...Далібог, я не пазнаў Васіля Матыля. Значна маладзейшы, чысты твар, глыбокі позірк сумных вачэй, у якіх адбіваўся розум і выхаванне. Ён працягнуў руку, як даўняму знаёмаму.
— Я тут, пакуль чакаў, нагледзеў непадалёк кавярню прыстойную, праўда, трошкі прайсці, затое там няма вакзальнай публікі.
Я пагадзіўся. Мы сядзелі ў невялікай кавярні, у падвальным памяшканні дома, якое знутры гаспадары паспрабавалі замаскіраваць пад карабельны кубрык ці палубу невялікага карабля: ванты з вяровак, штурвал на сцяне і сам бармен у цяльняшцы. Замест вокнаў былі намаляваны ілюмінатары з відамі на марскую далеч. Я адмаўляўся, але Матыль угаварыў і замовіў гарачае: мяса і смажаную бульбу. У сваю чаргу я папрасіў, каб ён не выкаў, — мне было няёмка чуць такі зварот дарослага чалавека да сябе.
— Піва не прапаноўваю. І сам не буду, бо завязаў, вось, — ціха апраўдваўся ён. — Квас? Сок? А потым — гарбата ці кава?
— Сок і гарбата.
Мы елі амаль моўчкі, адно Матыль задаваў іншы раз неабавязковыя пытанні: у якім класе вучуся, куды пайду далей, ці даўно пішу.
— Першы раз напісаў, — усміхнуўшыся, прызнаўся я.
— Першы? — ён здзівіўся па-сапраўднаму. — Ну, хлопча, не ведаю: азарэнне на цябе асаблівае найшло. Альбо ў цябе талент. У азарэнне без таленту я не веру. Значыць, табе нельга не пісаць.
— Чаму? — у сваю чаргу здзівіўся я.
— Бо талент даецца не ўсім. І даецца звыш. Даецца з той мэтай, каб ім дзяліліся. Ты проста не маеш права хаваць ад людзей Божы падарунак, — вельмі сур'ёзна зазначыў Матыль. — Таму спрабуй далей. Твой тэкст. Рука не ўздымаецца яго правіць, я мог бы паказаць у любым іншым памылкі ці заганы нейкія. Яны ёсць, у кожнага яны ёсць, з боку заўсёды прасцей пабачыць. Як маці і яе дзіця: толькі чужыя бачаць недасканаласці, а для маці ўсё люба. Пішы, дасылай мне на электронную пошту, дапамагу.
— Пра што пісаць? — паціснуў я плячыма.
— Што на душы.
Прынеслі гарбату і каву. Матыль не кранаўся свайго кубка, разглядаў сурвэтку на стале. Урэшце загаварыў:
— Як бы далей ні было, я знайду іх. Ты не перажывай — ты тут ні пры чым. Ведаю, ты мне не аблегчыш задачу, не паведаміш пра горад. Я і не стану прасіць. Ты мне і так дапамог. Яшчэ тыдзень — я запіў бы да апошняга, больш мяне не сталі б трымаць у газеце. Вылецеў бы. Такім чынам, ты не проста прыйшоў у час — само Неба, мяркую, паслала цябе як майго анёла-ахоўніка, папярэдзіць і спыніць. І я спыніўся.
У кавярню завітала пара — хлопец і дзяўчына, няйнакш студэнты. Прыселі, стрымана пацалаваліся, пачалі вывучаць меню. Матыль павёў вачыма на іх, уздыхнуў.
— Найгоршае, што робіць чалавек, — здраджвае самому сабе. Сваім жаданням, марам. Тады. тады ўсё жыццё ідзе насуперак, — казаў ён без усялякага павучання. — Трэба рабіць адно тое, што табе сапраўды хочацца.
— Ага, мне вось вучыцца не хочацца, — уставіў я.
Ён усміхнуўся.
— Ведаеш, я трошкі пра іншае. Зрэшты, ты ўсё разумееш. Я збаяўся тады. Так, збаяўся. Жанчына, з якой я сустракаўся апошні год, паведаміла пра сваю цяжарнасць. І я спужаўся адказнасці. Дый, здавалася, адносіны нашы былі блізкія да таго, каб жыць разам, сям'ёй. Балазе, было з чаго пачынаць: у абласным цэнтры бацькі пакінулі мне трохпакаёўку, самі з'ехалі за мяжу. Я быў адзіным сынам, па тых мерках — кавалер на зайздрасць усім. А тут — Ірына. Бы вочы расплюшчыліся, я першы раз адчуў такое пачуццё, калі. калі аніводнай хвіліны не мог без думак пра яе. Чыстых, светлых думак. Мне за шчасце было пабачыцца з ёй. Але. Кажуць жа вось — насланнё находзіць. І мне так падумалася: ат, часовая закаханасць, тут сум, твая нявеста далёка, вось і успыхнула пачуццё да гэтай прыгожай, мілай настаўніцы, бы матылёк позні выпырхнуў перад першымі прымаразкамі. Не паверыў я сам сабе. А больш — збаяўся, так. І паехаў ад Ірыны. Ажаніліся мы, дзіця не нарадзілася. жылі. Пакуль не зразумелі: мы чужыя людзі. Як няма кахання, сапраўднага, якое найперш на сяброўстве настоенае, на еднасці душ, дык нічога не звяжа — ні багацце, ні ўцехі. За дзесяць гадоў чаго я дасягнуў? Стаў паэтам правінцыйнага маштабу. А дома — пустэча. Урэшце зразумелі абое. Падзялілі кватэру, атрымала былая жонка грошы за пакой і з'ехала. І атрымалася яшчэ большая пустэча. А я помніў Ірыну. Усе гады — помніў. І тая замілаванасць, якую я адчуваў пры апошнім развітанні, нікуды не знікала, цеплілася ўсярэдзіне.
Я адчуваў разгубленасць і няёмкасць. Дарослы мужчына расказвае мне пра рэчы, у якіх я нічога не цямлю. Навошта мне падрабязнасці яго жыцця, ды яшчэ такія. інтымныя? Перад ім жа не святар, а ён не спавядаецца.
Матыль, мабыць, адчуў, пра што я думаю, спыніўся:
— Прашу прабачэння за такія падрабязнасці, Кірыла. Я больш сабе апавядаю, бо сесці ды азірнуцца на сваё жыццё ўсё не ставала часу і не было моманту. Разумею, табе гэта малацікава. Ты даслухаеш?
— Ды калі ласка, — кіўнуў я. — Буду слухаць, раз прыехаў.
Ён уздыхнуў, зрабіў глыток з кубка.
— Дык вось, дапяў я з часам: закаханасць не можа гэтулькі жыць. Тут іншае. Тады і пачаліся мроі: было нешта яшчэ ў нас з Ірыначкай. Шукаў яе ў сеціве, цяпер жа жанчыны сядзяць у розных сацыяльных сетках. Ірына Ляўковіч. Шмат такіх імён і прозвішч, ды ўсё не тыя. Паехаў. А вёсачкі няма, зусім. Ніводнай хаты. Іх і тады было мала жывых. У былой яе школе нічога не падказалі. З'ехала, як памерла маці, даўно. Пасля той паездкі і пачаў запіваць. Падумалася: няўжо такая гожая жанчына, як Ірына, адна да таго часу будзе? Безумоўна, у яе сям'я, дзеці. Ты прабач, калі ласка, вешаю на цябе сваю тугу. Не даводзілася раней хоць каму прызнавацца ў сваім «шчасці». Усе думалі — жыву, бы кот на печы, і смятанку гаспадыня туды ж падае. А тут не печ, а стылая груда цаглін. Ты ж сябруеш з маёй дачкой? — закончыў ён нечаканым пытаннем.
Я нічога не адказаў, глядзеў убок.
Ён памаўчаў, дапіў каву і папрасіў:
— Даруй, калі ласка. Я абяцаў не выпытваць. Адно дазволь спытаць. Я зразумеў. я думаю, ты сам вырашыў мяне адшукаць? Яны не ведаюць?
— Хутка мая электрычка, — адказаў я і паглядзеў на Матыля.
Мне было вельмі шкада яго зараз. Не, не таму, што вось так атрымалася. А таму, што ён быў асуджаны на паразу. У той момант, калі ён назваў прозвішча Ядвісінай маці — Ляўковіч — раптоўна склаліся пазлы. Цётка Ірына выйшла замуж за Васіля Матыля. Па-свойму выйшла. І ўзяла яго прозвішча. Ды на асаблівы лад. Яна больш не Ляўковіч, яна — Лелька. А лелька — гэта матыль. Ён, Васіль Матыль, ніколі не знойдзе сваю Ірыну. Хіба выпадак — усмешка багоў, як кажа Уладзя.
— Тады ідзі, я разлічуся сам, дзякуй табе, — ціха сказаў Матыль, адвярнуўшы галаву да сцяны з «ілюмінатарамі». — А я буду шукаць. І я знайду.
Я выйшаў з кавярні, узняўся па прыступках наверх і ад нечаканасці застыў ля дзвярэй: сусвет быў белы. Густа-густа падаў снег. І мне без аніякае як быццам падставы стала незвычайна лёгка і радасна.
Усё будзе добра.
Ён абавязкова іх знойдзе.
13
Ромка заляцеў у клас збялелы і пераляканы. Зачыніў за сабой дзверы. Яму і прасіць пра цішыню не трэба было — усе сціхлі, уражаныя ягоным выглядам. А ён сутаргава пракаўтнуў сліну, уздыхнуў, выдыхнуў, выпрастаўся і дрыжачым голасам абвясціў:
— У пятніцу. Школьны вечар. Напрыканцы — падвядзенне вынікаў конкурсу відэафільмаў на тэму «Выбірай беларускае!». Удзельнічаюць 11 работ восьмых-адзінаццатых класаў. Вынікі падведзеныя. Але ніхто нічога не кажа. Будзе нехта з аддзела адукацыі, ён старшыня. Усё. Усім быць.
— Дзівак ты, Ромка, — падышоў я да яго пасля таго, як суцішыўся вэрхал ад гэтай навіны. — Мы ж ужо выйгралі, ты сам казаў.
— Ды я ведаю, — кісла ўсміхнуўся ён. — Зараз. я не бачыў іншых фільмаў, але ж абяцаюць лепшыя тры паказаць. І паглядзім, якія будуць лепшыя. За іншае дрыжу. Вось. Вось як зойме першае месца фільм, відавочна за наш горшы, — мы ж тое пабачым? Мы ж можам — і ты, і я, і іншыя ацэньваць, мы ж зразумеем, колькі працы ўкладзена, на якой ступені прафесійнасці зроблена. Такія конкурсы, як для мяне, — яшчэ і праверка дарослых на вашывасць. І ведаеш, будзе крыўдна, калі якая шняга, па іх меркаванні, згодна з толькі ім вядомымі крытэрыямі (а нам жа яны не кажуць, што там за яшчэ схаваныя крытэрыі ёсць!) будзе ўважаны за лепшы. За нашых перажываю. Каб зрабілі абы-якое ўтрох за дзень — не было б ніякай крыўды. А так. больш за два тыдні, увесь клас лічы. А завуч не ў журы. І ёй нават не сказалі вынікі. Усё пад сакрэтам.