Далей гукаў не было. Я бачыў, як выгнулася шкло, пабеглі роўныя лініі расколін, марудліва, нехаця, пачалі сыпацца долу аскепкі — вялікія і малыя, вострыя і зіхоткія. Хлопчык павярнуў галаву, твар яго быў скажоны страхам, ён занёс нагу для скачка, памкнуўся ад вітрыны. А з яе марудна споўз вялізны трыкутны аскепак, паляцеў долу, на выцягнутую другую нагу хлапчука. Краем пракаўзнуў па лытцы, успароўшы тканіну, уткнуўся вастрынёй у зялёную пліткавую падлогу, стаў крышыцца, сыпацца.
І толькі тады я пачуў гук разбітага шкла, нечы перапуджаны крык. Я падскочыў да хлопчыка: ён паўляжаў, паралізаваны страхам і болем, азіраючыся на сваю нагу, выцягнутую назад. Разрэзаная тканіна на вачах імкліва набрыняла, з сіняй робячыся чорнай, з-пад нагі на падлогу выпаўзала крывава-чорная лужынка, расцякалася.
І тады я закрычаў:
— Яся!
Яна не магла выйсці са школы. Не магла.
Вакол ужо стоўпіліся перапалоханыя вучні, падбягалі ўсхваляваныя настаўнікі, разгубленасць і страх надавалі ўсім тварам аднолькавыя маскі бездапаможнасці. Ядвіся растаўкла кола, кінуўшы пад нечыя ногі заплечнік, сашмаргнула з сябе куртку, кінула вобзем.
— Закасвай калашыну!
Я пацягнуў калашыну, разрэзаную не да канца, рвануў далей мокрую склізкую тканіну, вызваліў нагу. Яна ўся была ў крыві. Разрэзу не было відаць, але ён угадваўся па пульсуючым струмені. Ядвіся коратка азірнулася, бы нешта вышукваючы вачыма, не знайшла, прысела, імкліва зняла цераз галаву свой балахон, адкінула ўбок, сцягнула з сябе белую саколку, склала яе ў дзве столкі і накрыла нагу хлапчука.
— Трымай тут! — схапіла маю руку, пасунула пад калена хлопчыка, прыціснула мае пальцы. — Моцна цісні, кулаком упоперак, там вены.
Пачуўся нейкі гул, мабыць, некага збянтэжыла аголеная, у адным станіку спіна Ядвісі.
— Ціха, — гыркнуў я, сам дзівячыся сваёй рашучасці.
Праз замерлае ў жаху кола прабілася завуч, Наталля Іванаўна, з перакошаным — першы раз я бачыў такі — шэрым тварам.
— Што. здарылася?
Ядвіся ўзняла галаву, сустрэлася з ёй вачыма.
— «Хуткую»!
— Трэба нагу ў калені моцна сагнуць і да жывата падцягнуць! — гучна і безапеляцыйна прагучаў голас Юрася.
Ён стаяў наперадзе ўсіх, глядзеў зверху ўніз, як я цісну пад каленам хлопчыка. У яго на твары чытаўся злы папрок: «Зноў ты апынуўся разам з Ядвісяй, а мы ж дамаўляліся!». Я кінуў рэзка і злосна ў адказ:
— Не камандуй!
— Ты яшчэ пашапчы! — з'едліва агрызнуўся Юрась. — Рабі, як кажуць!
Ядвіся здрыганулася, бы яе хто выцяў па плячах, ускінула вочы на Юрася. Я не мог бачыць яе позірку, не ведаю, што ў ім было, але Юрась раптам няўклюдна падаўся назад з перапуджаным тварам.
А Ядвіся нахілілася, амаль прыпала да нагі хлапчука, да сваёй ужо набрынялай кроўю саколкі, і загаварыла напаўголаса, разборліва і хутка, і ад першых яе слоў імгненна сцішыліся ўсе навокал:
— Першым разам, Гасподнім часам. Плылі тры рэчкі: адна вадзяная, другая малочная, а трэцяя крывавая. Вадзяная — працячы! Малочная — працячы! А ты, кроў гаручая, спыніся і запячыся! Другім разам, Гасподнім часам. Плыла рака морам, а ў той рацэ тры жылы: адна вадзяная, другая малочная, а трэцяя крывавая. Вадзяная — працячы! Малочная — працячы! А ты, крывавая, суніміся і запячыся! Трэцім разам, Гасподнім часам. Плылі тры ручаі: адзін вадзяны, другі малочны, а трэці крывавы. Вадзяны — працячы! Малочны — працячы! А ты, кроў гаручая, сунімайся, запякайся!
Да яе ззаду наблізіўся Уладзя, падхапіў з падлогі балахон і прыкрыў аголеныя плечы.
Ядвіся не заўважыла гэтага, паўтарыла яшчэ раз замову, павольней, і яшчэ раз, напрыканцы, дадаўшы:
— А словам маім ключ ды замок. Словам маім ключ ды замок. Словам маім ключ ды замок. Адпускай, ператрымаем, — ціха скамандавала мне і дадала хлопчыку: — Ляж, ляж на жывот, нагой не варушы, не глядзі сюды. Усё добра, кроў не цячэ, усё будзе добра.
Адняла скрываўлены скрутак, працерла нагу. Кроў спынілася. Разрэз ішоў праз усю лытку, наўскос, глыбокі і жахлівы. Ніколі такога раней не даводзілася бачыць — разрэзанага так моцна жывога чалавечага цела...
Вакол нас стаялі школьнікі і настаўніцы, але ў такой немаце, як ім пазашывалі раты. Ядвіся павяла вачыма, спытала ціха:
— Мо ў каго якая сурвэтка ёсць. Ці насоўка чыстая?
— Ёсць, ёсць, Божа, што здарылася, Максімка, што здарылася? — маладая настаўніца, перапалоханая, дрыжачымі рукамі працягнула Ядвісі белую насоўку, хацела наблізіцца да хлопчыка, але замёрла, пабачыўшы чорную лужыну пад ім, якая расцяклася мо ў метр. Мабыць, яна была класным кіраўніком гэтага героя.
Ядвіся выцерла рукі, дала насоўку мне, нацягнула на сябе балахон, азірнулася на Уладзю, кіўнула яму ўдзячна.
— Дзе «хуткая»? — спытала.
— Зараз. пад'язджаюць. Яны побач былі на выкліку. — Наталля Іванаўна была не проста перапалоханая — выгляд ляжачага вучня з нагой у лужыне крыві ўводзіў яе ў стан шоку. Я падумаў яшчэ, што яна баіцца самой крыві, якой так многа тут, што адчуваецца яе пах, незвычайны, ні з чым не параўнальны, нейкі цёплы і цягучы, і выглядае кроў так страшна на зялёнай падлозе. Мне самому было вусцішна, і каб не Ядвіся... — Дзеці, дзеці! — Наталля Міхайлаўна прымусіла сябе ўвайсці ў свой статус завуча, толькі голас яе яшчэ дрыжаў: — Разыходзьцеся, калі ласка, нічога страшнага няма, кроў не ідзе, трохі парэзаўся шклом, зараз прыедуць урачы, зробяць перавязку.
Шчыльнае кола пачало хутка распадацца. Яшчэ праз колькі хвілін пачуўся шум ля уваходных дзвярэй: прыехала «хуткая». Жанчына ў зялёным касцюме прайшла да хлопчыка, прысела, памацала нагу, з лёгкім здзіўленнем азірнулася на Ядвісю — яна была найбліжэй.
— Як вы спынілі кроў? Зрэшты, неістотна. Насілкі сюды.
Вакол нас стаялі ўжо не вучні — настаўнікі. І дырэктарка, Рэгіна Казіміраўна. Твар яе быў падобны на паверхню каменя — шэры і нежывы. Яна перахапіла мой позірк, кіўнула, я зразумеў і адышоў убок, чакаючы яе.
— Ты ўсё сам бачыў, Вяргейчык?
— Усё. На маіх вачах. Даруйце, не паспеў. Хоць усё было так. так замаруджана.
Хлопчыка на насілках ужо выносілі са школы.
— Прабач, калі ласка. тут зараз прыбяруць. Ты можаш затрымацца на колькі хвілін?
— Калі трэба.
— То памый рукі і ідзі да майго кабінета.
Я кіўнуў.
Ужо тэхнічка прынесла вядро з вадой, ад месца здарэння адышліся, даючы прыбрацца. Дырэктарка размаўляла з Ядвісяй, азіраючыся на мяне. Уладзя падышоў, несучы куртку Ядвісі і яе заплечнік. Мая куртка вісела сіратой у пустым гардэробе. Ядвіся адышлася ад дырэктаркі, падышла. Уладзя паспеў забраць маю куртку і заплечнік і так пайшоў за намі да рукамыйніка — несучы нашы транты. Мы не размаўлялі, вымылі рукі, Ядвіся апранула куртку, пачакала, пакуль апрануся я.
— Хадзем? Дзякуй, Уладзя!
— Хадзем. А Настачка дзе? — спытаў я сябра.
— Стаіць ля выхаду.
— То бяжы, дзякуй. Пачакай хвіліну. Юрася бачыў?
Ядвіся прыпынілася, але не азіралася — яна таксама хацела пачуць адказ.
— Навошта ён табе? — скрывіўся Уладзя.
— Ды. таксама дзякуй сказаць.
— Ён уцёк адразу. Як пачуў, што Ядвіся. шэпча, дык і выскачыў за дзверы. Ён жа рэаліст.
— Я не шаптала, Уладзя, — павярнулася Ядвіся. — Гэта называецца замова на кроў.
Дырэктарка чакала нас.
— Прабачце, калі ласка, але ж заўтра, ды ўжо сёння мне адказваць. Такое здарэнне. я прашу вас расказаць. Каб ведаць з першых вуснаў, як і што было. І прабачце, калі можна. пісьмова.
Мяне перасмыкнула.
Рэгіна Казіміраўна пабачыла, як змяніўся мой твар. Я паглядзеў на яе, у яе вочы. і яна раптам нібы зменшылася ростам, ператварылася з дырэктаркі ў напужаную цётку. нечыю маці. Для якой той вучань — яе родны сын.
— Давайце паперу. А што Ядвісі пісаць, я яе клікнуў, калі шкло было на падлозе.
— Вы аказвалі першую дапамогу. Спынілі кроў. Божа, мне страшна ўявіць, чым усё магло скончыцца, — раптам прыпынілася дырэктарка ад сваёй жа думкі. — Вечар, ніводнага мужчынынастаўніка, медпункт зачынены, жанчыны. разгубіліся, хто б знайшоў, дзе якую вену ціснуць.