— Але ж гэта проста лічбы, — хоць і паважліва, але з лёгкай паблажлівасцю ўсміхнулася матэматычка. — Калі захацець, патрэбную лічбу можна адшукаць у любым месцы.
— Ды не шукаў я лічбы! — падхапіўся Юрась, я ажно пахіснуўся ўбок. — Зараз — дзявятая гадзіна і сёмая хвіліна. Праз дзве хвіліны. Калі максімальная колькасць дзявятак супадзе.
— Мноства нашага класа наляціць на нябесную вось!
Але на гэты рэмікс вядомай цытаты ніхто не адрэагаваў.
Стала ціха. Ці не на ўсіх сталах засвяціліся тэлефоны. Дзве лішнія хвіліны сачкаваць — каму не хочацца? Пагатоў, можна добра гігікаць а 9 гадзіне 10 хвіліне. Я таксама дастаў тэлефон. Мне было не тое каб трывожна, але няўтульна. Я не мог дарэшты паверыць у Юрасёвы лічбы, але ж... Той матылёк сёння зноў сніўся мне. І я вынырнуў са сну, гэтым разам ужо крануўшыся тварам, адчуўшы холад вады ручая. Раней такога не было. І не было, каб так доўга ніяк не адпускала ад сну.
А дзявятай нуль дзевяць нічога не здарылася. Яшчэ хвіліну стаяла цішыня, а потым пачуўся лёгкі ўздых — то Віялета звярнула ўвагу ўсіх на сябе і роблена шкадуючы праспявала-прамовіла:
— Ах, які жаль. Наш матэматычны геній чарговы раз лахануўся.
Юрась — асабісты вораг Віялеты. І не толькі таму, што яго ніколечкі не чапляе яе агульнапрызнаная прыгажосць. Ён — анархіст. І я — анархіст. Але калі для Віялеты я — нешта невыразна сярэдняе, дык Юрась жа — фігура, аўтарытэт.
Наш клас ці не ад самага пачатку падзяліўся на дзве часткі: эліта і плебс. Звычайная справа для школы. На ўроках мы, здаецца, і разам, але толькі на ўроках. Калі дыскач у школе (ну, туды мы валілі разам у 8—9 класах, цяпер дык і не асабліва) — плебс танчыць асобна ад эліты. Хлопец з эліты ніколі не запросіць на танец плебейку і наадварот. І тусавацца пасля ўрокаў можна адно з сябрамі сваёй групоўкі. Канечне, групы незаўсёдныя, некага з эліты выганяюць у плебс, нехта з плебса прабіваецца наверх. У эліты галоўная — Віялета, яе целаахоўнікі — Віктар і Алег. Калі ў Віктара бацькі — не абы-якія чыноўнікі, дык у Алега — кулакі і моц. Яго рэальна пабойваюцца ўсе ў класе, ды і настаўнікі асабліва не чапаюць. Бацька Алега, ведаем, год таму сеў у турму за разбой. І не першы раз. Сам Алег глядзіць на ўсіх нас, аднакласнікаў, згары: ён ведае шмат такога, што нам і не снілася. Як ён апынуўся ў эліце, і што яго самога трымае там?
— Яго трымаюць грошы, якіх хапае ў Віялеты, Віктара і яшчэ многіх. А ён патрэбен ім як ахоўнік... Моц заўжды трэба, — лёгка знаходзіць тлумачэнне Юрась, рыхтык счытвае аднекуль ці паўтарае завучанае.
У плебса цэнтра няма: кожная групка сама па сабе, свае міжсабойчыкі. Ну, а мы з Юрасём — нейтралы. Нам пофіг гэтыя падзелы, гульні ў іерархію нас не цікавяць. Мы папраўдзе трымаемся асобна ад усялякіх тусовак. У Юрася вось ёсць матэматыка, а ў мяне — мае серыялы і кнігі. Мне падабаюцца фільмы пра розныя крымінальныя расследаванні. Самы круты апошні — «Падмані мяне». Там галоўны герой умее так чытаць пачуцці чалавека паводле яго мімікі і рухаў рук, плячэй, што ажно дух займае. З кніг на першым месцы — Кінг. Набываю кнігі (так чытаць больш прыемна, чым з рыдара, які маці купіла). А нядаўна мне ў «УКантакце» падагналі «Дзікае паляванне караля Стаха». Во дзе ўражаны быў: наш беларускі пісьменнік Караткевіч такую рэч напісаў! Чытаў вечар і ноч — зацягнула.
Карацей, мы з Юрасём не ў тусоўках. І Уладзя з намі. Адно крыху цісне: Уладзю Віялета трымае ў школе пры сабе. Вядома, на розныя ўпіскі Уладзя не трапляе. А шкада, я ўжо казаў. Пабачыў бы там хоць раз Віялету... Неяк Віктар прагаварыўся, як Віялета напілася «Марціні» і ванітавала ў ванным пакоі, куды яны з Алегам ледзь паспелі яе завалачы.
Юрась зрабіў самае разумнае, што можна было прыдумаць у адказ на з'едлівасць Віялеты, — ён быццам не пачуў тых слоў. О, такое нашу лялечку злуе больш за ўсё! Глядзі ж — на яе не звярнулі ўвагу! А тут яшчэ Ганна Тодараўна не дала нават дагучаць апошнім словам і тым перапыніла магчымае далейшае пікіраванне:
— Калі б хоць трэць прадказанняў у гісторыі чалавецтва спраўджвалася, само чалавецтва мусіла б ужо загінуць як мінімум тройчы, — важка сказала матэматычка, абвяла позіркам клас, прымушаючы усіх слухаць. — А лічбы вярэдзілі чалавечы розум ва ўсе вякі.
— І калі першы? Ну, калі чалавецтва павінна было загінуць у першы раз? — прагучала пытанне ад некага з дзяўчат.
— Першы? Ды ў 666 годзе, — усміхнулася Ганна Тодараўна. — У Новым Запавеце агучваецца лік д'ябла — 666. Вось і чакалі канца свету ў тым годзе. Потым — у 999, бо палічылі, што прарок пабачыў лічбы дагары, яны ж былі на небе. Пазней у 1666, далей — у 1999, гэта ўжо так дакладна было нібыта...
Настаўніца казала, яе і сапраўды слухалі — цікава ж, ды нехта ўратуецца ад «двойкі», а я трымаў перад сабой тэлефон, дзе высвечвалася ўжо 9.15. Я раптам зразумеў: патрэбная камбінацыя дзявятак з'явіцца на гадзінніку яшчэ не раз: 9.18, 9.27, 9.36, 9.45, 9.54, пасля будзе 18.09, 18.18. Ніколі раней я не ўспрымаў Юрася і яго лічбы ўсур'ёз. Але сёння. ну, шмат, надта ж шмат дзявятак! Юрась не ўспомніў, а я не буду яму зараз нагадваць, што ў тое лета мы жылі ў летніку ў корпусе пад нумарам дзевяць! А яшчэ я бачыў, я запомніў тыя нумары на «хуткай», амаль нябачныя пад слоем пылу. Там таксама былі дзявяткі. І я не змог стрываць, павярнуўся да сябра, разявіў рот, каб сказаць, і спужаўся адчутага ў горле болю — яго раздражняла, пякло свежае паветра. Амаль фізічна я ўявіў, як будуць драпаць горла словы, але пачаў гаварыць, нечакана хрыпата і гучна для сябе і ўсіх:
— Юр. тады была «хуткая». У яе былі нумары.
Боль раптоўна знік, голас стаў звычайны, хваляванне і страх згінулі.
Я паверыў. Я таксама паверыў: нешта павінна здарыцца.
— Якая «хуткая»? Ты пра што? — здзівіўся Юрась.
— Потым. Зараз 9.17. У той «хуткай», якая прыехала, нумар быў 09-18. Таксама дзве дзявяткі. Вось, зараз.
Гэтым разам, здаецца, ніхто не уключаў мабільнік. Але стала так ціха, так невыносна ціха, што крокі ў калідоры, якія мы пачулі, якія набліжаліся, падаліся д'ябальскім барабанным пошчакам. І ён гучнеў, ён плыў да нас, на нас, у сярэдзіну нас. Выразныя, цокаючыя, і побач з імі — глухое рэха іх — лёгкія, ледзь чутныя.
Крокі сціхлі насупраць нашых дзвярэй.
Усе глядзелі на іх, а я паспеў зірнуць на Ганну Тодараўну. Сталая жанчына стаяла, сціскаючы край стала збялелымі пальцамі. Яна таксама глядзела на дзверы.
Калі ў дзверы двойчы хутка, упэўнена і настойліва стукнулі, нехта з дзяўчат віскнуў пасапраўднаму, ад жаху.
Дзверы расчыніліся.
— Дзевятая васямнаццаць!
Увайшла завуч Наталля Іванаўна. Як заўсёды — з фрызурай, рыхтык толькі з цырульні, у адмысловым гарнітуры, бліскучых туфельках на бездакорнай формы нагах (канечне, Юрась матэматычна давёў — на прапорцыях). Прыгожая жанчына. Неяк мы заспрачаліся, ці бачыў яе хто ў штанах ці джынсах. Яна ў спадніцах і сукенках — ці ў школе, ці ў горадзе. Зразумела, навошта хаваць такія прыгожыя ногі?
Мы ўскочылі так, нібы рэпетавалі гэта вітанне ўсе дзевяць дзён заняткаў. Наталля Іванаўна нават здзіўлена прыўзняла бровы.
— Дзень добры, сядайце! Гэткія вы сёння дружныя. Выбачайце, Ганна Тодараўна. Прадстаўляю вам новую вучаніцу вашага класа Ядвігу Лельку. Спадзяюся, вы пасябруеце, і два апошнія гады ў школе будуць узаемна прыемнымі для ўсіх.
У руках — чорны заплечнік. Чорныя штаны, шэры балахон. Цёмныя валасы ніжэй плячэй, густыя, крыху завіваюцца, ад скроняў прыхопленыя заколкамі. Сярэдняга росту. Звычайная, карацей. Драбнявы твар. Лелька — што за прозвішча?
На яе глядзелі ўсе, яе вывучалі, яе ацэньвалі, а яна. Яна без відавочнага страху, бы вітаючыся з кожным, аглядала па чарзе нашы твары. Зірнула на мяне. Цёплы? Ну так, цёплы позірк. Яна не надта баялася. Вочы вялікія, цёмныя, выразныя бровы. Вусны нефарбаваныя, але добра акрэсленыя. Нос. звычайны нос, акуратны такі, не бульбінай, не дзюбай. У позірку было. запрашэнне сябраваць, так! Ці адзін я пабачыў? Не, Юрась гэтаксама прачытаў.