Литмир - Электронная Библиотека

Людзі, выпіўшы гарэлкі, весялелі і з крамы не спяшаліся, стаялі купкамі, гаманілі. Пра палітыку, пра новага старшыню калгаса, а больш хвалілі Мітука : бач ты, ён, аказваецца, анціхрыст, пенсіянер па шахце, а ўсе толькі кпілі з яго, п’яніца ды п’яніца. Які п’яніца столькі грошай заробіць? Дзе? А Мітук наш – чалавек заслужаны, калі такую добрую пенсію і так рана яму далі. Не абы-хто Мітук. Ведаць трэба.

Адкуль узяўся гармонік у краме, мала хто прыпомніць, але з ім стала яшчэ весялей – Мітук скакаў з рознымі выкрутасамі, падскокваў і выбрыкваў, зацягваў у танец кожнага, хто трапляўся пад руку. Ды і самі вяскоўцы, падагрэтыя ягоным частаваннем, гэцалі няблага.

– Танцуй, братва-а! – чулася Мітукова. – Сёння Дзень шахцёра! Сёння я выдаю на-гара! Я! Мітук! Што там не дакідаў, дакідаю тудака-а! Га? Смялей жа, смялей шавяліце батонамі, бабы! Мужыкі, а вы чаго загаруніліся? Ці мала выпілі? То давайце дабавім! Ёсць грошы! Капаў глыбока! Не думайце! Ёсць, маць іх за нагу!..

Мітук стомлена тупаў да прылаўка, дзе асалавелымі вачыма лыпаў на яго прадавец Зміцер, бязногі і пакорлівы, кідаў грошы на прылавак:

– Дзве. І цукерак зваж. Адкрывай і кансерву.

– Зразумеў, зразумеў, Міцька. І мне яшчэ капнеш?

– І табе. Гуляй, дзярэўня-я!

Калі пачало вечарэць, Мітук паклыпаў, хістаючыся, да хаты Шарабода. Ён толькі цяпер успомніў, што той не быў на свяце, і палічыў гэта за непарадак, амаль як за абразу. Брама ў брыгадзіра была ўжо на зашчапцы. Мітук загрукаў кулаком.

– Хто там? – пачуў халодны голас Шарабода.

– Свае, адчыняй!

– Што трэба? – незадаволена прабурчэў брыгадзір. – Чаго брындаеш па начах? Ідзі праспіся! П’яны ж!

– А каб цвярозы быў, я б да цябе і не пайшоў!– сказаў Мітук. – Пад дулам не пайшоў бы! Ты хамло! Я табе зараз мінімум аддам, прынёс. Прынёс табе, Шарабод, мінімум. Дык адчыніш ці не? Адчыняй, сказаў! Ну-у! Дзе тут які адбойны малаток?

З-за брамы брыгадзір пагрозліва гаварыў няпрошанаму госцю:

– Па-харошаму, Міця, ідзі спаць. Будзеш ерапеніцца, паклічу ўчастковага.

– Каго-каго?--хехекнуў і перапытаў Мітук. – Участковага? Гэта таго недакурка? Гэта таго аблезлага? Ды я на шахце пенсію ўжо зарабляў, а яго і ў праекце не было. І ты мяне тым недадзеланым палохаеш?

– Ідзі, Міця, ідзі дахаты.

– Пайшоў ты! Дык што, мінімум мой не возьмеш? Адчыняй. Станаві на стол закуску і мы мой мінімум апрыходуем.

На здзіўленне брама прарыпела, і Шарабод дыхнуў у твар Мітуку цеплынёй:

– Праходзь ужо, ад цябе не адвяжашся.

Мітук набухторыў брыгадзіру поўную шклянку – да беражкоў, дыхні – расплешчацца, а сабе трошкі, бо ўжо, відаць, і так не ведае, што рабіў.

– Жлукці мой мінімум!– загадаў Мітук.

Выпілі. Закурылі. Шарабод даканаў бутэльку, можна сказаць, адзін, сядзеў на зэдліку, дакараў сябе, што абяцаў Мітуку абрэзаць пляц і не даць каня.

– Хто ж знаў, ета самае, Міцька! Хто ж ведаў!– казаў ён, хітаючы лысай галавою.– А ты... вось хто ты! Мяне нават абскакаў.

– Абскакаў. І дзелаць нечага. А мог бы табе... а як ты думаў, міраед... і мыцельнік нацерці сёння – за тое, што дакучаў сваім мінімумам і страшыў ЛТП. Ды не буду. Не хачу марацца. Прашчаю.

– Хто ж ведаў-знаў?– адчуваў сябе мулка на зэдліку Шарабод, ёрзаў.—А і добра, што ўсё так кончылася. Цяпер у мяне да цябе прэтэнзіяў аніякіх.

– Яшчэ б!

– Ты вось толькі, Мітук, да Веры маёй больш не чапляйся. Хворая яна. У бальніцу зноў адвёз.

– Перадавай прывет.

– Не чапляйся, Мітук! Пакінь нас у спакоі! У нас жа ўжо ўнукі!

Мітук устаў, узяў на стале кавалак хлеба, запіхнуў у кішэню.

– Куранёнку. Усіх накарміў і напаіў, а пра яго ледзь не забыўся.

– Дык ты чуеш, Мітук? Ці не? Наконт маёй жонкі ты чуеш? – Шарабод пацягнуў яго за рукаў.

– Паслухай, брыгадзір!– хістаючыся, Мітук паківаў непаслухмяным пальцам, ікнуў.– Ёй падабаецца, табе не... Ды разбярыцеся вы ў рэшце рэшт у сваёй сям’і самі. Самі. З вока на вока. Што за сям’я ў вас? Быццам бы інцялягентная. Ёй, значыць, падабаецца, што тады-сяды прыцісне Мітук, а яму, бачыце вы, не. Разбярыцеся. А я – пайшоў. Больш мяне будзіць, Шарабод, не маеш права такога. Шахцёрскі пенсіянер я.

На вуліцы быў цёплы зорны вечар, недзе граў гармонік. Больш Мітук нічога не помніць – быццам праваліўся некуды. Прачнуўся ён назаўтра раніцай і доўга не мог зразумець, дзе знаходзіцца. На лбе намацаў гузак. Цікаў гадзіннік. Куранёнак латашыў хлеб. А грошай не было. Нават дробязі. Мітук сцяўся ад болю ў галаве і целе, паднёс да рота слоік з вадой і піў доўга, не адчуваючы ніякага смаку.

СЛЯПЫ І ВІДУШЧЫ

Футарал для гармоніка шыў сам Якут. З меха. Нічога больш вартага пад руку не падвярнулася, а час не трываў: хопіць, паклявалі носам на лаўцы, склаўшы рукі, пара і грошы зарабляць, не змылкі. Тым больш, сітуацыя такая: кожны, хто трохі варухнецца, глядзіш, і нешта мае. У кішэні.

– Так што, Мітрафан, рыхтуйся! – паляпаў па плячы значна старэйшага і яшчэ больш няшчаснага за сябе земляка п’яніца і абібок Якут, які прывёз з далёкай поўначы не капітал, а мянушку. – Ты сляпы – табе і карты, як говараць, у рукі. Будзем зарабляць. Грошы! Заўтра першым аўтобусам у горад, Рыхцер. Каля базару, дзе самая таўкатня, я цябе і пасаджу, а шапку, як і належыць... Ёсць шапка? Аблавушка? Самая зацёртая? Яшчэ лепш, каб яе мышы патачылі.

– Знайду,– пакорліва ківаў Мітрафан, а потым зноў нацэльваў свае невідушчыя вочы міма Якута і, здаецца, міма жыцця.

– Памагу знайсці, – абяцаў Якут. – Памагу. Для такой справы і новую можна шапку знявечыць, пажаваць, пагрызці... Як у ціатры. Сам жа буду я воддаль стаяць, пільнаваць, каб хто цябе не аб’ягорыў... не змахнуў, бы карова языком; набытак. Худа-бедна, а выпіць за што будзе. Нашкрабём. Не можа быць, каб не накідалі. Дурняў на наш век хопіць. Гэта я не гучна гавару? Не падслухае мяне якая падла? -- Якут павярцеў галавой па баках, лахматай, абыякавай,падобнай на пук даўняга лёну, які недзе валяўся на гарышчы да лепшагу часу. – На твае вочы, Мітрафан, глянеш – і сам кінуў бы ў шапку, каб было што. Прабач, няма. Але будуць, будуць дзяржзнакі, па нырках ім!.. Футарал, хоць і не скураны, з мехавіны, але гармонік з яго не вылузнецца. Крэпкі. Гузік вось... Шкада, ты не бачыш... Прыгожы гузік. І вялікі. Як стары куфар. З выкрутасамі. З матчынага паліто зняў і па цэнтры футарала прышпандорыў. Зашпільваецца. Давай, давай руку... Памацай. Як, га? Спадабаўся гузік? А матузы, ці рамяні, каб за спіной вісела музыка і не боўталася, а то і растрэсціся можа, чаго добрага, з цяг калгасных сфурычыў... Ад збруі. Падцяжкі, ці як іх... Хочаш памацаць?

– Бабу каб – памацаў бы, – тонка фыркнуў Мітрафан, пракаўтнуў сліну і забоўтаў босай, парэпанай нагой. – Ты,Якут, павінен табе сказаць, багата гаворыш. Менш гавары. Я што, дрэва, што мяне трэба стругаць і стругаць? Дык не ж!..

Якут вытрымаў незапланаваную паўзу:

– Ды ты, кораш, не хвалюйся: я цябе, як важную птушку, буду за руку весці, і гармонік панясу, толькі перад самым канцом, каля дрэва, на цябе надзену... Каб не здагадаліся, што на пару працуем. Так больш гарантыі. Канспірацыя.

Мітрафан, крыху здрыгануўшыся, прашаптаў:

– Мне каб, як на фронце перад боем, сваю законную парцуху – для храбрасці, га? Сотку каб. Калоціць.

– Ну ты даеш! Ну ты!.. На білет хоць бы нашкрэбсці. Табе добра – бясплатна, а я галяк – без аніводнага зайца ў кішэні. Пайду прасіць... Клянчыць пайду... Хоць, адчуваю, ніхто не адшпіліць. Рызыкну. Няхай яшчэ раз плюнуць мне ў морду. А што рабіць? Іншага выйсця няма. Бо заробім, створым свой фонд... І табе будзем пакідаць на раніцу кроплю якую.

– Ты пакінеш,– прабурчэў Мітрафан, спакваля ўзняўся, намацаў слясак на браме, і па ягоным голасе, і па руках няцяжка было вызначыць, што сляпы музыкант не надта мкне ў той горад з крыху авантурнай і дзікаватай для яго місіяй.

36
{"b":"549415","o":1}