Інцыдэнт з Астроўскім пахіснуў надзеі Кубэ на больш актыўны ўдзел беларусаў у супрацоўніцтве, бо Ермачэнка да вайны быў практычна невядомы на заходнебеларускай палітычнай арэне і меў яшчэ слабейшую грамадзкую падтрымку, чым Астроўскі. Сярод тагачасных беларускіх дзеячоў панавала перакананьне, што за плячыма гэтага чалавека стаялі толькі немцы. Ня толькі прызначэньне Розэнбэрга падштурхоўвала іх да такой думкі. Сам Ермачэнка ўсюды стараўся пашырыць перакананьне, што толькі супрацоўніцтва зь Нямеччынай можа забясьпечыць беларускай нацыі лепшую будучыню.
У Кубэ, аднак, не было выбару. 22.10.1941 г. разам зь Ермачэнкам яны выдалі адозву да беларускага насельніцтва, у якой абвяшчалі ўтварэньне БНС і заклікалі людзей засноўваюць яе валасныя камітэты. У адозьве гаварылася, што адзінай мэтай БНС ёсьць дапамога насельніцтву па ахове здароўя і бытавых умоў: апекаваньне бяздомнымі сем’ямі, сіротамі і дзецьмі, чые маткі працуюць. Да БНС перайшла ўся маёмасьць, памяшканьні і супрацоўнікі таварыства беларускага Чырвонага крыжа, якое было створана ў ліпені 1941 г., а потым ліквідавана.
Яшчэ адным прэтэндэнтам на ўладу ў акупаванай Беларусі быў Акінчыц — рашучы праціўнік Шчорса, Астроўскага і Ермачэнкі. Аднак ён па-ранейшаму заставаўся ў Бэрліне, у аддзеле прапаганды ОМі, і толькі раз-пораз прыяжджаў у Беларусь, дзе ўзнавіў былое супрацоўніцтва з астатнімі ўдзельнікамі беларускага нацыянал-сацыялістычнага руху (Казлоўскім і інш.). Гэтая група ўжо ўлетку 1941 г. спрабавала адрадзіць сваю партыйную дзейнасьць, але сутыкнулася зь перашкодай: нямецкія акупацыйныя ўлады забаранялі стварэньне якіх-небудзь палітычных партыяў. Але, ня страціўшы надзеі на посьпех у будучыні, група Акінчыца паспрабавала ўтварыць беларускую моладзевую арганізацыю. У краёвым маштабе гэта ім пакуль што не ўдалося, але прынамсі ў Глыбоцкай акрузе такая арганізацыя была створана і дзейнічала з згоды акруговага камісара, хаця і без афіцыйнага дазволу Кубэ.
Асноўным прынцыпам праграмы Акінчыца і кіраванага ім т. зв. «Руху маладых актывістаў» была выснова, паводле якой пабудова самастойнай беларускай дзяржавы ў найбліжэйшы час была немагчымая, для гэтага не было належных спрыяльных умоў: народ знаходзіўся ў летаргічным сьне, нацыянальная сьвядомасьць — паралізавана. Нацыянальнае і дзяржаўнае абуджэньне магло надысьці толькі ў аддаленай будучыні. Зыходзячы з такіх меркаваньняў, паплечнікі Акінчыца лічылі, што «папяровыя генэралы, прафэсары і дактары» ня могуць быць прадстаўнікамі Беларусі, ня могуць адрадзіць яе зьверху — беларускае адраджэньне трэба пачынаць зьнізу, пад нямецкім кіраўніцтвам. Гэта была яўная намінка на Астроўскага, былога гімназійнага настаўніка, якога часам называлі прафэсарам, а таксама на лекараў — Шчорса і Ермачэнку. Беларуская моладзь, паводле праграмы Акінчыца, павінна была ўдзельнічаць у вынішчэньні праціўнікаў гітлерызму, а ў пэрспэктыве — змагацца ў атрадах СС. Для нямецкіх уладаў гэта магло б паслужыць доказам «шчырасьці» і падставай для большага даверу. У сваіх дзеяньнях Акінчыц абапіраўся на т. зв. кіраўнікоў прапагандысцкіх групаў, якія прайшлі пад яго кіраўніцтвам падрыхтоўку ў Бэрліне. Цяпер ОМі накіроўвала іх у паасобныя беларускія акругі.
Апрача групаў, якія сьвядома рабілі стаўку на супрацоўніцтва зь немцамі, заслугоўвае ўвагі кансьпірацыйная незалежніцкая дзейнасьць арганізацыі Іваноўскага — Станкевіча. Даволі доўга гэтыя дзеячы не рашаліся перабрацца ў Менск. Толькі напачатку верасьня туды выехаў Іваноўскі, і тое толькі дзеля таго, каб высьветліць на месцы сытуацыю. Тут гарадзкі бурмістар Тумаш прапанаваў яму сваю пасаду, паабяцаўшы залагодзіць у Кубэ ўсе фармальнасьці. Зараз цяжка меркаваць, ці было прычынаю гэтай прапановы жаданьне Тамаша пакінуць Менск, ці гэта сталася ў выніку спэцыяльнай дамоўленасьці паміж імі. Ува ўсялякім разе пасьля гэтага спынілася супрацоўніцтва Тумаша з групай Шчорса-Астроўскага. Тым часам Іваноўскі марудзіў з канчатковым рашэньнем. Ён вярнуўся ў Вільню і працягваў сваю працу ў мясцовым беларускім камітэце.
Неўзабаве вестка пра магчымае прызначэньне Вацлава Іваноўскага на пасаду менскага бурмістра дайшла да яго сябра, Самуэля Кастравіцкага, афіцэра 2-га аддзелу ў Галоўным камандаваньні ЗУБ. Ён у гэты час быў у Варшаве і рыхтаваўся выехаць у Менск, каб узначаліць там экспазытуру 2-га аддзелу.[81] Начальнік Кастравіцкага, шэф выведкі ЗУБ у Беларусі і Прыбалтыцы Тамаш Зан, таксама зацікавіўся гэтым паведамленьнем. Не падзяляючы скептыцызму Кастравіцкага, ён спадзяваўся схіліць Іваноўскага да супрацоўніцтва з ЗУБ і дзеля гэтага ў канцы верасьня выехаў у Вільню. На кватэры прафэсара Януша Івашкевіча Зан спаткаўся з Іваноўскім, пазнаёміў яго з сваёй прапановай, падмацоўваючы яе пэрспэктывай беларуска-польскага фэдэрацыйнага саюзу. Аднак атрымаў на гэта двухсэнсоўны адказ: «Я вам дапамагаць ня буду і перашкаджаць ня буду». Ад гэтай размовы ў Зана засталося ўражаньне, што Іваноўскі цалкам прысьвяціў сябе «беларускай рабоце» і ня быў зацікаўлены ў супрацоўніцтве з польскім падпольлем.
Іваноўскі выехаў у Менск толькі ў сярэдзіне лістапада, калі ўжо ясна абазначылася няўдача «бліцкрыгу». Вайна зацягвалася, цяпер варыянты яе заканчэньня нараджалі надзею. Крыху пазьней выехаў у Менск Янка Станкевіч, яго палітычны паплечнік і старшыня падпольнай Партыі беларускіх нацыяналістаў. Нямецкія ўлады ня мелі палітычнага даверу да Вацлава Іваноўскага. У прыватнасьці, назіраньні паліцыі за дзеячамі віленскага асяродзьдзя сьведчылі аб іх «вельмі няясных і неадпаведных выказваньнях наконт сваіх нацыянальных задач» — усё гэта ў першую чаргу датычыла Іваноўскага. Таму СД зьбіралася нават з дапамогаю Шчорса насадзіць у Вільні больш адпаведных дзеячоў. Пры такіх абставінах замест пасады бурмістра Іваноўскі заняў пакуль што пасаду яго намесьніка.
Насьцярожанасьць нямецкіх уладаў павялічвала непрыязнасьць, якую выказвалі ў адносінах да Іваноўскага іншыя беларускія групы, што змагаліся за ўладу. Яны прызнавалі яго заслугі перад беларускім рухам, бачылі ў ім апошняга жывога пачынальніка Адраджэньня, але адначасова — і менавіта таму! — будучага небясьпечнага канкурэнта. Іваноўскі заставаўся ўбаку ад дзейнасьці мясцовых груповак, але іх занепакоенасьць ад гэтага не зьнікала. Яму не давяралі ні ксёндз Гадлеўскі, ні Ермачэнка. Адкрытую варожасьць выяўлялі некаторыя праваслаўныя прыхільнікі Радаслава Астроўскага. Ужо ў сьнежні ў менскае СД лёг іх данос, дзе Іваноўскага выявілі як залежнага ад віленскай курыі каталіка, які дзейнічае на карысьць Польшчы і каталіцызму, а свае сапраўдныя інтарэсы хавае пад маскаю клопатаў па беларусізацыі Каталіцкай царквы. У даносе намесьніка бурмістра абвінавачвалі ў тым, што ён такім чынам стараецца адцягнуць увагу нямецкага кіраўніцтва ад польска-каталіцкай экспансіі.
Толькі пасьля таго, як Іваноўскі перабраўся на стала ў Менск, сюды пад канец лістапада прыехаў Кастравіцкі, каб арганізаваць мясцовую выведячэйку ЗУБ. Разам зь ім быў і яго стрыечны брат Вітальд Буткевіч, які павінен быў займацца выведкай у правінцыі. Яны абодва паведамілі Іваноўскаму аб прыезьдзе, але, пасьля размовы зь ім, істотна зьмянілі плян сваёй лякалізацыі, распрацаваны загадзя 2-м аддзелам. Буткевіч, замест таго, каб ехаць у правінцыю, застаўся працаваць у Менскай гарадзкой управе, на службе ў Іваноўскага. А Кастравіцкі, замест таго, каб узначаліць мясцовую экспазытуру 2-га аддзелу, празь некалькі дзён вярнуўся ў Варшаву. Буткевіч засьведчыў, што Кастравіцкага адклікалі назад, у Варшаву, але ў сапраўднасьці было іначай. Гэта пацьвердзіў Зан, дадаючы, што пры тагачаснай сувязі і мовы на тое быць не магло, каб перадаць за такі кароткі час нейкія распараджэньні з Варшавы.
Відаць, прапанова Іваноўскага наконт уладкаваньня абодвух афіцэраў «двойкі» прыйшлася ім больш да душы, чым дырэктывы камандаваньня. Аднак гэта не азначала, што Іваноўскі хацеў перабегчы дарогу 2-му аддзелу — выведячэйка ў Менску была створана, адзінае, што ўзначаліў яе Буткевіч, а Кастравіцкі вярнуўся ў Варшаву з заданьнем падрыхтаваць глебу для перамоў паміж Галоўным камандаваньнем і Партыяй беларускіх нацыяналістаў. Напэўна, гэта была адзіная магчымасьць наладзіць кантакт з ЗУБ, якога беспасьпяхова дамагаўся ў Варшаве Станкевіч вясною 1941 г. Даносчыкі, такім чынам, натрапілі на фальшывы сьлед.