Аднак самай галоўнай задачай Рады быў удзел у нямецкай абарончай кампаніі. Па сутнасьці, толькі гэтая мэта схіляла немцаў да падтрымкі існаваньня БЦР, яе сяброў і супрацоўнікаў. Астроўскі апынуўся ў цяжкай сытуацыі: з аднаго боку, ён разумеў непазьбежнасьць разгрому Нямеччыны, а з другога — адступаць ад супрацоўніцтва зь немцамі яму не было куды. Апанэнты Астроўскага на Беларусі і ў эміграцыі папракалі яго ў тым, што ў гэты безнадзейны для Трэцяга райху пэрыяд ён верна служыў яго інтарэсам, заклікаў беларусаў да канца змагацца з Чырвонай Арміяй і такім чынам падштурхоўваў людзей да дарэмнага кровапраліцьця. У сувязі з гэтымі закідамі варта бліжэй разгледзець вайсковую дзейнасьць БЦР.
У ліпені 1944 г. зь Беларусі былі звакуяваны шматлікія нацыянальныя паліцыйна-вайсковыя фармаваньні. Яны сканцэнтраваліся на тэрыторыі Усходняй Прусіі і Паўночнай Мазовіі.[143] Сярод іх было шмат беларускіх часьцей: рэшткі БКА і яе афіцэрская школа, 13-ты батальён СД, атрады дапаможнай паліцыі і інш. На думку Кушаля, можна было набраць каля 10 тыс. салдат і афіцэраў — гэтага хапіла б на фармаваньне адной беларускай дывізіі. Можна было спадзявацца і на згоду Арльта з Галоўнага ведамства СС. Пра гэта сьведчыць стварэньне іншых разнастайных усходніх часьцей СС, тым больш, што ў кастрычніку Арльт гаварыў, што намераны арганізаваць беларускую брыгаду СС.
Выкарыстаньне гэтых магчымасьцяў залежала ў вялікай ступені ад Астроўскага, паколькі ўжо ў ліпені ён гаварыў пра гэта з Арльтам. Аднак прапанову аб стварэньні беларускага легіёну Астроўскі накіраваў не ў Галоўную ўправу СС, а ў штаб генэрала Кёстрынга, камандзіра Вэрмахту па справах ненямецкіх фармаваньняў, дзе ніхто не займаўся гэтым пытаньнем, і таму было мала шанцаў на яго хуткае вырашэньне. Прапанова была зроблена ў сярэдзіне ліпеня, акурат тады, калі Галоўная ўправа СС вырашала лёс войскаў, што эвакуяваліся ў Мазовію.
Гэтая ініцыятыва Астроўскага мела паважныя наступствы. З аднаго боку, гэта дазволіла пераканаць чыноўнікаў ОМі, што беларусы стаяць на добрым шляху да стварэньня свайго легіёну, і прапанову БЦР поўнасьцю падтрымалі. Але з другога боку, Галоўная ўправа СС прыняла рашэньне ўлучыць усе беларускія часьці або іх рэшткі, што знаходзіліся ў Мазовіі, у наваствораную 30-ю пяхотную дывізію СС пад камандаваньнем обэрштурмбанфюрэра Зіглінга. Гэтую дывізію называлі яшчэ расейскай дывізіяй СС № 2. Яе нацыянальны склад быў вельмі пярэсты. Найбольшую частку складалі беларусы, шмат было расейцаў, палякаў, украінцаў і іншых. Пасьля кароткай падрыхтоўкі 23 жніўня 30-ю дывізію накіравалі на Заходні фронт, дзе яна пачала хутка раставаць у выніку дэзерцірства. Частка ўцекачоў з гэтай дывізіі, пераважна палякаў і беларусаў, восеньню 1944 г. уступіла ў войска генэрала Андэрса.
Гэтай гульні Астроўскага ня мог зразумець Кушаль, які імкнуўся да стварэньня беларускай нацыянальнай вайсковай часьці — пра гэта сьведчаць ужо цытаваныя яго ўспаміны. Астроўскі тым часам працягваў сваю лінію і высылаў Кушаля ў штаб Кёстрынга, каб падштурхнуць немцаў і хутчэй дабіцца рашэньня аб фармаваньні беларускага легіёну. Гэтыя стараньні не прыносілі ніякага плёну. Астроўскі рабіў выгляд занепакоенага, зьвяртаўся ў беларускую сэкцыю ОМі, але справа ня зрушылася ні на крок. Нарэшце 11 кастрычніка да Кёстрынга напісаў Бройтыгам з ОМі, але і гэта не дапамагло. І толькі 6 лістапада на пасяджэньні БЦР было сказана, што, «як высьветлілася», справа арганізацыі беларускага войска належыць да кампэтэнцыі СС, а не Вэрмахту. Такім чынам, каб разблытаць гэтую справу, спатрэбілася чатыры месяцы.
Аднак зацягваць чаканьне далей было небясьпечна, таму, каб апраўдацца перад уладамі і паказаць, што, апрача лёзунгаў і заклікаў, робіцца нешта яшчэ для барацьбы з бальшавізмам, БЦР у сярэдзіне верасьня арганізавала пад сваёй фірмай т. зв. батальён БКА. Было прынята рашэньне, што, паколькі афіцыйна БКА не была распушчана, ня трэба ствараць яе нанова. Праўда, не было атрымана ніводнай вінтоўкі і ніводнага мундзіра, аднак у бэрлінскай камэндатуры ўдалося здабыць памяшканьне нібыта для параненых салдат БКА, якія вярталіся з шпіталяў. Пад гэты дах сабралася некалькі сотняў салдат і афіцэраў, а таксама іх сямейнікі і іншыя цывільныя асобы, якія прабылі ў гэтым «батальёне» пяць месяцаў — да канца студзеня 1945 г. Для бяздомных уцекачоў гэта быў не найгоршы прытулак. Усё гэта вонкава выглядала як батальён БКА, афіцэрская школа і да т. п., рабілася многа шуму, ОМі па-ранейшаму дабівалася яго легалізацыі, але вынікаў гэта не прынесла ніякіх. Больш рэальнае значэньне мелі атрыманыя ад міністэрства пэўныя грашовыя датацыі пад гэты праект.
І толькі ў сярэдзіне сьнежня 1944 г. справа беларускага вайсковага фармаваньня апынулася ў Галоўнай управе СС, тут яе абяцалі вельмі хутка ўладзіць. Аднак менавіта цяпер Астроўскі пачаў «траціць надзею» на атрыманьне гэтага рашэньня, распарадзіўся прыпыніць дзейнасьць вайсковага аддзелу БЦР і нават зьбіраўся распусьціць вучэбны батальён. Прыблізна 10 студзеня БЦР атрымала вуснае паведамленьне, што Галоўнае ведамства СС згаджаецца на стварэньне беларускай брыгады пад назваю Waffen-SS Grenadier-Brigade «Weissruthenien». Афіцыйнае пісьмовае пацьвярджэньне аб гэтым было атрымана 26 студзеня. А на наступны дзень Астроўскі абвясьціў заклік да барацьбы і распарадзіўся падрыхтавацца да вярбоўкі валянтэраў. У гэты час Чырвоная Армія ўжо прабіла нямецкую абарону на Вісьле і наблізілася да Одэру. У Бэрліне ўзьнялася такая паніка, што і гаворкі быць не магло пра вярбоўку добраахвотнікаў. Зрэшты, у лютым, пасьля налёту амэрыканскай авіяцыі, перастала працаваць ОМі, а БЦР распачала паступовую эвакуацыю сваіх супрацоўнікаў у заходнюю частку Нямеччыны. Такім чынам, брыгада «Беларусь» засталася толькі папяровым праектам.
Паходжаньне вайсковай адзінкі, якая ў беларускай эміграцыйнай літаратуры атрымала назву дывізіі «Беларусь», было зусім іншае. Яно зьвязана з пазьнейшым лёсам 30-й дывізіі Зіглінга. Пасьля шматлікіх дэзерцірстваў, а таксама пасьля перадачы пад канец 1944 г. шэрагу яе падразьдзяленьняў у войска Уласава, асабовы склад 30-й дывізіі значна паменшаў. У студзені Зіглінг атрымаў загад папоўніць сваю дывізію шляхам вярбоўкі беларусаў. У сувязі з гэтым ён зьвязаўся з Астроўскім, і той перадаў яму вучэбны батальён. Так 28 студзеня частка гэтага батальёна, здатная да вайсковай службы, адышла да 30-й дывізіі, а сама дывізія зьмяніла назву. З гэтай пары яна ўжо звалася: 30 Waffen-SS Grenadier-Division (Weissruthenische № 1)—замест ранейшага Russische № 2. Пунктам яе фармаваньня стала мясцовасьць Гіршаў, што ў Баварыі. Але камплектаваньне гэтай дывізіі так і не насьпела скончыцца, і на фронт яна так і не трапіла. 30 красавіка яна апынулася ў амэрыканскім палоне. У гэты час у яе ўваходзілі 3 батальёны — 1094 чал., зь іх 182 афіцэры і падафіцэры.
Такім чынам, шмат фактаў указвае на тое, што, нягледзячы на заклікі і дэклярацыі, Астроўскі па магчымасьці стрымліваў фармаваньне асобнай беларускай вайсковай адзінкі ў Нямеччыне. Прыкладна такую самую тактыку ён абраў і ў справе арганізацыі Саюзу вызваленьня Беларусі. Гэтае пытаньне шмат разоў разглядалася на пасяджэньнях Рады, вяліся дэбаты вакол назвы, статуту і праграмы, ствараліся камісіі для распрацоўкі дэталяў. Усё гэта цягнулася аж да тае пары, пакуль уся справа ня страціла сэнсу перад абліччам непазьбежнай катастрофы, да якой кацілася Нямеччына.
Стаўленьне Астроўскага да дзейнасьці Ўласава было лягічным працягам ужо апісанай яго тактыкі. Сустрэча Гімлера з Уласавым, плянаваная на ліпень, адбылася толькі 16 верасьня. Было дамоўлена стварыць т. зв. Камітэт вызваленьня народаў Расеі і армію, якая б падпарадкоўвалася гэтаму Камітэту. Галоўная ўправа СС пачала рэалізацыю праекту. 13 кастрычніка ў гэтай установе прайшла канфэрэнцыя з удзелам Арльта, Крогера і Бухарта, было прынята рашэньне аб тым, каб даручыць Астроўскаму ўступіць у Камітэт. На думку кіраўніцтва СС, гэта не павінна было само па сабе перакрэсьліць ідэю незалежнасьці Беларусі. Аднак Астроўскі рашуча адмовіўся ад гэтага праекту. І не дапамаглі тут ні ўшчуваньні Арльта, ні націск Кальтэнбрунэра. Торвальд піша, што ў часе спатканьня з Уласавым у Галоўнай управе бясьпекі Райху Астроўскі сказаў яму: «Нашыя шляхі розныя. Вы — за вольную Расею, а я — за вольную Беларусь». Сваю пазыцыю Астроўскі «вельмі адназначна» пацьвердзіў падчас візыту ў Розэнбэрга — недзе ў апошнія дні кастрычніка.