BD. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра галеньне
Аднаго разу ў сераду, у першай палове жніўня, калі мы з брацікамі сядзелі ў агародзе вакол вогнішча й пяклі на дубчыках хлеб, з-за суседзкага плоту да нас данесьліся гукі ўдараў і трэск парванае тканіны. Мы паспрачаліся, каму першаму ісьці глядзець на суседзкія падзеі, і выпала Валіку. Ён накіраваўся да плоту, а мы сумленна далічылі да дваццаці і толькі тады дагналі яго. У шчыліны паміж дошкамі мы ўбачылі новага суседа: ён шпацыраваў наўпрост па градках з пагрозьлівым выглядам, прыгорбіўшыся й шырока рассунуўшы тоўстыя рукі, як разьятроны злыдзень. Ён раз-пораз біў сябе кулаком у грудзі і разьдзіраў каўнер паласатага швэдару. Мы паклікалі яго, і ён павярнуўся – укормлены клерк сярэдніх гадоў, стрыжаны бобрыкам і дужа няголены, у чорных шортах і сандалетах. Убачыўшы нас, ён падабрэў, супакоіўся і нават усьміхнуўся:
– Гэта я галюся так, хлопцы.
– Голісься?
– Ага. Свой уласны спосаб прыдумаў. Звычайнай брытвай не магу – раздражненьне моцнае на скуры.
– І што за спосаб?
– Ну, трэба крэпка-крэпка раззлавацца на шчаціньне, і яно само выпадае.
– Жартуеш?
– Якія жарты! Валасінкі ажно з цыбулінкамі са скуры вылятаюць, як кулі. Палохаюцца мабыць. Потым месяц гладзенькі хаджу. Але раззлавацца трэба вельмі крэпка, вось у чым праблема. Няпроста гэта.
Ён пацёр падбародак, ацэньваючы даўжыню воласа. Мы, стараючыся не пераглядацца, спачувальна паківалі й вярнуліся да вогнішча. Хай яго, ці мала усялякіх дзівакоў. Ня будзеш жа з кожным спрачацца і даказваць праўду, гэта было б таксама свайго роду вар'яцтвам. Мы пяклі хлеб да хрумсткай прыгарачкі й не зьвярталі больш увагі на гукі. Колік расказваў пра сукамэрнікаў, Валік – пра заказчыкаў, Хуліё – пра каханых. Але справа на гэтым ня скончылася. Позна ўвечары, калі мы ўжо ўлягліся спаць, пажадалі адзін аднаму добрай ночы і ўтульна падаткнулі коўдры, з вакна да нас даляцеў такі апантаны роў і праклёны, што мы, схапіўшы ліхтары, рынуліся ўніз – бо мала што, можа чалавек да бяды сябе давёў і мае патрэбу ў дапамозе. Хай і дзівак, але добрасуседзтва ніхто не адмяняў. Трэскаючы дошкамі, мы палезьлі цераз плот, дапамагаючы адзін аднаму, саскочылі на градкі й пабеглі вакол дома да ўваходу. Мы ўбачылі ярка асьветлены ганак і суседа, які сядзеў ля сьцяны. Ён зьвярнуў да нас мажны твар, шчасьлівы і ўлагоджаны, і мы пераканаліся: на ім не было аніводнага валаска! Рудаватыя шчацінкі апалі на ягоныя калені, на рукавы, на дошкі ганка. Мы адчувалі моцную віну за скепсіс і недавер, але ён і ня думаў дакараць нас, і нават дазволіў дакрануцца да сваіх шчокаў, гладкіх і пяшчотных нібы ў дзяўчыны.
BE. Уцёкі ды туляньні. У лютаўскую сьцюжу
У лютаўскую сьцюжу добра чытаць штосьці духоўнае, кшаталту Споведзі Аўгустына альбо камэнтароў да будыйскіх Сутраў. Дабраталюбіе таксама падыходзіць. Сядзіш ля батарэі цэнтральнага ацяпленьня, загарнуўшыся ў коўдру, п'еш гарбату й нетаропка сочыш за развагамі мудрых убеленых старцаў. Старцы ўдумліва тлумачаць, настаўляюць. Ты, памеркаваўшы, з сур'ёзным выглядам пагаджаесься. Зрэдку ўстаеш і заварваеш яшчэ гарбаты, ясі абаранак. Утульна.
У лютаўскую сьцюжу ўсё пакрысе пачынае бэсьціць. Будзь асьцярожны – гаворыш сабе – узгарэцца лёгка, астыць няпроста. Стаіш тварам да сьцяны, не варушысься, ня дыхаеш, не расплюшчваеш вочы. Але ці доўга можна вытрымаць? У зьнямозе адчыняеш вочы й бачыш шпалеры, і яны бэсьцяць цябе да дрыжыкаў, да самае глыбіні – гідкія зялёныя паперыны, са зьдзеклівай дбайнасьцю налепленыя на сьцяну! Хтосьці разгладжваў іх, прамакаў анучкай і сядзеў на зэдліку, любуючыся разным бардзюрам! Невыносна!
Прамучыўшыся некалькі дзён бясконцым клёкатам абурэньня ў грудзях, я выправіўся ў шпалерную краму – набыць штосьці іншае, любое, абы-якое, і заляпіць нянавісную зеляніну спрэс. Грошай у мяне не было, і я меў намер скрасьці некалькі непатрэбных трубак, можна нават запэцканых ці бракаваных. Але, хоць я быў апрануты цалкам прыстойна – футра й чыстыя вастраносыя боты – да мяне адразу прычапілася непрыязная прадаўніца ў пінжаку й прынялася з сумневам распытваць, куды мне шпалеры. «Што значыць куды?» – дзівіўся я. «У які пакой?» «У зялёны!» «У вас зялёная мэбля ці шмат расьлінаў?» «У мяне зялёныя шпалеры!» «І вы хочаце такія самыя?» «Не!» «Але ж калі вы іх заклеіце іншымі, дык пакой ужо ня будзе зялёны?» Я ўжо зразумеў, што мне яе не падмануць, і ганебна адступаў да выхаду, а яна ўсё насоўвалася й пакепліва прыжмурвала вочы, калыхаючы завушніцамі. «Дайце ж мне хоць флямастар, каб я іх зафарбаваў!» Але яна толькі пасьмейвалася, ківаючы галавой. Што ж, мне было не прывыкаць да жорсткасьці. Калі б зварыць боршч, думаў я, вяртаючыся празь вецер, можна было б плёскаць ім на сьцены, афарбоўваючы барвяным! Але дзе ўзяць буракі, дзе ўзяць ваду, дзе ўзяць агонь?
У лютаўскую сьцюжу добра ляжаць у гурбе, у ботах, у тоўстай футры, апускаючы рукі ў сьнег і спрабуючы намацаць у глыбіні скрозь лёд траву, цыбуліны цюльпанаў, чорную, друзлую, духмяную клюмбу. Шарсьцінкі дрыжаць, сьняжынкі сыплюцца. Прабягаюць міма сабакі на жылаватых лапах, плямістыя, пародзістыя, сьлізгаюць на лыжах школьнікі, шоргаюць уперавалку чыесьці цешчы. Шпалеры, вы больш ня ўладныя нада мной, я вас не заўважаю. Зоркі мігцяць – бачыце?
BF. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра вялікую жанчыну
– Я ж ужо прызнаваўся вам, брацікі, – пачаў Хуліё, – што з раньняга юнацтва марыў пра вялікую жанчыну, па-сапраўднаму вялікую? Зразумела, што гэта толькі ганебныя й непрыстойныя немаўляцкія комплексы, але вы ж не асудзіце мяне? Дык вось, ці паверыце, сёньня раніцай я сустрэў яе, дакладней вядома не менавіта яе, але прынамсі па-сапраўднаму вялікую дзяўчыну. Яна стаяла ля вітрыны гастраному й разглядала марынады, у простай паркалёвай сукенцы і зь зялёнай сумачкай праз плячо. Ейны чорны бліскучы паясок знаходзіўся на ўзроўні маіх вачэй – уяўляеце рост! – але зрэшты ён сядзеў не на таліі, а вышэй, бліжэй да грудзей, у адпаведнасьці з модай. На нагах у яе былі самаробныя вераўчаныя сандалі, тонкія, зграбныя, перавязаныя за шчыкалаткі на антычны манер. Я загаварыў зь ёй, і яна адказвала зь ветлай усьмешкай, а вочы яе былі шэрыя, даўгаватыя. Адказваючы, яна наўмысна не нагіналася да мяне, каб не падкрэсьліваць нахілам розьніцу ў нашым росьце. Было прыкметна, што ёй больш падабаецца слухаць аніж гаварыць, і я ўзяўся забаўляць яе казкамі. Мы йшлі па вуліцы, і да мяне часам давяваў пах ейнае парфумы – рамонак і размарын. Я прапанаваў ёй марозіва, але яна, падзякаваўшы, сказала, што аддае перавагу халоднай сьмятане. Мы ўзялі па слоічку сьмятаны і спыніліся на набярэжнай, гледзячы на раку. Яна ела знарочыста павольна, акуратна зьлізваючы велізарным языком густыя сьмятанныя кроплі з лыжачкі. Ейныя цёмна-русыя валасы былі сабраныя ў сьціплы нядоўгі хвосьцік, і я, ня маючы магчымасьці іх разгледзець, папрасіў падарыць мне адзін валасок на шчасьце. Усьміхнуўшыся, яна выскубнула валасок са скроні: пругкі, тоўсты як лёска, ён канчаўся бледнай цыбулінкай памерам з запалкавую галоўку...
– Пакажы!
– Пачакайце, дайце дараспавесьці. Вы глядзелі калі-небудзь на жаночы твар зьнізу? Паглядзіце. Гэта прыгожа: плыўныя абрысы ніжняе сківіцы, цёмныя авалы ноздраў, чароўная сымэтрыя... Трохі абвыкшы да мяне, яна пачала паводзіць сябе вальней: пакашлівала, папраўляла шлейкі, перахілялася цераз парапет, каб разгледзець маленечкіх павучкоў, якія жывуць у расколінах каменя. Ейныя галёнкі былі моцныя, мускулістыя, а зьлёгку сітаватая скура толькі дадавала шарму. Мне хацелася дакрануцца да яе, правесьці далоньню па доўгім цягліцам, але я баяўся, што зь нечаканасьці яна можа ўбрыкнуць і зашыбіць мяне. Я стаяў побач, радуючыся блізкасьці, любаваўся, сьмяяўся, штосьці казаў, і ўжо наважыўся запрасіць яе на вячэру, як раптам яна абвясьціла, што ёй пара – муж чакае. Што ж, нядзіўна, падумаў я, яна занадта прыгожая, каб быць вольнай. Яна падала мне руку – неабсяжную і далікатную, з гнуткімі пальцамі, якія моцна звужваліся да кончыкаў. Вось чаму яна ня носіць заручальнае кольца, разважаў я – кольца спадае. Падае на падлогу, на асфальт, і коціцца, закочваецца пад канапы, пад лаўкі... Памарудзіўшы, яна сказала, што бачыць у маіх вачах смутак, і падарыла мне магніт на халадзільнік – на разьвітаньне. І Хуліё, раскрыўшы торбу, нарэшце паказаў нам усё, што засталося ад вялікай жанчыны: плястыкавы слоічак з-пад сьмятаны зь сінім надпісам «Гармалзавод №2», дужы волас сантымэтраў дваццаці даўжынёй, які канчаўся незвычайна магутнай цыбулінай, і круглы жоўты магніт з выявай смайліка.