Литмир - Электронная Библиотека
A
A

– Паслухайце далей.

– Давай, чытай.

– Коля хацеў выпіць. Ён абмацаў кішэні, хоць і так ведаў, што ў адной ляжаў вялікі цвік, а ў другой – цыгарэты з запалкамі. Прадаўчыха каму давала ў крэдыт, а яму – ніколі.

– Яна і не дасць! Было б каму. От раскажа Галі – тая яму дасць дык дасць.

– Я чытаю далей?

– Давай.

– Коля плёўся ўздоўж агародаў, пануры і задуменны. Падумаў, што свет да яго несправядлівы. Мужык ён харошы. Гаруе-гаруе ў тым калхозе, а выпіць няма як.

– Ажнедзе гаруе! От Галя – тая гаруе. На той Галі, беднай, жывога месца няма. Давай далей, ну.

– Ля Еўчынага плота Коля спыніўся. Зімой Ева пахавала свайго чалавека. Коля на памінкі не патрапіў, прыйшоў апасля, яна яму не наліла.

– Правільна зрабіла, што не наліла. Ну, што далей?

– …Прыйшоў апасля, яна яму не наліла. «А я табе налью. Мне для цябе, Еванька, не шкада. От на табе, пі, Еванька, пі», – сказаў Коля ўголас і шчодра паліў Еўчын куст парэчак мачою.

– Абы-што! Той алкаш нашкодзіў маладзіцы пад куст, а ты ўжо і рады старацца! От нашто ты пішаш такое?

– …І шчодра паліў Еўчын куст парэчак мачою. Адчуў палёгку. Далей ісці было весялей. Але выпіць усё адно хацелася.

– І гэта так пішуць у Мінску? Як п’яніца маладзіцы пад куст пасцаў – такое сягоння пішуць?

– Пішуць, цётка, пішуць.

– Абы-што.

– Увечары Коля вяртаўся дадому тымі ж агародамі. Адзін раз ён няўдала абапёрся аб Еўчын плот і перамог яго – плот упаў на парэчкі, а Коля – на плот. Прабрала на смех, які вырываўся з рота разам са слінай.

– Нашто ты пішаш пра тое, мой ты галубок? Марусі Зайчыкавай грамату далі – пра яе напішы. Яна ж без мужа век пражыла. Хатка ў яе бы лялька. Акуратненька, чысценька, есці наварана. І сама яна – лялька. А ты пішаш пра алкаша. Хіба пра такое можна пісаць, мой ты харошы?

– Пачакайце, цётка, я не скончыў.

– Не трэба мне, не чытай. Я, баба дурная, сяджу і вушы развесіла. Ідзі свайму Колю чытай. От яму ідзі і чытай, а мне такое не чытай.

– Далей усё хораша будзе. Мо дачытаю, а?

– Ай, не знаю. Не хочу я.

– От слухайце. Яшчэ колечкі часу Коля паляжаў, памармытаў сабе нешта пад нос і захрапеў. Прачнуўся ён пад гімн з Еўчынага прыёмніка. Галава моцна гудзела. Побач заспяваў певень, яму адказалі іншыя па сяле. Коля агледзеўся. Дзе ён ляжыць, то зразумеў адразу, а як сюды патрапіў – і не спрабаваў думаць. Ужо не першы раз ён прачынаўся не дома і трохі да таго прызвычаіўся.

– Не буду слухаць. Нават не чытай.

– На ім ляжала коўдра. Відаць, Еўка пашкадавала ды накінула.

– Няма ёй чаго рабіць. Я б яму вады з калодзезя выліла на морду яго паганую.

– Коля сеў на зламаны плот, яшчэ раз агледзеўся, дастаў з кішэні цыгарэты. Закурыў. Зараз Галя вернецца з начнога дзяжурства. Трэба хутчэй дадому, каб яна не дазналася, дзе ён начаваў. Але Еўка раскажа. А мо і не раскажа.

– Раскажа. А не раскажа – я раскажу.

– Коля ўстаў. У галаве нешта стрэльнула. Асцярожна паклаў коўдру пад брылём ганка і пайшоў дадому па малаток. Па радзіва сказалі, што надвор’е будзе добрае.

– Усё?

– Усё.

– Абы-што. Больш да цябе не прыйду.

* * *

Перад дажджом мухі шалеюць. Не дажыве Наташа да Спаса. Пацярплю-пацярплю – ды размажу па сцяне.

* * *

Мой дзед казаў: «Гаспадарку весці – не яйцамі трэсці». Ён меў найлепшую ў вёсцы хату. А я гарадскі лапух, які нічога не разумее ў будаўніцтве. Усё згніе, усё абрынецца.

Вы праслухалі перадачу «Чалавек, які ведаў дзеда, заходзіў у госці».

* * *

Шурык меў намер пусціць дзедаву хату на дровы. Яна муляла вочы сельсавету, і чыноўнікі летась далі Шурыку адзін год.

* * *

Сёння я б мог піць каву на балконе ў Мінску, мне б пазваніла маці і між іншым паведаміла б, што ў Прудку болей няма дзедавага селішча. Потым тут вырасла б калгаснае жыта, і штогод на Радаўніцу мы, нашчадкі, гулялі б у гульню: тамака быў плот, тутака баба Дуся сядзела на лаўцы. Мы штогод гуляем у гэтую гульню на вотчыне маці.

Конец ознакомительного фрагмента.

Текст предоставлен ООО «ЛитРес».

Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.

Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.

11
{"b":"643601","o":1}