— Слухай, мы з ёй двойчы на тыдзень ходзім у кавярню. А ты з ёй сядзіш.
— У кавярню і я яе магу запрасіць.
— Можаш. І вось што ёй тады рабіць, га? Не, ты адзін запросіш — адна справа, а як мы абодва запросім? Нейкая гульня дзіцячая атрымліваецца. Давай вырашаць па-нармальнаму.
— Чаму раптам вырашаць? — разгубіўся я.
— Таму! Ёй мы аднолькава падабаемся. Мне яна сама казала, што не бачыць між намі розніцы, мы для яе — абодва сябры. І так будзе, пакуль мы ля яе двое будзем. Пакуль адзін не сыдзе.
— Ну, і хто той лішні? Ты ўжо вырашыў?
Не зразумеў напачатку, чаму пачала разбіраць злосць. Што я такое пачуў? А словы, важныя, самыя важкія, самі пачалі набрыньваць у памяці тлустымі агіднымі пухірамі: «Не бачыць між намі розніцы». Вось як?
— Я не вырашыў, — без эмоцый адказаў Юрась. — Не ўмею, як ты, імгненна пракручваць сітуацыю.
— Чаму ты рашыў, што я ўмею?
— Ну, як чаму? Ты ў нас — зорка цяпер, самы крэатыўны хлопец, дык вось: думай. Я ж думаць не ўмею, я — матэматык, у мяне не мазгі, а лічыльная машына, так?
Юрась пад'юджваў, я адчуваў. Чаму ён нагаворвае? Хіба я насамрэч лічу сябе зоркай? Хіба я калі пасмяяўся з яго?
— У мяне хапае крэатыву хіба на жэрабя.
— Жэрабя дык жэрабя, — адразу спакойна і нават з нейкай прыхаванай радасцю, быццам чакаў менавіта такіх слоў (зараз усё вырашыцца, знікне нявызначанасць), сказаў Юрась, паляпаў па кішэнях, залез у заплечнік, пашамацеў там і дастаў запалкавы карабок. Вось жа, ніколі не думаў, што ён у яго ёсць. На халеру? А Юрась дастаў дзве запалкі, адламаў у адной галоўку:
— Той выпадак, калі я згаджаюся з тваёй прапановай адразу. Бо іншага нічога сам не прыдумаю.
Ён трымаў запалкі трыма пальцамі правай рукі, левай падпраўляў іх, каб вызіралі роўна, каб былі на адлегласці адна ад адной.
— Цяпер адвярніся, я памяняю запалкі месцамі.
Я адвярнуўся. Было холадна, туга запаўняла знутры, засмоктвала звонку. Раптам падумалася, як ўсё мінаецца: не будзе больш нашага шчырага сяброўства, разваліцца наша кола — трое хлопцаў-сяброў і Ядвіся. Што ж, як яна не бачыць розніцы.
— Ды паварочвайся ўжо і цягні запалку.
— Сам цягні!
— Не, дружа, твая прапанова — ты і цягні!
Са злосцю хапнуў адну з запалак, пабачыў яе абламаны канец, устаў і хутка пайшоў.
— Каб без крыўд і наездаў, — закрычаў у спіну Юрась. — І будзь пацаном: заўтра перасядзь да Уладзі...
Я не адказаў.
Ядвіся патэлефанавала каля дзесятай гадзіны вечара. Я алёкнуў і пачуў яе голас:
— Дык я для цябе — рэч, Кір? Ты мяне прапанаваў па жэрабю разыграць? Ты... ты... Ты не толькі сляпы, аказваецца, ты яшчэ і здраднік! Не дарую!
Цяпер я дакладна зразумеў, што адчувала Віялета, калі пабачыла свой скажоны чырвонымі плямамі твар у маленькім люстэрку.
Усё раптоўна абрынулася. І я ведаў — назад не складзецца.
9
У клас я заходзіў перад самым настаўнікам. А куды спяшацца? Мне не трэба было некуды перасаджвацца — на месцы Ядвісі сядзеў і сустракаў мяне вінаватымі сабачымі вачыма Уладзя. Чаго я ніяк не чакаў, дык тых позіркаў усіх астатніх. Усё адно, як я захварэў на галаву і прыйшоў у клас у адной бялізне: гэткія спачувальныя, маўляў, мы тут усе ўсё разумеем. І цішыня. Як цяжка ў такой цішыні ісці на сваё месца! Я кінуў, як заўжды, ад парога: «Усім прывітанне», прайшоў на сваё месца і сеў. Юрась і Ядвіся ззаду пра нешта размаўлялі, я гэтага не мог не пабачыць, блізка, галава да галавы, нахіліўшыся.
Усё лухта.
Уладзя ні пра што не пытаўся. У сталоўку я не пайшоў. Ён прынёс мне катлету і булку, дзівак, хоць яго не прасілі. Я падзякаваў і з'еў, бо прывыкаеш жа есці ў пэўны час, дык ужо смокча ў жываце.
Час цягнуўся смаўжом па шапцы грыба, пакідаючы за сабой белую баразну новай рэальнасці. Усё цяпер будзе па-новаму.
Апошняй была класная гадзіна, як звычайна, разам з інфармацыйнай. У той момант, калі ў клас зайшла Зінаіда Мартынаўна, я ўспомніў: мне патрэбна было падрыхтаваць якое-небудзь важнае паведамленне з міжнароднага жыцця, бо мая чарга. Гугліць было позна. Ат, скажу як ёсць: забыўся. Не паставіць жа «пару». Ды ўсё адно было няёмка — падвёў класную. І вось жа заходзіла яна пасля першага ўрока, віталася з усімі, пыталася, як прамінулі выхадныя, размаўляла пра нешта з Ромкам і старастай класа Светай Шурко. Дык жа ні халеры не варухнулася ў галаве пра навіны. Зусім дэбіл.
Але класная, падалося, забылася на свой абавязак палітычна нас падкоўваць. Яна сёння была трошкі дзіўнаватая: сумнавата-задуменная, паклала асцярожна, бы шкляны, класны журнал на стол, павольным позіркам абвяла ўсіх нас. Усе сядзелі ціха. А яна пачала:
— Маім самым улюбёным мультфільмам у дзяцінстве быў «Маўглі». О, там шмат серый, як мы чакалі новую! Вы ж ведаеце гісторыю Маўглі? У вашым дзяцінстве былі ў модзе іншыя мультфільмы... А Маўглі — гісторыя пра чалавечае дзіця, хлопчыка, які трапіў у логава ваўкоў. Яны выгадавалі яго. там было шмат прыгод, ды аднойчы ён вярнуўся да людзей. Дарослым і мужным юнаком. А яшчэ ў мой час была неверагодна папулярнай кніга Эдгара Берроуза пра Тарзана. Ведаеце такога? Не-не, не сённяшняя медыйная персона, муж другой медыйнай персоны. Наколькі я ведаю, было напісана мноства кніг пра прыгоды Тарзана, а фільмаў знята каля сотні. Бо надта ж быў папулярны герой.
— Дык мульцік ёсць дыснееўскі, з тым Тарзанам, — удакладніў нехта.
— Не бачыла, шчыра кажу, — працягнула Зінаіда Мартынаўна. — Ды сутнасць не ў гэтым. Дзея адбываецца у Афрыцы. Тарзан, паводле версіі пісьменніка, — маленькі хлопчык, маці якога памерла, а бацька быў забіты малпамі. Адна з малп, у якой якраз сканала дзіця, забірае хлопчыка і даглядае яго, выхоўвае. Хлопчык расце, але аднойчы вяртаецца ў сваё колішняе жытло, дзе знаходзіць мноства рэчаў, у тым ліку кніжкі. Яго дапытлівы розум дазваляе яму даўмець: ён — іншы, не малпа, ён — чалавек. Тарзан нават навучыўся самастойна чытаць, там, здаецца, была такая кніжка, кшталту нашага буквара. Быў намаляваны рот чалавека пры вымаўленні кожнага гука. Вось ён імітаваннем і навучыўся нават размаўляць на чалавечай мове. І стаў чалавекам — там было многа розных кніг, з якіх ён даведаўся пра свет. А потым ў джунглях з'яўляецца экспедыцыя навукоўцаў, там ёсць адна дзяўчына, якая трапляе ў небяспечнае становішча, ён яе ратуе. Да ўсяго, выяўляецца, што ён сын лорда, а ў роднай Англіі яго чакае багацце. Такі хэпі-энд, такая казка. Што агульнага ў Тарзана і Маўглі? Тое, што яны былі выхаваныя звярамі. Ведаеце, навукоўцам вядома колькі сапраўдных фактаў, калі дзеці жылі сярод ваўкоў, гадаваліся малпамі. Але. яны не станавіліся людзьмі, хоць і былі знойдзены і вернуты ў чалавечы асяродак. Вы ж ведаеце, вам ужо казалі пра гэта: чалавек — сацыяльная жывёла. Яго розум, яго асоба можа развіцца толькі ў соцыуме. Розум развіваецца адно сярод падобнага. Калі ў пэўны перыяд гэтага развіцця не адбываецца, надыходзіць крытычны момант, ірвуцца ў мазгу незапатрабаваныя сувязі, і. чалавек ужо ніколі не стане чалавекам.
— І гэта даведзена? — спытаўся нехта з месца.
— Так, давялі. Як каму цікава — пагугліце, пачытайце пра выпадкі, пра якія я казала. Дык вось. мы — сацыяльныя, нас людзьмі робіць соцыум. І значыць, наш характар, нас, як асобу, робяць абставіны. О, так-так, я ведаю пра гены, імі я сама вам галаву затлуміла на сваіх уроках. Безумоўна, спадчыннасць грае велізарную ролю, але менавіта для яе поўнага раскрыцця патрабуюцца пэўныя абставіны. Чалавек можа мець усе неабходныя задаткі музыкі ці спартсмена, ды так і не выявіць іх. Абставіны. Умоўна кажучы, і наша выхаванне ў сям'і, нашу вучобу ў школах і ўніверсітэтах гэтаксама можна назваць абставінамі. Чаму ўсё ж у аднолькавых абставінах, ці амаль аднолькавых, вырастаюць розныя людзі, фарміруюцца розныя характары, выспяваюць пачаткі розных лёсаў? Цяжка сказаць. Мяркую, ёсць нешта яшчэ. Гены адказваюць за нашы фізічныя даныя, за той самы тэмперамент, за пэўныя ўменні. А што адказвае за такія рэчы, як здольнасць бачыць? «Бачыць» у дадзеным выпадку — разумець. Пад «бачыць» будзем мець на ўвазе ўсю сукупнасць магчымасцей атрымання інфармацыі: праз слых, зрок, тактыльнасць. Вось я думаю, менавіта здольнасць бачыць і тлумачыць тое, чаму людзі розныя. Што бачыць? Ды тыя самыя абставіны. Па сутнасці, абставіны ёсць ні што іншае, як інфармацыя.