Литмир - Электронная Библиотека

– Гэта Валік, – шапнуў тата за нашымі сьпінамі, і яны з маці ціха адышлі, каб нам не перашкаджаць.

Мы раўніва агледзелі пакой і, ня ўбачыўшы цікавага, запыталіся:

– Дзе твае цацкі?

Валік прыадчыніў рот, потым зачыніў і паціснуў плячыма.

– Ўва што ты ўмееш гуляць?

– У шахматы.

– А ў тэтрыс?

– Не.

– Мы цябе навучым.

– Сапраўды?

Валік раптам надзвычайна ажывіўся: ён падбег да нас, пачаў паціскаць рукі, сьмяяцца, зазіраць у вочы.

– Дык вось вы якія, мае брацікі! Тата доўга не хацеў мяне да вас пускаць, маўляў, вы гуліганы й навучыце мяне благому. Але ж гэта перабольшаньне? Так? Зараз тата раптам дазволіў, незразумела чаму – можа, пераканаўся, што я таксама гуліган? Ах, я ўжо ведаю, што мы будзем добрымі сябрамі! Хто з вас Хуліё, дазвольце мне адгадаць? Ты? Ура! Вось бачыце, вось бачыце! Я так даўно марыў пра вас, і вы нават сьніліся мне. А я, ці сьніўся вам я?

Мы, вельмі расчуленыя, сардэчна цалавалі Валіка і запэўнівалі, што і ён нам сьніўся.

– Але што ж гэта я! Запрашаю!

Ён пасадзіў нас за стол, разьліў па кубках гарбату ды пасунуў кожнаму сподачак зь печывам і мармэлядам. І раптоўна спыніўся й гукнуў:

– Мо пойдзем у лес? Па грыбы, па ягады! Вы любіце па грыбы?

Мы шчыра ўхвалілі грыбы, і ён зазьбіраўся: расчыніў шафу, надзеў кашнэ і плашч, абраў моцны кошык, прычасаў шчотачкай валасы і прысеў на ложак, каб перашнураваць туфлі. Але тут яго напаткала зьнясіленасьць: ён сядзеў, абапёршыся локцямі на калені, і ня рухаўся. Мы дапілі гарбату.

– Валю?..

– Ах, пакіньце мяне…

Але мы, вядома ж, не пакінулі яго, павялі з сабой і з тае пары больш не расставаліся.

12. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра мужчыну

Аднойчы мы з брацікамі паспрачаліся, у якім узросьце робяцца мужчынамі: у чатырнаццаць альбо ў шаснаццаць? Даказаць лёгікай аніводную з гіпотэзаў не атрымлівалася, і мы мусілі зьвярнуцца да таты, хоць і баяліся, што ён скажа васемнаццаць, і прыйдзецца чакаць занадта доўга. Але тата, як звычайна, палічыў за лепшае не канкрэтаваць, а распавесьці казку:

– Жыў-быў калісьці падаўней хлопчык, які таксама хацеў як мага хутчэй зрабіцца мужчынам. Гэта здавалася яму амаль недасяжным, неверагодным, але ён набраўся цярплівасьці й паклаў сабе пэўны ўзрост: васемнаццаць. Доўгія гады ён правёў у чаканьні, і вось нарэшце адметны дзень надышоў. Было шмат гасьцей, шмат урачыстых прамоваў, дарослы наручны гадзіньнік і корцік у падарунак. Некалькі дзён хлопчык прыслухоўваўся да пачуцьцяў, але мужчынам сябе па-ранейшаму не адчуваў. Напэўна, трэба навучыцца курыць цыгару і піць віскі? – падумаў ён і прыступіўся да заняткаў. І навучыўся, але гэта таксама не наблізіла яго да мэты. Тады ён раптам натхніўся: усё проста! неабходна спазнаць жанчыну! І ён пайшоў і спазнаў. Мужчына я цяпер ці не? – разважаў ён, час ад часу спазнаючы для надзейнасьці іншых жанчын. Але няўпэўненасьць не пакідала яго. Тады хлопчык запісаўся добраахвотнікам у войска, адслужыў некалькі гадоў, а апошняга году трапіў на сапраўдную вайну, дзе забіў некалькі ворагаў і цудам выжыў сам, абышоўшыся шнарам. Калі ён вярнуўся дадому, дык замнога не разважаў – ажаніўся, нарадзіў сына, пасадзіў дрэва й пабудаваў хату, усё як запаветалі клясыкі. А каб замацаваць вынік, нарадзіў яшчэ аднаго сына і дзьвюх дачок. Пасьля гэтага думкі пра мужчыну на некаторы час пакінулі яго, але потым... потым вярнуліся з новай сілай. Разбагацець! – вырашыў хлопчык і заняўся бізнэсам. Было няпроста, але за тузін гадоў упартае працы ён дасягнуў мэты, і зрабіўся адным з найбагацейшых людзей у горадзе. Але мужчына не пускаў яго й мучыў нават на тэрасе ўласнага паляццо на ўзмор'е. Улада! – прыйшло яму ў галаву неяк уноччу. Падумана – зроблена. Перамовы з уплывовымі сябрамі, узаемакарысныя паслугі, сумесныя ўгоды, прадуманыя шлюбы сыноў і дачок – і вось ён ужо катаўся зь мігцелкай. Ён загадваў, і яму з паклонамі ды страхам у вачох слухаліся сотні людзей. Але й гэта не спатоліла ягоную прагу зрабіцца мужчынам. Трэба зьдзейсьніць нешта добрае, – прыйшоў да высновы хлопчык, – нешта добрае й бескарысьлівае. Выдаткаваўшы палову багацьця, ён пабудаваў шыкоўны шпіталь для бедных і буйную школу для сіротаў, а тым, хто цярпеў асаблівыя нястачы, прызначыў шчодрыя пэнсіі й стыпэндыі. Да таго часу і дзед ягоны, і бацька памерлі, і ён зрабіўся старэйшым у сям'і. А ў горадзе ён стаў сама паважаным чалавекам, сапраўдным старэйшынам. Барада ягоная была раскошна доўгая й сівая, апранаўся ён у беласьнежны гарнітур, а ў рукох заўсёды трымаў моцны кій. І вось тады, калі хлопчыку споўнілася восемдзесят пяць, ён усьвядоміў аканчальна: мужчынам робіцца той, хто годна сустрэне сьмерць. І памёр. Вось як, дзеткі.

– Але ж татухна! Атрымліваецца, што зрабіцца мужчынам пры жыцьці зусім ніяк не магчыма? – усклікнулі мы.

Папа сьцьвярджальна нахіліў галаву, але ягоныя вочы хітра жмурыліся – і праз гэта рабілася весела й наогул анічога не зразумела.

13. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра казуркаў

Наш тата быў надзвычай чульлівы і жаласьлівы чалавек, перакананы веган, і ставіўся паважліва да кожнае казуркі. Ён заўсёды насіў з сабой лінейку, каб пластаць нас з брацікамі па пальцах, калі мы ўздумаем катаваць кацянятак ці шчанюкоў. Зрэшты, схільнасьці да зьдзекаў над жывёламі мы ня мелі, і яму толькі аднойчы ўдалося падлавіць нас – калі мы намерыліся падсмажыць павелічальным ішклом прусака, які заблукаў на кухонным падаконьніку. Тата імгненна пастроіў нас па росту і жорстка выялаў, пагражаючы трыбуналам. Прусак, сказаў ён, гэта мірнае насельніцтва; ён сьпяшаецца дамоў да матухны, а тая чакае яго, з надзеяй глядзіць у вакно, і выплакала ўжо ўсе сьлёзы! А вы? Што вы робіце? Вы хочаце расправіцца зь нявіннай маленькай істотай як бандыты, як злодзеі, як куклюксклянаўцы – і толькі за ягоную прыналежнасьць да вусякоў? О, і гэта мае дзеці! Мы, прысаромленыя, хлюпалі насамі. Зразумелі? Спачні.

Адзіным выключэньнем з усіх жывёлаў, якія падлягалі міласэрнасьці, была моль. Тата ненавідзеў моляў за тое, што адна зь іх праела дзірку ў ягоным любімым ваўняным шаліку, уласнаручна зьвязаным мамай. Згледзеўшы молю, тата выдаваў адважны ваяўнічы кліч, гукаючы ўсіх нас на вайну. Змагацца належыла тапкамі. Мы хуценька выграбалі з шафы тапкі – іх меўся цэлы стратэгічны запас – і беглі на заклік. Трапіць тапкай па молі было няпроста, але гэта толькі дадавала нам адвагі і ўдаласьці. Са страшэннымі крыкамі мы шпурлялі ў молю нашы снарады, падымаючы пыл і грукат, абвальваючы кнігі, карціны й рондалі, пакуль не зьяўлялася мама. Яна лавіла молю ў далоні і выпускала на вуліцу.

Пасьля гэткіх сутычак тата задаволена разгладжваў вусы і йшоў на кухню да прусака, якога назваў Ота, на нямецкі манер. «Мір табе, дружа мой Ота! – урачыста абвяшчаў тата, – дабрабыт табе і дастатак! Прымі гасьціннасьць гэтае хаты, бо яна – ад сэрца! Будзь шчасьлівы! Жыві! Дзей! Любі!» І крышыў прусаку булку. Мы аднойчы надумаліся высачыць, дзе жыве Ота, і ці дзеліцца ён булкай са сваёй матухнай, але ён сноўдаў па кухні бязмэтнымі коламі дый, падобна, ня меў ані сям'і, ані прытулку. Напэўна, гэта самотны прус-вандроўнік, вырашылі мы. І сапраўды, не прайшло й месяца, як ён зьнік. Тата чакаў паўтары дні, а потым загадаў нам абшукаць усю хату і гарод – раптам Ота зьнепрытомнеў і ляжыць дзесьці, пакутуе і чакае дапамогі? Але пошукі нічога ня высьветлілі, і тата быў зьбянтэжаны й нават абражаны. Некаторы час ён спадзяваўся на вяртаньне Ота, і яго калі-нікалі можна было застаць на кухні – сагнуўшыся, ён зазіраў пад шафку – тады мы адцягвалі ягоную ўвагу і прасілі распавесьці казку.

14. Уцёкі ды туляньні. У мокрых нагавіцах

Пасьля зялёнага дантыста я тыдзень ці два хаваўся ў таварыша, у адной з камораў цакалёвага паверху санстанцыі, дзе ён служыў метадыстым. Ён паставіў мне ложак-раскладанку з шэрым брызэнтам на спружынах і паклаў камякаваты сеньнік. Пацукоў няма? Пацукоў няма. Курыць нельга? Курыць нельга. Ён пакінуў мне Новы Запавет, пакунак грэчы, алюміневы рондаль і кіпяцільнік. Вось табе ключ, замыкай знутры і сядзі. Прыбіральня ў канцы калідору, але толькі ноччу, каб ніхто ня бачыў. Я падзякаваў яму, і ён сышоў. Было вельмі ціха, ля сьценаў стаялі старыя кардонавыя скрыні. Я адчыніў адну – пульхныя зьвязкі папераў, табліцы, лічбы. Пад стольлю – вакно з кратамі, шэрае неба. Я заснуў.

7
{"b":"551729","o":1}