і кухонныя прылады: прасы, электрачайнікі, нажы. Што гэта лахатрон, я дацяміў запозна, калі ўжо прызвычаіўся да лёгкіх грошай. За месяц мяне натрэніравалі так, што я мог прадаць што заўгодна і каму заўгодна.
Маімі калегамі былі студэнты-завочнікі, маладыя настаўнікі і медыкі – наймілейшыя прайдзісветы, добрыя і прастадушныя. Мы падымаліся на апошні паверх і надзявалі на сябе нябачны скафандр, які не ўпускаў ні страх, ні сумленне.
– Добры дзень. Вы гаспадыня?
Недаверлівыя позіркі за дваццаць хвілін напаўняліся цеплынёй. А нашыя кішэні – грашыма.
Там, у кватэрах, маё сэрца ніколі не ёкала. Бабця з царкоўнага хору, палкоўнік, інвалід у вазку, сямейная пара лесбіянак, цётка, яшчэ адна цётка, яшчэ сто цётак – я ўсіх не злічу. Сэрца ёкала, калі мы збіраліся ля машыны, запіхвалі ў багажнік рэшткі і моўчкі вярталіся ў кантору. То была не проста стома, а душэўнае знясіленне праз гвалт, які мы самі ўчынялі.