Литмир - Электронная Библиотека

А сам глядзеў у зямлю. Не, трошкі вышэй. на маю торбу. Мабыць, ён адчуў мой позірк, бо ўзняў вочы, — і я пабачыў там голад, невыноснае жаданне нешта з'есці. Аж скаланула, бо я ўпершыню сустракаў такі позірк, але нельга было яго не зразумець. Бомж глядзеў не на маю торбу — на той доўгі батон, які вытыркаўся з яе.

— Пачакай. пачакайце, — неспадзявана для сябе выправіўся я, выцягнуў батон, стаў ламаць яго, а ён быў у поліэтыленавай плёнцы, і ніяк нельга было аддзяліць кавалак без нажа ці чаго вострага.

— Зараз адамкну дзверы, там нож ёсць, адрэжам, — спыніў мяне Уладзя, зразумеўшы маё жаданне.

Наляцеў моцны парыў ветру са снежна-пясчаным пылам, секануў калючымі крупамі па нагах, на­ват дастаў твары. Бомж затросся — вятроўка, безумоўна, не грэла яго ніяк. Уладзя адчыніў дзверы, павярнуўся да бамжа і запрасіў-загадаў, звярнуўшыся да яго, як і я, пачціва на вы:

— Зайдзіце, пачакайце. тут недзе швэдры старыя былі, яшчэ цэлыя, і куртка бацькава зімовая заставалася. Яно нам без патрэбы, будзеце насіць.

Невялікі дамок настыў, хоць тут было зацішна, ды выдавала яшчэ халадней праз няўтульнасць, якая стваралася несуадноснасцю жывога жытла і холаду ў ім. Я пашукаў у стальніцы нож, Уладзя тым часам адчыніў адну, другую шафку, выцягнуў вялікую зімовую куртку з балонні, таўсматы швэдар, яшчэ нешта шукаў.

— Дзякуй, дзякуй вам, хлопчыкі, — зачасціў бомж, схіляючы нізка-нізка галаву. Ён узяў працягнуты мной кавалак батона і не проста панюхаў, а удыхнуў пах белага хлеба, глыбока-глыбока, гучна. Засаромеўся, зіркнуў на нас з-пад ілба вінавата, не стрымаўся, адламаў невялікі кавалачак і пачаў жаваць павольна, ды каўтнуў вельмі хутка.

— Чакайце, зараз у печцы распалім, дамо паесці па-людску.

Я выйшаў на веранду (бомж пры гэтым прыціснуўся да вушака, быццам хацеў стаць зусім плоскім), прынёс дровы, якія заставаліся, — чатыры вялікія палены, то бацька Уладзі быў прывёз два бярэмі. Каб іх распальваць, мы, калі адзначалі тут заканчэнне здымак фільма, бегалі ў пералесак за тонкім сушня­ком. Я ўголас агучыў сваю праблему распалу.

Бомж нечакана кашлянуў, заспяшаўся:

— Дазвольце мне дапамагчы, маладыя людзі, я маю вопыт, маю вопыт.

Я прамарудзіў трохі, потым працягнуў яму моўчкі нож, сам пайшоў адчыняць юшку. Ён апусціўся на калені перад печкай, спрактыкаванымі упэўненымі рухамі стаў шчапаць адно палена. Пакуль я схадзіў па ваду да студні, якая была на ўчастку, бомж ужо распальваў трэскі. Акуратна паклаў усе чатыры пале­ны, прычыніў дзверцы, і полымя загуло.

— Па дровы ісці. — нагадаў Уладзя, і бомж як чакаў гэтага — падхапіўся на ногі.

— Зараз, зараз я прынясу, хуценька ўпраўлюся.

— А шукаць мы не будзем вас з сякерай? — хмыкнуў Уладзя.

— Я без сякеры, навошта? Лёгка наламаць, а таўсцейшыя я прыцягну, тут пасяку. Я ўмею, усё ўмею, маладыя людзі.

— Апраніцеся цяплей, — заўважыў я.

Бомж паслухаўся, скінуў вятроўку, нацягнуў на сябе швэдар. На хаду апранаючы куртку, знік за дзвярыма.

— Вось такое жыццё яшчэ бывае, — задумліва прамовіў Уладзя, раскладаючы на стале хлеб, халодныя катлеты, палову смажанай курыцы.

— Пайду і я па дровы, — вырашыў я, калі пачуў, як бомж вярнуўся і на верандзе пачуўся нягучны стук—ён вывальваў назбіранае. — Не, ты будзь тут. на ўсякі выпадак, — запярэчыў я, бачачы, як Уладзя памкнуўся быў ад стала. — Стаўляй чайнік на пліту.

Вялікая чыгунная пліта ўжо нагрэлася.

Пакуль закіпела вада, мы з бамжом зрабілі яшчэ чатыры ходкі — цяпер на верандзе хапіла б дроў, каб паліць у печцы разы тры ці больш. У дамку стала ўтульней — ад чыгуннай пліты, якая месцамі была ўжо крышачку барвовай, ішло цяпло. Уладзя падкінуў дроў, расчыніў дзверцы. Паставіў перад імі табурэткі, на адну згрувасціў ежу, яшчэ тры — нам сядзець.

— Давайце паямо крыху. гарбата заварваецца.

Бомж таптаўся ля парога, не асмельваючыся зрабіць крок.

— Сядайце, не пагонім ужо. У цяпле паешце.

— Ды. каб рукі памыць.

— Зараз усе памыем, — Уладзя зачарпнуў у вялікую конаўку вады, прыхапіў ручнік: — Хадзем.

Памылі рукі, вярнуліся — і нас так прыемна абдало цяплом, на падлозе танчылі чырвоныя водбліскі

полымя з грубкі.

— І як вы тут апынуліся? — пасля некалькіх хвілін маўклівага жавання спытаў я бамжа. — Як вас зваць, дарэчы?

— Сяргей Міхайлавіч. Прабачце, як вам будзе зручна. Сяргей. дзядзька Сяргей. дзед. А апынуўся. У кожнага бамжа свая гісторыя, нічога цікавага, — адказаў ён, беручы кубак з гарбатай дзвюма рукамі. Ён з самага пачатку крыху пасунуўся са сваёй табурэткай далей ад нас і бліжэй да печкі, а еў вельмі ахайна, не спяшаючыся, з закрытым ротам. Я на гэта звярнуў увагу, бо раздражняе, калі нехта чмякае і цмокае. А ён маленькімі кавалкамі адломваў хлеб, курынае мяса і катлеты парэзаў на такія самыя кавалачкі, браў двума пальцамі (елі мы без відэльцаў, канечне). Інтэлігентны бомж, што ні кажы.

— Ні фіга сабе, нічога цікавага, — хмыкнуў Уладзя. — Як людзі са звычайнага жыцця раптам застаюцца без нічога і нідзе? Праз гарэлку?

— Нехта і праз гарэлку, — смялей пачаў бомж. — І часцяком яна — спадарожнік такіх прыгод.

— А вы?

— А я. Вам, маладыя людзі, праўда, цікава?

Ён угрэўся, перастаў горбіцца, сядзеў амаль нязмушана, і ў яго паставе праявілася ужо не хвілінная, на патрэбу, а сапраўдная сціпласць.

— Мне дык вельмі, — упэўніў яго я. — Пагатоў, відаць жа, вы — не просты рабочы ў мінулым, так?

Ён ледзь усміхнуўся ў адказ.

— Гэта хутка праміне. такі лад жыцця адвучвае ад звычайных чалавечых звычак, бо на іх бракуе сродкаў і часу. Галюся, бо знайшоў нечае лязо, а як не стане, дык. і іншае.

— Кім вы працавалі? Дзе?

— Працаваў. А можна, маладыя людзі, я пачну здалёк?

— Можна, — кіўнуў згодліва Уладзя. — Нам тут сядзець доўга, неабходна печку напаліць як след, сагрэць дамок.

— Так, добра. Тады слухайце. — бомж сербануў гарбаты, многа адразу, зрабіў яшчэ колькі глыткоў. — Самая згубная звычка для бамжа — курыць. Бо між цыгарэтамі і ежай за грошы, якія выручыў за здадзеную паперу ці шкло, абярэш, канечне, ежу. А курыць хочаш — збірай недапалкі. Вельмі брыдка выглядае збоку. Натуральна, не нясеш той знойдзены недапалак прама ў рот, збіраеш, падсушваеш, вытрусваеш тытунь, круціш цыгарку. Але — агідна на прыпынках, ля ўстаноў збіраць тыя «бычкі». І я кінуў курыць. Колькі разоў у тым жыцці збіраўся, не змог. А тут кінуў за месяц. От кажуць, каб ва ўсім шукалі добрае, ёсць яно і ў мяне, — са скрухай усміхнуўся ён, дапіў гарбату, пацягнуўся і падкінуў колькі паламанага сучча ў печку. — У юнацтве я разрываўся між двума заняткамі: любіў маляваць, ажно мне смылела, усе вокладкі кніжак змалёўваў на ўроках, у кожным сшытку апошнія старонкі, хоць і пападала вельмі. І хімія! Так, як пачалася хімія, я чакаў урокаў, як свята. Хадзіў у хімічны гурток, у Дом піянераў — у гурток выяўленчага мастацтва. І нічога больш не цікавіла. Людзей зазвычай не маляваў, так, краявіды незвычайныя, мора, горы. Па тым, што бачыў у кіно, сам прыдумляў. А тут неяк быў на возеры з бацькамі, пабачыў сваю аднакласніцу. Яна. трошкі незвычайная была, ад усіх адрозная. Летуценная крышку і адначасова нібы сталей за ўсіх нас, разважлівая такая. І дзікаватая, трымалася звычайна ў баку ад агульнай класнай мітусні. Але ўмела быць і вясёлай, непасрэднай. Ёй нехта дастаў белы гарлачык, яна яго ўваткнула ў валасы — яны ў яе былі доўгія, густыя — і так сядзела ля берага задуменная. А над галавой — вярба свае косы зялёныя апускае. І вада ў возеры — з белымі аблокамі. І ўва мне нешта та­кое варухнулася. Перадужаў сваю сарамлівасць, папрасіў: каб яна дазволіла мне яе намаляваць, ну, і пасядзела крыху нерухома. Яна ўсміхнулася згодліва, цёпла, доўга сядзела, пазіравала старанна, яе бацькі колькі разоў клікалі паесці — адмахвалася. А я рабіў эскізы. Зазвычай я маляваў адно алоўкамі ды ручкай, гуашшу плакатнае нешта, акварэллю. А тут — алеем рашыў напісаць. Мучыўся доўга, ды так атрымалася — і сам здзівіўся. Тая карціна фурору нарабіла ў Доме мастацтваў. Яна, Юлечка, пабачыла, гэтак расхвалявалася. Лета сваё апошняе школьнае мы з ёй разам былі: хадзілі па ўзлесках, па берагах возера і нашай плыткай рачулкі, шукалі цікавыя мясціны. І я маляваў яе, маляваў. Толькі маляваў, і больш нічога. Аднойчы. мы далёка ад людзей адышліся. Яна ў купальніку была, сядзела на пяску, ногі ў вадзе, задуменная ўся, і такое было ў яе позірку, столькі ў ім было пачуццяў! І хутка я пачаў рабіць эскізы: твару, вуснаў, вачэй, рук і ног, хваль. А яна ўстала і зняла з сябе. усё зняла. І папрасіла так намаля­ваць. У горле ўсё захрасла, але я маляваў. Потым падышла, пацалавала ў вусны, апранулася і пайшла. Назаўсёды пайшла — бацька яе быў вайсковец, яго пераводзілі ў іншы горад. Той малюнак застаўся ў эскізах.

35
{"b":"599364","o":1}