Литмир - Электронная Библиотека

З тых часоў мы ніколі ня грэбавалі есьці у рэстаранах.

4D. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра працу мастака

Яшчэ да таго часу, як мяне аддалі на вучэньне, мой брат Валік, выдатнага таленту мастак-партрэтыст, ужо дамогся шырокага грамадзкага прызнаньня. Рамантычна наважаныя дылетанты лічаць, што жыцьцё мастака поўніцца натхненьнямі, творчымі імпэтамі і працякае за мальбэртам, палітрай і палотнамі – але гэта дрымучы міф. На пісаньне партрэта Валік губляў ня больш за паўгадзіны – ён быў пасьлядоўнікам мінімалістычна-экспрэсіўнае школы – а потым пачыналіся званыя абеды. Праца мастака ў тыя часы аплачвалася мізэрна, і Валіку, адзіны карміцель малютак-брацікаў, мусіў пісаць партрэты штодня, а потым яшчэ й заставацца на абед, каб зэканоміць на харчах.

Званыя абеды Валік ненавідзеў тужлівай нянавісьцю. Пісаць партрэты яго запрашалі альбо з нагоды паўналецьця дачкі, альбо на чэсьць срэбранага вясельля, альбо па факту выхаду ў адстаўку – і зразумела, што і заказчыкі, і іхныя госьці былі спрэс невыносныя пачвары. Чаго каштавалі адны толькі інспэктарыхі! Агурок ня лез у рот, калі яны пачыналі павучальныя гутаркі пра тонкую энэргетыку, нэгатыўны магнэтызм і духоўныя практыкі. Глытай, глытай! – прымушаў сябе Валік, але горла сьціскалася, не прымаючы нават сьлізкі салёны грыбочак. А масьцітыя, мацёрыя намесьнікі? Яны былі яшчэ горай за сваіх жонак: навальваліся на плячо, сыта дыхалі каньяком і з прыцмокваньнем, з сапеньнем, з пачмякваньнем успаміналі свае гнюсна-студэнцкія гады. Калі намесьнікі нарэшце сыходзілі ў курыльню, і зьяўлялася нявызначаная паўза, Валік пасьпешліва набіваў рот бульбай і памідорамі. Кусаў, жаваў, глытаў, запіваў кефірам. Шчасьце, калі абед на гэтым канчаўся! Але часьцяком канец быў кепскі: ці то гаспадары, ці то госьці патрабавалі музыку. І, пасьля кароткіх роздумаў пра рэпэртуар, прыжмурвалі вочы, з аднадушна глыбокай павагай шэпчучы: Аббу!

Гэта Валік ўжо ня мог вытрымаць! У шаленстве ён ускокваў, перакульваючы крэслы і абрушваючы кашпо, і равеў першабытным голасам: ненавіджу! ненавіджу! праклінаю мярзотную Аббу! І падаў у непрытомнасьці.

Пачынаўся перапалох. Валіка ўкладвалі на пярыны, пырскалі размарынам, тэлефанавалі фэльчару, паілі парашкамі і давалі нюхаць соль. Нарэшце выклікалі павозьніка і адпраўлялі дадому. Мадамы вагалі галовамі ўсьлед: «Які выкід нэгатыўнае энэргіі! Творчая асоба, што зробіш».

Мы беражліва здымалі Валіка з каламажкі, вялі ў хату. Чысьцілі яму зубы, прычэсвалі і клалі спаць. Заўтра зноў трэба было ісьці батрачыць.

4E. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра холад

Калі пачынала халаднець, перад існом да нас з брацікамі падымалася мама і захінала ў коўдры і пледы. Яна настойвала, каб мы спалі ў піжамах, хоць нам гэта здавалася нядужасьцю, нявартай моцных духам і загартаваных целам асобаў. Пачакаўшы, пакуль яна спусьціцца па лесьвіцы, мы скідалі зь сябе ўсё, разнасьцежвалі фортку і засыпалі ў суровай прахалодзе. Але аднойчы мама па нешта вярнулася і, застаўшы нас мужна голымі, шчыра зьдзівілася.

– Няўжо вы ня чулі казку пра холад? Дык слухайце: жыў-быў адзін чалавек, у чыне старшыны, і вышэй за ўсё ў жыцьці ён ставіў холад. І ўлетку і ўзімку абліваўся ён халоднай вадой, суп еў выключна зь лядоўні, споднікі не прызнаваў, спаў галяком на бальконе і шанаваў загартоўку як сама галоўную чалавечую дабрачыннасьць. Усіх перасягнуў сваёй загартаванасьцю старшына: і адважных сяржантаў, і хвацкіх лейтэнантаў, і крэпкіх маёраў, тыя толькі дзівіліся й разводзілі рукамі ў захапленьні – куды, дзей, нам да яго! Нялёгка даводзілася старшыне, кожны зімовы дзень быў для яго пакутлівым выпрабаваньнем, але ён не здаваўся: са скрыгатам расчыняў дзьверы ў мяцеліцу і піў ледзяны кефір тварам да ветру, а потым залазіў у гурбу і са стогнамі расьціраўся мокрым ручніком. І вось аднаго разу вярнуўся ён дадому са службы да таго прамёрзлы, галодны і стомлены, што з жалю да сабе ў яго аж сьлёзы навярнуліся. І вось сядзіць ён, і бачыць раптам пад крэслам шкарпэткі – старэнькія чорныя шкарпэткі, з латкамі на пятцы – і дай, думае старшына, надзену я гэныя шкарпэтачкі, вялікай бяды ня зробіцца, ах, якія шкарпэтачкі. Нацягнуў ён шкарпэткі, дый так у іх і заснуў. І з таго дня паслабеў і пакаціўся па нахільнай: спачатку ложак з балькона ў пакой перацягнуў, потым пачаў у майтках спаць, потым у кашулі, потым пад шынялём. Але ўсё захоладна здавалася няшчаснаму старшыне! Накрываўся ён і коўдрамі, і пярынамі, і футрамі, і электрагрэлкамі, і дываны на сябе грувасьціў, і матрацы, і поліэтыленавую плёнку для парнікоў, і лінолеум, а пад канец выскачыў і пабег да шахцёраў: апусьціце мяне, братцы, у самую глыбокую шахту! Хачу, каб зямля была ўкруг мяне і каб грэла! Зьдзівіліся шахцёры, але не запярэчылі: прывязалі яго вяроўкай і спусьцілі на сама глыбокі падземны ўзровень. А старшына, калі дна дасягнуў, вяроўку перарэзаў і пачаў капаць, капаць як крот, уніз ды ўніз, і закапаўся, і ніхто яго з тых часоў ня бачыў. Кажуць, што дакапаў ён да самае магмы і ў пекла праваліўся, але й тамака яму холадна, і раз у год чутныя ў той шахце працяглыя стогны... Вось як, дзеткі.

Два разы тлумачыць нам было ня трэба! Мы сьпехам нацягнулі піжамы, схаваліся пад коўдрамі і пледамі і з тае пары ніколі ня спалі ў холадзе.

4F. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра музыку

Калі мы з брацікамі былі маленькія, тата рабіў усё, каб выгадаваць нас адукаванымі і культурнымі. Ён чытаў нам кніжкі, расказваў казкі, вадзіў у кіно, у цырк, і купіў велізарную лакаваную радыёлу. І мы ахвотна адукаваліся! А радыёла адразу стала нашай улюбёнкай – за глянцавыя клявішы. Але таце гэтага ўсяго здавалася недастаткова. Хмурны і заклапочаны, ён наракаў, што вялікая белая пляма ў культурным жыцьці ствараецца праз адсутнасьць у горадзе філярмоніі. І з прыкрасьцю адсоўваў кубак з гарбатай. Але наш тата ня быў пустым летуценьнікам або вечна незадаволеным нэндзам, ён быў чалавекам дзеяньня.

Неўзабаве ён дамовіўся з дырэктарам школы наконт арэнды актавае залі па выходных. І мы пачалі ладзіць філярманічныя канцэрты! Мы прывозілі на калясцы радыёлу, вялікія дынамікі, печыва і пернікі. Расстаўлялі крэслы і рассаджваліся. Тата выступаў у ролі дырыжора: строгі чорны швэдар, ускудлачаныя валасы і настаўніцкая ўказка. Ён стаяў на эстрадзе, гледзячы ўніз. Калі ўзьнікала музыка, ён падымаў твар, засяроджваў бровы і зачынаў чарціць ў паветры указкай, то плыўна, то рэзка і адрывіста, імкнучыся патрапляць у такт. Час ад часу ён пазіраў на нас, і гэта значыла, што ён піша словы, і трэба адгадваць. «Брукнэр – вялікі кампазытар», – чыталі мы. Але Брукнэр і Малер былі нам нудныя. Больш за ўсё мы любілі Шастаковіча. Мы чакалі, пакуль тата паставіць Пятую сымфонію, і тады кідалі крэслы, пачыналі скакаць і бегаць па зале. Гэта не забаранялася, наадварот – тата ўхваляў харэаграфію. Нам падабалася залазіць на эстраду і кідацца адтуль у рукі братоў, на манер панкаў. Тата ўсьміхаўся і таксама трошачку прыскокваў. Паркет парыпваў. Калі кружэлка заканчвалася, мы, цяжка сапучы, ішлі ў буфэт, елі булачкі з павідлам і слухалі татавы развагі пра карыснасьць музыкі. Мама, пасьпешліва тупаючы, уносіла чыгун з баршчом, поўны, цяжкі, гарачы. Тата ускокваў, падхопліваў – не апячыся, матухна! Што ж ты раней не прыйшла? Першае аддзяленьне такое слаўнае было! Ну, хоць на другое пасьпела. Давайце, дзеткі, бярыце лыжкі! Ешце хутчэй і пойдзем. Другое аддзяленьне пачынаецца! І мы глыталі, сьпяшаліся, баяліся спазьніцца.

Вось так пакрысе мы і заахвоціліся музыкай.

50. Уцёкі ды туляньні. У паўночнай электрычцы

У паўночнай электрычцы да мяне прычапіўся старэнькі кантралёр у шапцы-пеўнічку. Ён ня гнаў мяне вон, але шматслоўна і ўтомна дакараў, ставячы ў прыклад сябе ў юнацтве: яму, маўляў, даводзілася цэлы тыдзень мясіць цэмэнт, каб назапасіць на квіток, і ані разу ён не занядбаў. Мы сядзелі на апошняй лаве ў тарцы вагона, і ён прыціскаў мяне да акна, намагаючыся дацягнуцца вуснамі да майго вуха – каб я не прапусьціў ані слова. Нягледзячы на ​​ягоную літасьць, я не адчуваў падзякі і моўчкі злаваўся. Скончыўшы фразу, ён паціраў пальцам свой ​​нераўнамерна разрослы сітаваты нос, праз што той небясьпечна выгінаўся ў падножжы. «А ўсё таму, што да працы прывучаныя былі змалку. Я зь пяці гадоў сякеру ў руках трымаў і дровы калоў». Я не стрымаўся і запярэчыў наўгад: «Гэта ня вы былі. Будызм вучыць. Няма ні цела заўсёднага, ні душы. Гэта ня вы былі зь сякерай». Кантралёр чмыхнуў: «Лухта. Я вось напрыклад песьню люблю, якую мы дзецьмі на Каляды сьпявалі. Калі б я цяпер быў ня я, хіба б я любіў? А аднойчы сякера адскочыла і мне па назе жах, і шнар застаўся! Калі б я цяпер быў ня я, хіба б ён застаўся? Паказаць?» Ён нагнуўся падгарнуць калашыну, але я пакруціў галавой. Што запярэчыць, я не знайшоўся. Я з сумам глядзеў на маркотныя засьнежаныя палі за акном і ўсё мацней падазраваў кантралёра ў саўдзеле. Нельга даць яму высачыць! Навошта я вызнаўся, да якой станцыі еду! «Мне зараз сыходзіць». «Як? Табе яшчэ два прыпынкі!» «Не, мне ўжо, я памыліўся». Дзьверы рассунуліся, і я выскачыў на пэрон, у лужыну, пад мокры сьнег. Кантралёр глядзеў на мяне з акенца і махаў рукой. Трое нізкіх змрочных мужыкоў глядзелі на мяне з-пад навеса. Каб зрабіць гожы выгляд, я купіў піва і чабурэк у вусатай гандляркі з алюмініевым вазком. Мужыкі ўхвальна закурылі, электрычка рушыла, а кантралёр, аддаляючыся, усё махаў і махаў. Я роўным крокам прайшоў міма мужыкоў, спусьціўся па прыступках, шпурнуў піва з чабурэкам у хмызьняк і накіраваўся па сьцяжыне ўздоўж рэек.

24
{"b":"551729","o":1}