Литмир - Электронная Библиотека

– Я не супраць.

– Дамовіліся.

Аднак планы ўчастковага разбурыў дырэктар Саксонаў, які страчаў аўтобус на прыпынку. Участковы гэта адразу зразумеў, і, набліжаючыся на таго, не хаваў радасці:

– Гэта я табе, Паўлавіч, прывёз настаўніка. Паглядзі, які мацак. Да таго месца, адкуль ногі пачынаюцца, жардзінай не дастанеш. Прымай, Паўлавіч! Сустракай!

Саксонаў падаў Шэпелеву руку, яны паціснулі адзін аднаму далоні.

– Чакаю, чакаю,– на твары дырэктара пазначылася шырокая ўсмешка.–Не помню ўжо, колькі гадоў. Але – багата. Так што – прашу да мяне. І вы таксама, Ягоравіч.

– Да цябе дык да цябе,– сумеўся спярша участковы, але ход падзей яго, падалося, задаволіў цалкам.– Каб і не запрасіў, Паўлавіч, скажу табе шчыра, то я ўсё роўна пацёгся б да Суклеты ці, дакладней сказаць, да цябе. Пасля гораду мне карціць заўсёды пасядзець сярод разумных людзей. Так што ганарыцеся і бойцеся. Я ваш раб на сёння. Дык што, патупалі?

– Патупалі,– кіўнуў дырэктар і зашоргаў сандалетамі па гравійцы.

Участковы ўсю дарогу сыпаў слоўцамі, а малады настаўнік толькі слухаў: разумеў, што пакуль яму тут рана шырока разяўляць рот.

Каб чаго не падумалі.

3

У той жа дзень увесь Хутар вырашаў стратэгічную задачу – дзе будзе жыць новы настаўнік. У апошні час жыллё не будуецца, а ў тым, што для настаўнікаў некалі згарбузавалі падрадным метадам, не ўціснуцца. Дзед Цыганок (ён некалі , калі малым быў, прычапіўся да табару, што стаяў на поплаве перад вёскай, што ледзь бацька выманіў яго адтуль, таму і пайшло – Цыганок ды Цыганок, ён трохі і падобны на цыгана—такі ж чорны), выклаў у мясцовай краме сваю версію:

– Дзілектар змарозіў тут, што кварцеру аддаў. Дурань, хоць і граматны. Раскідон. Скажы каму – не павераць. А так ён бы жыў у сябе, як і жыў, а ў Суклеты хлапцу-настаўніку было б зручна. І школа блізка, і Суклета ўжо без гэтых кварцірантаў, гавораць, жыць не можа. Цягне яе, бачце, да разумных людзей – і ўсё тут. Яна з імі агульную мову знаходзіць. Ну, калі б, да прыкладу, я прыхінуў да сябе кварціранта? Пра што я б з ім баіў? Прывёў чалавека ў хату –пагаварыць жа трэба, а ў мяне вузкая спецыялізацыя – вясковая, ад баразны і плуга дакумент. А Суклета ўмее-е-е, яна спецыяліст па настаўніках шырокага профілю.

З Цыганком пагадзіліся ўсе, хто быў у краме. У Суклеты было б настаўніку добра. Але ж там – занята, там жыве сёння самы галоўны настаўнік. Так што ад варот паварот. Нехта з мужчын кіўнуў на крамніцу Лізку:

– Узяла б хлапца сабе. Нічогі! Прыгожы-ы!

Крамніца Лізка хмыкнула, страсаючы цукар з саўка ў цалафанавы пакет:

– Вельмі я яму трэба з хвастом!

Хвост у Лізкі сапраўды маеццца – двое дзетак ажно, а муж недзе сабакам сена косіць. Калі не прапаў зусім. Як паехаў па доўгі рубель гадоў колькі назад, то не слыху, ні духу. Напарнік, Колька Шалапут, які з ім быў у Маскве на заробках, кажуць, быццам перадаў Лізцы, каб не чакала. «Ён з армянамі палаяўся, тыя вывелі яго з вагончыка, і больш Хлебарэза (у арміі рэзаў на кухні хлеб на ўвесь полк) ніхто не бачыў...» Мо і праўду гаварыў? Але ж п’яны быў Колька, як цюцька, калі балаболіў. Ці мала пад градусам чаго можна нагаварыць? А цвярозы не бывае. Не падкаравуліць.

Землякі зразумелі, што Лізка ім тым хвастом заткнула раты, таму зачахлі на нейкі момант, пра соль ды хлеб пагаманілі, а тады ўсё ж вярнуліся да ранейшага—ну калі хвалюе іх, людзей, дзе жыць будзе чалавек. Не пад голым жа небам. Не на дварэ ж.

– Павёў да сябе дзілектар,– сказаў, перакульваючыся, бы качка, з адной нагі на другую, стары Цыганок. – Не прагоніць. А там самі разбяруцца. І ўчастковы там. Баравы можа да любога з нас прывезці і загадаць: настаўнік будзе жыць там, дзе я сказаў! І што ты яму зробіш? У вочы плюнеш? Глядзі, каб самому безікі не заляпіта тым, чым пляваў. А? Ці няпраўду кажу?

У Хутары ведалі, што Цыганок гаворыць заўсёды толькі праўду, нават калі і хлусіць, таму пагадзіліся адзінадушна: а што ж яшчэ, калі не яе, матухну?

Неўзабаве крама апусцела, толькі адна Лізка падфарбоўвалася перад люстэркам.

На ўсякі выпадак.

4

Выпілі па чарцы. Прыгубіла крышачку і Суклета – больш за кампанію, яна заўсёды так рабіла: не адмаўляецца, калі запрашаюць да стала, ёй галоўнае пасядзець і паслухаць, а паколькі старая і сапраўды ўжывала толькі «адзін грам», то яна была жаданым госцем за сталом. І да таго ж заўсёды шчодрым – у яе і капустачка і агурочак знойдуцца да прынесенай кватарантам ці ягоным спадарожнікам каўбаскі або кансервы.

Закусваючы, участковы нахвальваў перш-наперш дырэктара школы Саксонава, потым старшыню сельсавета Ахрэмчыка, абмінуў старшыню калгаса Каляду, бо той у апошні час зусім адбіўся ад рук: задраў нос, нуль увагі на прадстаўніка ўлады. Не помніць ужо ўчастковы, калі ласаваўся калгаснай свежыной. Не даражыць сяброўствам, не даражыць. Быць не можа , каб калі-небудзь не спатрэбіўся яму Баравы. «Тады заспяваеш у мяне Лазара!» – прыгадаў ён сваю любімую пагаворку, аднак услых не асмеліўся яе агучваць. Услых участковы сказаў наступнае:

– Трымайся мяне і вось яго, Саксонава. Я правільна гавару, дырэктар?

–Усё, як кажуць, у кропку,– кіўнуў той і праглынуў скрылёк сала.

– Я абы- чаго не гутару. Рыбак? Паляўнічы?

Шэпелеў пакруціў галавой: і не рыбак, і не паляўнічы.

– Навучым. Адукуем. Прасцей простага. А даруй, настаўнік, што ты можаш? Тваё, так бы сказаць, хобі? Ну, вучыць дзяцей. Раз. А што ў нас на два ў меню?

Малады настаўнік не зводзіў вачэй з участковага, і хоць Суклета заўважыла участковаму: «Чаго ты прычапіўся да хлапца, Ягоравіч?», той махнуў у яе бок рукой, не зважаючы на словы, падрыхтаваўся пачуць: давай, кажы, натапырвай розум. Шэпелеў успомніў пра кантэйнер з яйкамі, які выглядваў з поліэтыленавага пакета ўчастковага ў аўтобусе і папрасіў дазволу нешта там узяць.

– Калі ласка! У чым справа?– дазволіў участковы.

Шэпелаў узяў у кантэйнеры яйка, пастараўся зрабіць гэта так, каб ніхто не заўважыў, што ён там узяў, вокамгненна схаваў яйка ў кішэні і паказаў усім рукі:

– Нічога няма?

– Няма,– за ўсіх адказаў участковы.

– А зараз? – і ў руцэ настаўнік трымаў яйка, і дастаў ён яго аднекуль з-пад пахі так хуценька і спрытна , што ніхто і вокам не паспеў міргнуць.

– Паўтары!– загадаў участковы. – Прашляпіў. Буду больш уважлівым. Ну, ну. Цікава. Адкуль ты яго узяў? І вы, грамадзяне, сачыце. Суклета, чуеш? Паўлавіч! Так, глядзім!

Настаўнік зноў выцягнуў яйка. Участковы лыпаў вачыма, шукаў спагады ў дырэктара і старой, але і яны разводзілі рукамі: нічога не зразумелі і прасілі паўтарыць. Ён паўтарыў разоў колькі фокус, але так спрытна маніпуліраваў рукамі і целам, што зноў ніхто нічога не зразумеў. А Суклета папытала:

– Сынок! Сынок, дык табе ж цаны няма! Ты хоць гэта разумееш? У мяне ж ужо і куры павыводзіліся, то і не буду зоводзіць: мяса я не ем, з маімі зубамі толькі кашу маннную добра жаваць, а яек і ты можаш нарабіць. Прыходзь хоць кожны дзень... і шпурляй яйкі. Я не скнара, мне багата не трэба – дзесяць адразу зможаш зрабіць? Мне тады надоўга хопіць.

Шэпелеў рассмяяўся і нічога не адказаў.

– А вось яшчэ адзін фокус,– паглядзеў настаўнік на вяскоўцаў.

– Ну, ну,– участковы падсеў бліжэй да фокусніка. – Пачынай.

– Пачынаю. У мяне, як вы бачыце, нічога ў руках няма. Так?

– Не сляпыя,– зноў адказаў за ўсіх участковы.

–А зараз?– пасля таго, як павадзіў Шэпелеў па пінжаку, дзе ў яго быў рад вялікіх гузікаў, паказаў металічны рубель.

– Паўтары!

– Калі ласка!– І настаўнік неўзабаве зноў трымаў на далоні рубель.

Як? Адкуль? Усяго, здаецца, пабачылі гэтыя людзі , а вось такіх фокусаў – не, не даводзілася. Калі толькі па тэлевізары. Дык то ж – па тэлевізары, там і абдурыць могуць. А ён жа , фокуснік, вось тут, побач з табой за сталом, з адной бутэлькі горкія кроплі п’юць, з адной талеркі скрылікі сала і агурочкаў нанізваюць на відэлец. І, глядзі ты, не прызнаецца, не выдае сакрэтаў! Асабліва распаліўся участковы, ён аніяк не мог змірыцца з тым, мабыць, што нейкі зялёны настаўнік, смаркач, круціць перад ягоным носам фокусы, а ён, як дурань, толькі лыпае вачыма. Нават падумаў, што як учасковы ён – нуль, слабак слабаком, і праўду ,мусіць, гаварыў адзін яго знаёмы міліцыянер: «Бяруць дурняў на работу, а патрабуюць, як з разумных».

2
{"b":"549415","o":1}