Литмир - Электронная Библиотека

Аўдзей. Галыдзьба глядзіць прадаць ды праматаць, прапіць, прагуляць. А гаспадар — купіць.

Эленька. Эх, Аўдзей, Аўдзей! Ты разумны чалавек, талковы гаспадар, трэба разумець!

Аўдзей. Ты чаго прыехаў?

Эленька. Ты панімаеш, мне патрэбны грошы. Я табе казаў — можаш не спяшацца, аддай потым, але напярод ніхто нічога не ведае. Прыехаў мой кампаньён, ён патрабуе грошы, мы разам прадавалі скот. Я павінен разлічыцца з ім.

Аўдзей(незадаволена). Я думаў аддаць табе вясною, калі за хлеб можна больш узяць.

Эленька. Але ж цяпер такі час, такі выпадак. У цябе што, няма грошай? Што ты за гаспадар?

Аўдзей. У мяне ёсць грошы, не хвалюйся. Як табе гэтак патрэбна, я аддам.

Эленька. Мы з табой усё падлічым.

Пачынае лічыць.

Ты браў на каня. Ты замяніў карову, мы дамовіліся, што гэта пяць рублёў. Я браў у цябе два бычкі, а ты ўлетку браў трыццаць рублёў. А я браў сорак пудоў жыта. Будуць патрэбны грошы, я аддам.

Аўдзей. Я не чакаў, што ты спытаеш гэтыя грошы. Мы ж заўсёды разлічваліся вясною.

Эленька. Так, але прыехаў мой кампаньён. Мне патрэбны грошы. У цябе няма? Што ты тады за гаспадар?

Аўдзей. Я аддам табе грошы.

Эленька. А калі табе пасля спатрэбіцца, я дам табе зноў. Не хвалюйся. Я ж ніколі не браў з цябе працэнт.

Аўдзей. Як не браў? Браў!

Эленька. Калі гэта было. Ты тады яшчэ не ведаў мяне, я не ведаў цябе, а цяпер мы ж сябры. Дурні б’юцца, а разумныя людзі заўсёды дойдуць да згоды.

Аўдзей падыходзіць да іконы, дастае грошы, каля стала пералічвае і аддае Эленьку. Эленька забірае грошы і падымаецца з-за стала.

Эленька. Да пабачэння, Аўдзей! Паслухай старога яўрэя, не купляй малатарню, не купляй коней. Ты павінен усё сам разумець, ты разумны гаспадар. Бывай здароў.

Эленька выходзіць. Уваходзіць Андрэй.

Аўдзей(Андрэю). Вось прыспічыла яму. З года ў год гэтыя грошы пераходзяць: а тут, як больш за ўсё трэба, — аддай! Усе грошы з рук… Але малацілка добрая. Што там Эленька плёў — не наша справа, малацілка добрая, гэта такі выпадак нам трапіўся. А свая малацілка — о, ета, брат, вялікае дзела! От каб свой млын — тады ніхто табе не ўказ, нікога прасіць не трэба, нікому кланяцца не трэба. Млынар з памолу жыве; зямлю не арэ, неяк спытаў у Івана-млынара, маўляў, чаго зямлю кінуў — не разарвацца, кажа. А я б разарваўся! Я б зямлю не пакінуў. Тады толькі і будзеш нешта мець, як перарвешся, перасілішся, як возьмешся са ўсяе сілы. Я еты хутар з аднаго каня пачаў ды з даўгоў — а выкарабкаўся. Людзі гулялі, пілі, прадавалі, маталі, з мяне смяяліся, кулак, гаварылі, пад сябе грабеш, пуп нарвеш, лопнеш! А ў мяне свой розум! Прагуляць лёгка, прахам пусціць — лёгка! Нажыць цяжка! Хто гняздо ўе, у таго і ўецца, у таго і ёсць, а ў каго ёсць, той і жыве, так на етым свеце спакон веку ўстроена!

Жабрак(з печы). Э-э, Аўдзей, ніхто не ведае, як еты свет устроены. Памятаеш Крывога Якіма, што дзецям за золата зямлю купіў? А зямля стала нічэйная праз год, га? Напярод дня не ведаеш, усе мы ў гасцях, а гняздо наша на пагорку. Туды з сабою нічога не возьмеш.

Аўдзей. Каб усе пра той пагорак думалі — пляцень бы спінамі падпіралі, пальцам бы не варухнулі, з кійка ды торбы жылі.

Жабрак. А як збоку глянеш, Аўдзей, дык што чалавеку трэба — акрайчык хлеба, ды каб пагрэцца, ды каб не гналі. Госпадзі, як падумаеш, ну што чалавеку трэба!

Аўдзей. Кожная варона за сваё каркае. Чалавеку многа трэба! (Разводзіць рукі, быццам хоча абхапіць стол.) А мне б яшчэ млын! А малатарня трапілася, ах, добрая малатарня, вось выпадак. Мне б з маім падвор’ем ды малатарняю, ды маімі сынамі — мне б млын! Вот ета быў бы я гаспадар! А, Мікола? Ха-ха-ха…

Карціна другая

Хата Зуйка. Стол, ссунуты ў кут, лавы стаяць літарай «П». Печ і ікона завешаны. Вечарынка ў Зуйковай хаце. Хлопцы, дзяўчаты, гарманіст. Толькі што скончылася полька, збіраюцца скакаць кадрылі. Верка і яе сяброўка Танька сядзяць убаку, ля акна.

Танька(супакойвае). Мо прыйдзе яшчэ.

Верка(пакрыўджана). Ага, прыйдзе. Ужо расходзіцца час.

Да іх падыходзіць хлопец, запрашае Верку.

Xлопец. Пойдзем на кадрылі.

Верка. Не хачу.

Хлопец. Ах, ах, Андрэя чакаеш?

Верка. Каго хачу, таго і чакаю.

Хлопец. Бач, якая каралеўна. Твой Андрэй, можа, дзе бліжэй знайшоў, чым за дзесяць вёрст цягацца.

Танька. А ты чаго чапляешся? Як Андрэй прыйдзе, дык баішся, а цяпер смелы?

Хлопец. Ха, напалохаліся мы твайго Андрэя. Прыходзілі адзін раз з суседняй вёскі, усыпалі ім так, што доўга памятаць будуць. Можам і Андрэю, калі захочам, не паглядзім, што з хутароў.

Танька. Ах, які смелы. Ды толькі на язык.

Хлопец. Падумаеш!

Хлопец падыходзіць да дзяўчат, запрашае адну з іх. Пачынаюць танцаваць. Хлопец і дзяўчына, якую ён запрасіў, смяюцца і пяюць прыпеўкі. Пачынае дзяўчына.

Ой, прыходзьце, хлопцы, ў сваты,
Я жыву багата.
Конь храмы у майго бацькі,
Завалілась хата.

Хлопец працягвае:

Я мілога ўсё чакала
Ды не дачакацца,
Як ён возьме мяне замуж —
Буду папраўляцца.

Танька(хлопцу). Дурань!

Усе танцуюць, уваходзіць бацька Веркі, вечарынка ў яго хаце.

Зуёк. Усё, усё, хопіць. Пара дахаты.

Дзяўчаты(у адзін голас). Дзядзечка Пятрок, рана яшчэ, ну зусім жа рана.

Зуёк. Усё. Ні-ні. Вы б ноч скакалі, як козы.

Дзяўчаты. От яшчэ крышачку… 

Зуёк. Пагулялі, хопіць. Спаць даўно пара, заўтра працаваць. Добрыя людзі ўжо малаціць пачалі.

Хлопцы. Багатым, дзядзька Пятрок, будзеш, як малаціць да Пакравоў збіраешся.

Зуёк. От каб ты гэтак у полі, як языком.

Дзяўчаты. Дзядзечка Пятрок…

Зуёк. Ні-ні!

Хлопцы. Дзядзьку Петраку кавалеры ды жаніхі больш не патрэбны, ён на хутаранскіх спадзяецца.

Усе смяюцца.

Зуёк. А хутаранскія не такія лайдакі, як ты. Вось сустрэну бацьку, ён табе пасмяецца, лейцамі.

Дзяўчаты. Дзядзечка Пятрок…

Зуёк. Усё, сказаў усё, дык усё! А то другі раз не пушчу. Бач, разыграліся.

Усе разыходзяцца і пяюць прыпеўкі.

Танцаваць вам сёння хопіць,
Паясніца забаліць,
Прыхадзіце лепей заўтра,
Падсабіце малаціць.

Адзін з хлопцаў працягвае:

Як у дзядзькі Петрака
Поўна дзевак хата,
Вось аддам усіх іх замуж,
Зажыву багата.

Зуёк(нязлосна). От чэмера табе ў бок, зубаскал. От каб цябе…

Застаюцца сем дачок Зуйка і Танька.

(Дочкам). Кладзіцеся спаць. Верка, прыбярыце тут. От каб да работы гэтак, як да гэтых скокаў.

Зуёк выходзіць разам з дочкамі за шырму. Верка і Танька мятуць падлогу.

Танька. А мо здарылася што дома, ці мала што можа… Ды і сапраўды — кожны раз за дзесяць вёрст…

3
{"b":"570164","o":1}