Литмир - Электронная Библиотека

Галоўнае — ну што тут смешнага, калі чалавеку баліць? Дык не — рагочуць! I нават пальцамі паказваюць! I Адзік Шульман—сябра называецца! — гучней за ўсіх!

Зашумела ў Ігнатавай галаве, такая злосць нахлынула, што размахнуўся, і ад усяе душы ўрэзаў ляпаса поўху да каго дастаць здолеў — суседу па парце, Адзіку. Тут і адчуў на каўняры цвёрдую руку. Нават не думаў, што матуля такая дужая...

— Ты ведаеш, бацька, што наш Ігнасік сёння ўтварыў? — паведаміла матуля дома тату, — Даў па твары доктараваму сыну, да канца заняткаў шчака гарэла.

— А мамка мяне палкай набіла! — паспяшаўся Ігнасік. Маўляў рахунак ужо аплочаны. Паўторна разлічвацца не хацелася. I, каб узмацніць вартасць расплаты, дадаў: — Біла, біла, ажно палка паламалася!

— Ну, ужо скажаш — палка! Кіёчак, з мезенец таўшчынёй! А інакш — падумаюць, што настаўніца дазваляе сыну дзяцей біць. Ды яшчэ ў антысемітызме абвінавацяць. Ды ў гарана паведамяць...

— А за што ён таго жыдзянятка стукнуў? — Пацікавіўся тата. Спакойна пацікавіўся, значыць рахунак залічаны.

— Рыгор! Ну як ты кажаш! Пры дзіцю! Ігнасік, ніколі не кажы так, як тата. Трэба казаць — яўрэй!

— А чаго ён смяецца?! — Ігнасік ужо ўпэўнены, што спагнанняў болыи не будзе. — А што такое «яўрэй»?

— Гэта нацыя такая... Вось Аркадзік — яўрэй. А ты — беларус.

— Адзік — яўрэй? Я — беларус? — Ігнасік на хвіліну задумваецца, — А як гэта?

— Што — «як гэта»? Фармулюй пытанні дакладней. Ты хочаш спытаць, чым адрозніваюцца яўрэі ад беларусаў? Ну, вось мы размаўляем па-беларуску, а ў яўрэяў ёсць свая мова, яўрэйская.

— У Адзіка ёсць свая мова?

— Ён размаўляе таксама па-беларуску. Бо жыве сярод беларусаў. А за­раз запамятай — ніколі не кажы слова, ну, што тата сказаў.

— Жыдзянятка?

— Ігнат! Апошні раз! Яшчэ раз пачую — наб'ю, далібог!

— Кухталя даць шмат розуму не трэба, — сур'ёзна кажа тата, — Сапсаваць адносіны лёгка. Ты б папрасіў у Аркадзіка прабачэння, Ігнась...

...Як гэта цяжка! Перад пачаткам заняткаў Ігнасік з пылаючым тварам перахапіў Адзіка на ганку, і не ў змозе падняць вочы, прамармытаў:

— Я гэт-та... Не хацеў... Яно неяк само... Давай... Мір?

— А я ўжо не злуюся! — Шырока ўсміхнуўся Адзік. — Мір!

I, як дарослы, працягнуў руку. Потым, на ўсіх перапынках яны не адыходзілі адзін ад аднаго. А ідучы дадому, Ігнасік паведаміў: «Адзік! Тата казаў, што ты — яўрэй.»

Адзік раптам спахмурнеў і неахвотна выціснуў:

— Ну, яўрэй... Толькі ты пра гэта нікому не кажы... Добра?

— А чаму?

— Так трэба...

— А чаму?

— Ну, трэба так!..

Чаму так трэба, Ігнасікспрабаваўдадумацца вечарам. Такі недадумаўся. Яўрэі, беларусы... У Адзіка — свая мова, не такая, як у яго... Цікава — у птушак і звяроў ёсць свая мова? Агульная на ўсіх? Ці ў кожнай пароды — свая? Думкі блыталіся...

4.

...Кульнуўся з валуна, носам у траву. Устаў, агледзеў сябе. Нармальна прайшло. Во, каб хто ўбачыў, як на валун бусел сеў, а потым праз галаву пачаў кульбіты рабіць! Падумаў бы — ці бусел звар'яцеў, ці ён сам трызніць.

На сцежцы курапаткі: — Ч-ж-ж-ы-рр-к, Ч-ж-ж-ы-рр-к! Тыя ж самыя, толькі зараз незразумела, што яны кажуць. Глядзяць недаверліва, але не ўцякаюць. Прысеў, паклікаў: «Ціп-ціп-ціп!». Падбеглі. Пагладзіў асцярожна курачку: «Мне дадому трэба, сонца садзіцца, а тата адлупцаваць абяцаў. Бывайце, любыя птушачкі.» I паімчаў праз луг.

— Ну? — Тата хмурыцца, але Ігнаська бачыць, што ён толькі напускае на сябе строгасць, а насамрэч ледзве стрымліваецца, каб не заўсміхацца.

(Вось жа звычка ў гэтых дарослых — «нукнуў» і чакае нейкага адказу... Што я павінен яму казаць? Як стану дарослым, ніколі не буду задаваць такія пытанні. «Ну...»!).

— Гэт-та... Я не зразумеў...Ты нешта пытаешся?

— Колькі разоў было сказана: дарослым нельга казаць «ты»!

— А як звяртацца? «Вы нешта пытаеце, тата»?

— Ну, гэта ўжо залішняе... Па твары відаць, што тата вось-вось разрагочыцца. Дастатковатак: «Тата нешта пытаецца?» Так! Тата пытаецца... Дзе насіла цэлы дзень ягонага лайдака? Дома хлеба няма ні скарынкі.

Заўтра ж сходзіш у Мендыжэчы за хлебам.Мендыжэчы — гэта вёска за лесам. Туды брукаваная шаша вядзе. Там крама, у хаце бельманаўскай. Хлеб, газа, гумовікі. Раз на тры-чатыры дні Ігнаську пасылаюць туды. Купляць хлеб — ягоны абавязак. I яшчэ ламачча насіць з лесу. У хаце дзве печы — адна вялікая, з ляжанкай, другая — «стаяк». У вялікай мама есці гатуе, яе дровамі паляць. А стаяк — ламаччам з лесу. Калі моцная спёка стаіць, то ежу на вуліцы гатуюць. Для гэтага тата з цаглін агмень склаў, яго таксама ламаччам паляць. А стаяк летам «адпачывае», таму зараз Ігнасік толькі зрэдку сухія палкі з лесу цягае. А зімою то кожны дзень на лыжы — і ў лес, ён адразу за плотам.

5.

У Мендыжэчах даволі хлопцаў, але неяк так здарылася, што Ігнаська з імі не знаёмы. Бо ў Мендыжэчах свая школа, а Ігнаська ходзіць у іншую, у Кіявецкую. Кіявецкая хоць і далей, але там матуля настаўніцай працуе. I навінскія дзеці ў Кіявецкую ходзяць. Вось і атрымалася, што навінскіх Ігнаська ведае, а Мендыжэцкіх — не.

Кіявецкая школа старая. Там прапрадзед Ігнасікаў вучыўся, Дамінік, і прадзед, Ляксандра, і дзед, Пётрусь, і тата. I вось Ігнасік яе скончыў. Увосень, у пяты клас у Ракаўскую школу пойдзе. Далёка, восем кіламетраў.

Пайшоў за хлебам не шашой, шашой нецікава, аляснымі сцежкамі, праз Казіну. Гэты лес, што паміж Мендыжэчамі і хутарам, Казіной называюць. Невядома чаму. Ігнаська пытаўся ў таты, а той толькі плячыма паціснуў. «Казіна, ды Казіна, — кажа, — так заўсёды называлі».

Ідзе Ігнаська праз Казіну асцярожна. Пройдзе крокаў трыццаць, спыніцца, паслухае, паглядзіць. Вось вавёрка на елцы зацокала. Выглядае з-за стаўбура адным вокам. Паспрабаваў Ігнаська абысці елку, каб усю вавёрку ўбачыць — дзе там! Ігнаська вакол дрэва, і вавёрка вакол стаўбура, прыкрываецца ім. Спрытнюга! Што заўсёды дзівіла Ігнаську — гэта як яны могуць па дрэве галавою ўніз спускацца? Уверх — зразумела, кіпцюрамі чапляюцца за кару. Так нават кошка ўмее. Але кошка з дрэва задам спускаецца, а вавёрка — уніз галавою. I не падае!

Нешта зашамацела ў лістоце, і вылецеў вехіра, галуб дзікі. Паклаў Ігнаська на сцежку сетку-авоську і грошы, каб рукі вызваліць, бо ўсё лета нічога не насіў апрача трусікаў, а ў іх кішэняў няма. I палез на ясень, адкуль той галуб вылецеў. Заўважыў у кроне сухіх галінак купку. Можа гняздо? Памалу-памалу — дабраўся амаль да вяршынкі, а там у разгалінаванні — сапраўды гняз­до. I галубка сядзіць, трывожна вочкам паблісквае. Працягнуў Ігнаська руку, каб пагладзіць, як учора курапатку гладзіў, не вытрымала, зляцела. Шумна так крыламі заляскала. Гэта ў галубоў сігнал трывогі. Не ведае, дурненькая, што Ігнаська нічога кепскага не меўся зрабіць. Зляцела, а ў гняздзе двое птушанят. Ды якія брыдкія! Голыя, ружовыя, няўклюдныя! Ну быццам пацучаняты! Няўжо з іх такія прыгожыя галубы вырастуць? Доўга глядзеў на іх Ігнаська і думаў, параўноўваў з малымі курапаткамі, што ўчора бачыў. Тыя, можа з дзень, як вылупіліся, а ўжо шустрыя, бегаюць, тату з мамай слухаюць — вунь як зашыліся ў траву, калі бацька схавацца закамандаваў! А галубяняты дык ледзьве варушацца. Або ўзяць зайцаў і трусоў. Здаецца — ну такія ўжо падобныя! Амаль аднолькавыя. Знаходзіў часам Ігнаська зайчанятаў, маленькіх, на далоні памяшчаюцца — відаць толькі што народжаных. Дык яны хоць і малыя, а ўжо відаць — зайцы. У поўсці, вочы глядзяць. А трусяняты народзяцца — ну быццам гэтыя галубы малыя — ледзве варушацца, голыя, сляпыя, у ружовай тонкай скуры. Чаму так? Злез з дрэва і ў задуменні пайшоў далей. А як дайшоў да крамы, адчуў — чагосці не хапае...

Ну што за лёс! Грошы і сетку ў Казіне забыўся! Ажно горача стала ад думкі, што нехта там жа пройдзе. Кінуўся бягом назад, пыл закурэў з-пад босых пяткаў. Прыбег да ясеня з гняздом вехіры—ляжаць там на сцежцы ягоная авось­ка і рубель. Пашанцавала. Хоць хто там пойдзе сцежкай, калі дарога побач...

3
{"b":"551300","o":1}