Асабліва вялікія цяжкасьці выпалі на долю беларускага школьніцтва, якое не існавала з часоў расейскага панаваньня і цяпер павінна было стварацца спачатку. Найважнейшай праблемай была нястача настаўнікаў, большай часткаю мабілізаваных або эвакуяваных у Расею. Таму ўлады Обэр Осту прынялі рашэньне адкрыць беларускую настаўніцкую семінарыю ў Сьвіслачы, што на Гарадзеншчыне, дзе на колькімесячных курсах[24] павінны былі атрымаць падрыхтоўку новыя кадры. Цяжка аказалася знайсьці выкладчыкаў, таму заняткі ў сэмінарыі пачаліся толькі 15.10.1916 г. і працягваліся да 15.11.1918 г. Дырэктарам яе быў анямечаны сылезец Бэндзеха, а выкладчыкамі, між іншым, Б. Пачобка і Квяцінскі, часова — прафэсар Рудольф Абіхт[25] з Браслаўскага ўнівэрсытэту. У выніку, тут атрымалі падрыхтоўку 144 настаўнікі беларускіх школаў. Пэўная палёгка надышла ў 1918 г., калі вярнулася на радзіму частка мабілізаваных ці эвакуяваных пэдагогаў.
Па меры таго як вырашаліся элемэнтарныя кадравыя праблемы, разьвівалася сетка беларускіх пачатковых школаў. Паводле афіцыйных нямецкіх зьвестак, яшчэ ў кастрычніку 1916 г. на ўсёй тэрыторыі Обэр Осту дзейнічала ўсяго 8 такіх школаў, ужо ў сьнежні 1917 г. іх колькасьць узрасла да 50, а вясною 1918 г. дасягнула 89. У большасьці сваёй яны месьціліся на тэрыторыі Беластоцка-Гарадзенскай акругі, дзе вясной 1918 г. дзейнічала ўжо 79 беларускіх школаў. Іх доля ў агульнай лічбе школаў Обэр Осту (без Курляндыі) складала толькі 6,5 %, а ў Беластоцка-Гарадзенскай акрузе — 21,2 % (гл. табл. 2). Такім чынам, гэты ўдзел быў нашмат ніжэйшы за агульны працэнт беларускага насельніцтва на ўпамянутых землях.

Віною таму быў ня толькі недахоп настаўнікаў, але і пазыцыя польскага каталіцкага духавенства. Яно працівілася адкрыцьцю школаў на роднай мове для беларускіх дзяцей-каталікоў. Спробы нямецкіх уладаў адчыніць беларускія школы былі сустрэты рашучым супрацівам большасьці ксяндзоў, якія выкарыстоўвалі з гэтай мэтай разнастайныя санкцыі: не дапускалі да споведзі і прычасьця бацькоў, што пасылалі сваіх дзяцей у беларускія школы, або і саміх вучняў. Ксяндзы звычайна адмаўляліся выкладаць рэлігію па-беларуску і забаранялі дзецям карыстацца падручнікамі катэхізісу на гэтай мове. Паводзіны кліру ў гэтай справе, з традыцыйным трактаваньнем беларусаў каталіцкага веравызнаньня як палякаў, а праваслаўнага — як расейцаў, мелі выразны палітычны характар, яны выяўлялі імкненьні большасьці палітычных груповак у Польшчы да фэдэралізацыі або анэксіі беларускіх земляў. З прычыны супраціву духавенства да вясны 1918 г. у каталіцкіх асяродках Обэр Осту было створана ўсяго толькі пяць беларускіх школаў, пераважная іх большасьць узьнікла сярод праваслаўнага насельніцтва, якое складала каля 60 % беларускамоўнай масы на гэтай тэрыторыі і ўхваляла школы на роднай мове. Паводле сьведчаньняў Цэмке, нямецкія ўлады ў Беластоцка-Гарадзенскай акрузе часам ішлі насуперак інструкцыям, даючы згоду на адкрыцьцё польскіх школаў для беларусаў-каталікоў пасьля іх настойлівых пісьмовых хадайніцтваў.
У апэрацыйнай вайсковай паласе, якая распасьцерлася на большую частку акупаваных беларускіх земляў, тэндэнцыі нямецкай палітыкі адрозьніваліся ад тых, што панавалі на тэрыторыі Обэр Осту. Яны не знайшлі пакуль што адлюстраваньня ў гістарычных працах і могуць быць апісаны толькі пасьля вывучэньня архіўных матэрыялаў штабу 10 арміі. У роўнай ступені ні беларуская літаратура, ні «Zeitung der 10 Armee» ня ўказваюць на зьяўленьне там якіх-небудзь арганізацыяў, не надаюць інфармацыі пра культурную і выдавецкую дзейнасьць. Напэўна, тут распаўсюджваліся кнігі і часопісы, якія выдаваліся ў Вільні. Аднак прынцыпы школьнай палітыкі ўладаў Обэр Осту хоць і датычылі толькі гэтай тэрыторыі, але аказвалі ўплыў на ўзьнікненьне беларускіх школаў таксама і ў вайсковай апэрацыйнай зоне. Паводле зьвестак А. Луцкевіча, на канец 1918 г. агульная колькасьць гэтых школаў на зямлі «старой акупацыі» (г. зн. на тэрыторыях, занятых немцамі да 18.2.1918 г.) перавышала 150.[26] У параўнаньні да 89 школаў, зарэгістраваных увесну 1918 г. на землях Обэр Осту, гэта азначала, што каля 60 беларускіх школаў было створана ў апэрацыйнай зоне. Іншыя аўтары называюць значна большыя лічбы, аднак не акрэсьліваюць часу і месца існаваньня гэтых школаў. Так, напрыклад, Адам Станкевіч агульны лік беларускіх школаў, створаных за час нямецкай акупацыі, называе больш за 200, Вэрнэр Гасэльблат — аж за 300, а Канстанцін Сракоўскі — каля 350. Магчыма, гэтыя зьвесткі датычаць ня толькі пэрыяду «старой акупацыі», але таксама і часткі земляў, занятых у 1918 г.[27]
Такім чынам, нямецкая палітыка што да беларусаў у абедзьвюх зонах акупацыі абмяжоўвалася ў асноўным культурна-асьветнымі справамі і не давала падстаў спадзявацца вырашыць справу беларускай дзяржаўнасьці зь нямецкай дапамогай. Незалежна ад прычын такога стаўленьня Нямеччыны беларускія дзеячы на чале з Іванам і Антонам Луцкевічамі, а таксама Вацлавам Ластоўскім разумелі немагчымасьць стварэньня асобнай дзяржавы ў зоне акупацыі, пад якой знаходзілася чвэрць беларускіх земляў. Гэта абумовіла тактыку іх паводзін: немцаў трэба было пераканаць у мэтазгоднасьці стварэньня новай самастойнай дзяржаўнай адзінкі — Вялікага Княства Літоўскага, дзе беларускія і літоўскія землі злучаліся б па прынцыпе аўтаноміі. Такая пазыцыя беларускіх дзеячаў знайшла адлюстраваньне ў выдадзеных зь іх ініцыятывы ў сьнежні 1915 г. і лютым 1916 г. адозвах канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага,[28] мэмарыялах да парлямэнту (1.9.1917 г.)[29] і канцлера Райху[30] (сьнежань 1917 г.), нарэшце, у рэзалюцыях канфэрэнцыі прадстаўнікоў усіх беларускіх груповак, якая адбылася ў Вільні 25–27.1.1918 г. Гэтая канцэпцыя не ўзбудзіла, аднак, зацікаўленасьці нямецкіх уладаў, якія з 1917 г. імкнуліся да стварэньня асобнай літоўскай дзяржавы, у якую меліся ўвайсьці, між іншым, і далучаныя да Обэр Осту беларускія землі.
Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі ажывіўся беларускі нацыянальны рух і на тэрыторыі Ўсходняй Беларусі. У сакавіку 1917 г. узьнікае Беларускі нацыянальны камітэт, які ў выніку шэрагу зьменаў ператвараецца ў Вялікую беларускую раду. Яна прэтэндуе на ролю краёвага палітычнага прадстаўніцтва, у сярэдзіне лістапада 1917 г. патрабуе заключэньня міру зь Нямеччынай, аб’яднаньня акупаваных немцамі беларускіх земляў з рэшткай краю і фэдэралізацыі з Расеяй Беларускай дэмакратычнай рэспублікі. 14.12.1917 г. Рада склікае ў Менску першы ўсебеларускі зьезд, які прыняў пастанову аб неадкладным стварэньні выканаўчага органа ўлады ў Беларусі.[31] Ноччу 18 сьнежня савецкія войскі разагналі зьезд, з гэтай прычыны яго функцыі пераняў падпольны Выканаўчы камітэт Рады зьезду,[32] які, між іншым, выслаў сваіх прадстаўнікоў на мірныя перамовы ў Берасьце.[33] Пасьля новага нямецкага наступу (18.2.1918 г.) і адыходу зь Менску савецкіх войскаў (19.2.1918 г.) Рада зьезду выходзіць з падпольля, абвяшчаючы сябе часовым урадам на Беларусі, і 21.2.1918 г. утварае свой выканаўчы орган — Народны сакратарыят на чале зь Язэпам Варонкам.[34]
Палітычная сытуацыя ў Менску мянялася хутка, таму, калі нямецкія войскі ўваходзілі ў горад (25.2.1918 г.), ні бэрлінскія ўлады, ні камандаваньне 10-й арміі ня ведалі яе дакладна. Палітычнай асновай іх паводзінаў мог быць толькі Берасьцейскі трактат, у якім, аднак, беларускае пытаньне не было ўлічана. Займаючы Беларусь аж да Дняпра, немцы па-ранейшаму трактавалі яе як расейскую тэрыторыю, своеасаблівы заклад пад кантрыбуцыю памерам 6 млрд. рублёў, выплочваць якія абавязвалася савецкая Расея. Але ў Менску яны нечакана сутыкнуліся з палітычным цэнтрам, які менаваў сябе беларускім урадам. Увайшоўшы ў горад, нямецкія атрады абышліся зь ім, як з урадам варожай дзяржавы: з будынку Народнага сакратарыяту скінулі беларускі нацыянальны штандар і на яго месцы ўсталявалі нямецкі, канфіскавалі касу, такім чынам зрабіўшы немагчымай далейшую дзейнасьць гэтага органа. Неўзабаве пасьля інцыдэнту Народны сакратарыят адаслаў вышэйшым акупацыйным уладам мэмарыял, у якім, між іншым, дамагаўся тлумачэнняў іх стаўленьня да пабудовы беларускай дзяржаўнасьці.