Литмир - Электронная Библиотека

Арынавіч, які ішоў ззаду за Марыяй, шапнуў:

– Амерыканец, Амерыканец.

– Зразумела. Марыя.

– Чапуха!

– А я Чапушыха!

– Так, так: Чапуха і Чапушыха,– зноў дазволіў сказаць сабе Арынавіч.

– Марыя,– жанчына падала руку Слесару.

– Слесар,– усміхнуўся Слесар і паказаў на жонку. – А гэта мая Клаўдзія Сцяпанаўна. Палавіна, так сказаць.

– Вельмі прыемна,– Марыя затрымала на Клаўцы доўгі і зацікаўлены позірк, а руку не падала.

Пакуль Марыя і Груня знаёміліся, Кіпцік паспеў шапнуць Амерыканцу:

– Цаца! Як бусліва ходзіць па балоце. Доўга яна тут не патупае. Не тая глеба. Бачылі і не такіх...

Амерыканец кіўнуў: а я ж хіба не пра тое?

– Ну, і як вам мая жонка – спадабалася? – абвёў зацікаўленым і шчаслівым позіркам усіх сваіх землякоў Арынавіч. – Га?

– Чапу...– толькі гэта і паспеў сказаць Чапуха, але своечасова апомніўся і спытаў мякка і памяркоўна. – Гэта што там, на курорце, усім баб даюць?

– Усім, дзядзька Чапуха, усім!– пацвердзіў Арынавіч.

– Тады трэба ехаць,– засмяяўся Чапуха.

І адразу ж атрымаў па карку. Ад Чапушыхі.

– А што?– увабраў галаву ў плечы Чапуха. – І з’езджу. Ды чапуха-а!

– Едзь, але можаш зусім не вяртацца, – хмыкнула Чапушыха і лёгенька адштурхнула ад сябе Чапуху.

– От смала з дзёгцем!– хехекнуў Чапуха і ўшчыкнуў жонку. – Пажартаваць нельга,га ! Куды мне ўжо, Чапусе, на той курорт? Там у цане, бачу, такія вось арлы, як Мішка Арынавіч. Ці не так?

– Так, дзядзька, так,– пагадзіўся Арынавіч і мякка апусціўся на лаўку. –Думаў, адзін буду век дажываць. Думаў, не буду жаніцца, бо нікога не мог палюбіць... па-сапраўднаму, так, каб сэрца прыняло. А вось і сустрэліся... Дзякуй курорту!– Арынавіч ухапіў Марыю за руку, якая падвярнулася якраз, прыцягнуў да сябе, моцна і соладка пацалаваў пад воплескі землякоў і іх ухвальны гул. – І што самае цікавае, землякі, пялёнак не трэба купляць.

– Міша!– абурылася Марыя, сарамліва апусціла галаву.

Арынавіч узняўся, зноў прыгарнуў Марыю да сябе:

– Ты ведаеш, галуба, куды прыехала?

– У вёску... – няпэўна прамовіла жанчына.

– Правільна! Таму давай станавіся на цэнтр двара, Марыя, не саромейся, тут у нас усе свае, і расказвай, і апавядай. Пра сябе. Пра сваё жыццё. Начысціню. Праўду гавары. Колькі разоў замужам была... І так далей. Каб людзі не дадумвалі, у здагадках не плавалі – хто ты, адкуль. А то так дадумаюць, што ў рай не прапусцяць. Га?

Кіпцік жа, пакуль гаварыў Арынавіч, торкаў угору руку, а калі ўтварылася паўза, нясмела падаў голас:

– А можа б... а можа б ты нас спярша выслухаў, Мішка?

Амерыканец тузануў Кіпціка за рукаў: ша, не лезь на ражон, бачыш, яму не да нас. Яшчэ больш катэгарычным быў Арынавіч:

– Слухаем толькі Марыю,– і ён вывеў жонку на цэнтр двара, пакінуў там яе адну.

Жанчына, сарамліва, вінавата ўсміхаючыся – маўляў, ну і Мішка, ну і артыст, блазан, ціха ўсё ж прамовіла:

– А што мне вам сказаць, людзі? Будзем жыць цяпер разам. Мішку я пакахала. З першага, як кажуць, погляду. Добры ён, Мішка. Ласкавы. Уважлівы. І ў каханні палкі. Я не першы раз замужам... Другі. Ад першага шлюбу ў мяне дачка. Клаўка.

– Цяпер у нас ужо тры Клаўкі будзе! – засмяялася Груня.

Амерыканец шаптаў Кіпціку:

– А ты гаварыў – цаца. Наша яна баба. Наша.

– Дачка ж хоць вялікая?– падала голас і Чапушыха.

– Восьмы клас закончыла,– прыветна ўсміхнулася Чапушысе Марыя. – У спартыўным лагеры пакуль. Сама я з райцэнтра. З нашага райцэнтра.

– І трэба было на той курорт у Крым ехаць, каб сваю ж бабу адтуль прывезці?– зарагатаў Чапуха. – Адным словам – чапуха, жыць будзем, землякі!

– Запрашай, Марыя, гасцей у хату!– распарадзіўся шчаслівы Арынавіч.

– Шкада, што матка яго, Арына, не дажыла да гэтага часу,– праслязілася Чапушыха. – Добра было б ёй, Арыне. А так нам гэтае шчасце дасталося...

Марыя запрасіла гасцей у хату, а потым спахапілася:

– Ой, Мішка, ды я і сама яшчэ не была ў тваёй хаце. Можа, туды і гасцей сорамна запрашаць?

Кіпцік мітусіўся перад Марыяй, біў сябе ў грудзі:

– Там – парадак! Ажур! Чысціня! Вядзі і не бойся, маладзіца! Я ж даглядаў вашае гняздзечка! Я ж!..

Арынавіч падхапіў Марыю на рукі, галёкаючы:

– Будзеш! Будзеш! Будзеш, Марыя, у маёй хаце!

За імі зайшлі і ўсе астатнія. Акрамя Клаўкі. Яна – трэба было бачыць!– зняла з нагі чаравік, бразнула яго вобзем, а тады ўсміхнулася, хоць і ўсмешка ёй далася нялёгка, скрыжавала рукі на грудзях, звярнулася да гэтага вось двара, да паркана, да людзей, што не чулі яе, да ўсёй, здавалася, вёскі:

– Даруйце мне, людзі... Дзядзька Кіпцік, даруй мне... За курэй... За сабаку Швагра... за вокны... Гэта ўсё я... я... Я ж кахала Мішку, а ён, мабыць, не заўважаў... Хм! І білецікі прадаваць пабегла, дурніца!.. А чым мой Слесар горшы? І праўда? Нічым! А яшчэ, можа, і лепшы! Калі ўбачыла, што Мішка прэцца з бабай нейкай, ледзьве не расплакалася. А цяпер вось смяяцца хочацца. Ад радасці. Даўно б Мішку жаніцца пара... даўно б. Тады і не падманвала б сябе, што кахаю яго. А куры ў мяне па двары ходзяць. Ды як падраслі... два вядры яек нанеслі. І Сабака Швагер жывы. Дзіўныя мы ўсё ж, жанчыны... Даказаць хацелася... Адпомсціць... А што з гэтага атрымалася? Бачыце ж! Толькі вось шыбак шкада. Нічога, наступны раз, калі Мішка з Марыяй паедуць на курорт, я сама папрашуся прыглядаць за іх хатай... за курамі... за Шваграм. Хіба мужыкі здагадаюцца , чаго іншы раз хочам мы, жанчыны? Ніколі!

Клаўка пабегла ў хату, дзе ўжо расцягваў мяхі гармоніка яе Слесар і рагатаў Чапуха.

За стол не пойдзем. Няхай яны там без нас весяляцца. Не будзем перашкаджаць. Чую, як Кіпцік нарэшце ўсю сваю энергію, страсць, бяду і радасць уклаў у адно слова:

– Горка-а-а!

Чым і паставіў кропку ў гэтай вясёлай гісторыі.

1984, 1998 г.г.

Апавяданні

РАБ ЧМЯЛЯ

Антон Падканаўскi папрасiў сваiх хатнiх, каб яму перш-наперш прынеслi ў бальнiчную палату пушачку, што ляжыць у самым канцы шафкi стала. Там – чмель. «Патрымаць яго хочацца, у вочы яму, д’яблу, глянуць». Спярша ён, чмель, ляжаў у белай старэнькай матчынай хустцы, быццам похапкам завязанай на лёгенькi вузельчык...

Прабач, чмель, у цябе лёс такi... Прабач...

Было гэта яшчэ задоўга да вайны, калi Падканаўскi пражыў на гэтым свеце ўсяго нiчога. Потым, калi ён пачаў курыць, успомнiў пра чмяля i запiхнуў яго, сухога, лёгенькага i ўсё яшчэ па-ранейшаму прыгожага – з жоўтымi падпалiнамi пад крылцамi – у карабок з-пад запалак: ляжы тут, шаноўны. Яшчэ пазней, калi ў вясковую краму завезлi лампасье ў бляшанках, то, апаражнiўшы iх, дзецi шамацелi медзякамi i iншай дробнай рэштай, а дарослыя прысобiлi тыя бляшанкi, цi падушачкi, як называлi iх некаторыя, пад самасад, нiткi, iголкi i гузiкi. Антон тады ўжо рабiў у калгасе, пераклаў у адну з iх усё таго чмяля: а цяпер паляжы тут... тут табе больш прасторна.

Пакуль жыла мама, чмель увесь час ляжаў у адным месцы – у сундуку, дзе была спрасавана вопратка i розныя прасцiрадлы. Мамы даўно няма, невядома куды падзеўся i сундук, аднак Антон Падканаўскi, невысокага росту i шчуплы дзядок, добра помнiць, як яна, загнаўшы чмяля ў куточак ваконнай рамы, радавалася: «Трымай яго!.. Лавi!.. Ага, папаўся, тут!..». А тады, завязаўшы чмяля ў белую старэнькую хустачку, шчаслiва ўсмiхаючыся, гаварыла сыну: «Запомнi, Антон: калi першага чмяля, што ўвесну заляцiць, засушыць i трымаць усё жыццё ў хаце, то шчасце не абмiне цябе, будзеш багатым i шчаслiвым. На, сам схавай гэты вузельчык. Ён твой...».

Тады ж, як толькi хлопчык заснуў, яму прыснiўся сон: быццам трапiў ён у чмялiнае царства. Рудавата-жоўтыя чмялi безупынна i назойлiва гулi ў садах i на падворках, цяжка, натруджана, нiбы перагружаныя ўласнай вагой цi ежай, лёталi над галовамi людзей i хатнiх жывёлiн, над усёй зялёна-мройнай зямлёй. Велiчна i ўладарна, як гаспадары.

27
{"b":"549415","o":1}