Сьмерць жыўцом хутае плечы,
уціскае ў дамавіну...
Выскаляецца ад млосьці,
кіем стукае у дзьверы...
Беларус з крыві і косьці
не дае прыблудзе веры...
_________
Праз горы, праз мора, праз акіян
нёс жменьку зямлі — чарназёму з-пад Пцічы.
Куды? — ня пытайся. Ішлі на кіях,
а вёрстаў кіямі ня зьлічыш...
_________
Яшчэ адзін паставіў крок ты...
Куды? — наперад ці назад?
Скрыпяць пад дахам новым кроквы
твайго прытулку, азіят.
Мінецца хмель п’янкі удачы,
бы хваль халодных пругкі бег.
Пачаткам заўтрашняга плачу
здаецца сяньняшні твой сьмех...
_________
Ад Каракасу да Маракаі
шлях гарысты, доўгі, круты.
Але сябра мой не наракае —
мы, як добрыя два браты...
_________
Ісьці ці застацца? Пайду...
Іду.
Супыняюся і...
застаюся.
Што-ж цяпер мне, скажы, рабіць, —
аставацца ці з імі разам?..
_________
Адкрываць ня ўмею ніякіх Амэрык я,
хоць і дух гартаваў у трапічнай Амэрыцы.
Але ў тое, што Сьвет наш — яна, Амэрыка,
і ня верылася, і ня верыцца...
_________
Ці варта караць за нямудрае,
Ойча мой?
Не карай за нямудрае,
Ойча мой!
_________
Ня мёд п’юць, а чэмер упалыя грудзі
пад сонцам гарачым. Маўчы, валацуга.
Ня гніся!
Няхай памуштруе жыцьцё і палудзіць,
як скібы жарствой
бакавіцы іржавага плуга...
_________
Калісь такім маленькім быў
і раптам няпрыкметна вырас,
акрэп, як дуб, на твары іншы выраз.
Пакліч яго — у час любы,
як тыя верныя калісь рабы,
ад сэрца скажа — проста, шчыра:
«Хай памаўчыць да часу ліра
на кліч ваяцкае трубы
іду, бы зьвер на пах ахвяры,
і ў першым стыку хай памру,
але вось тыя думкі-мары,
з маленства песьціў што, спатолю,
а не — ад гневу — дагару»...
_________
Злыя хмары плылі з усходу,
а вецер упірысты — з захаду.
Тады мы, шукаючы броду,
ня зналі ні ўсходу, ні захаду.
Нагамі мясілі ўсе лужы
на глейкай, выбоістай вуліцы,
і кожны казаў: «Я дужы,
давайце мне іншыя вуліцы!..»
Жылі і расьлі. Мацнелі
пад бомбамі і пад кулямі...
_________
За днямі дні і месяцы за імі
праходзяць, адыходзяць у нябыт.
І думкі гнеўныя упоруч зь імі
плывуць на крылах суму і журбы.
Бунтуючыся, стукаюцца ў скроні,
пытаюцца — наперад ці назад?
Ці мо’ вось так, як ёсьць яно сягоньня...
_________
Чужое гора вымераць нялёгка
і не лягчэй скрануцца да узьлёту,
каб шлях, крывёй напоены і вогкі,
услаўся сонечнаю пазалотай...
_________
Часам голаў ускружыць такое,
што і думкі зьбіваюцца з тропу.
Ні пры якім надвор’і спакою
не знаходзіць штодзённы клопат...
_________
Маўклівы і такі сівы, пакінуты на глум людзьмі
і сьветам камень,
у зьменнасьці вякоў прыцьміў агністы бляск яго
каменнай маладосьці...
_________
З расколін чэрвеньскага землятрусу
выходзілі і захлыналіся нябожчыкі ад дзіва,
што не паслалі ля варот кужэльнага абруса,
а сонца вусны й душы людзям моцна парудзіла...
І сьвет жывых пакельным здаўся варам,
і потам рук дыхнуў акраец хлеба на стальніцы...