Верка. Дык і той раз.
Танька. Дык перадаваў жа, што не прыйдзе.
Верка. А еты раз наадварот казаў — чакай, абавязкова прыйду, раскажу, як…
Танька(хуценька). Што раскажа?
Верка(зразумеўшы, што прагаварылася). Што… Ну… Ну, як там убраліся…
Танька. Як убраліся? Ды ўжо ж убраліся. Можа, і малаціць пачалі. От пойдзеш за Андрэя — наробішся. У Аўдзея ад цямна да цямна.
Верка. Не за Аўдзея ж я пайду.
Танька. Так ён і аддзеліць вас.
Верка. Ды за Андрэем нічога не страшна.
Танька. А Мішка так і падкатваецца да цябе.
Верка. Дурань. Я Андрэя ні на каго не памяняю.
Не ведаю, што са мною творыцца. Хаджу, як у сне. Учора бацька трасе за плячо — крычыць у вуха, а я нічога не чую… А трэцяга дня як убачыла яго — дык так бы, здаецца, і паляцела, толькі рукамі махні — і паляціш!
Танька. Ой, Верка, як я табе зайздрошчу! А тут няма анікогачкі! У той вечар Колька Сыпункоў пайшоў праводзіць — і адразу цалавацца лезе… Во дурань, а? Яму-то што… А Мішка пра цябе ўсё гаворыць, маўляў, хутаранскі, дык за ім следам, маўляў, багатыя…
Верка. Дурань ён. Вунь Ягора сын — Сцёпка. Хутаранскі і багацейшы за Аўдзея, а каму ён трэба, недапечаны. Гады два таму праводзіў мяне, сядзіць, як размазня якая, бармоча нешта пра авёс, пра нейкую кульгавую сабаку.
Танька. Ага. Ён прыдуркаваты, яй-богу. А Кацька сёння ўсё ўсміхалася — і прыпеўку гэту з Мішкам — гэта яны ўсё пра цябе. От яна каля Андрэя раней усё хадзіла — як ні павернецца, і ўсё каля яго, я прыкмеціла. Бацька яе гаварыў — мая, маўляў, не заседзіцца, за маёй ёсць што даць.
Верка. Чула. А і не кінуліся браць. Яна ж касая. Ты вось прыгледзься. На левае вока.
Танька. Ай, праўда! Яй-богу! А я думаю, што ета яна ўсё ўбок глядзіць! Во табе!
Верка. Я? Я не магу без яго — калі што здарыцца, яй-богу, не ведаю, што будзе. Я ні за каго другога не пайшла б. Помніш Нінку, што павесілася з-за Федзькі Кастрова? Ой, як я цяпер разумею яе. Ой, як разумею!
Танька(спалохана). Што ты! Госпадзі! Кінь пра дурное. Напужала.
Верка(сур’ёзна). Не, калі што — мне не жыць…
Танька. Перастань, госпадзі, ну цябе. Пайду. I то бацька спытае, дзе так позна была.
Верка. Ой!
Верка кідаецца да лавы, накрывае калені кажушком. Андрэй сядае побач, абдымае Верку і пачынае цалаваць. Верка слаба адбіваецца, потым усё ж вызваляецца з яго рук.
(Пакрыўджана.) Я сяджу, хвалююся, а ён… Што толькі не думала. (Усхліпвае.) Усю вечарынку сэрца ледзь б’ецца, перажываю, а ён…
Андрэй. Не мог… Ну яй-богу, не мог. Малатарню купілі, пакуль з бацькам паспрабавалі, раз, другі… Ну, Вер. (Гладзіць яе па плячы, Вера адсоўваецца.) Ну яй-богу… Паслязаўтра ў сваты прыедзем.
Верка(спалохана). Ай!
Андрэй. Во табе і ай. Бацька сам сказаў.
Верка(прыхілілася да яго пляча). Андрэечка, праўда?
Андрэй. Няўжо ж.
Верка. Раскажы.
Андрэй(задаволены, усміхаецца). Кажу аднойчы бацьку — маўляў, так і так, жаніцца хачу.
Верка. Калі?
Андрэй. Ну, яшчэ як убіраліся. Я ж ведаю, ён, каб што — месяц думае. Вось і кажу зараней.
Верка. Ага. А ён?
Андрэй. Убярыся спачатку, кажа, а потым пра жаніцьбу думай. I адразу спытаў — каго, маўляў, нагледзеў. Я і кажу — Зуйкову.
Верка паправіла валасы, прыхарашылася.
Верка. А ён?
Андрэй. А ён кажа, у Зуйка ўсіх дзевак усё роўна не перабярэш.
Верка пакрыўджана адхілілася.
Верка(пакрыўджана). Андрэечка…
Андрэй. Дык я ж ведаю, што калі спытаў каго — значыць, дазволіць. Каб не, то і не пытаў бы каго.
Верка з надзеяй кіўнула галавой.
Верка. Ага, ага.
Андрэй. А ўчора іду, чую, за хатай бацька з маці размаўляюць. Я прыслухаўся. Трэба жаніць, кажа бацька, цяпер не той час, аддзяляць, хату з вясны пабудуем, каня дам. На свае ногі, цяпер і зямлі больш дадуць, бо асобная гаспадарка. I маці згодна.
Верка(весела). Ой, Андрэечка…
Андрэй. Хто гняздо ўе, у таго і ўецца.
Верка абдымае і цалуе Андрэя.
Сваёй гаспадаркай зажывём — сам сабе галава! Адно не лянуйся, усё нажывеш! Бацька казаў, за Зуйковай дзеўкай пасагу асаблівага не возьмеш, ды былі б рукі.
Верка(з гонарам). Пасаг бацька абяцаў, і Вальцы, старэйшай, давалі, і грошы, і ўсё сабралі як трэба. I мне маці ўсё згатавала, і грошы ў бацькі ёсць, я ведаю, маці казала, для меня падрыхтаваў.
Андрэй. Каб грошы, прыкупілі б другога каня — вось табе і гаспадар!
Верка(з гонарам, упэўнена). За мной будуць.
Андрэй. Мы б зажылі! Эх, зажылі б! I малатарня цяпер свая. Бацька сказаў: заўтра да абеду паедзем да Кацькі — паглядзець, як жывуць. За шляхту выдавалі, бацька каня даваў, і грошай колькі, і дапамагалі, а шляхта, сама ведаеш, — гонару шмат, а як да гаспадаркі — то і не вельмі. А даваць за дзеўкай, калі ў талковыя рукі, дык і не шкода. А як не, то бацька не паглядзіць, скажа. А пасля абеду — сам казаў — у сваты.
Андрэй дастае з-за пазухі хустку.
А гэта — табе.
Верка. Яна ж дарагая… У Шмуйлы гэткія аж па пяць рублёў.
Накідвае хустку на плечы.
Андрэй. Эх, Верка!.. Мы зажывём! Як ніхто!
Верка прыхінулася да Андрэя, Андрэй абдымае яе, пачынае цалаваць. Верка спачатку адказвае, потым хоча вызваліцца.
Верка. Андрэечка, не трэба… Прачнецца хто з нашых… Ой, не трэба… Другі раз, не трэба сёння…
З-за шырмы выходзіць старая, з рук яе выпадае жалезная конаўка. Андрэй і Верка палохаюцца, Верка азіраецца і супакойваецца.
Верка. Гэта бабка, яна глухая, за печкай сядзіць, вады, мабыць, захацела.
Маці Зуйка(стаіць перад іконай). «Госпадзі, Божа праведный, всесільный і всевідзяшчый, прасці мне грахі, іжэ сатварыл па неразуменію в сей ушэдшый дзень і словам, і дзелам, і памышленіем, і ачысці душу маю ат всякай скверны і дай мне, госпадзі, в ночы сей сон перайці в міре, яко семя тваё і во мне есць, чтобы восстаць завтра от ложа, как і во все дні жывата майго і не предай мяне крамоле змяінай і желанію сатаны і врагов маіх плотскіх і не плотскіх, даруй мірэн сон і безмяцежые, яко і всем табою сотваренным… Госпадзі…»
Карціна трэцяя
Хата Аўдзея. Сям’я Аўдзея збіраецца за стол. Як і раней, вакол стала нічога няма, ззаду печка, збоку ікона. Аўдзей ужо сядзіць за сталом, дзеці носяць хлеб. Жабрак стаіць каля стала.
Аўдзей(жабраку). Сядай, сядай ужо…
Варвара. Што ні гавары, а не блізка, і дарога. З дарогі заўсёды есці хочацца.
Аўдзей(насмешліва). Ага, дарога. Не ў дарозе справа. Паны многа не ядуць і другім не даюць.
Варвара. Ну, галодныя не сядзяць.
Аўдзей. Яшчэ б ім галодным сядзець. Каня даў, грошай даў — а другога каня не нажыў — затое ў новых ботах ходзіць. Шляхта! Ты з ёй гаварыла?
Варвара. Гаварыла. Быццам давольная. Плакацца няма чаго.
Аўдзей. Яшчэ б ёй плакацца! Сілай не выдаваў. Казаў наперад — не прымушаю, паглядзі сама, цяпер век не такі, самі жэняцца, табе жыць, а лепей з мужыком сваім хутарам, чым з панам: ета не так, тое не гэтак. Ды і гаспадар ён — больш языком.