Неўзабаве пасьля таго, як Лёзэ ў кастрычніку наведаў Бэрлін, Гімлер выдаў шэраг важных распараджэньняў, якія мелі сур’ёзны ўплыў на далейшыя падзеі. 23 кастрычніка ён прызначыў Баха сваім упаўнаважаным па справах барацьбы з партызанамі, пакінуўшы за ім ранейшае званьне HSSPF Russland-Mitte (шэфа СС і паліцыі Цэнтральнай Расеі). Амаль адначасова ён выдаў загад, паводле якога SSPF у Менску, які дагэтуль падпарадкоўваўся паліцыйным уладам Остлянду, цяпер пераводзіўся пад камандаваньне Баха. Дзейнасьць службы бясьпекі (СД) Генэральнай акругі Беларусь ў галіне антыпартызанскай выведкі таксама перайшла пад яго кіраўніцтва. Нарэшце, пад канец кастрычніка Гімлер прызначыў на пасаду SSPF Беларусі бязьмежна адданага сабе чалавека — брыгадэнфюрэра СС і генэрал-маёра паліцыі Курта фон Готбэрга, які замяніў Шыману.[99]
У лютым 1943 г. штаб Баха пераехаў з Магілёва ў Менск. Неўзабаве, 26.3.1943 г., Бах як упаўнаважаны па барацьбе з партызанскім рухам пераехаў у стаўку Гімлера, у Менску тым часам засталася частка яго штабу, якая 23.3.1943 г. атрымала новую назву: Dеr Hohere SS-und Polizeifuhrer Russland-Mitte und Weissruthenien (Галоўнакамандуючы СС і паліцыі Цэнтральнай Расеі і Беларусі — далей скарочана HSSPF RM und WR). Гэты тытул адлюстроўваў зьліцьцё ў руках адзінага камандаваньня дзейнасьці СС і паліцыі на тэрыторыі вайсковай адміністрацыі і Генэральнай акругі Беларусь. Паколькі ў Баха зьявіліся новыя абавязкі, кіраваць штабам HSSPF RM und WR павінен быў намесьнік — групэнфюрэр СС і генэрал-лейтэнант паліцыі Корзэман, а ў выпадку яго адсутнасьці — фон Готбэрг. Бах і Корзэман практычна бывалі ў Менску нячаста, таму сапраўдным кіраўніком усіх паліцыйных сілаў ува Ўсходняй і Заходняй Беларусі заставаўся фон Готбэрг. Яму падпарадкоўваліся тэрытарыяльныя пасты — SSPF Цэнтральнай Расеі ў Магілёве і SSPF Беларусі ў Менску. Аднак яны не адыгрывалі важнай ролі, тым болей што функцыі абодвух практычна не былі падзеленыя і заставаліся ў руках Готбэрга.
Такім чынам, Генэральная акруга Беларусь, хоць і заставалася ў складзе Остлянду, пад канец кастрычніка 1942 г. фактычна аказалася падпарадкаваная двум асяродкам вышэйшай акупацыйнай улады. Адміністрацыйны апарат, якім распараджаўся Кубэ, па-ранейшаму падпарадкоўваўся Лёзэ, затое ўсе сілы СС і паліцыі — Баху і яго намесьніку Готбэргу. Гэта стварала новую сытуацыю, у якой СС непазьбежна павінна была пераважыць. Кубэ выдатна гэта зразумеў і дзеля асабістай перастрахоўкі 9.11.1942 г. выслаў Гімлеру ліст, у якім запэўніваў яго ў абсалютнай ляяльнасьці перад СС, а таксама — у падтрымцы супрацьпартызанскай барацьбы Баха.[100] На фоне папярэдніх сутыкненьняў такія прызнаньні маглі здацца Гімлеру сэнсацыяй, адразу ж пасьля атрыманьня ён даручыў пераслаць пісьмо Кубэ Баху — дзеля азнаямленьня. Яны абодва разумелі: шчыра прызнавацца ў ляяльнасьці, ведаючы, якімі мэтадамі вядзецца барацьба з партызанамі, Кубэ мог толькі ў адным выпадку: калі вырашыў адмовіцца ад сваёй ранейшай беларускай палітыкі. Аднак гэтага ён не рабіў,[101] і паліцыйныя ўлады зразумелі, што салідарызацыя з СС была для яго толькі прыкрыцьцём, камуфляжам. Пад канец 1942 г. пазыцыі абодвух бакоў акрэсьліліся выразна, ніхто зь іх ужо ня бачыў шляхоў да паразуменьня. Мяркуючы па ўсім, ужо тады кіраўніцтва СС вырашыла прыбраць Кубэ зь яго пасады ў Менску.
У студзені 1943 г. дзеля гэтага распачалася кампанія, скіраваная на вылучэньне Генэральнай акругі Беларусь з складу Остлянду і падпарадкаваньня яе вайсковым уладам — гэтыя захады павінны былі прывесьці да ліквідацыі цывільнай адміністрацыі на падлеглым Кубэ абшары. Такія праекты снаваліся ў штабе Клюге ў Смаленску, іх пускалі на абмеркаваньне ў вайсковых колах у Менску, а пазьней — і Рыгі. Праект ліквідацыі цывільнага кіраўніцтва на Беларусі падтрымліваў і штаб Герынга, і яго прадстаўнікі ў ОМі (Кёрнэр, Томас, Рыне, Шлотэрэр), якія пасьля страты Кубані і значнай часткі Ўкраіны разьлічвалі на ўзмацненьне эксплуатацыі Беларусі. Ня выключана, што ролю натхняльніка пры гэтым мог адыграць Астроўскі — ён знаходзіўся ў той час у Смаленску і аказваў дапамогу штабу Клюге і кіраўніцтву Айнзацгрупы «Б» у змаганьні з партызанскім рухам на Смаленшчыне. Кубэ і Ермачэнка былі для яго самай галоўнай перашкодай для вяртаньня ў Менск. Але асноўнымі ініцыятарамі гэтага праекту былі ўсё ж паліцыйныя ўлады.
У гэтай сытуацыі Кубэ выступіў у абарону Генэральнай акругі, якой пагражала ліквідацыя. 3.2.1943 г. ён выслаў Розэнбэргу доўгі ліст, у якім прывёў грунтоўныя аргумэнты супраць скасаваньня цывільнай адміністрацыі на Беларусі. Ён падкрэсьліваў, што партызанскі рух у зоне цывільнага рэжыму значна слабейшы, чым ува Ўсходняй Беларусі, якая знаходзілася пад кіраўніцтвам Вэрмахту, што насельніцтва падначаленага яму абшару спраўна выконвае харчовыя паставы, прычым нават і ў тых раёнах, куды наведваюцца партызаны. Сярод іншых доказаў галоўны націск Кубэ рабіў на палітычныя меркаваньні. Ён пісаў пра страту нямецкага прэстыжу ў выпадку ліквідацыі цывільнай адміністрацыі на Беларусі, пра парушэньне цэласнасьці тэрыторыі цывільнай адміністрацыі на ўсходзе, папярэджваў пра небясьпеку поўнай страты даверу ў тутэйшага насельніцтва (у гэтай частцы Беларусі, на думку Кубэ, 50 % жыхароў дагэтуль яго яшчэ захоўвала). У рэшце рэшт,
на доўгі час была б увогуле зьнішчана наша дзейнасьць у галіне культуры, гаспадаркі, падатковай палітыкі і адміністрацыі.
Пры такім стане уводзіць пазьней цывільны рэжым яшчэ раз проста ня мела б сэнсу.
Адначасова Кубэ падкрэсьліваў патрэбу працягваць пазытыўную палітыку што да беларускага народу, ён ацэньваў яе як «безумоўна неабходную» для будучай усходняй палітыкі Нямеччыны.
Такім чынам, беларускае пытаньне стала справаю прэстыжу для нямецкай цывільнай адміністрацыі на ўсходзе. Таму Лёзэ і Розэнбэрг падтрымалі намаганьні Кубэ. Захаваньне ранейшага адміністрацыйнага статусу Беларусі было гарантам яе нацыянальна-тэрытарыяльнай адасобленасьці. У выпадку зьліцьця з тылавой зонай групы армій «Цэнтар», нацыянальна як быццам бы нэўтральнай, якую на самай справе, аднак, лічылі за расейскую (Russland-Mitte), гэтая адасобленасьць страцілася б. Такім чынам, праблема вырастала да палітычнага ўзроўню. Лёзэ, які даўно пагадзіўся з Кубэ наконт неабходнасьці вылучэньня Беларусі з Остлянду і беспасярэдняга падпарадкаваньня яе ОМі, цяпер зьмяніў сваю думку. У сярэдзіне красавіка 1943 г. ён адмовіўся ад гэтага праекту, зыходзячы зь меркаваньня, што ў рамках райхскамісарыяту Остлянд абараняць пазыцыю цывільнай адміністрацыі на Беларусі будзе лягчэй.[102] Па сутнасьці гэта быў тактычны крок, зроблены, каб памагчы яго сябру, Кубэ, бо да самага канца акупацыі Лёзэ заставаўся праціўнікам злучэньня Беларусі з Прыбалтыкай.
24 траўня 1943 г. Розэнбэрг, безумоўна, з ухвалы Гітлера, выдаў адпаведны дэкрэт, у якім пацьвердзіў ранейшую прыналежнасьць Беларусі да Остлянду. Адначасова спрашчалася службовая працэдура паміж генэральным камісарам і Міністэрствам акупаваных усходніх земляў. Аднак гэта не азначала наданьне самастойнасьці Генэральнай акрузе Беларусь. У дэкрэце паведамлялася, што пазьней будзе ўрэгуляваная сытуацыя з паліцыяй. У частцы ОМі спадзяваліся, што пасьля зьнішчэньня партызанскага руху паліцыйныя ўлады на Беларусі, падначаленай Кубэ, зноў пяройдуць у распараджэньне HSSPF Остлянду.
Гімлеру і Баху не ўдалася таксама і спроба афіцыйна абвесьціць Остлянд, у тым ліку і падпарадкаваную Кубэ частку Беларусі, зонай партызанскай вайны (Banden-kampfgebeit), што пасьля прызначэньня Баха 21.6.1943 г. шэфам антыпартызанскіх фармаваньняў пры райхсфюрэру СС забясьпечыла б яму вяршэнства ў дачыненьні да цывільнай адміністрацыі на Беларусі. У той самы дзень (21.6.1943 г.) Гімлер вярнуў Баху падрыхтаваны праект загаду бяз подпісу, растлумачыўшы, што ў дадзены момант лічыць яго непатрэбным. Правал праекту Гімлера абвесьціць Остлянд зонай партызанскай вайны, нягледзячы на яго ранейшую зацікаўленасьць, дазваляе меркаваць, што ён не атрымаў у гэтай справе падтрымкі Гітлера. У гэтым раундзе з СС зноў выйграваў Кубэ.