Литмир - Электронная Библиотека

— А гэта хто? — Вочы Алегавы шырокія і глядзяць нікуды. — Чуеш?

«Ц-к! Х-р-рк! Х-р-рк! Х-р-рк! Ц-к!» — то высокі, то як рыпенне чаравіка.

— Ого! Не можа быць! — Ігнаська здзівіўся. — Гэта слонка! У канцы лета! Я думаў, яны толькі ўвесну так «хоркаюць». «I цыкаюць». Можа, які звар'яцелы? Пераблытаў лета і вясну!

— Што за «слонка»? Ніколі не чуў такой назвы. — Алег па-сапраўднаму зацікаўлены.

— Лясны кулік. Вялікі, з галуба. У траўні пад вечар дык над нашай хатай іх процьма лётае. Тата нават паляваць спрабаваў. Проста з ганку. Але ма­ма насварылася і забараніла.

I яны доўга размаўляюць. Пра лясных звяроў і птушак, пра рыбалку. Пра фатаграфію. Алег мае фотаапарат і павелічальнік і сам робіць фатаграфіі. «Мяне навучыш?» — загараецца Ігнаська. «Навучу...» — усміхаецца Алег. Ён зараз здаецца Ігнаську вельмі родным. Хочацца прылегчы побач, пакласці руку яму на плечы і глядзець у твар. Але Ігнаська саромеецца гэтага раптоўна ўзнікшага пачуцця. Яшчэ яму вельмі карціць распавесці, як ён часам лётае над гэтымі мясцінамі, як нырае ў Іслачы, але стрымліваецца.

Неба над хлолчыкамі мігціць мільёнамі дыяментаў. Блакітных, чырванаватых, белых, жоўтых. Некаторыя свецяць роўным святлом, але такіх мала.

— Алег, а ты ведаеш якія-небудзь зоркі? — пытаецца Ігнаська. — Ну, як называюцца. Тата казаў, што кожная зорка мае сваё імя, але ён іх не ведае...

— Не. Зорак не ведаю. Ведаю вунь тое сузор'е. Называецца «Вялікая Мядзведзіца». Бачыш? Сем зорак. На коўш падобнае. Вунь — раз, два, тры — гэта як ручка выгнутая, а тыя чатыры — як коўш. Знайшоў?

— Знайшоў...

Гутарка ўрэшце сыходзіць, Алег кладзецца спіной да вогнішча і пачынае ціха пасапваць. Холадна. Ігнаська падкідвае ў вогнішча ламачча, агонь разгараецца і пачынае пячы. Алег, хоць і сонны, адпаўзае. Прыходзіцца круціцца. Той бок, што да вогнішча грэецца, а другі мерзне. Ігнаська трасе галавой, спрабуючы адагнаць сон.

16.

...Во цемра! Вочы хоць і прывыклі крыху, усё роўна валун ледзве знайшоў. Хоць бы месяц узышоў. Няма! Увесь край поля аббегаў. Нагавіцы ў расе вымачыў. Раса сцюдзёная, але не холадна ўжо, угрэўся бегаючы. Алег там ля вогнішча. Спіць. Нічога, тата ж казаў — у Беларусі няма для чалавека небяспечных драпежнікаў. Апрача самаго чалавека.

Залез на камень, намацаў сляды. Рукі ўшыркі, скачок, рукі ўніз, згрупіравацца — «Воўк!»

У ваччу ўспыхнула, быццам ліхтар запалілі і асвятлілі наваколле. I пахі. Тысяча пахаў уварвалася ў свядомасць. Пастаяў, прывыкаючы да новага стану, прыслухоўваючыся да новага цела. Цемра знікла! Ігнаська бачыў, як днём. Толькі «дзень» гэты быў чорна-белы, як фатаграфія, як экран тэлевізара. I добрая бачнасць была метраў на дзвесце, далей прадметы расплываліся невыразнымі плямамі. Затое пахі! Ігнаська падняў галаву і прынюхаўся да паветра. Лёгкі ветрык цягнуў з боку іхняга хутара, і ён адра­зу адчуў пахі, на якія раней папросту не звяртаў аніякай увагі. Пахла мамай і татам, вельмі падобна, але мамін пах утрымліваў след парфумы. Пахла агародам, Ігнаська мог бы назваць расліны — агуркамі, памідорамі, бура­кам!, кропам... Пахла курамі, каровай і парсюком. Халадніком са шчаўя. Варанай бульбай. Значыць, мама згатавала ўчора улюбёную татаву страву.

Ён пабег знаёмай сцежкай у бок Навінаў. Ад сцежкі пахла зайцамі. Ігнаська не ведаў чаму, але быў упэўнены — так пахнуць заечыя сляды. Праз якую хвіліну гэта пацвердзілася: насустрач спакойна—кульдыц, кульдыц— рухаўся шарак. Ігнаська імгненна спыніўся і лёг, дзівячыся сваёй рэакцыі. Ляжаў і з цікаўнасцю назіраў. Заяц набліжаўся павольна. Спыняўся, нешта нюхаў на сцежцы, скусваў сцябліны палыну, станавіўся «слупком» і, наставіўшы вушы, рабіў некалькі крокаў на задніх лалах. Вяртаўся назад, зноў набліжаўся. А потым зрабіў вялізны скачок убок ад сцежкі і пакаціў па тра­ве, толькі вушы замільгалі.

Сам не ведаючы дзеля чаго, прабег навінскай вуліцай. Сабакі як па камандзе адразу паднялі лямант: «А-яй! Чужы! Воўк! Воўк! Беражыцеся! А-вой!». Заварушыліся, замыкалі каровы ў хлявах. Дзе-нідзе загрымелі клямкі, ля ганкаў запаліліся лямпачкі, павыходзілі людзі. Ігнаська ведаў, што сярод навінцаў няма паляўнічых, таму спакойна бег па бруку, з асалодай успрымаючы дагэтуль невядомыя магчымасці нюху, начнога зроку, пружыністага, бадзёрага цела.

А вось за гэтым, здаецца, вакном спіць ягоны крыўдзіцель, з-за якога ён не можа зараз з'яўляцца ў вёсцы. Пераскочыў высокі паркан, узрадаваўшыся лёгкасці скачка. Сабака на падворку адразу перастаў гарлаць і рваць ланцуг. Заенчыў і шмыгануў у будку. Падышоў да вакна, устаў на заднія лапы. Зазірнуў унутр. Адразу за шклом ложак, і пад коўдрай нехта спіць, захінуўшыся з галавой. Прынюхаўся. Пахне чалавекам, але кім — невядома. Стукнуў кіпцюрамі па шкле. Там адразу запалілася лямпачка, і ў шыбе ўзнік заспаны твар Любы Галабурды, Толікавай цёткі. Віск адкінуў Ігнаську ад вакна. Ачомаўся толькі на беразе.

Зайшоў у ваду, папіў — лык, лык, лык, лык... Пабег да іхняга з Алегам «табара». Вогнішча амаль згасла — пад шэрым прысакам ледзве чырванелі вугельчыкі. Алег, скруціўшыся клубком, ляжаў амаль на гэтых вуголлях. Відаць змерз і сонны інстынктыўна запоўз на цёплы попел. Быў увесь перапэцканы ў ім. Ігнаська засмяяўся, але заместсмеху вырваўся гарлавы гук, нейкае гырканне. Алег падняў галаву, няўцямна паўглядаўся, потым ляніва прамармытаў: «П-шоў! Вон!» і пачаў мацаць вакол сябе. Нічога не намацаў і зноў заснуў. Ігнаська-воўк асцярожна адгроб ад яго вуголле. Проста, лапай...

...Наўсходзе заружавела. Ігнаська, скінуўшы мокрыя ад расы нагавіцы, накідаў на апошнія вугалёчкі ламачча і чакаў, каб яно разгарэлася. Ламачча дымела, дым выядаў вочы, але гарэць не спяшалася.

«Дзіўная справа, — думаў Ігнаська, — куды ні сяду, мяне паўсюль дым знаходзіць. А Алег дрыхне, і яму нічога, і дым на яго не ідзе...»

Сухія хваёвыя сукі падымелі-падымелі ды і разгарэліся. Полымя нясмела спачатку іх аблізала, а потым шуганула ўверх, прымусіла Алега адпаўзці. Ад Ігнаськавых нагавіцаў, развешаных на двух алешынах, уторкнутых у зямлю, пайшла пара.Рака ціхенька плюхала і звінела хвалямі. Ад яе, як і ад нагавіц, падымаўся лёгкі туманок. Золак працяў Ігнаську, але нягледзячы на холад, страшэнна захацелася спаць. Ён зняў кашулю, трусікі, голы ўвайшоў у раку. Дзіўна! У вадзе было цяплей, чым на паветры. Паплёхаўся, скінуў сон. Полымя скакала па дровах, але было ўжо не такое яркае, як уначы. Ігнаська пакруціўся насупраць, высах, сагрэўся. Апрануўся, потым штурхнуў Алега:

— Пад'ём, рыбак! Пара.

— Яшчэ рана, рана... — замармытаў Алег не расплюшчваючы вачэй. — Яшчэ паспім крыху...

— Хопіць спаць. Вунь, сонца ўжо ўзышло.

Насамрэч сонца яшчэ было не відно з-за лесу. Але ўжо зусім развіднела, магчыма яно там ужо выкацілася.

— Ну я кое сонца? Дзе ты бачыш сонца? — захныкаў Алег. — Толькі што заснуў, усю ноч не спаў. Нейкія сабакі тут швэндаліся. Глянь — харчы нашы не пакралі?

— Ага! Не спаў! Ажно арэшнік тросся — так хроп! Падымайся. Паглядзі на сябе — увесь у попеле! Распранайся і ў раку. Не паверыш — такая цёплая! Як малако.

...Жылка першага жыўца аказалася заблытанай вакол карча. Алег з разгарэўшыміся вачыма Ігнаську не пусціў разблытваць, кінуўся сам. Як быў — у кашулі і нагавіцах. Доўга плюхаўся, ныраў лад корч. Нарэшце вылез з пустой снасцю, сумны: «Нешта вялікае было. Заблытаў аб корч і сарваўся... Відаць, пушчак.» Алег замест «шчупак» кажа «пушчак», яму так зда­ецца весялей.

Другі жывец таксама быў заблытаны, і ў крышталёва празрыстай вадзе хлопцы заўважылі шчупака — стомлена стаяў, упёршыся рылам у падводны корань. Не такі ўжо, каб вельмі вялікі, але здаўся волатам.

Ігнаська памкнуўся было скінуць вопратку — як-ніяк была ягоная чарга лезці ў ваду, ды Алег, уздымаючы фантаны, ужо быў там. Не прайшло і хвіліны, як ён, трыумфуючы, падняў над водою за жылку шчупака з разяўленай пашчай. I ганарова, бы маршал на парадзе, панёс да берага. Алегаў твар свяціўся ад шчасця.

10
{"b":"551300","o":1}