Пеўнік скончыў і ганарыста выгнуў грудзі. Курачка ляжала падціснуўшы ногі і расставіўшы ўбокі крылы, з-пад якіх то вытыркаліся, то хаваліся ў пер'і галоўкі птушанятаў. 3-за гэтага пер'е курапаткі ўвесь час варушылася і яна была падобная на купіну з пажухлай травой, якую разьдзімае ветрык.
— Ага! Значыць, калі я кульнуся зноў, падумаўшы, або крыкнуўшы... што я павінен крыкнуць? «Ігнаська»?
— Крыкні «чалавек!» — прымеш выгляд, які меў дагэтуль, станет самім сабой. — джыркнула курапатка-маці. — Менавіта крыкні, а не падумай, так бяспечней, бо мала якая думка можа ўскочыць у тваю галаву...
— Дзякуй вам! А то я ляжаў тут на камені, марыў лётаць, як бусел, а калі раптам зрабіўся буслам — спалохаўся, што гэта назаўсёды. Вельмі ўжо нечакана ўсё адбылося!
— Так, Ігнаська. Цікава пабыць у чужым целе, адчуць і зразумець іншых, але найдаражэй заставацца самім сабою. Толькі будзь асцярожным, Ігнаська. У чужым выглядзе цябе будзе падсцерагаць шмат небяспечнага. Асцерагайся. I не спрабуй ператварыцца ў нешта нерухомае — у расліну, напрыклад, ці камень. Тады ты не здолееш вярнуцца да валуна і зноў прыняць чалавечы выгляд. А яшчэ запамятай, Ігнаська — калі каму раскажаш пра гэты камень, то для цябе і для таго, каму раскажаш, ён стане звычайным валуном. Ну, удалага палёту! — і сям'я курапатак нырнула ў высокую траву. I яшчэ доўга было відаць, як аддаляючыся яны варушылі травінкі.
Ігнаська ўзмахнуў рукамі-крыламі, і яго падкінула ўверх. Не паспеў махнуць другі раз, упаў на зямлю, спружыніў нагамі, адштурхнуўся, падскочыў, махнуў, яшчэ, яшчэ — і заслізгаў у паветры. Паляцеў!
«А гэта, аказваецца, нялёгка, — думаў ён, — ніколі б не падумаў, што махаць крыламі — такая цяжкая праца!»
Унізе праплыў луг, пачалося жоўтае жытнёвае поле. I над полем яго раптам панесла ўверх.
Ігнаська расставіў крылы, і болыи не махаў, адпачываў, а яго падымала ўсё вышэй і вышэй.
«Ага! Вось чаму той бусел, што я бачыў, лежачы на валуне, кружыў над полем!—здагадаўся Ігнаська. — Поле нагрэлася, ад яго нагрэлася паветра. А гарачае паветра заўсёды імкнецца ўверх. Нават у лазні, дзе парацца, гарачае паветра пад столлю, а ўнізе — болыи халоднае. Т ак узнікае вецер — знізу-ўверх. Гэты вецер падымае, і не трэба махаць і стамляцца.»
Ён кружыў высока, наш мат вышэй лесу. Калі губляў вертыкальны паветраны паток, што «дзьмуў» з жытнёвага поля, то пачынаў слізгаць уніз. Гэта нагадвала слізганне зімой з ледзяной гары на кавалку фанеры. Гэтак жа свішчэла ў вушшу і было страшнавата. Але Ігнаська хутка прылаўчыўся кіраваць целам у паветры. Нават не думаючы, як гэта робіцца. I ён слізгаў так, каб зноў апынуцца над полем. I яго зноў узносіла ўвышыню.
За лесам выгінастай стужкай блішчыць рака. Вунь туды, дзе да яе з лесу выходзіць сцежка, Ігнаська і навінскія дзеці ходзяць купацца. Хлопчыкі пабудавалі сабе з дзірвана ўзвышэнне, каб скакаць у ваду. А Ігнаська скакаць не любіць. Пазалетась адпачывалі паблізу хутара «дачнікі» — сям'я з Мінску, бацька, маці і іхняя дзяўчынка. Малая зусім. Паставілі намёт на беразе і жылі ў ім два тыдні. Падружыўся Ігнаська з дзядзькам Юзікам. Ён трэнер па боксе, паказваў Ігнаську розныя ўдары, расказваў як сілу накачаць. А на развітанне падараваў маску для нырання. Надзеў яе Ігнаська, нырнуў, і ледзве не закрычаў ад захаплення. Якая там прыгажосць! Трава — ярка-зялёная, тонкая і доўгая, быццам жаночыя валасы, на плыні палошчыцца. На дне кялбы чародкай стаяць. А пад карчом — шчупак!. Дзірка ў беразе — гэта ўваход у бабрыную нару. Іх шмат тут. Паўсюль лаза пагрызеная. Бабры карой харчуюцца. Часам, калі прыходзілася познім вечарам ці ўначы на рацэ быць, то чуваць, як яны дрэвы грызуць. Хруп-хруп-хруп-хруп. Валяць таўшчэразныя дрэвы, а потым галіны адгрызаюць і цягнуць пад ваду. Там запасы на зіму робяць. Каб не ўсплылі, у бераг галінкі ўторкваюць. Адзінае, што засмучае Ігнаську ў час нырання — толькі нырнеш, трэба вынырваць, каб паветра дыхнуць. Добра бабрам, або выдрам — тыя хвілін па пяць могуць за паветрам не падымацца.
Трэба будзе паспрабаваць у бабра ператварыцца, або ў выдру. У выдру лепей, бабёр на беразе не вельмі спрытны, а ад таго чароўнага валуна да ракі кіламетра паўтара будзе. Выдрай лепей. А яшчэ трэба ў сокала ператварыцца. Раз ён па прозьвішчу Сокал, то хай пабудзе сокалам. Сапсанам. Ігнаська браў чытаць у бібліятэцы кніжку «Звери и птицы нашей страны», вельмі цікавая, дык вычытаў, што сокалы — гэта не адна птушка, а цэлая група. Ну, як сабакі бываюць розных пародаў, так і сокалы — ёсць сапсаны, крэчаты, каршачкі...
Надакучыла Ігнаську над полем кружыць, знізіўся, уздоўж Навінаў паляцеў. На выгане хлопцы ў футбол гуляюць. На адну браму. Яна там і ёсць толькі адна. Другую ставіць паленаваліся. Гэта ж з лесу трэба жэрдкі цягаць, ямы капаць. Паставілі адну браму, пакуль за жэрдкамі для другой у лес ісці, вырашылі крыху мяч паганяць. I ўсё. Болыи ніхто не пайшоў. Так і засталася адна брама. Тата сказаў, што няма нічога болыи сталага, чым часовае.
Прызямліўся крыху ўбаку ад хлопцаў. Атрымалася лёгка, быццам усё жыццё гэтым займаўся — каля самай зямлі ногі крыху ўперад, а крылы ўбакі і вертыкальна, каб затармазіць. I лёгкі ўзмах. Спыняешся, крыху ўверх, і быццам з ганку саскочыў. I крылы скласці на спіне. Зручна так.
Хлопчыкі вясковыя як ганялі мяч, так і ганяюць, а Толік адразу палку ўхапіў (што за звычка — як што, за кол хапацца!) і да яго. Прыйшлося адразу ўзлятаць. Да хутара роднага пехатой з паўгадзіны дабірацца, а тут меней, чым за хвіліну даляцеў. I сеў на даху. Нічога асабліва новага адсюль не відно, і раней тут бываць прыходзілася, хоць тата з мамай забаранілі на дах лазіць. Гонта ламаецца. Толькі сёння цікава, як бацькі адрэагуюць.
Мама ля ганку бульбу шкрабе. Бульбу, пакуль маладая, чысцяць не абразаючы лушпайкі, а шкрабуць. I вараць яе з кропам. Такая смаката! Асабліва са смажанымі скварачкамі. Або з кіслым малаком. Успомніў Ігнаська, што са сняданку яшчэ не еў, аж у жываце засмактала. Трэба ляцець да валуна, чалавечы выгляд прыняць. Не есці ж яму жаб! Уявіў, што жабу жывую глытае. Нічога. А раней дык і званітаваць магло.
А мама скосу глянула на яго — яна ж не ведае, што гэта Ігнаська — і тату з хаты кліча: «Бацька! Бацька! — а як выйшаў — Глянь, бусел на хату сеў. Можа месца для гнязда шукае. Ты б зацягнуў на дах кола, ці барану. Хай гняздзяцца. Кажуць, буслы на хаце — прыкмета шчаслівая...». «Не ,— запярэчыў тата, — запозна ўжо гняздзіцца. У іх маладыя хутка на крыло стануць. Можа проста адпачыць сеў.» I забыліся пра бусла. Пачалі гутарку пра Ігнаську. Смешна! Ігнаська ходзіць па вільчыку і слухае, што пра яго кажуць. Падслухоўваць увогуле нядобра, але ж Ігнаська не хаваецца, а значыць і не падслухоўвае...
— ...Як пайшоў з раніцы на вёску, дык дагэтуль не было. Нават паесці не прыходзіў. Нешта я ўжо хвалююся, — мама кажа.
— Распусцілі мы яго! — тата. — Сыходзіць без дазволу! Швэндаецца колькі хоча! На рэчку без дарослых ходзіць. Далібог, калі прыйдзе зацемна —налупцую!...
О! А гэта ўжо сур'ёзна. Сонца за лес садзіцца, спяшацца трэба. Узмахнуў крыламі.
«На рэчку без дарослых!». Дачакаешся, каб вы на рэчку пайшлі... У вас ніколі на гэта часу няма! «Налупцую!». Тата кажа, што ў выхаванні дзяцей і сабак часам трэба дапускаць «балявое ўздзеянне». Г эта так закавырыста ён лупцоўку называв. А мама — што дзяцей біць нельга! Хоць аднойчы, даўно...
3.
... Было не балюча, а страшэнна сорамна. Спачатку Ігнаська адчуў на сваім каўняры цвёрдую руку. Потым рука лёгка, бы кацяня, выняла яго з-за парты. Другой рукой Яніна Паўлаўна ўхапіла кіёк, якім папраўлялі дровы ў стаяку, і, не выпускаючы каўняра, пачала Ігнасіка моўчкі лупасіць, быццам пыл выбівала з ягонага шэрага пінжачка. Дзеці спалохана прыціхлі. Ад кійка пасля кожнага ўдару адламваўся кавалачак, і настаўніца спынілася толькі калі ад яго амаль нічога не засталося...
На ўроку працы першакласнікі (увесь кпас — шэсць хлопчыкаў) вучыліся падшываць насоўкі. А на вуліцы пачыналася вясна. Радасна пахла набрынялымі пупышкамі, захліпаліся шпакі, шкварчэлі быццам раскалены тлушч. За школкай, у рачулцы на пясчаным дне стаялі чародкі сліжоў і кялбоў. Іх можна лавіцьу кош. Адзін ставіць кош упоперак, а другі заганяе... А тут сядзі і корпайся іголкай у кавалку тканіны. Не мужчынская справа... Думкі Ігнасікавы былі там, на вуліцы. I ніякай канцэнтрацыі на справе не было. Таму і ўткнуў нечакана іголку ў палец. Ды так глыбока, балюча, што гучна войкнуў.Невядома, што такога смешнага ў гэтым войканні, але ўсе зарагаталі. Абодва класы, бо вучыліся адначасова першы з трэцім. У школцы толькі адно класнае памяшканне, і адна настаўніца. Яніна Паўлаўна — яна для Ігнасіка толькі ў школе Яніна Паўлаўна, а дома — матуля. Першым часам блытаўся Ігнасік — дзе як называць — а потым нічога, прызвычаіўся.