Литмир - Электронная Библиотека

118. Вяртаньне. У сьцюарда

119. Мілае Вучылішча. Гэта разьвітаньне

11A. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра аблокі

11B. Гісторыі заліцістай сталасьці. Пра хандру

11C. Аповед Коліка. Пра жука

11D. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра валявыя падбародкі

11E. Зь ліста Толіка. Пра падгляданьне

11F. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра карысьць шчырых прызнаньняў

120. Гісторыі заліцістай сталасьці. Пра сьмерць Валіка

121. На адвароце партрэта. Пра шкадаваньні

122. Вяртаньне. На пэроне

123. Гісторыі заліцістай сталасьці. Пра агуркі

124. Зь ліста Толіка. Пра Зямлю

125. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра асыгнацыі

126. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра пыл

127. Гісторыі заліцістай сталасьці. Пра запал і задор

128. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра самага шчаснага чалавека

129. Змрочныя засьценкі. Другая курсавая работа

12A. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра самага мудрага чалавека

12B. На адвароце партрэта. Я жывы

12C. Пра лета

Піліп Ліпень. Гісторыя Ролянда

«Як вы можаце захапляцца байкамі, у якіх няма нічога, акрамя глупства і бязглузьдзіцы?» – казаў ім мудры Улуг.

«Менавіта за гэта мы іх і любім», – адказвалі султаніхі.

Вальтэр

Сынопсіс

Я й сам раней ня ведаў, што такое сынопсіс, і ўпершыню пачуў пра яго ад Б. Паляўніка, калі той, лагодна пасьмейваючыся, гартаў мае запісы. «Ня ўмееш апавядаць складна і па парадку, дык напішы хоць караценькае тлумачэньне, прадмоўку. А то ўсё зблытана, пераблытана, нічога не зразумела. Уступчык. Каб я адчыняў і адразу разумеў, што ў цябе ў галаве. Што спачатку ты ўцёк, а ў канцы цябе злавілі. А пасярэдзіне ты хаваесься і ўспамінаеш сваё жыцьцё: ад маленства і дагэтуль. Успамінаеш і робіш высновы. І што ты ўсьвядоміў сваю няправасьць і дурную капрызнасьць, засаромеўся, і зрабіўся ціхі і паслухмяны». Ён пакашліваў і абкусваў нажнічкамі задзірыны вакол пазногцяў. «І ты павінны пазначыць галоўную думку. Хай не аканчальна, але хаця б напрамачак. Га?» «Я – пераможца». «Пераможца? Ты?» «Так. У канцы я перамагу». Ён па-добраму засьмяяўся і загадаў прынесьці нам яшчэ гарбаты і коржыкаў; ён увасабляў непахіснасьць і непарушнасьць. Што ж, у тыя гадзіны фінал яшчэ не надышоў, хоць ужо нарастаў на гарызонце велічным навальнічным фронтам, прабліскваючы яснай ісьцінай: той, хто злосны й хлусьлівы, жорстка паплаціцца; той, хто чысты й адважны, зьведае асалоду трыюмфу. І зараз, нанава пацьвердзіўшы ўсе пастуляты сваёю ўласнай гісторыяй, я лічу за магчымае абвясьціць ня толькі галоўную думку, але й галоўнае папярэджаньне, адрасаванае ўсім несправядлівым і недальнабачным ганіцелям: збойцеся! Кіньце задуманае, пакуль яшчэ ня позна – альбо будзеце бязьлітасна зрынутыя!

Але вернемся да сынопсісу. Апавяданьне выкладаецца ціхімі сьціплымі кавалкамі, праз нэрвовасьці жыцьця пісанымі ў розную часіну сутак і не заўсёды ў належных умовах, аднак кожны кавалак мае нязьменную мэту: навучыць, наставіць і накіраваць; ці хаця б не нашкодзіць. Іншаму пэданту мае кавалкі могуць падацца ня вельмі сувязнымі, празьмерна разрозьненымі і ня складнікамі суцэлага; таму я, каб папярэдзіць падобнае ўражаньне, распавяду ўвесь сюжэт наўпрост зараз. Калі я быў яшчэ зусім маленькі, як той вядомы «крэольчык», мае бацькі, даволі нядбайна жадаючы мне дабра, выправілі мяне на вучэньне ў адну падазроную ўстанову, якая заканамерна аказалася ня чым іншым, як змрочнымі падземнымі сутарэньнямі, логавам злавесных праграмароў. Трывала перажываючы нягоды і пазбаўленьні, нястомна гартуючыся духам і воляй, праз шмат гадоў я, падобна графу Монтэ-Крыста, вырваўся зь цямніцы; але ў адрозьненьне ад апошняга быў вымушаны ўцякаць і хавацца. І ў засьценках, і ў туляньнях мне дапамагалі ня страціць надзею і не зламацца толькі ўспаміны пра бясхмарнае дзяцінства, поўнае радасьці, і залацістае пасьпяваньне – вось вам і сувязь. Калі ж нягоднікі нагналі і схапілі мяне, і паспрабавалі пазбавіць мяне маёй унутранае радзімы, я з гогатам раскідаў і прабадаў іх, як ураган раскідае бульбяныя ачысткі, а меч Фрыдрыха Барбаросы прабадае якія-небудзь нясьвежыя вафэльныя сурвэткі. Мяркую, далейшыя тлумачэньні залішнія.

1. Уцёкі

Я ўцякаў імкліва, нястрымна – зайцам праз капусныя гароды, белай падпалухай над тынам, дзікім кабаном па канавах.

Яны – цяжкімі чобатамі за сьпіной. Саплі таўстымі насамі, зрэдку ўзрыквалі:

– Стой, Ролю! Стой, падлюга! Трымай яго. Стой, кандом! Мярзотнік.

Цераз скрыжаваньні на чырвоны, вужакай паміж грузавікамі й газэлямі, лёгкай віхурай па водаканалах.

– Сыдзе, паскуда. Стой, каму кажу! Стой, нягоднік.

Піх! Пах! Пістоны. Падціскаю вушы, ныраю ў пад'езд, у чорны ход, у калідор, хаваюся ля ваконных кратаў.

Рассыпаліся па дварох. Адзін пасунуўся сюды: гулкія абцасы на лесьвіцы, рып дзьвярэй – азызлы бляндын зь вечна тлустымі валасамі.

– Выходзь па-добраму! Выходзь, горай будзе. Гэй, Ролю?

Я – ціхутка, на падаконьніку, нябачны воку боцік-уцякач. Глядзіць праз маю галаву ўніз, на мінакоў.

2. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Як мяне аддалі на вучэньне

Калі мне споўнілася чатыры гады, мама з татам задумаліся, куды мяне аддаць. Тата схадзіў на станцыю, прынёс газэту з аб'явамі. Яны сядзелі ўсутыч на ўслончыку ля брамы і ўчытваліся – мама ў паркалёвым сарафане, тата ў кавэркотавым каптане, зусім маладыя. Тычыліся каленямі. Я езьдзіў побач на трохколавым ровары з понажамі, у маленечкіх сандалях. Рыпелі палавіны, падварочваліся палавікі. Мама з татам пілі чай з самавара, упрыкуску. Сахарочак салодкі-салодкі, каменны. Не кусай, а смакчы.

– Глядзі, якія вочкі блакітныя! Можа ў сувораўскае?

– Ну не! Раджала-раджала, а потым на вайне заб'юць!

Аб'яваў шмат, і ўсе каляровыя: аддайце вашых дзетак у рамеснае на фрэзэроўку, у манастыр на іканапіс, у хор на сьпевы, у інстытут на геадэзію, у піянэрлягер на лета.

– Глядзі, у рэклямныя боты бяруць! Га?

– Рэкляма – справа добрая.

У суботу апоўдні прыйшоў рэклямар-залучальнік – чалавек сур'ёзны, упэўнены, у чырвонай кашулі і скураным картузе, крыху цыганаваты.

– Вось гэтага? Дарослы малец! Самы час да працы прыахвочваць. Хадзітка сюды, – ён працягнуў мне цукерку ў залатым фанціку.

– Ці доўга навучаеце? Ці дорага бераце? – пытаўся тата.

– Вучыцца будзе да чатырнаццаці гадоў. Потым на вольныя выпускаем. Штогод бярэм мяшок пшаніцы, тры курачкі дый рубель срэбрам. Нядорага гэта, зямляк. Ці дровамі, калі хочаш.

– А ці праўду кажуць, што цела ягонае зямное вы сабе забіраеце? – мама нэрвова мяла фартух.

– Што вы, матухна! Забабоны старой жоны. Мы дзетак віртуалізуем, сумленна й навукова, усё як мае быць. Бот – прафэсія станавітая.

– Ці мажліва? Ані ручак, ані ножак у сыночка!

– Дык на што яны? Ручкі з ножкамі паламаць нядоўга. Вось, калі ласка, паглядзіце, – і ён адцягнуў каўнер, дэманструючы жахлівую блізну. – Збойцы напалі! Ледзь жывы застаўся. А калі ты бот, дык заўсёды ў поўнай бясьпецы. Хадзі сабе ды паплёўвай. Праўду кажу!

Яны з татам закурылі, а я, сьціскаючы ў кішэні фанцік, наблізіўся й крадком крануў дзядзьку за чырвоны рукаў.

– На сёньня дык гэта самае бойкае рамяство, ужо паверце. Лепей ня знойдзеце! Як сыр у масьле катацца будзе, – і ён далікатна выпусьціў тытунёвы струмень уніз, паміж каленяў.

– Дык ты яго наўпрост зараз забярэш?

– Куды мне яго зараз! Мне яшчэ ў сто месцаў трэба. У канцы жніўня прывозьце.

3. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра тату

У жніўні таце прыйшла позва, і ён прыбыў на раённы ваенкамат, з тугім вузельчыкам за плячом.

3
{"b":"551729","o":1}