Литмир - Электронная Библиотека

— Ваш былы класны кіраўнік Зінаіда Мартынаўна па сямейных абставінах нейкі час не можа працаваць у школе, і, зразумела, выконваць абавязкі класнага кіраўніка. Пакуль будзе прынята канчатковае рашэнне аб прызначэнні новага класнага кіраўніка, гэтыя абавязкі буду выконваць я.

— А як жа Антось Сямёнавіч? — неспадзявана спытаў я.

— Вяргейчык, пакуль дэмакратыя ў школе не дайшла да таго ўзроўню, каб вучні самі абіралі класных кіраўнікоў, гэта застаецца прэрагатывай дырэкцыі. Ты маеш жаданне аспрэчыць нормы?

— Ды мне амаль пофіг, — ціха агрызнуўся я і выправіўся, разумеючы, што завуч не даруе такіх слоў. — Прабачце, мне ўсё адно, ахвоты спрачацца з дырэкцыяй я не маю.

— Дзякуй, — холадна адказала завуч, пільна зірнула мне на грудзі.

Было зразумела: цікуе за «Анархіяй». Не старайся. няма. Я сёння ў саколцы Зіначкі.

На перапынку падышоў Ромка, адвёў убок:

— Ты ведаў?

— Учора Зіначка казала. Я праводзіў яе да прыпынку.

— І мне казала.

— І каб ты мне тэлефанаваў, казала?

— А я сам не магу? На цябе ж глядзець. ажно сумна робіцца. Ды казала, калі табе так важна. Усё будзе добра! Твае ж словы.

— Ромка. — з незадавальненнем перасцярог я.

— Усё, маўчу. Слухай, і ты павінен ведаць. Мне тут пад сакрэтам сказалі. На нашага фізіка быў данос у міністэрства. Што ён арганізоўвае п'янкі для вучняў на сваёй кватэры. П'юць там піва. І здымаюць нават на відэа. А доказ — наш фільм.

Дзіўна, зусім не ўразіла гэтая навіна. Я глядзеў у сумныя Ромкавы вочы і разумеў: так мусіла быць, усё павінна быць зруйнавана, бо я выцягнуў тую запалку, шмаргануў, як чаку баявой гранаты, — і мой сусвет не захістаўся — выбухнуў, абрынуўся, а ў маім сусвеце не адна Ядвіся, у ім — Зінаіда Мартынаўна, фізік, Ромка і наш фільм.

— Трэба нешта рабіць, — нясмела азваўся Ромка, нагадваючы пра сябе.

— Трэба? Ты ўпэўнены? — абыякава спытаў я. — Сэнс? Ці ты лічыш, твае словы нешта значаць у шко­ле?

Ромка пакрыўджана засоп.

— Я разлічваў на цябе.

— У сэнсе?

— Ты нешта прыдумаеш.

— Ды ідзіце вы ўсе, знайшлі крэатыўнага прыдумшчыка! Адчапіцеся! — крутнуўся я і пайшоў прэч.

Да канца тыдня мяне ніхто не чапаў. Зрэшты, ніхто нікога не чапаў — у класе было не тое што сум­на, а як пасля хаўтур: голасна не размаўлялі, смех сцішваўся, абрываўся, не паспеўшы выбухнуць. На ўроках не шумелі, з настаўнікамі не спрачаліся. І нават Віялета са сваімі сяброўкамі паводзіліся стрымана, для нейкіх сваіх размоў яны купкай выходзілі з класа, але вярталіся не як раней, з застылым хіхіканнем на тварах, а нечым нават засяроджаныя. На вуліцы холадна — ужо добра падмарожвала, малыя раніцай дарогаю ў школу шукалі зацягнутыя белым льдом лужыны, тупацелі, слізгалі. А снегу не было, наўкола панавалі шэрыя і чорныя колеры. Неяк ішоў і нечакана стаў лічыць (магчыма, згадалася, як Юрась штораніцы нешта падлічваў) колькасць людзей у чорнай і шэрай вопратцы і іншай, чырвонай там, сіняй. Налічыў шэсцьдзясят сем чорна-шэрага колеру і восем блакітнага, зялёнага, чырвонага. У школу і са школы я хадзіў адзін, нікога не чакаў, хутка апранаўся і ішоў па вялікім коле — праз старыя прысады, якія цяпер выглядалі нават трошачкі жудасна, — шэрая стужка тратуара ў атачэнні чорных ствалоў клёнаў з аднаго боку і квола-нясмелых белых бяроз з другой. Падобна, табе прапаноўваецца выбар: станавіся па любы бок. Ідзі, разважай, а напрыканцы збочвай ці да чорных клёнаў, ці да светлых бяроз. Я не згадваў у гэтых прысадах Ядвісю. Згадваць жа можна тады, калі забываеш, так? Я ішоў штораз з ёй тут і адчуваў цяпло яе пальцаў у сваёй руцэ.

Выйшаў са школы, хутка дайшоў да плота і ля веснічак пабачыў цётку Жэню — маці Уладзі. Прайсці паўз яе не атрымлівалася: яна пазнала, заўсміхалася насустрач. Я павітаўся.

— Дзень добры табе, Кірыла! А дзе ж мой Уладзя?

— Ды зараз хутка ідзе...

Было памкненне выбачыцца, сказаць, маўляў, тэрміновыя справы, таму я так спяшаюся, ды згадалася некалі абяцанае цётцы: ніколі не кідаць Уладзю. І я прыпыніўся ля веснічак, бы мы з Уладзем дамаўляліся тут сустрэцца, каб не таўчыся ў тлумным школьным фае.

Уладзя выйшаў гэтаксама адзін, спусціўся з прыступак, і потым з дзвярэй паказаліся Ядвіся і Юрась. Ядвіся зірнула наперад — і прыпынілася, тарганула за рукаў Юрася. Яны спыніліся, адышлі ўбок і засталіся стаяць на пляцоўцы ля дзвярэй пад бетонным паддашкам.

— А што здарылася? — сустрэў Уладзя маці пытаннем.

— Сынок, бабуля Таццяна захварэла, едзем во зараз з бацькам, — пачала тлумачыць цётка Жэня. — Вернемся ў нядзелю, як усё будзе добра, бо шлях няблізкі — трыста кіламетраў у адзін бок. А збіраліся назаўтра перавезці з лецішча бульбу ды ўсё іншае са склепа, бо маразы ж пачаліся. І на выхадныя абяцаюць моцнае пахаладанне. Дык мы цябе просім, сынок: мо б вы разам з Кірылам з'ездзілі на лецішча, напалілі там печку добра, каб жа не памерзла, шкада ж будзе вельмі. Мы і грошай табе пакінулі дома, на тваім стале, купіце чаго смачнага, там жа нядоўга...

— Ну, вы задаяце мне работу, — незадаволена буркнуў Уладзя. — У мяне і свае планы на суботу былі.

— Дык жа памерзне ўсё...

— Ды з'ездзім, цёць Жэнь, — нечакана вырвалася ў мяне. — Напалім, чаго там.

— Дроў там зусім мала засталося. — з асцярожнай скрухай, за якой ўгадвалася палёгка і радасць, уздыхнуў Уладзя.

— То ўжо, сынок, назбіраеце сучча хваёвага ў ляску, там жа яго хапае, недалёка, дажджоў не было моцных апошнія дні, яно сухое. сякеры там дзве ёсць. Бацька выбачаецца вельмі.

— Ды добра, назбіраем.

— Тады мы паедзем, бацька ледзь прыпаркаваўся на колькі хвілін. Усё, глядзіце там, хлопчыкі, асцярожна каб. Будзьце там гаспадарамі, вы разумныя і дарослыя ўжо.

— Ды паглядзім, паглядзім. Добрай дарогі. Бабулі прывітанне, — развітаўся Уладзя з маці, яна подбегам падалася ў бок прыпынку, дзе, мабыць, чакаў у аўто бацька. Баба Таццяна, я ведаў, жыла насамрэч вельмі далёка адсюль, Уладзя апавядаў раней.

Дарогаю коратка дамовіліся з Уладзем пра час выезду. Ён ажывіўся, прапанаваў застацца нанач і захапіць падручнікі, каб там і дамашку зрабіць. Я адмовіўся, бо марыў усю нядзелю праваляцца на кана­пе, — спампаваў сабе новыя сезоны «Падмані мяне» і «Менталіста». І Кінг не дачытаны. Ды і што рабіць у такое надвор'е на лецішчы, у дамку, які стаіць ля невялікага ўзлеска, у бязлюддзі? Адно ў печцы паліць?

Мы прыехалі на лецішча назаўтра каля адзінаццатай гадзіны. Уладзя цягнуў напакаваны заплечнік, мне яшчэ ў рукі даў торбу, з якой вытыркаўся доўгі батон. Пакуль дайшлі ад прыпынку аўтобуса да лецішча, нас наскрозь прадзьмуў жорсткі марозны вецер. Было вельмі холадна, па чорнай раллі агародаў перацякалі языкі белага пылу — уначы, здаецца, ішоў невялікі снег. Дайшлі да лецішча, Уладзя дастаў ключы, каб адамкнуць веранду, і тут мы разам пабачылі ў куце вялікай цяпліцы нешта невыразнае, купу старога рыззя.

— Што за дрэнь? — здзівіўся і крыху спалохаўся Уладзя, мы разам падышлі да цяпліцы. Яе дзверцы не­чакана былі прыхопленыя на вяроўчыну знутры. Уладзя шмаргануў раз, і другі, вяроўчына аслабла, спа­ла, і тут купа зашавялілася, і мы ўбачылі твар бамжа, які зацкавана зіркаў на нас. Дзіўна, на ягоным твары, парэзаным глыбокімі зморшчынамі, акрамя невялікай барады і вусоў, сівых, але акуратна падрэзаных, не было расліннасці. Ён быў паголены, бы ўчора. На галаве — вязаная шапка, брудных валасоў з-пад яе не было відаць. Ён падхапіўся, скінуў з сябе шматкі поліэтыленавай плёнкі, якія зацягнуў сюды, паказваючы сваё лежбішча, — вялікія палосы кардону. Стаяў, невялікага росту, перапалоханы. Ён выглядаў гадоў на шэсцьдзясят. Лёгкая куртка-вятроўка і кашуля, вялікія, не па росце, шэрыя джынсы, стаптаныя, і відавочна з чужой нагі, некалі чырвоныя красоўкі. Ля ног ляжаў стары заплечнік, амаль пусты.

— Давай вымятайся, знайшоў прытулак, — без злосці загадаў Уладзя. — І каб болей тут не швэндаўся, а то міліцыю выклічу.

— Даруйце, даруйце, шаноўныя, я імгненна, і ўсё прыбяру, прыбяру, — азваўся бомж, і голас яго, прасякнуты вінаватасцю, прагучаў неяк незвычайна інтэлігентна. Ён нахіліўся, стаў мітусліва збіраць кардон, шматкі плёнкі, згортваць усё ў адзін камок, каб можна было абхапіць рукой. Сабраў, стаяў і чакаў — калі мы дамо яму магчымасць выйсці. Мы адступіліся, ён прайшоў паўз нас, яшчэ раз выбачыўся: — Вельмі перапрашаю, вельмі перапрашаю. Не-не, я болей ніколі. Холадна надта, а тут зацішна, прабачце, прабачце...

34
{"b":"599364","o":1}