— Не перажывай. Калі ты разумееш усё, дык жа і іншыя могуць зразумець, як што якое.
Я вяртаўся дадому кругом — хацеў прайсці старымі прысадамі, якія зараз здаваліся незвычайным светлым тунэлем. Затрымаўся яшчэ ў гардэробе, выходзіў, калі ўсе нашы разбегліся. Уладзя цяпер праводзіць Настачку дадому, з ёй і ідзе ў школу. Я не крыўдую — мне і аднаму няблага. Думаю пра тое, што сказаць Ядвісі. І ці варта хоць нешта казаць?
Крочыў няспешна, збочыў у прысады і спыніўся.
У дваццаці кроках наперадзе ішлі Юрась і Ядвіся. Паасобку, бо Ядвіся ішла, кранаючы то адну, то другую бярозку рукой у чырвонай рукавічцы.
Яны ішлі, аддаляліся, а я не зводзіў вачэй з Ядвісінай постаці, у маёй галаве мільгацела тая карцінка, якую я сам прыдумаў у сваім «апавяданні»: яе маці, маладая настаўніца Ірына, ідзе лясной дарогай, кранаецца хвой, але на ёй не чырвоныя рукавічкі, а чырвонае паліто.
Я не пайшоў сцежкай між бяроз і клёнаў услед за Юрасём і Ядвісяй, мне не трэба было цяпер ісці прысадамі, каб адшукаць важную і патрэбную думку. Усё знайшлося. А яшчэ. Я адчуваў сябе абкрадзеным. Хоць сам і разумеў усю надуманасць гэтага адчування, усё адно было прыкра. Завярнуў назад, пайшоў праз двары. Цяпер я цвёрда быў перакананы, што усё апавяду Ядвісі. У пятніцу. Якім бы ні быў прысуд журы. Таму што нічога не бывае выпадковым у жыцці, нічога! Выпадак — усмешка багоў! Калі богі табе ўсміхаюцца, значыцца, ідзі наперад. Калі падказваюць колерамі — рабі задуманае. Рабі тое, што хочаш рабіць, што лічыш патрэбным. І хай не я ішоў з Ядвісяй прысадамі, галоўнае, я бачыў, як краналася яна бяроз, бачыў яе чырвоныя рукавічкі.
...Мы хваляваліся. Усе. Тыя самыя жарты, тыя самыя рэплікі, дзяжурныя падколкі, але ўсё — з напружаннем, з прыхаванай нервовасцю, а недзе і заўважным дрыжаннем голасу. Не згаварваліся міжсобку, але ніхто не сказаў і слова на тэму фільма: якое ён зойме месца, калі ўвогуле зойме.
Актавая зала школы была поўная. На першыя месцы пасела малышня — яны ставілі нейкі там канцэрт, усё на тую ж тэму: «Выбірай беларускае!». Песенькі, завучаныя рухі на сцэне пад музыку, якія называлі танцамі, вершы. Усё, як заўсёды. Урэшце.
Старшыня журы, незнаёмы нам дзядзька з аддзела адукацыі, малады зусім, у шэрым гарнітуры, чорнай сарочцы і бялюткім гальштуку, узняўся і пачаў казаць пра конкурс кліпаў. Тры лепшыя будуць узнагароджаны. Найлепшы пойдзе на агульнагарадскі конкурс, пры гэтым аўтары перадаюць правы на яго, дзеля чаго будзе складзена адмысловая дамова. У выпадку выкарыстання фільма ў камерцыйных мэтах аўтары фільма могуць яшчэ і зарабіць. Крута, што казаць.
Разгарнулі вялізны экран. «Трэцяе месца!». Першы кадр — сполах зыркага святла са словамілозунгам — выклікаў гучныя і радасныя выкрыкі асобнай групы вучняў у зале: пазналі сваё, радаваліся. Шушукаліся, пераглядваліся, ляпалі адзін аднаго па плячах. Што ж, ёсць падстава. Ролік быў кароткі. Пра тое, як важна выбіраць сваю каўбасу. Пару разоў можна было і ўсміхнуцца. Але цалкам праца добрая, у кожным разе не пусцяковіна.
На другім месцы апынуўся фільм нашых суседзяў-ворагаў — дзесятага «А» класа. Яны паўскоквалі са сваіх месцаў, крычалі «ўра», абдымаліся. Кліп быў неблагі, нічога не скажаш — турыстычная тэматыка, здымкі з розных кропак зямнога шара па адной паралелі, якая, зразумела, і праз Беларусь праходзіць. Неблагая задумка.
Чаму я так нерваваўся? Чаму Уладзя незаўважна для сябе так ціснуў маю руку на падлакотніку крэсла, што мне забалела? Падалося, сэрца зрабілася проста вялізным, запоўніла ўсяго — грудзі, жывот, галаву і тахкала няспешна, аддаючы ў скроні ўдарамі, якія, я баяўся, былі чуваць за метры ад мяне.
— І, дарагія сябры, першае месца, — з відавочным хваляваннем стаў казаць старшыня журы. — Хачу заўважыць, спрэчак у нас было шмат. Тым не менш. тым не менш мы аддалі яму вышэйшую ўзнагароду, і журы разлічвае, што вы пасля прагляду фільма зразумееце, і чаму мы спрачаліся, і чаму ўсё ж такі — першае месца.
Экран заставаўся чорным. Проста чорным. І, мабыць, менавіта гэтая чарната прымусіла залу не проста сцішыцца, а замерці. І ў абсалютнай цішыні загучаў прыцішаны хрыпаты голас Стася:
— Я шукаў твае вочы сярод тысяч пустых вачэй.
Мы — не ўскочылі, не закрычалі «ўра». Мы не пераглядваліся. Мы сядзелі ўсе, бы амярцвелыя. Нашы позіркі былі прыкутыя да экрана, вялізнага, на якім мы ўсе былі такія не падобныя да сябе. Мы перажывалі яшчэ раз тое, што рабілі, здаецца, так даўно і адначасова — учора.
Фільм на вялізным экране быў зусім іншы, успрымаўся зусім па-іншаму.
На тле чорнага экрана разгараўся світанак, узыходзіла вялізнае, трапяткое ў паветраным мроіве сонца, і гучалі, сцішваючыся, словы:
— Я шукаў твае вочы сярод тысяч пустых. Я шукаў твае вочы. Я шукаў.
А потым пачуліся воплескі. Гучныя і дружныя. Запалілі святло, а мы сядзелі моўчкі і таксама пляскалі ў ладкі. А навошта скакаць — усе ж бачылі цітры, ведаюць, хто і што.
— Запрашаю на сцэну рэжысёра фільма Рамана Макара! — прагучаў голас.
І вось калі Ромка прабіраўся да праходу, мы ўсе ўсталі. Адны з усёй залы. І стоячы, пляскалі яму.
Ромка атрымаў дыплом. Ён вяртаўся да нас, усміхаўся нам ззяючымі вачыма. Красава!
Здаецца, усё павінна было закончыцца, аднак зноў белагальштукавы дзядзька узяў мікрафон.
— Хвілінку, дарагія сябры! Канечне, і вы самі, і мы, журы, не маглі не заўважыць у гэтым фільме выдатную ігру акцёраў. Проста неверагодна, як амаль прафесійна сыграны сцэны. Так прафесійна, што мы не ўтрымаліся і вырашылі трошкі падправіць палажэнне аб конкурсе: мы ўвялі дзве ўзнагароды — за найлепш сыграныя ролі. Пакажыце мне, што вы згодны і ўхваляеце рашэнне журы! — тут дзядзька зрабіў паўзу, прымусіўшы залу замерці, і сказаў урачыста: — Узнагароджваюцца каштоўнымі падарункамі за лепшыя ролі. Ядзвіга Лелька і Кірыла Вяргейчык!
Зала выбухнула гулам, крыкамі, плясканнем у ладкі. Вось цяпер падскочыў у радасным угары ўвесь наш клас, скакалі, крычалі. Мяне таўхлі з абодвух бакоў — Уладзя і Міхал — а я бы здранцвеў. У галаве гучала і гучала: Ядзвіга і Кірыла. Нашы імёны, разам, побач, на ўсю залу. Пачаў выходзіць. Прыпыніўся, чакаючы Ядвісю і. падаў ёй руку. Яна, пунсовая, не ўзнімаючы вачэй, падала сваю, я абхапіў нечакана прахалодныя пальцы, такія. такія помныя, пяшчотныя, ціхенька сціснуў. Мы пайшлі разам да сцэны, сталі побач.
Ядвісі ўручылі кветкі і вялізнага плюшавага сабаку, і калі ёй паціснулі руку і ішлі па падарунак для мяне, я зрабіў тое, што мне зараз найбольш захацелася, — нахіліўся да яе і пацалаваў у шчаку. Як умеў, як уяўляў сабе пацалунак:
— Віншую, Яся.
Зала зрэагавала на мой пацалунак крыкамі захаплення і двухсэнсоўным жартоўным гулам. Мы ўсміхаліся. Так, я і Ядвіся ўсміхаліся зале. Я нахіліўся яшчэ раз і прамовіў спакойна і цвёрда:
— Яся, нам трэба пагутарыць. Важкая тэма. Для цябе.
Яна толькі цяпер зірнула мне ў вочы.
Як жа даўно я не сустракаў так блізка яе позірку!
І развучыўся яго разумець. Хоць, па шчырасці, ці мог раней?
— Адразу пасля гэтага спектакля Юрась запрасіў мяне у кавярню. Столік замоўлены, — без інтанацыі адказала яна.
— Я патэлефаную заўтра, — настойліва прапанаваў-паведаміў я.
Яна ўсяго павольна прыпусціла і прыўзняла ў адказ вейкі.
Мне далі нататнік, чорны, абцягнуты скурай, цяжкі і самавіты.
Дзевятнаццаць крокаў назад — да месца, і гэтулькі ж было адсюль. Значыць, трыццаць восем крокаў. Трыццаць восем крокаў мы ішлі, трымаючыся, як некалі, за рукі. Сеў, дастаў тэлефон. Яшчэ не разумеў, навошта я гэта раблю. Было 19.38.
У вестыбюлі і каля гардэроба стаяў вэрхал: усе імкнуліся хутчэй апрануцца. Я адышоў трохі ўбок, чакаў. Бачыў, як Юрась выкараскаўся з натоўпу, несучы сваю і Ядвісіну куртку. Дапамог ёй апрануцца. Усё па-джэнтльменску, дзелавіта, без усмешачкі нават. Ядвісін вялікі сабака ляжаў на стале вахцёра.
Адвярнуўся ўбок. Дурэлі малыя: штурхаліся, нехта за некім гнаўся, нехта ўцякаў.
Далей уся карціна прайшла, рыхтык я глядзеў запаволенае кіно. Двое малых размахвалі сваімі заплечнікамі з кнігамі, імкнучыся патрапіць па плячах адзін аднаму. Ля сцяны. На якой была шкляная вітрына з рознымі кубкамі — спартыўнымі дасягненнямі школы. Цяжкі заплечнік пацягнуў малога пры замаху, той ледзь не ўпаў, але не здолеў спыніць заплечнік, які паляцеў у вітрыну. Я зрабіў крок.