– Прабач, братан. Нічым дапамагчы не магу. Толькі магу сказаць, што табе трэба палячыцца ад п’янкі. Гэта твой апошні шанц. Думай.
– Ды пайшоў ты!.. – сцяўшыся, моцна сказаў Мітук, згроб свае транты і ўзяў білет да Быхава. Але каб не Колька, і сёння б яго даймаў брыгадзір Шарабод: «Давай мінімум, гультай!» Прыехаў той неяк у адпачынак, сустрэў Мітука на возе з віламі, дома за вячэрай, бы між іншым, пацікавіўся: «Дык табе што, пенсіі не хапае, што ў калгас на працу ходзіш?» – «Якой... такой... пенсіі?» – «Дык ты ж на шахце амаль дваццаць гадоў адпахаў... пад зямлёй... у забоі... А трэба –пятнаццаць!» – «Ё-маё! Ё-м...маё! Ну, пачакай, Шарабод! Мінімум яму, ваўкалаку, давай, калі я даўно, аказваецца, на пенсіі! Спасіба, брат, што сказаў, а то я б да шасцідзесяці і петаўся... Спасіба... што, кажаш, я ўжо пяць гадоў, як законны пенсіянер?» – «Акурат так...» – «Ё-маё!»
І вось Мітук шыбуе на пошту атрымліваць пенсію – за апошнія, кажуць, шэсць месяцаў. То і добра, хоць так. Тыя грошы ўжо за чатыры гады з хвосцікам хай будуць дзяржаве. І ёй трэба. Мітуку хопіць. Мітук і так шчаслівы – на сёмым небе. Гэта ж столькі грошай! Калі яшчэ раней ён трымаў у руках пук паперак, без якіх ты... ну хто ты? Мусіць, тэлеграфны слуп, якому нічога не трэба. А яму, Мітуку, ой як трэба! Хто ведае, як баліць раніцай макацёр пасля гарэлкі,-- той зразумее. А пазычыць, каб палячыцца,– дулю хто пазычыць яму. Галаву адвернуць, скрывяцца: «Няма». Рэпутацыя такая. Эх вы, людзі! А цяпер што скажаце, калі перад вамі не абы-які пенсіянер там, а шахцёрскі? Што, цікава, Мітуку скажаце?
Здалёк яшчэ Мітук запрыкмеціў каля пошты крыты грузавік, і сэрца ёкнула: а што калі не прывезлі грошы? Калі не хапіла для яго? Усё можа быць – цяпер час такі ненадзейны. Ён жа тады, Мітук, памрэ – наважыўся сёння даць свята для землякоў, якія чарку паважаюць, навастрыўся і сам добранька горла прамачыць, павяртаць назад, адкладваць хоць на адзін дзень такое мерапрыемства – смерці варта.
Фу-у ты, вось і пошта. Каля ганка было адзінока, паштарская машына ад’ехала і Мітук, папляваўшы ўбок, пацягнуў на сябе дзверы так, нібы яны былі на той свет. Калі пераступіў парог, павесялеў.
– Прывет-салют, Любаша!– павітаўся, шырока ўсміхнуўся бяззубым ротам, але загадчыца аддзялення ніяк не адрэагавала – разбірала сабе скрынкі і розныя скруткі. – Прывет, кажу!
– Прывет,– нехаця адказала Люба.
– Ну... і як там? Кхе-кхе-хе.
– Прывязлі. Поўны мех грошай табе. Прывязлі.
Каб хто бачыў, як ад радасці падскочыў гэты высокі, прыгорблены, худы, ссохлы, бы леташняя трэска, чалавек,– дзіву даўся б: ці ж можна так радавацца старому мужчыне, не дзіця ж? А ён, бачце, крычыць, падскокваючы:
– Ура-а-а! Ура-а-а! Спасіба-а-а-а! Ты не дала мне памерці-і-і!
– Сціхні !–гыркнула Люба.
– Дай і цябе пацалую, золатка! Дай! Замест шахты!– Мітук прадзёрся скрозь гару скрынак і скруткаў, ашчаперыў загадчыцу і ўжо наважыўся чмокнуць тую ў рабую шчаку, калі дзверы адчыніліся і ў пакой ступіў муж Любы – Пецька, вясковы электрык.
Пецька глянуў на Мітука бычыным вокам:
– Адставіць!
– Ах, не атрымалася,– адразу ж здаўся Мітук. – Хацеў, чэсна скажу табе, Пятро, радасць сваю на тваёй жонцы выліць...
– Вылівай сваю радасць на якой другой бабе,– строга сказаў Пецька і замахнуўся на Мітука, але жонка цыкнула на таго, і кулак павіс, дзе і вісеў,– каля кішэні.
Пецька, відаць, і сам успомніў, што Мітук сёння павінен атрымаць мех грошай, таму сказаў, стараючыся ўсміхнуцца:
– Ды я так... Што ж я, па-сапраўднаму ? Не хапала дзяцініцца. Ці нам мала, так, Міця?
– Ага. І я кажу: радасць. Давай, давай, Любаша, варушыся. Газеты твае пачакаюць. Я ж вось пяць гадоў чакаў... ці колькі. Мне ў першую чаргу. Я яе даўно заняў. Пагодзь, Пеця, нікуды не ідзі. Зараз мы зварганім.
– Я яму пап’ю! Я яму!.. Пакажу як піць!..– завялася Люба. – Пасінеў, як падасінавік. І цябе, Мітук, папярэджваю: пачастуеш – атрымаеш у мяне пенсію!..
– Ды не буду, не буду, – не на жарт спалохаўся Мітук. – Што я... не разумею? Гэта ж навошта мне браць грэх? Х-ха-ха-а-а-а! Сказала : не пі – не буду. Пераб’ецца. Пятро, ты не крыўдуй,– Мітук павярнуўся да яго, падміргнуў – каб дарэмна не хваляваўся. – Такое, брат, дзела. Не маю права. Твая жонка для мяне вялікі начальнік, не дасць грошы, што тады? Не, не. Пяць гадочкаў...ці колькі там... чакаў... І вось!..
Наступіла ўрачыстая хвіліна. Люба вываліла на стол з меха, нібы бульбу –падняўшы той за два рагі – процьму грошай.
– І гэта ўсе... мае?– аслупянеў, папярхнуўся Мітук, гледзячы на столік, дзе ляжала горка пераціснутых шпагатам і пазначаных пячаткамі пачкаў. – Гэта ўсё... мне?
– А каму ж!– спакойна сказала Люба.– Хіба ж ёсць яшчэ ў нас які дурань, якому даўно пара на пенсію, а ён праспацца не можа, белага свету з-за гарэлкі не бачыць?
– Не, няма,– пагадзіўся Мітук, па-добраму шчыра ўсміхнуўся. – Але, Любка, заўваж: так я б не змог сабраць грошай, калі б даўно пенсію аформіў, каб Дзень шахцёра для землякоў саарганізаваць. Кеміш?
– Калі так толькі.
– Шпарчэй, золатка, шпарчэй лічы.
– А што гэта людзі кажуць, бытта Верка брыгадзірава колькі разоў да цябе бегала? – хаваючы твар, нясмела мовіла Люба. – Ці няма ім чаго рабіць, людзям?
– Менш слухай. Абідзяць во толькі добрую бабу. Лічы, лічы, а то ў роце засмягла... к-хы.
– Па такому выпадку купіш мне каробку цукерак,– папляваўшы на пальцы, кінула кароткі позірк на Мітука Люба, а тады затрымала яго на сваім мужыку.– А ты ідзі, не мылься. Пачуў, паразіт, пах грошай. Кот шкодны!
– Ды ладна табе,–махнуў рукой на жонку Пецька. – Ніхто рот на чужое не разяўляе. Адпускай чалавека хутчэй.
– Я табе, Любаша, не толькі самых лепшых цукерак куплю, якія ёсць у нашай краме,-- заківаў лахматай галавой Мітук,– а і віна прынясу. У прыдачу. Прынесці?
– Прынясі,– ціха, але з задавальненнем пагадзілася загадчыца пошты.
– Будзе! Будзе! Шахцёры, сама разумееш, слоў на вецер не кідаюць. А... гэта... Пятру дазволіш капнуць грамульку, каб потым у нас з табой эксцэсаў розных не было? Як?– Мітук нецярпліва глядзеў на Любу, якая займалася грашыма, і чакаў, што яна скажа.
– Толькі пры мне,– нарэшце дазволіла.
– Пры табе дык пры табе,– засвяціўся твар у Мітука, ён глянуў на Пецьку, які таксама ўсміхаўся і лізаў сінім языком засмяглыя губы.
Мітук распіхаў грошы па кішэнях, частку засунуў пад сарочку, а што не ўлезла, трымаў у руцэ:
– Чакайце. Я зараз!
Крама і пошта побач, таму Мітук абярнуўся хутка – прынёс, як і абяцаў, загадчыцы каробку цукерак і вялікую пляшку віна, якую тут жа адкаркаваў, забулькаў у пададзеную Пецькам шклянку.
– З цябе, Люба, і пачнём,– кіўнуў ён на поўную шклянку.
Люба зморшчылася:
– Вы што, падурнелі? Што я, столькі вып’ю?
– Пі, дзеўка, колькі хочаш,– адчуў сябе нават крыху ніякавата Мітук. – Твая справа. А цукеркі дамоў нясі. Дзеткам. Карапузікам сваім. А нам закусіць і так добра будзе. Праўда, Пецька?
– А то ж! – крэкнуў Пецька і кульнуў пітво ў рот. – Фу-у! А ёй трохі! Тады хварэе на галаву.
– Ага! – Мітук лінуў у шклянку, падаў Любе.
Люба моўчкі выпіла.
– А я, калі дазволіце, так, – і Мітук, задраўшы дном угару бутэльку, забулькаў у рот, бы ў нейкае бяздонне, і было відаць, як яго твар святлеў, дабрэў, распрамляўся ад лагоды.
– Ты б, Міця, частку грошай у мяне пакінуў, а то згубіш, калі нап’ешся,– параіла Мітуку Люба. – Глядзі. Маё дзела прапанаваць.
– Праўду кажа, – падаў голас Пецька.
Мітук задумаўся, паглядзеў на грошы, што трымаў у руцэ, паляпаў па кішэнях, махнуў:
– Схаваю дома так, што ніякая падла не знойдзе.
– Ён-та не валяецца, – зноў сказаў Пецька. – Будзе носам чэрціць па зямлі, але ідзе.
– Хай сам глядзіць.
У краме Мітук быў на першым плане. Частаваў кожнага, хто заглядваў туды.
– За Дзень шахцёра ! За мой дзень, Міхеевіч! Цётка Лёкса, вазьмі грам шахцёрскага зелля! Не пі дома – ту выпі! Выпі і ты, дзядзька Ахрэм! Не п’е толькі хворы! Частуйцеся-я-я!