Карп кінуў на падлогу бярэмя дроў, атрос з рукавоў смецце, распрануўся, сеў. Агатэля падклала ў печ дроў, агонь заіскрыўся і падскочыў, аблізваючы новую здабычу.
Каваліха тым часам дастала з кішэні грамнічную свечку і пасмачку кудзелі, няспешнымі рухамі распрастала, патрымала над запаленай свечкай. Кудзеля задымілася. Знахарка пачала з малітваю акурваць Зосю. Дзяўчына аціхла, больш не стагнала і, здаецца, нават дыхаць стала лягчэй. Калі і гэтае дзейства было скончана, знахарка папрасіла:
— Дай мне, Агатка, вугельчык, калі ласка.
Гаспадыня паднесла бабулі некалькі вугельчыкаў у місачцы. Знахарка ўзяла маленькімі абцугамі вугельчык і з малітваю тройчы праняла яго праз Зосіну сарочку, перахрысцілася сама, тройчы перахрысціла хворую. На гэтым лячэнне скончылася. У аддзяку за працу Агатэля дала старой дзесятак яек, завязаных у палатняную анучку. Тая прыняла падарунак, паабяцала зайсці заўтра і хуценька пайшла з хаты.
Кірыла таксама падняўся, разважліва сказаў:
— Калі Зося да вас прыйшла, дык няхай пабудзе. Куды я яе, хворую, павяду. Я табе, Карпе, адпрацую за гэта.
— Пра што ты кажаш? Мы ж свае, адна сям’я, — адказала Агатэля. — Не хвалюйся, мы Зосю ў крыўду не дамо.
Каця на развітанне доўгім і спачувальным позіркам зірнула на малодшую сястру і пайшла да дзвярэй услед за бацькам з цяжкім пачуццём віны. Ці магла яна падумаць, што тая ранішняя сутычка скончыцца такою бядою? Ці мала яны сварыліся раней, ды не было яшчэ выпадку, каб сястра сыходзіла з дому. Зусім здзічэла ў тым прытулку.
7
Зося хварэла месяц. Доўга трымаўся жар, трэсла ліхаманка. Часам дзяўчына страчвала прытомнасць. Тройчы прыходзіла Каваліха. Выгаворвала хваробу. Нарэшце Зосі палепшала. З самага ранку яна адчула палёгку, захацелася на вуліцу. Накінула на плечы кароткую світку.
— Куды ты? — крыкнула ўслед Гэлька.
— Нікуды. Зараз вярнуся...
Зося, жмурачы вочы ад зыркага сонца, выйшла за весніцы, убачыла, што людзі вяртаюцца па дарозе са Сцяблова з царквы. Здагадалася, што сёння нядзеля. Каб не сустракацца з імі, павярнула да сажалкі, села на беразе, грэлася на сонцы, глядзела ў празрыстую і халодную ваду. Недзе тут, у гэтай чыстай і настылай вадзе, русалкаю жыве яе малодшая сястрычка, можа, чакае яе і кліча, інакш чаму б так цягнула Зосю да вады. «Зараз я прыйду да цябе, і мы будзе заўсёды разам, — вырашыла Зося. — Нам будзе добра разам. Як засумуем, выйдзем з вады, наведаем сваю сядзібу і зноў вернемся назад, каб ніколі больш не сустракацца з гэтым ненавісным Гардзеем, з Кацяю і іншымі людзьмі, якія, напэўна, распускаюць пра мяне розныя брудныя плёткі».
Пасля зімы сажалка ачысцілася ад каламуці, здавалася гаючаю. Зосі захацелася зачарпнуць у далоні вады і ўмыць твар. На імгненне нават здалося, што з глыбіні ўсміхаецца сястрычка Люба, махае ручкаю, кліча яе.
«Зараз, зараз, Любка, я прыйду да цябе. Насумавалася тут адна» — прашаптала Зося, скінула світку, пайшла ў сажалку. Настылая вада абхапіла ногі, сціснула, быццам абцугамі, сутаргі прабеглі па ўсім целе. Ступіла яшчэ крок, каб кінуцца ў гэты холад і патушыць пажар, які выпальваў душу. Хвалі пабеглі ад яе кругамі. Зося ўлезла ў ваду да барады, апякла ўсё цела, і раптам быццам нешта выштурхнула яе. Зося выскачыла на бераг і скурчылася, працятая холадам. Акрылася світкай, але цяпла не адчула. Усю яе калаціла. Пераадольваючы сутаргавы боль у нагах, пабегла, спатыкаючыся, да Карпавай хаты. У двары яе сустрэла Гэлька, пляснула рукамі:
— Божачкі, зноў мокрая! Ты знарок прастуджваешся, ці што?
— Ц-цяпер мне доб-б-ра, — дрыжучы ўсім целам, адказала Зося.
— Зусім звар’яцела! Лезь хутчэй на печ, гора маё чубатае!
Зося ўвайшла ў хату, скінула мокрае адзенне, апранула сухую сарочку, залезла на печ, накрылася кажухом і аціхла на ратавальнай цёплай чарэні пад калматай поўсцю. І раптам адчула, што цела вылучае прыемнае цяпло, ажывае, наліваецца сілаю. Грукнулі дзверы — у хату ўвайшоў дзядзька Карп і здзіўлена спытаў:
— Гэлька, ці ты здурнела? Нейкую бялізну развесіла на вуліцы ў святы дзень. Людзі падумаюць, што мы бязбожнікі.
— Не, тата, бялізну я не мыла. Гэта Зося зноў прыйшла ўся мокрая. Яе адзенне і сушыцца...
— Клін клінам выбіваюць... мо ачуняе хутчэй!
Праз колькі дзён Зося сапраўды адчула сябе здаровай. Раніцай злезла з печы, дапамагла цётцы Агатэлі абіраць бульбу. Гэля ў гэты час прычэсвалася перад невялікім люстэркам, якое паставіла на стале.
— Мама, у цябе Зося за памочніцу будзе, — сказала яна, — а я пайду ў маёнтак.
— Чаго? — здзівілася Агатэля.
— Учора на вячорках казалі, што да пана Райскага з Варшавы прыехаў пісар, работнікаў набірае да нейкага графа. Я таксама хачу запісацца.
— А ты ў бацькі спытала? — насцярожылася маці.
— Спытаю...
Гэлька выбегла з хаты. Зося, засяроджаная на сваіх думках, не чула, пра што размаўлялі маці з дачкою.
— Што яна надумала? Куды ёй ехаць? Дзіця горкае, нідзе ж яшчэ не была, свету не бачыла, — уздыхнула цётка.
— Куды яна едзе? — здзіўлена спытала Зося.
— Ці ты не чула? Толькі ж казала, што хоча ў Варшаву...
— Прабачце, задумалася...
Цётка спачувальна паглядзела на дзяўчыну, паківала галавою:
— Што з табою такое робіцца? Быццам згубілася ты, ніяк да розуму не прыйдзеш.
— Ужо прыйшла. Скажыце, чаго Гэлька ў Варшаву едзе?
— На працу туды запісваюць.
— І я хачу. Няхай і мяне запішуць, — папрасіла Зося.
— Малая ж ты яшчэ...
— Я ўсё рабіць умею.
У хату ўбегла вясёлая Гэлька, абвясціла:
— Мне бацька дазволіў.
Маці незадаволена паморшчылася:
— Вечна ён патурае тваім капрызам. Як ты будзеш там адна сярод чужых людзей?
— Яна будзе не адна, я з ёю паеду, — цвёрда сказала Зося.
— Цябе не возьмуць, трэба мець хоць шаснаццаць гадоў, — запярэчыла Гэлька.
— Я за цябе вышэйшая. Хто ведае, колькі мне гадоў? Трэба шаснаццаць, скажу, што мне столькі і ёсць.
— Ох, і рызыкоўная ты, Зоська! — засмяялася Гэлька. — Добра, паснедаем і пойдзем. Мне весялей будзе, праўда, мама?
Агатэля моўчкі кіўнула, стала распальваць у печы, а Зося ўсё абірала бульбу, радасна думаючы пра тое, што яна з’едзе з дому, не будзе сустракацца з Гардзеем. Як добра было ў прытулку сярод чужых! Там яна хораша спявала, а яшчэ танцавала ў «Лебядзіным возеры». Ніхто з выхаванак не ўмеў так хадзіць у пуантах на пальчыках, як яна! Там было іншае, цікавае жыццё. А тут адна чорная праца з ранку да вечара. Ды яшчэ гэтая бяда, што звалілася знянацку.
— Зоська, хопіць бульбы, — сказала цётка. — Ідзі ўжо, прыхарошвайся. У маёнтак жа пойдзеш.
Зося паклала нож, памыла рукі ў чыгуне, зірнула на Гэльку, паглядную, упэўненую, якая падпаясвала новы андарак узорыстым паскам, і яе душа радасна захвалявалася ў прадчуванні нейкіх добрых перамен.
Пасля сняданку дзяўчаты пайшлі ў панскі маёнтак. Дарога іхняя пралягала праз грэблю, якая раздзяляла дзве сажалкі. Зося глядзела ў ваду і згадвала, як яе цягнула туды, як хацела ўтапіцца, каб не адчуваць болю, сораму, страху. І каб гэта здарылася, яна была б зараз русалкай і разам са сваёй малодшай сястрой Любкай жыла б на дне сажалкі, пазірала б на Гэльку з дна, усміхалася б ёй. А Гэлька не бачыла б нічога. Напэўна, добра, што яна тады не ўтапілася. Цяпер Зосі хацелася жыць, а для гэтага трэба было забыць праклятае чужое вяселле, якое для яе абярнулася вялікім горам. Зося стоена ўздыхнула.
— Чаго ты бядуеш, Зося? — спачувальна спытала Гэлька.
— Сама не ведаю, нешта цяжка на душы. Згадала малодшую сястрычку, якая некалі ўтапілася вось у гэтай сажалцы...
— Ага, нешта і я чула пра гэта.
— Бачыш, няма яе, а я помню і сумую. І маму шкада, што так рана памерла.
— Нябожчыкам не трэба, каб па іх сумавалі. У Хрысціны Піваваравай памёр сын, дык яна па ім дзень і ноч плакала, ледзь не аслепла ад слёз. А потым прысніўся ёй сон, што сынава труна стаіць у вадзе, а нябожчык просіць маці больш не плакаць, бо ён хутка патоне ў яе слязах.