Литмир - Электронная Библиотека

– А нас ён ня зьесьць?

– Ня бойцеся, любыя, у яго цяпер кожны зуб як галяктыка, а кожны жавок як тысяча гадоў – таму хай есьць, вы нічога не заўважыце.

А калі мама была не ў гуморы і нічога не адказвала, нам усё роўна бачыліся ў нябёсах неверагодна велізарныя дзедавы зубы, і мы намагаліся рабіць усе справы хутчэй, хутчэй, каб пасьпець.

9. Змрочныя засьценкі. Пра заканчэньне ўсяго

Усё рана ці позна канчаецца – гэта ведаюць нават малыя дзеці, і я таксама ведаў. Але паніка завалодала ўсёй маёю істотай, і я ня мог анічога ведаць. Паўдня я хаваўся ля ўваходу ў гасьцёўню, у цені вешалкі, выціскаючы дрыготкім пазногцем лагчынку на шпалеры. І, абраўшы момант, сьлізгануў у дзьверы.

– Мамухна, – піскнуў я, – татухна! Не адсылайце мяне туды!

Яны пакрывіліся – я парушыў іхную паабедзеную самоту. Але мне трэба было застаць іх разам, умаліць іх разам.

– Мо годзе ўжо, Ролю? Мы з году ў год адкладаем адсыланьне, – хвалюючыся, яна падліла сабе яшчэ марціні, даўгія кіпці стукнулі аб шкло. На ножцы келіху дрыжалі складаныя блікі.

– Пакіньце мяне побач з вамі, мамухна!

– Побач з намі ты застанесься дамарослым, – стрымана сказаў тата. Глыбока пагрузіўшыся ў фатэль, ён калыхаў нагою ў лакавым туфлі і гуляўся з абцужкамі.

– Пакіньце мяне побач з вамі, татухна!

Яны пазіралі на мяне халодна і няўхвальна. Я падбег да татулі, цалаваць яму рукі, але да яго было не падступіцца праз локці, калені, туфлі, і я павярнуўся да матулі. Яна, адгадаўшы мой намер, падняла рукі высока. Я паваліўся й загаласіў, горка, з падвывам. Мамчына чорная сукенка няўмольна хістанулася, яна пацягнула ланцужок званка. Адвядзіце яго. Зьбірайце яму куфар.

A. Уцёкі ды туляньні. У зялёнага дантыста

Пасьля ўцёкаў я быў вымушаны хавацца, і на некаторы час мяне прытуліў у сваёй хаце адзін зычлівы дантыст. Ён вызначыў мне маленькі пакоік з высокім ложкам, матрасам на спружынах, камодкай і зялёным таршэрам. У тыя дні я нічога ня мог рабіць, толькі ляжаў і ляжаў. Капа на ложку была мяккая, у зялёны рубчык, і пахла пылам. Уткнуўшы ў яе нос, я разглядаў рубчыкі. Часам, сабраўшыся зь сіламі, адгарнаў край і глядзеў на гладкі выварат. Як жа так, думаў я, з аднаго боку рубчыкі, а з другога няма. Я нічога ня мог рабіць, толькі варушыў пальцамі на нагах, паціраючы іх адзін аб адзін, і скура ледзь-ледзь парыпвала. За адчыненым акном зелянелі бярозы, шумелі машыны, а я стагнаў зь нязмогі. Увечары прыходзіў дантыст, прысаджваўся на матрас і карміў мяне булкай з сырам, а потым частаваў гідкім півам Тубарг грын. Дантыст не пераапранаўся пасьля працы й хадзіў па хаце ў сьветла-зялёным халаце, усьміхаючыся й зазіраючы мне ў рот. У яго самога зубы расьлі дробныя, круглявыя, на адлегласьці адзін ад аднаго. Я не сумняваўся, што ён перапоўнены усялякімі паскудзтвамі, але хаваў непрыязнасьць, і толькі аднаго разу, пад канец, спытаў, чаму ён так любіць зялёны колер. Нават нісан твой зялёны. Дантыст адказаў, што зялёны супакойвае. Значыць, ты адчуваеш патрэбу ў заспакаеньні? Цябе нешта трывожыць? Не-не-не, засьмяяўся ён, проста я па прыродзе сваёй спакойны чалавек, і люблю ўсе спакойнае. Дык можа, спытаў я, ты таксама ў партыю зялёных пойдзеш? Чаму б і не, адказаў ён, што ў гэтым дрэннага? Мне няма чаго было сказаць, і я моўчкі глядзеў у столь. Я нічога ня мог рабіць, сілаў не хапала нават на агіду да гэтае падлы. Калі я крыху ўзмацнеў, дык адразу сышоў, пакінуўшы на камодцы грошы, значна больш, чым было прыстойна. Мне хацелася, каб ён адчуў маю пагарду. З тае пары мы ніколі не сустракаліся, і што зь ім сталася, я ня ведаю.

B. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра сіняга дантыста

Даўным-даўно, калі мы былі маленькія, летнія вакацыі доўжыліся ня тры месяцы, як у цяперашніх шкаляроў, а цэлых шэсьць. А ў пераступным годзе дык і ўсе сем. А часам і на восьмы месяц можна было прыйсьці і ўбачыць на школцы замок. Не кажу ўжо пра тое, што ў нулявы месяц таксама ніхто не вучыўся, бо дырэктар езьдзіў кудысь далёка на курсы павышэньня кваліфікацыі. Мы з брацікамі ўсё лета сядзелі дома й глядзелі сэрыялы, ужо з гукам, але яшчэ чорна-белыя, і ўсе спрэс бесьсюжэтна-павучальныя. Таму мы ня вельмі любілі тэлевізар і амаль яго не ўмыкалі, дні й нядзелі запар забаўляючы адзін аднаго шарадамі й фантамі. Зрэшты, сядзець дома нам ня надта падабалася, і мы з раніцы да ночы зьнікалі ці то на возеры, ці то ў лесе, ці то на закінутай фабрыцы зубное пасты. А ўвечары, наеўшыся перад існом хлебу з сочывам, мы высоўваліся ў вакно, у цемру і шчокат конікаў, і прыслухоўваліся да размоваў мамы з татам, якія пілі віно на тэрасе першага паверху. Звычайна яны марудна абмяркоўвалі гаспадарчыя пляны на заўтра, часам перарываючыся на матылькоў, што зьляцеліся да лямпы, а потым пачыналі расказваць адно аднаму незразумелыя й злавесныя дарослыя казкі.

– Жыў-быў адзін чалавек, – пачынаў, прыкладам, тата. – Можа нават памятаеш – дантыст з дваццатага дому?

– А як жа, памятаю, – мама заўсёды ўсіх памятала. – І што ён?

– Кажуць людзі, што жыў-быў той дантыст, жыў-быў, і вось аднойчы ўвосені зьявіліся ў яго пад вачыма сіняватыя кругі. Ён спачатку падумаў быў – гэта празь недасып, і пачаў больш спаць, сьпярша па дзевяць гадзінаў, потым па дзесяць, а потым і да самага абеду. Але кругі не праходзілі, і нават патроху павялічваліся. Засмуціўся дантыст, пайшоў да лекара, і лекар загадаў яму кінуць піць – пячонка маўляў у вас. Кінуў дантыст піць, а заадно й курыць – бо таксама шкодна – і стаў чакаць. Але кругі не праходзілі, а толькі сінелі патроху. Зажурыўся дантыст і пайшоў да другога лекара, і той загадаў яму есьці кальцыюм ды фосфар – селязёнка маўляў у вас. Пачаў дантыст есьці кальцый, фосфар, а заадно і ёд, бо таксама карысна. Месяц еў, два еў, але і гэта не дапамагло – кругі толькі горай акругляліся. Замаркоціўся дантыст – ды й замазаў кругі тонавым крэмам. Паглядзеў у люстэрка ды ўздыхнуў з палёгкай. Але на жаль... з кожным днём усё больш і больш крэму патрабавалася, сінь ужо на шчокі распаўсюдзілася, хоць і трохі зьбялела. Раззлаваўся дантыст. І што мне да гэтых кругоў, думае. Пляваць на іх! Навошта хвалявацца пра тое, на што ня можаш паўплываць? Перавярнуў ён у хаце ўсе люстэркі да сьцяны – і зажыў прыпяваючы. Але й гэтага хітрыка ненадоўга хапіла. Прачынаецца ён аднойчы ўраніцу і бачыць: зрабілася ягоная коўдра блакітная, а засынаў ён быццам бы пад белай, хоць дакладна ня памятаў. Глупства, кажа сабе дантыст, калі дакладна ня памятаю, значыцца глупства гэта ўсё, значыцца яна сіняя і была. Але на наступную раніцу сьцены ў хаце таксама сіняватыя зрабіліся! Падбег дантыст да люстэрка, пераварочвае, і ах – ён увесь сіні, як гуманоід зь іншае плянэты! Не, не, гэта нейкая трызна, крычыць сабе дантыст, гэта нэрвы, мне трэба супакоіцца і разьвеяцца. Умыкнуў тэлевізар, а ў тэлевізары шоу: навукоўцы выявілі ў космасе сіняе гравітацыйнае зрушэньне! А гледачы ўсьміхаюцца ды навукоўцам пляскаюць, наіўныя. Кінуўся дантыст да вакна, паветра сьвежага глынуць – а там ужо й неба спрэс блакітнае!

– Жах які! – сказала мама.

– Страціў тады дантыст прытомнасьць, паваліўся, а калі ачуўся – патэлефанаваў у вар'ятню нумар тры і здаўся добраахвотна. З тае пары яго й ня бачылі.

– Які самаадданы чалавек!

– Так, сапраўдны альтруіст! Уяві, што было б, ня здолей ён сябе спыніць...

C. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра чорнага дантыста

Пасьля вячэрняе казкі бацькі гасілі лямпу і звычайна адразу ўладкоўваліся спаць, але мы некаторы час чакалі й прыслухоўваліся: іншы раз у поўнай цемры гучала яшчэ адна гісторыя, напаўголасу, зусім ужо беспрасьветная.

– Памятаеш таго дантыста, з клінікі на праспэкце? – пыталася, прыкладам, мама.

– Не. Што за ён? – тата ніколі нікога ня памятаў.

– Нязначна. Слухай: жыў-быў адзін дантыст. І меў ён дзівацтва – больш за ўсё на сьвеце яму падабалася выбачацца ды перапрашацца. Пачыналася з малога. Падыдзе, бывала, да чалавека на вуліцы й кажа: выбачайце, колькі часу? Адказваюць яму, а ён дзякуе ды просіць прабачэньня за турботы. Нібы нічога асаблівага, вось толькі вочы нейкія падазрона чорныя. Ці, скажам, ідзе перад чалавекам па ходніку, а потым раптам спыніцца, у бок адскочыць і прапускае яго наперад, са шчырымі шкадаваньнямі і паклонамі. Ці ў трамваі – усім запар месца саступае, рукі да сэрца прыціскае, а ў самога сьлёзы пакутныя на вачах. Дзівак, думалі людзі, крыху на ветлівасьці зглузьдзіў, і ўсьміхаліся яму, і ахвотна выбачалі за ўсе, а часам і самі сустрэчна перапрашалі. Але, як высьветлілася, не задавальнялі яго гэткія простыя прабачэньні. Людзі дасьведчаныя прадказвалі, што дабром дантыст ня скончыць. І сапраўды, неўзабаве зьдзейсьніў ён пачварны выбрык: вырваў кліенту тры лішнія зуба, а потым паваліўся на калені, ногі абняў і давай сьлязьмі паліваць. Жудасны быў скандал! З таго часу баяліся да яго людзі па зубы зьвяртацца, і наогул усяляк пазьбягалі. Як убачаць, дык на другі бок пераходзяць. Пачаў тады дантыст з-за рога выскокваць. Выскачыць, харкне на калашыну – і ну зьняважана каяцца! Ці жуйку мог у валасы ўляпіць, ці гуашшу абліць, ці спадніцу задраць. Доўга яго людзі трывалі, але калі ён немаўлятку з возіка за ногі выхапіў, каб потым перад матуляй папрасіць прабачэньня, ня вытрывалі: скруцілі, клікнулі санітараў і пасадзілі ў вар'ятню нумар чатыры. І даравалі, бо хворы чалавек, шалёны. У вар'ятні дантыст быццам бы заціх, выправіўся, і ў шпіталёвую царкву панадзіўся хадзіць, у Ісуса прабачэньне вымольваць. Тамтэйшы бацюшка яго не любіў, але прычапіцца не было да чаго – моліцца чалавек і моліцца. А праз год, калі пастанавілі санітары адпусьціць дантыста дадому, бацюшка іх папярэдзіў: страшны гэта чалавек. Чаму, бацюшка? – пытаюцца санітары. Таму, мілыя, што ён у мяне пра Ісуса выпытваў – ці праўда, што Той усім даруе. Дык што ж тут дрэннага, бацюшка? А тое, што ня хоча ён, каб Ісус яму дараваў. Псых ён, бацюшка, не бярыце да галавы, мы яго абкалолі да поўнае бясшкоднасьці. І адпусьцілі санітары дантыста дадому. Месяц прайшоў, другі прайшоў, усё ціха. Але аднаго разу ўвечары раптам званок у пажарнікаў – галосіць хлопчык ды з жаху задыхаецца: дзядзечкі, чарната вакол распаўзаецца! Ратуйце! Сусед наш, пачвара дантыстая, чорныя малітвы на ўвесь голас чытае! Клікнулі пажарнікі санітараў і разам да дантыстава дому памчаліся. І бачаць: зь дзьвярэй ды з вокнаў дантыставых выцякае чарната й круціцца, да неба падымаецца, сьвятло сонечнае засьціць. Зразумелі тады санітары, што задумаў дантысты невыбачальнае злачынства супраць роду чалавечага зьдзейсьніць! Выбілі яны з пажарнікамі дзьверы, уварваліся, а дантыст сядзіць на падлозе сярод чорных сьвечкаў і гойдаецца, інфэрнум заклікае. Пачалі тады санітары з пажарнікамі ў яго срэбранымі кулямі страляць, падзіравілі нібы дуршляг, ды ўсё дарма. Выцякла зь цела дантыстава ягоная чорная кроў, чорным туманам выпарылася і чорнай ноччу зямлю ахутала. Заплакалі тады санітары, заплакалі пажарнікі, заплакаў бацюшка, і пачалі ўсе разам у Ісуса прабачэньне прасіць. І было ім прабачэньне падаравана, але толькі палавіннае. З тае пары скараціўся дзень, і зьявілася ноч, і пачалі яны зьмяняцца кожныя суткі. А калі ў цемры прыслухацца, дык можна пачуць, як чорны дантыст бясконца перад усімі просіць прабачэньня.

5
{"b":"551729","o":1}