Литмир - Электронная Библиотека

Ён маўчаў, пакусваў вусны, я не ўцярпеў, спытаў:

— І што, не спрабавалі шукаць, пісаць?

— Дык як шукаць, малады чалавек? То вам зараз праз сеціва можна, а тады. Куды пісаць, на які адрас? Чакаў ад яе ліста. Не напісала. ды я вінаваты — у апошні вечар не да яе дома пайшоў, а чытаў «Займальную хімію».

— А чаму не намалявалі партрэт? — нагадаў пра яго аповед Уладзя.

— Не ведаю нават. Пазней мая жонка тыя эскізы спаліла разам з усімі іншымі. Ды я памятаў той момант да кожнай хвалькі на паверхні вады, да кожнай жылачкі на яе тонкіх руках. І ўсё чакаў, чакаў — прыйдзе той час, я змагу намаляваць вялікае і шчырае палатно. Вось дзе бяда: толькі праз шмат гадоў я зразумеў, што час не можа прыйсці, час ніколі не прыходзіць. Час можа толькі прайсці і адысці назаўсёды. Дык вось. Яна паехала, а я больш не змог нічога маляваць. Праз год паступіў на хімічны факультэт, скончыў з чырвоным дыпломам, запрасілі ў інстытуце застацца. Стаў аспірантам. Дзяўчына адна сустрэлася. У кіно разам хадзілі, абдымаліся, цалаваліся, здалося — каханне. Ажаніўся. Жылі ў інтэрнаце. Працаваў. Наша група распрацоўвала новыя пластыкі, цікава было вельмі, часта заседжваліся дапазна. Якія там заробкі ў аспіранта? Пілавала жонка штодзень, перавёўся на завод, на вытворчасць, хоць вельмі прасіў кіраўнік не кідаць навуковую працу. Ды на заводзе удвая болей заробак. Будавалі кватэру, гадавалі дачку. А ўсё марыў пра той час, калі намалюю тую сваю дзяўчыну з юнацтва. Лецішча ў нас з'явілася, во такі дамок я там пабудаваў, як вясна, то марыў: ужо гэтым летам намалюю. Не атрыма­лася. Усё грады, гной, капай, палі, апырсквай. І грошы, грошы, грошы. Перавёўся ў простыя рабочыя, яны ж больш атрымлівалі тады, чым нейкі там тэхнолаг. Чытаў начамі навуковыя часопісы, шукаў, дзе якую рацпрапанову зрабіць, — за такое капейчыну атрымаць можна было добрую. І не заўважыў, як адзіная дачка вырасла, як стаў я ў сям'і і кватэры чужы. Адно і згадвала дачка, адзінае, што пыта­ла — грошы. Умела выпрошваць. Даваў, думаў: вось, будзе паважаць, цаніць. Тут крызіс за крызісам, усё абрынулася, грошай — вобмаль. Вытурыла мяне жонка ў Маскву ялавічныя ногі з капытамі прадаваць. І няблага прадаў, ды ў цягніку скралі кашалёк. сыпанулі нечага ў гарбату, пасля зразумеў. Падказалі потым: грошы трэба на адмысловым поясе насіць, а той пояс на сябе чапляць і хаваць пад адзенне. Наступным разам паехаў, жонка праз некага тварагу набрала. Дык у Маскве міліцыя затрымала, бо ж нельга гандляваць на вуліцах. Іншыя тым міліцыянтам па дзясятцы-дзве сунулі — дый вольныя, а я не змог даць, не ўмеў — усё канфіскавалі, аштрафавалі. От такі няздара. То сталі на мяне дома глядзець, як на дармаеда, кавалкам хлеба патыкалі. Бацькі мае памерлі, родных не было — ні ад каго дапамогі чакаць не даводзілася. На заводзе скарачэнні, зарплату затрымліваюць. А жонка, наадварот, дужа здатнай да гандлярскай справы выявілася. Двойчы некуды ажно пад кітайскую мяжу з'ездзіла гэтак удала. Дачка ўжо замужам была, з'ехала за мяжу, муж паляк. І тады задумаўся я: які сэнс далей жыць разам, бо мы ж — чужыя людзі. Хоць з той кватэры мне і няма куды ісці: бацькоўскі дом даўно прададзены — на пасаг грошы дачцэ збіралі, лецішча гэтаксама прадалі — хто там тыя грады палоць будзе, як жонка два шапікі гандлёвыя трымае? Напачатку ля сябе трымала, ды з мяне ніякі гандляр. Аўтамабіль набылі, і вадзіцель я ніякі атрымаўся. Пачаў я па заробках ездзіць. Аднойчы з сябрамі вось тут недалёка працавалі — лецішча рамантавалі. І пабачыў я на суседнім участку жанчыну. Як перуном ударыла — то ж Юлечка мая з юнацтва. Сустрэліся мы з ёй, паразмаўлялі. І тады зразумеў я, якім дурным быў, якім баязліўцам, якім слепаком! Яна мяне ці не ад садка кахала, чакала і чакала, а я. І цяпер яна кахала. За­мужам пабыла, развялася, двое дзяцей сама ўзгадавала. Цяпер у яе ўсё ёсць: кватэра, дзеці вывучыліся, лецішча, аўтамабіль. Але ж. «Я так стамілася быць адна. Так стамілася быць моцнай. Чакала цябе.». І здарылася ў нас, маладыя людзі, каханне. Ці вы думаеце, толькі ў вашым узросце такія пачуцці могуць успыхваць з магутнасцю выбуху?

Ён прыпыніўся і насамрэч глядзеў на нас з жаданнем пачуць адказ на сваё пытанне. Азваўся я:

— Як хто, а я дакладна ведаю, што бывае.

— Дзякуй, дзякуй вам. Дык вось. Я паабяцаў Юлечцы: прыеду да яе. Хутка прыеду. Вярнуўся да­дому з цвёрдым намерам развесціся. А тут навіна: у дачкі сынок нарадзіўся. І непрыемнасць разам: муж дачкі ў аферу трапіў, арыштаваны, то пакуль прыедзе дачка да нас. І неяк на другі план адышла мая Юлечка і маё каханне. І вінаватым сябе адчуў: пра якое каханне мне думаць, калі ў сям'і праблемы? Дач­ка прыехала, паўгода пражыла, і пачалі яны з маці меркаваць: як нашу кватэру трохпакаёвую прадаць, а купіць дзве — каб асобна дачушцы жыць, ёй жа і асабістае жыццё наладжваць, наперад глядзець — з тым палякам, мабыць, талковага жыцця не атрымаецца. Пачалі жонка з дачкой шукаць варыянты, мне даводзілі: як купляць, дык хай дачка абедзве кватэры, бо жонка — прадпрымальнік, нейкія дадатковыя праблемы могуць быць з падатковай. Мне ўсё адно было. На цэлы месяц паехаў у заробкі, вярнуўся ўжо ў аднапакаёўку — усё паспелі зрабіць мае жанчыны. Закруцілася: рамонт у кватэры дачкі зрабіць, мэблю ёй новую, у сваёй рамонт, мэблю. Працую і адчуваю сябе простым наймітам. Нават унука ад дзеда далей трымаюць. І усё болей выспявае маё рашэнне развесціся ды паехаць да Юлечкі. Год цэлы мінуў. Ды падумаў: прыеду з пустымі рукамі? Каб неяк крадком назбіраць грошай. Жонка ўладкавала на працу да свайго знаёмага прадпрымальніка — у таго вялікая крама, грузчыкам. А які з мяне грузчык? Я ж падсобным рабочым увесь час быў: прынесці, падаць, патрымаць, абеды-вячэры гатаваць. То і надарваў спіну. У бальніцы ляжаў, дома, хадзіў, нагу цягаў. Наслухаўся тады ўсяго: і які я нягеглы, і які бездапаможны, і жыццё маё нікчэмнае, і ні муж я, ні гаспадар, ні работнік. Заікнуўся я тады пра развод. А жонка ажно ўзрадавалася. І сама заяву падала. Праз тры месяцы нас развялі. Жонка рэчы мае спакавала і паставіла ля парога: кватэра, як выявілася, не наша, а падораная дачушкай ёй, маці. То няма тут і аднаго майго метра квадратнага. Пацягнуўся з двума пакункамі на вакзал, грошай трохі было. І першы раз напіўся ў кафэ, заснуў без памяці на вакзальнай лаўцы. Міліцыянер растаўхаў, зірнуў я — няма маіх пакункаў. Добра хоць, дакументы і грошы, прыхаваныя на сабе, засталіся. Паехаў я да Юлечкі. Вясна была. летась. На лецішча яе прыйшоў, стаю, назіраю незаўважна. А яна на градах корпаецца. І побач з ёй мужчына, мажны такі, вясёлы. І яна вясёлая. Усміхаецца яму, капаюць зямлю рыдлёўкамі разам. Пабег я адтуль, бы злодзей, якога ледзь не схапілі за каўнер. Вось так. Надта позна я прыехаў. Абяцаў хутка, а прайшло тры гады. І жыццё прамінула. Усё і цалкам. Прабачце, маладыя людзі, за такі доўгі аповед. Першы раз сам шчыра і без прыхарошванняў і апраўданняў зірнуў на сябе. Тое дрэнна, што напрыканцы жыцця разумееш нарэшце галоўную ісціну: казаць і рабіць трэба тады, калі ты хочаш тое казаць і тое рабіць, а не тады, калі з'явіцца магчымасць. А іначай — усё пад адхон.

Мы маўчалі. Я глядзеў на бамжа і з цяжкасцю, але змог уявіць, якім ён можа быць, каханы і побач з каханай: у чысцюткім адзенні, з кветкамі. У яго ж добрыя вочы, без злосці на донцы. Бы дзіцячыя. Такі не пакрыўдзіць.

— І як вы зараз? — запытаўся Уладзя.

— Ат, пра тое навошта, маладыя людзі, — ухіліўся ад адказу бомж. — Страшна, і сорамна, і холадна, і пакутліва. ды з цягам часу прызвычайваешся. Чалавек — страшная жывёліна. Вельмі хутка апускаецца, забываецца на цэлы шэраг абавязковых раней традыцый і звычак, маральныя нормы, калі яны незапатрабаваныя ці становяцца перашкодай для здабывання ежы. Ранкам чысціць зубы? Навошта? Сярод такіх самых, як я, многія перастаюць мыцца, асабліва ўзімку, і потым ўсё далей і ніжэй. Голад — страшнае пачуццё. Вясну, лета і пачатак восені я на лецішчах — дапамагаю гаспадыням, кормяць, з са­бой даюць. У падлеску буданчык свой быў. Мінулай зімой у закінутым дамку жыў, змог дзверы адчыніць, паліў печку ўначы, каб не заўважыў ніхто, харчаваўся бульбай, буракамі, морквай, якую раней давалі людзі, а больш, прызнаюся, крадком навыкопваў. Ды я не адзін тут такі ўлетку, канкурэнцыя нават. Бойкі бываюць, і мяне былі збілі, бо я ж адзін, не кампанейскі. Пашпарт адабралі...

36
{"b":"599364","o":1}