— Няўжо і закапаныя ў зямлю нябожчыкі нешта адчуваюць? — здзівілася Зося.
— Яшчэ як адчуваюць!
— Мусіць, ад нуды і на тым свеце не схавацца, — уздыхнула Зося.
— А мяне мама так вучыла: як агорне смутак, аддай яго каменю і ўкінь у ваду. Твая маркота і сплыве з вадою.
— Я так і зраблю, — узрадавалася Зося.
Яна падняла ладны камень, які ляжаў на беразе, уявіла, што так акамянеў Гардзей і ўсё тое зло, якое абрынулася на яе пасля сустрэчы з ім, і шпурнула ў сажалку. Камень цяжка пялёхнуўся. Па вадзе пабеглі кругі. Зосі здалося, што ёй сапраўды зрабілася лягчэй.
8
Графскі пісар сядзеў за шырокім сталом, на якім стаяла чарніліца, ляжалі паперы. Быў гэта яшчэ не стары чалавек, чарнявы, з вялікімі залысінамі, з вусамі, па-заліхвацку закручанымі ўгору, апрануты ў гарнітур у дробную клетку і белую сарочку з чорным гальштукам. Паглядзеў на Зосю і Гэлю паверх круглых акуляраў і спытаў:
— Што вы, дзяўчаты, умееце рабіць?
— Усялякую сялянскую працу, — адказала Гэля.
— Там давядзецца шмат працаваць, — папярэдзіў пісар.
— Мы працы не баімся.
— А ці ёсць вам па шаснаццаць гадоў.
— Ёсць, ёсць, — пераконвала Зося пісара.
— Вашы бацькі не супраць?
— Не, не супраць, — упэўнена адказала Гэля.
— У такім разе мне трэба запісаць усе звесткі пра вас, як завуць, колькі вам поўных гадоў, назву вёскі.
— Барэйша Сафія, дачка Кірылы, з хутара, які знаходзіцца каля вёскі Крачкі, маю шаснаццаць гадоў, — сказала Зося і паружавела ад хлусні — яна дадала сабе два гады.
Потым пісар запісаў звесткі, якія тычыліся Гэлі і сказаў, што заўтра ранічкай яны павінны быць на чыгуначным вакзале ў Жабінцы. Туды прыйдуць яшчэ чалавек дзесяць моладзі з ваколіц, каб ехаць у Варшаву на працу да пана графа. Зося з жахам падумала, раптам там будзе і Гардзей, але тут жа супакоіла сябе, што ён, напэўна, гаспадарку не пакіне дзеля нейкіх прывідных заробкаў.
На другі дзень Зосю з Гэляй на вакзал у Жабінку прывёз Карп. Хлопцы і дзяўчаты ў шэрых сялянскіх світках, з кайстрамі за плячыма стаялі на пероне. Каля іх быў і пісар у капелюшы і зеленаватым плашчы.
— Вось і нашы, — узрадавана прамовіла Зося.
Карп агледзеў малады гурт і сказаў:
— Дзяўчаты, калі там будзе дрэнна, адразу вяртайцеся. І паводзьце сябе добра, каб мне пасля не давялося за вас чырванець. У працу надта не ўлягайце, каб не падарвацца на панскім хлебе. Як з маладых гадоў здароўе згубіш, дык пасля нідзе яго не прыдбаеш.
— Добра, тата, не хвалюйся. Едзь ужо дахаты, а мы пойдзем да пісара, — папрасіла Гэлька.
— Ідзіце з Богам, — блаславіў Карп дачку і пляменніцу, тузануў лейцы, і конь крануўся з месца.
Дзяўчаты падышлі да моладзі. Пан пісар адзначыў іх у спісе, і ўсе засталіся чакаць цягніка. Сонца, яскравае і цёплае, свяцілася на ўсходзе над рэйкамі, яны гарэлі, адлюстроўваючы зыркія промні, і недзе далёка сыходзіліся ў адну кропку. Адтуль чакаўся цягнік, які мусіў адвезці Зосю далёка ад яе бяды. Перад ад’ездам яна так і не зайшла дахаты, толькі папрасіла цётку Агатэлю папярэдзіць бацьку. Баялася, што зноў пачнуцца папрокі. А ў яе не было сілы гэта трываць. Хацелася спакою, самоты і працы, якая ратавала б душу ад чорных думак.
Цягнік, як казачны змей, пыхкаючы параю, спыніўся насупраць цаглянага вакзала з чубатым дахам і забраў у сваё чэрава хлопцаў і дзяўчат, якія хоць і жылі ў вёсках абапал чыгункі, але большасць з іх упершыню выпраўляліся так далёка ад роднай хаты. Пісар паказаў, дзе каму сесці, раздаў квіткі, загадаў захаваць іх да канца паездкі, папярэдзіў, што ў Варшаве перасядуць на іншы цягнік. Вагон крануўся, міма паплылі знаёмыя краявіды. Зосі пашчасціла сесці ля акна, яна неадрыўна глядзела праз шкло, быццам баючыся нешта прапусціць. Гэлька больш назірала за тым, што адбываецца ў вагоне.
— Пісар пайшоў, — адзначыла яна. — Хіба ж пан з хамам сядзе на адну лаўку?
— Можа, пайшоў паснедаць у рэстарацыю.
— Не, Зося, у цягніку для паноў іншыя вагоны.
— Ну і няхай. Якая табе розніца?
— Хоць бы адным вочкам зірнуць на той панскі вагон, — мройліва сказала Гэлька.
Зосі міжвольна прыгадалася яе самая першая паездка ў цягніку, калі ехалі ў Самару. Тады яшчэ была жывая мама. Яна ўвесь час бедавала, што сям’я пакінула гаспадарку, што ехалі немаведама куды і прагнула хутчэй вярнуцца назад. Малая Зося яшчэ не ўмела маркоціцца, а з дзіцячай цікаўнасцю глядзела навокал. І ўсё ўбачанае адбілася ў памяці, быццам каляровыя фотаздымкі.
— Калі ехалі ў бежанцы, нас на нейкім вакзале сама царыца сустракала, — сказала Зося.
— Маніш! — не паверыла Гэля.
— Навошта мне маніць? Царыца арганізоўвала шпіталі для параненых. Такая прыгожая, у блакітнай сукенцы, у белым капелюшы. Каб ты бачыла!
— Якая ты шчаслівая, Зоська, паўсвету аб’ехала...
Зося нічога не адказала. Не хацелася разважаць ні пра шчасце, ні пра гора. Яна ўцякала ад свайго нядаўняга мінулага, якое хацела забыць назаўсёды, у невядомае наступнае. Якое яно будзе?
9
Белы графскі дом высіўся ў канцы доўгай прысады з раскідзістых высокіх дрэваў, якія яшчэ не распусціліся. Двухпавярховы будынак, з калонамі і маленькімі балкончыкамі на другім паверсе, вабіў і палохаў сваёй веліччу. Злева ад яго былі гаспадарчыя пабудовы. Туды і павёў моладзь пісар. У невялікім, але прыгожым будынку іх чакала сустрэча з аканомам, хударлявым старым з сівою галавою. Той узяў з рук пісара спіс, пачаў чытаць прозвішчы, часам смешна ставячы націск па-польску. Моладзь стрымана ўсміхалася.
Кожны адгукаўся на сваё прозвішча. Калі дайшла чарга да Зосі, аканом нават акуляры зняў і здзіўлена сказаў:
— Гэта ж яшчэ зусім дзіця. Тонкая, як саломіна!
— Абы працу любіла, а пастарэць паспее, — адказаў пісар.
— Ці разумееце па-польску? — спытаў аканом у наймітаў.
Моладзь згодна заківала галовамі.
— Тады слухайце. Працаваць давядзецца ўвесь дзень. Плаціць будзем добра і карміць таксама добра. Хто не будзе ленавацца, не пашкадуе, што прыехаў сюды. Зараз пані ахмістрыня вас завядзе і пакажа, дзе будзеце жыць, дзе харчавацца, а заўтра з самага ранку — на працу.
Моладзь пасялілі ў невялікі аднапавярховы будынак, дзе жыла прыслуга. У пакоі, адведзеным для дзяўчат, ужо жылі сямёра ўкраінак. Там стаялі двух’ярусныя ложкі, некалькі табурэтак і стол. Зося выбрала сабе ложак наверсе, нават залезла і прылегла на хвілінку на новай пасцелі. Коўдра і посцілкі былі хоць і старыя, але чыстыя.
Потым іх павялі вячэраць, далі па талерцы густых смачных крышаноў з бобам, бульбу, смажаную з маленькімі кавалачкамі мяса, і кісель. Усе засталіся задаволеныя вячэраю. Нехта з хлопцаў, пэўна, з вельмі беднай сям’і, сказаў, што ён не ў кожнае свята гэтак харчуецца.
— Шукай тут сабе жонку, — параіў яму нехта з сяброў. — Палякі жывуць лепш, чым мы.
— Каб полька ды пайшла замуж за хама? Я такога зроду не чула, — засмяялася Гэля.
— Дзяўчаты, а вы з якога сяла? — спытаў у Гэлі бялявы хлопец.
— З Крачак, чуў такую вёску?
— Чуў. Цяпер буду ведаць. А я са Здзітава.
— У нас дзяўчат шмат прыгожых, прыязджай, пасватаем якую, — прапанавала Гэля.
— А я цябе і выбраў бы.
— Ласы на чужыя каўбасы, — засмяялася Гэля. — Ты спачатку грошай зарабі. Няма чаго з пустою торбаю сватацца.
— Ведаеце, дзяўчаты, колькі ў нас грошай, не заробленых, — весела сказаў другі, спрабуючы абняць Зосю.
Дзяўчына адскочыла, як апечаная, злосна зірнула на нахабніка.
— Ты чаго такая дзікая? — здзіўлена спытаў ён.
— А чаго ты наскокваеш на мяне, як бычок?
— Хто б мог падумаць, што ў Крачках такія злосныя дзяўчаты жывуць, — па-бабску прытрымліваючы шчаку рукою, скрушна прамовіў хлопец.
Зося нічога не адказала. Пачыналася новае жыццё, і яна не жадала, каб нехта яго сапсаваў, зняважыў, знішчыў. Не, цяпер яна ў свой лёс нікога не пусціць.