Крывы й хмурны маёр з врунгелеўскім шнарам на шчацэ агледзеў яго у ўвесь фрунт, прызнаў прыдатным да страявой і спытаў строга:
– Дык ты з інтэлігентаў, ці як?
– Ніяк не, таварыш маёр!
– Хлусіш. На мысе напісана. Нукася пакажы, што ў вузельчыку.
Што было рабіць? Паказаў: тамок Рыльке, дысок Шнітке, альбом Айвазоўскага.
– Ат ты, кулацкі сынок. У гарбат яго!
Потым тата ніколі не распавядаў, што такое гарбат. Было зразумела, што гэта батальён – але які? Ці то гарадзкі, ці то горны, ці то гарбаты, ці то чайны? Замест адказу на пытаньні тата ўставаў з фатэля, выпінаў грудзі, супіў бровы і маршыраваў на месцы, аддаючы чэсьць кудысьці ўлева ўверх; потым паступова зьдзімаўся, добрыўся і пачынаў успамінаць, як ён сустрэў маму.
4. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра маму
Тата расказваў, што сустрэў маму ў чыстым полі: яна стаяла пасярод сініх васільковых прастораў і, раскінуўшы рукі насустрач сонцу, сьпявала Песьню пра зямлю Малера. Ейны голас быў такі моцны, а скулы такія высокія, а стан такі тонкі – што агаломшаны тата ня мог паварушыцца. Зь неймавернай намогаю адрываючы ногі ад зямлі, ён пачаў рабіць крокі, а вецер разьвяваў ейную сукенку так плыўна, а ейная каса была такая тоўстая... Ён адольваў прыцягненьне, ён змагаўся з самою зямлёй, з суцэльнай велізарнаю плянэтай – і перамагаў, і набліжаўся! А ейны позірк быў такі ясны, што паветра сьвятлела. Ён нястомна штурхаў зямлю назад і назад, але зямля круцілася яму насуперак, не пускала, адносіла прэч. І тады ён кінуўся рукамі наперад і ўніз, і пабег як воўк, як конь, але не пасьпяваў, не дасягаў, і тады ён скокнуў, успыхнуў, паляцеў сокалам. І тады яна ўбачыла яго, і глядзела, не адрываючыся, і ён ляцеў па погляду, як па прамяню, і зямля ўжо не магла перашкодзіць.
5. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра Ролянда
Калі тата прыйшоў у радзільню, з букетам чырвоных гербэраў, шакалядкай і ролтанам, яго адразу на парозе паведамілі, што парадзісе ўсе забараняецца – каб пазьбегнуць небясьпечных аляргіяў. Прыйшлося аддаць мэдсястрыцы. Але мала таго – мама аб'явіла, што хоча назваць мяне Лоэнгрын. Дакладней, пакуль што яшчэ не аб'явіла, а пралепятала – Лоэнгрын!.. Паклаўшы сваю лёгкую далоньку на ягоную смуглую далоню. Тата запрацівіўся – у пасьляваенны час нямецкія імёны былі, мякка кажучы, нямодныя. Тады мама ўжо аб'явіла:
– Так! Лоэнгрын. Ці Тангейзэр! Ці, на благі канец, Парсыфаль. І маўчы. І чуць ані пра што іншае не хачу.
– Дык ты толькі ўяві, родная, як гэта гучыць – Лоэнгрын Сяргеевіч! – пачаў быў выкручвацца тата. – Недарэчна ж! Давай мо Леанідам? Леанід – амаль што Лоэнгрын, але бяз гэтага ганебнага вагнэрыянства.
Мама расплакалася і сказала, што рыцарства й рамантыка чужыя тату, што тата – сухар і цынік. Але тата паказаў цьвёрдасьць, абцягнуў гімнасьцёрку:
– Не бываць гэтаму! Каб у мяне, у франтавіка, першынец з гэткім імём? – ляснуў кулаком па камоду. – Ня дзеля таго я ў акопах прухнуў, ня дзеля таго кроў праліваў, каб сына майго фашыстам дражнілі!
– Ты!.. Ты... чэрствы чалавек! Ты... пачвара! І нават кветак ня здолеў прынесьці!
А мэдсястрыца, так як тут, прапанавала кампраміс: назваць немаўлятку Ролянд. Гучна, адважна, але па-француску. Глядзіце, якія ў яго шчочкі – сапраўдны Нястрымны Ролянд! А пакуль малы, можна клікаць Ролю. Мама зазьзяла: дзякую, мілая сястрычка! Ролянд – гэта яшчэ лепей чымся Лоэнгрын! Так, хані? І паглядала на тату ласкава, прасьветленымі вачыма. А ў таты нат сьлёзы набраклі – якое добрае імя! Французы – яны ж саюзьнікі. І наогул ён усё францускае любіў. Рэмбо, Рэнуар, Рамэн Ролян.
Мне запомнілася, як шчасьлівы тата нёс мяне дадому, казытаў вусамі, як паказваў мне мой пакоік, і як у той жа дзень падараваў ножык – маленькі, але сапраўдны вайсковы, з пахам сталі.
6. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра фармаваньне асобы
Па раніцах, калі сонейка ўжо падымалася, пад нашымі вокнамі раздаваліся крыкі гандляроў і рамесьнікаў. Малако! Малако! Масла! Запраўка нажоў і нажніцаў! Агуркі! Агуркі! Хамуты й вупраж! Боты! Боты! Старыя тэлефоны! І чаго толькі яшчэ не прапаноўвалі, калі бадзёрымі галасамі, калі заспанымі. Матэматыка! Італьянская літаратура! Псыхалёгія! Псыхалёгія! Аднойчы тата з нудоты выйшаў на ганак і паклікаў гэткага: гэй ты, хадзі сюды.
– Чаго загадаеце, вяльможны пан? – псыхоляг быў мужык гадоў сарака, чорны, з вострымі вочкамі.
– Ты што гэта, га? – тата пазяхнуў.
– Дык вось, прапаную.
Папа сказаў паднесьці яму. Пакланіўшыся, псыхоляг выпіў і выцер рот.
– Вось, прыкладам, дзетак выхаваньню спрыяем, – заўважыў ён у мой бок. – Ці не жадаеце?
– Але.
– Мэтодыкі сучасныя, карысныя, вельмі разнастайныя. Ці чулі, прыкладам, пра кіраванае камплексаваньне?
– Але.
– Фармуючы асобу накіраванымі, стала быць, штурхамі стрэсаў, спараджаюць прадказальныя комплексы. Як спадчыньніка вашага плянуеце, значыцца, адукаваць?
Тата пачухаў брыво, пажаваў нетаропка, дый кажа: кантэкставая рэкляма. Можа, тата пакпіць надумаў над псыхолягам, а можа й не, аднак жа той быў ня дурань. Узяў ён аловак, узяў аркушык, дый накрэмзаў тату плян на месяц:
а) Абуджаць пасярод ночы крыкамі «кроў! кроў!»
б) Пераканаць, што малако піць сорамна.
в) Палохаць, што п'яўкі запаўзуць у пісюн.
г) Прымусіць насіць футравыя панталёны.
І зачытаў шэптам, каб я ня чуў. Праслухаўшы плян, тата паморшчыўся і зрабіў псыхолягу гэтак ручкай – гуляй дзей. Дайце яму, колькі ён там бярэ. Псыхоляг, адступаючы задком і дзякуючы, выправіўся сваёй дарогай, а тата цэлы дзень хадзіў задуменны ды ўсё пазіраў на мяне.
7. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра вішню
Адзін з сама яркіх дзён майго дзяцінства – калі мама прынесла дамоў вішню. Мы з брацікамі стоўпіліся вакол стала, штурхаючыся локцямі, а мама прыбрала талеркі ўбок і асьцярожна разгарнула анучку. Анучка была белая, і вішня ўспыхнула на ёй, загарэлася барвяна-чырвоным. Буйная, сакавітая, са сьледам чаранка. Спыніўшы подыхі, мы глядзелі на цуд. «Мамухна, ці яна сапраўдная?» – спытаў маленькі Толік. Колік тыцнуў яго каленкай. «Так, сынок, гэта сапраўдная вішня! Рэж, Ролю», – наша мама была маладая й усхваляваная, залатавалосая, самая прыгожая. Я быў сама старэйшы й сама адказьнейшы. Засяродзіўся, нахмурыўся. Рэзаў упэўнена. Падзяліў пароўну, па-братэрску. І мы зьелі яе, сур'ёзна і ўрачыста. Мы разумелі, што каштавала маме гэтая вішня.
8. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра дзядулю
– Мамухна, – пыталіся мы, калі былі маленькія, – дзе-тка нашыя дзядулі і бабулі?
– Ох, коцікі мае, – адказвала мама, калі была ў гуморы, – ох, маленькія. Падаўней багата было ў вас і дзядуляў, і бабуляў, і ўсе такія гожыя, такія харошыя. А сама добры быў дзядуля Грыгор, быў ён волатава росту, як у казцы, і вельмі шмат дабра дзейсьніў, сапраўдныя подзьвігі. Часы ж тады былі лютыя, галодныя, ежы не было зусім, толькі лясы дрымучыя. Моцна галадаў дзядуля Грыгор і вагу губляў з кожным днём, і добрых спраў рабіць ня мог. І рассудзіў тады другі дзядуля, Георг – а быў ён звычайнага росту – што дзеля дабра мусіць ён сваё цела аддаць дзядулі Грыгору, каб той ня згінуў. Зьеў дзядуля Грыгор дзядулю Георга і сілаў набраўся, і яшчэ больш вырас, вышэй лесу, і столькі дабра зьдзейсьніў, што птушкі засьпявалі і кветкі зацьвілі. Зьдзейсьніў – і зноў прагаладаўся, і думае: ці ня зьесьці мне адну бабулю? Шкада яму бабулю, але дабро ж больш патрэбнае, і зьеў. І паперла дзядулю Грыгора, і вырас ён высока-высока, да самага неба, і пачаў чыніць яшчэ больш дабра, усім народам на радасьць і суцяшэньне, а сонейка ў небе сьмяялася і сьвяціла ласкава. А як зьеў дзядуля Грыгоры другую бабулю, зрабіўся ён такі велізарны, што яго нават і не відаць стала, бо ўжо завельмі вялікі, і творыць ён з таго часу дабро небывалае, неабсяжнае, дапамагае самім архангелам.