Мы пагадзіліся і пачалі прапаноўваць альгарытмы. Хуліё: абраць ліст з сама прыгожым почыркам. Я: абраць ліст, на якім больш за ўсё паштовых марак. Толік: абраць самы вялікі канвэрт. Валік: абраць самы доўгі тэкст. Але Колік раскрытыкаваў нашыя спосабы як недастаткова аб'ектыўныя. Ён прагнуў абсалютнае бесстароннасьці.
Колік ізноў даў аб'яву ў газэту, з заклікам прапанаваць яму аптымальны мэтад выбару нявесты зь мяшка. Ягоная праблема аказалася блізкая шмат каму, і водгукі пасыпаліся адразу ж, пераважна дзівачныя і мудрагелістыя. Скласьці лісты самалёцікамі – які далей праляціць з балькона. Скласьці лісты караблікамі – які далей праплыве па ручаі. Падпаліць лісты – які будзе даўжэй гарэць у вунітазе. Пералічыць лісты і вырахаваць квадратны корань зь іхнае колькасьці. Напісаць на кожным зь лістоў літару, зьмяшаць і прачытаць атрыманыя словы. Выкладваць лісты на дарозе адзін за адным, пакуль кудысь не прывядуць. Пабудаваць зь лістоў піраміду. Сплесьці лісты ў стужку. Зрабіць тое, зрабіць сёе. За тыдзень лістоў з прапановамі выбару лістоў назапасілася таксама цэлы велізарны мяшок. Праблема выбару выбару.
Тады Колік пастанавіў зрабіць паўзу і пакуль што не жаніцца.
77. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра жаніцьбу Валіка
Калі мама заўважыла, што мы з брацікамі дасягнулі сталасьці, яна сабрала нас і распавяла пэўны, спраўджаны пакаленьнямі спосаб выбару нявесты. Прыйшоўшы да дзяўчыны дадому, трэба непрыкметна правесьці пальцам па паліцы, па падаконьніку або па сьпінцы крэсла: калі на пальцы застанецца пыл, дык дзяўчына – неахайная, і трэба хутчэй сыходзіць, калі ж палец акажацца чысты, дык можна сьмела жаніцца. Узрадаваныя прастатой і надзейнасьцю мэтаду, мы горача дзякавалі матухне, а больш за ўсіх быў задаволены Валік – бо ён ужо даўно марыў спалучыцца шлюбам. На чарговым гуляньні па бульвары ён падышоў да дзяўчыны ў белай сукенцы, якая чытала кнігу пад каштанам. Мы стаялі воддаль і ня чулі іхнае размовы, але хутка Валік падаў дзяўчыне руку, дапамагаючы падняцца, і яна павяла яго праз сквер да сваёй хаты. Мы чакалі больш за гадзіну, але не сумавалі – елі марозіва, цукровую вату і дражэ, пілі ліманад. Нарэшце з параднага выбег шчасьлівы Валік, ён здалёк махаў нам і крычаў, што старанна праверыў усюды, і чысьціня – ідэальная, нават у сама захаваных кутох вэранды і тэрасы. У радасным хваляваньні мы пашыбавалі да крамы гатовага адзеньня, каб прымерыць Валіку белы шлюбны гарнітур, але раптам Колік усклікнуў: стойце! Бо мэтодыка недасканалая! Што, калі пыл выцірала не яна, а ейныя бацькі? Мы спыніліся, уражаныя відавочнасьцю. Мы вярнуліся назад, пазванілі ў дзьверы і прапанавалі бацькам нявесты чэсны варыянт: мы забіраем дзеўку на два тыдні на выпрабаваньні, а ў заклад пакідаем Ролю, ён мала есьць і сядзіць ціха. Бацькі павялі сябе дзіўна: няўпэўнена пераглянуліся і нахмурыліся. Калі так, заявіў Валік гнеўна, дык я скасоўваю заручыны! І мы завярнуліся і пайшлі, ганарлівыя, але засмучаныя. А маме не сказалі нічога, каб ня вагаць лішняга разу ейны ідэалізм.
78. Уцёкі ды туляньні. У аўтобусе
Зь лесу я выскачыў у яр, у купіны, у карэнішчы і сьнег, зь яру – да аўтобуснага прыпынку. Лаўка, празрыстая сьценка, нахільны брылёк. Ледзяны вецер тузаў вузенькую аб'яўку «Шчаняткі, Кацяняткі», і ў мяне сьціснулася сэрца. Хто і навошта набывае гэных кацяняткаў?.. Міма праносіліся велічэзныя грузавікі, раўлі, ірвалі паветра, злавеснае «Мяса, Мяса» на чорных фургонах, барвовых прычэпах, а я стаяў пад вузенькім брылём, безабароннае зайчаня ў брудных пырсках.
Яшчэ хвіліна, і я б ня вытрымаў, я б памёр, але мне зноў была зробленая літасьць: жвавы аўтобус з рэклямай асьпірына, згледзеўшы мяне, велікадушна зьмяніў паласу, запаволіўся і адчыніў дзьверы. Я ступіў усярэдзіну, і ён ірвануў далей. Трымаючыся за дрыготкі поручань, я азіраўся, а шафёр сьмяяўся мне і пляскаў далоньню па дыванку каля рычага: сюды, сюды плаці! Дыванок быў завалены меднымі і бронзавымі манэтамі, фальшывымі сьпінтрыямі. Я ня меў грошай і кінуў на дыванок сваю шапку, дыхтоўную, крэпкую вязаную шапку, якая каштавала двух такіх аўтобусаў, але шафёр кінуў сьмяяцца, выпусьціў руль, замахаў рукамі, затармазіў. Але ззаду абурыліся, заступіліся: хай едзе! хай едзе! ці ня бачыш, што за чалавек! ехай давай! нябось не зьбяднееш!..
Я сеў у канцы салёна і глядзеў у вакно на панурыя елі, спачатку пагартаў Карнэля, потым пачаў слухаць. Двое ззаду размаўлялі асьцярожнымі мужчынскімі галасамі: раней бывала ўбачыш дзяўчыну і вух, а цяпер перш на суставы глядзіш, на шырыню значыцца, суставы яны братка важныя, і каб залозы бяз хібаў, мяне яшчэ бацька папярэджваў, а я па маладосьці ня верыў. Я перасеў, каб ня чуць. Наперадзе ў прагале між сядзеньняў пагойдваліся далікатнае вушка, срэбная кропелька, русявая пасмачка, і я выцягнуўся, спрабуючы разгледзець ейныя суставы, але яна спала, захутаўшыся ў доўгі пухавік, рукі ў рукавіцах. Праз праход – непакойная тоўстая старая; яна папраўляла высокі бярэт, то зрушвала, то ледзь паварочвала, падлазіла пальцам і пачэсвала. Зьняла: пераклала ўнутры нейкія анучы, мяшэчкі, хустачкі, надзела зноў. І раптам задрала рукаў і ўкусіла сябе за друзлую локвіцу. Павярнулася да мяне – ці бачыў – але я пасьпеў адвярнуцца. Чые гэта хустачкі? – думаў я панічна. Калі я заплюшчваў вочы, мне здавалася, што нехта нячутна падыходзіць да мяне і заносіць сякач; у адчыненыя вочы лезьлі жудасныя падрабязнасьці, скура, мяса. Я сеў да шафёра і аддаў яму свой сіні шалік. Ён прыняў як належнае, сур'ёзна кіўнуў; цяпер, хай і ненадоўга, але я быў пад ягонай абаронай. Я раскрыў Расіна і разглядаў літары, рахманы разварот, прыстойную паперу, і пакрысе зноў змог успамінаць.
79. Змрочныя засьценкі. Гэта нясьцерпна
Гэта быў спачатку сама звычайны дзень – папіскваў прынтэр, пастукваў сканэр, рэклямар і праграмар пілі піва і елі эклеры. Белыя кропелькі ў куткох вуснаў: гідка, але звыкла. Але потым пазваніў той пузаты заказчык, ён таксама нешта жаваў у вакенцы чата – і загадваў. Тлустая буржуйская рожа! Мы ўсё сьцепануліся з агіды, але й гэта было будзённа. Рэклямар ківаў, лісьліва такаў, а калі чат згас – павярнуўся да праграмара і скамандаваў: ты зразумеў? Так, сэр! Праграмар падышоў да нас, зьнясіленых банэрамі боцікаў, і прасіпеў: трэба пайсьці ў онляйн-дзёньнік да дзевачкі Каценькі і прарэклямаваць ёй брыдкія вычварэнствы. Хто з вас пойдзе? Палова з нас адразу апрытомнела! Дзяўчынка Каценька вучылася ва ўнівэрсытэце, захаплялася кінастужкамі і любіла коцікаў – і зь ёй, зь ёй трэба было зрабіць гэта!.. Ролю, ты пойдзеш. Не, не! – сказаў я. Я быў ужо многайчы мучаны тым праграмаром, і біты, і катаваны, і жывуткага мейсца на мне даўно ўжо не засталося, і гатовы я быў на ўсё – але толькі не на гэта! Не! Што?.. Што ты сказаў? Што ты паважыўся мне сказаць? І ён пачаў, як заўсёды, замяняць у маім целе зьменныя на пастаянныя. Гэта было так, быццам рукі-ногі гіпсавалі ў балючых паставах, але я скрыгатаў зубамі і трываў! Я быў звыклы да пакутаў і вырашыў гэтым разам выстаяць! І ён, злосна прыжмурыўшыся, наблізіў да мяне твар: ах так? Чакай жа, непакора! І стаў яшчэ хутчэй пстрыкаць па клявіятуры. Усе мае сябры-боцікі плакалі з жаху, а я плакаў праз боль і страшнае прадчуваньне. І тут ён увёў у маё цела формулу, якая бясконца дакладна вылічвае велічыню пі. Вы ўмелі ў дзяцінстве прасоўваць нітачку з носа ў рот? Непрыемна, але затое фокус. А тут – нібы тоўстую, грубую вяроўку прасунулі з рота ў зад і бясконца цягнуць. Гэта нясьцерпна! І я страціў прытомнасьць, а калі ачуўся – расплакаўся, упаў на калені і маліў праграмара аб літасьці. І я пайшоў да Каценькі ў дзёньнік і прарэклямаваў брыдкія вычварэнствы. І Каценька глядзела на іх круглымі вачыма. І буржуй сыта лічыў даляры.
І я пакляўся сабе: клянуся! Пра што я кляўся, я пакуль ня ведаў, але мая клятва гарэла як агонь! Яна абавязкова павінная была зьдзейсьніцца!