Литмир - Электронная Библиотека

Якраз у той час над вёскай з’явiлiся бамбардзiроўшчыкi: спярша варожыя, потым – нашыя. З’явiлiся – i знiклi. А чмялi засталiся. I хто-нiхто з вяскоўцаў падумаў, што чмялi гэтыя, каб iм тлумна зрабiлася, наклiкалi бяду. Нiколi ж раней столькi iх не было, а тут як з сяўнi хто насыпаў, ды шырока размахнуўся – вунь iх, паразiтаў, колькi!.. Хоць ты загадай дзятве, каб тыя палавiлi iх ды знiшчылi. Толькi цi справяцца ж? Процьма iх, процьма!..

Бацька Аўгей сказаў:

– Няпрошаныя яны, таму трэба iх знiшчаць. А то, бач ты, пераўтварылiся ў самалёты... Паставiць на сваё месца iх трэба...

I вухнула першая бомба!..

На гэтым месцы i прачнуўся малы Антон. Аднак ён добра помнiў, што прачнуўся пасля таго, як пагрозлiва выгукнуў у бок таты: «Свайго чмяля я не дам знiшчаць!».

Чмяля, як i прасiў, Падканаўскаму прынеслi. Паставiлi пушачку на вечка тумбачкi, трохi пагаманiлi ды й пайшлi: спраў, кажуць, дома багата. Некалi. А стары ляжаў на спiне, талопiў вочы ў столь i збiраўся ўстаць, а як зрабiць гэта — не ведаў зусiм: у апошнi час сiлы амаль пакiнулi яго, цела зрабiлася непаслухмяным, перастаў хадзiць нават у сталоўку. Ежу прыносяць у палату.

А сёння яму край трэба ўстаць. Нядзеля, усе лёгка хворыя i гарадскiя адпрасiлiся дамоў, i ён адзiн у палаце. Самы час пагаварыць з чмялём адзiн на адзiн.

I Падканаўскi прыўзнiмаецца, прыўзнiмаецца... моршчыцца ад болю... Мацюгнуўся нат, хаця ў гэтым плане ён чалавек вытрыманы. Мацюгнуўся i, абапершыся на локаць, перакулiўся на бок, звесiў ногi... Як нi сiлiўся, аднак стаць на iх не атрымалася: добра, рашыў, будзе i так. Сядзець – не ляжаць.

– Ну, дзе ты, чмель? – дрыжачай рукой Падканаўскi ўзяў пушачку, расчынiў, дрыготкiмi пальцамi разгарнуў паперку, у якой быў сухi – страшна падумаць, як толькi збярогся! – чмель: без паперкi ён бы, вядома, распаўся на пыл, коўзаючыся ў металiчнай схованцы. – Гэта я, Антон. З-пад Канавы. Пазнаў? Не прыкiдвайся, што не... Усё ты ведаеш, усё ты помнiш... Бо – святы... А цяпер паслухай мяне, пагаварыць з табой мушу! – Даўкi камяк, што падступiўся к горлу, ён нiяк не мог праглынуць, таму ўтварылася паўза; заадно выцер i вiльгаць на вачах: – Так сказаць!... Нешта ты, чмель, не выканаў свайго прызначэння... Не, ты не падумай, што я цалкам паклаўся на цябе: чмель мне грошай заробiць i кашы нагатуе, прымець у парцiю i цяпер вось пакладзе пенсiю, каб я мог не толькi крэкнуць-кашлянуць. Каб жа! Стараўся жыць, высiльваўся, спадзеючыся i на цябе ж, вядома, а атрымаўся з усяго гэтага круглы пшык, сказаць па праўдзе. Ты паглядзi, паглядзi на мяне, на каго я падобны?.. А пачыналася ж усё так хораша... Вiдаць, там i ты падмог... А пазней не дужа стараўся, капрызiў. Што факт, тое факт. Як бы там нi было, а на цябе я моцна пакрыўджаны, чмель. Моцна-а!.. Не апраўдаў ты матчыных надзей, дарэмна яна тады злавiла цябе, а я насiўся з карабкамi-пушачкамi, як з пiсанай торбай, i ўсё жыццё, дай памяць, быў тваiм рабом. Дарэмна. I ў армiю браў, нат да яфрэйтара не даслужыўся, а вось гаўптвахту не мiнуў...

Нехта адчынiў дзверы ў палату i тут жа хуценька iх прычынiў. Той нехта, пэўна ж, ведаў, што ў пакойчыку павiнен быць толькi адзiн чалавек – хворы Падканаўскi – i быццам яму няма з кiм размаўляць, а ён, гляньце, разахвоцiўся – гамонiць i гамонiць без супыну. А калi той нехта ўбачыў у пакоi аднаго старога, хуценька i прычынiў дзверы: з iм усё зразумела!.. Сядзiць i гамонiць сам з сабой. У яго гады бывае. Лепш не чапаць!..

Падканаўскi ж апавядаў далей чмялю пра сваё жыццё, заблытанае i няпростае. Сцежкi-дарожкi былi пройдзены-праеханы зусiм не так, як бачылася i хацелася б, i ў тых прарэхах, на думку старога, быў павiнен i чмель. Ушчуваў i спавядаўся перад чмялём, таму што больш не было перад кiм. А яму так хацелася гэтага! I, мабыць, тут спалучылiся, злiлiся ў адно два жаданнi.

– А тады ж, адразу пасля вайны, калi з яе пачалi прыходзiць, пiлi за перамогу, i мне налiлi ў карэц. Пракаўтнуў, i так спадабалася, i так палюбiў я гэтае дзела!.. Але ж я не ведаў, што мне зусiм пiць нельга... Гэны, iцi iх маць!.. У дзеда ўдаўся, а ён таксама супрацiўлення алкаголю не меў... i ў мяне такi арганiзм – без педалёў на тормаз: трапiла кропля ў рот – яшчэ давай, яшчэ... пакуль ноч не наступiць. Спаў i снiў толькi гарэлку... Нi баб, як некаторыя, а гарэлку... Яна i стала маёй бядой. Тым часам шлюбам з суседкай, Вольгай, пабраўся, яна ўжо вывучылася на настаўнiцу, у Абiдачах дзетак вучыла. Сышлiся, пачалi жыць. А тады я грошы ў яе ўкраў, каб выпiць, яна агледзела i сказала, каб убiраўся... А ўжо сынок быў у нас, Васька... брат мой на фронце загiнуў, пад Ленiнградам, то каб помнiць яго... у гонар брата назвалi... Вось так, чмель!.. А ты кажаш!.. Да бабкi ў Зiмнiцу мяне матка звадзiла, пасля яе шаптання пайшла светлая паласа: на шафёра вывучыўся, палутарку далi... у асноўным салому звозiў з поля i за хлебам ездзiў у Журавiчы... i Ваську браў iншы раз з сабой... Ён дужа крошкi хлебныя любiў падбiраць, што заставалiся ў кузаве на блясе. Саграбе iх у кучку, i ў рот, i ў рот... А сам смяецца, ты б пабачыў!.. Тут Вольга малайчына: i са старымi маiмi, i са мной добра вяла сябе... як нiчога i не адбылося... А тады бяда ў мяне здарылася: пасадзiлi. На сем год. Кола для калгаснай палутаркi я перакiнуў у тых жа Журавiчах, каля хлебнага завода, з чужой машыны ў сваю... Так хацелася мне, каб мелася ў мяне запасное кола!... А што атрымалася? Пасадзiлi... Судзiлi ў Журавiчах. Вольга Ваську на суд прывяла, а калi мяне ў «варанок» вялi, сынок плакаў – шкадаваў... родная ж кроў, што не кажы. Так памерла апошняя надзея зноў сысцiся з Вольгай, а я любiў яе, хоць яна была i з рабацiннем на твары... А для мяне самая прыгожая: вочы гарэлi, як у цыганкi. I душа добрая. Як адчуваў, так i атрымалася: Вольга замуж выйшла – за настаўнiка, якога прыслалi ў школу. Без рукi быў, праўда, але ж i ў яе Васька... Баланс. З турмы вярнуўся раней, трапiў пад амнiстыю, збiраўся ехаць куды ў шахты, аднак Васька не адпусцiў: адзiнае светлае, што ў мяне мелася на той час – хоць i на адлегласцi... Так хоць калi ўбачу яго, на каленi пасаджу... Цяжка мне было тады, ох i цяжка!.. Завёў новую сям’ю – жыць не атрымалася, падала на развод баба, адсудзiла гумно ў бацькi... Таму я, калi i жанiўся, больш не распiваўся. А жанiўся часта. Пакуль Марусю не стрэў, тая нарадзiла мне дзвюх дачок i сына... Пайшлi дзецi i ў Вольгi... Тут такая катавасiя, братка чмель, атрымалася... Ваську запiсалi ў школе на Трафiмава прозвiшча, новага, значыць, мужа... Настаўнiкi ж: хацелi – i запiсалi... А калi сын школу заканчваў, восем класаў, i яму трэба было выпiсваць атэстат, то кiнулiся: ён жа, Васька, на маё прозвiшча запiсаны... без маёй згоды не могуць памяняць прозвiшча... Яму няма шаснаццацi... I да мяне, значыць: напiшы, Антон, што не супраць. Так Ваську лепей будзе – ты ж сядзеў... Праклятая гарэлка, праклятае кола!.. Ну, калi толькi дзеля Васькi. Здаўся, хоць спярша i натапырваўся: нiзашто!... А Васька потым стаў пiсьменнiкам, яго часта па радыё чытаюць, а калi аб’яўляюць, то называюць ягонае прозвiшча, а я-то ведаю, якое яно ў яго сапраўднае... I хоць плач мне, шчыра скажу... Магло б праславiцца наша прозвiшча, Падканаўскiя мы, а праславiлася iншае, i калi перадаюць, што Васька нарадзiўся ў нашай вёсцы, то багата хто, асаблiва з суседнiх вёсак, нiчога не могуць зразумець: там жа, у Гуце, такiх i прозвiшчаў няма быццам. Адкуль там узяўся пiсьменнiк?.. Ад каго ён там нарадзiўся?..

Адхiлiўся я. Прабач, чмель. Пра дзяцей. Я пачаў сваiх дзяцей называць такiмi iмёнамi, якiмi называла сваiх i Вольга. Па дзецях, праўда, яна мяне перагнала, бо ў яе адразу двойня нарадзiлася. Ну i дзякаваць Богу!..

Капiталу, чмель, як ты ведаеш, я не нажыў. I як нажывеш, з пугай хадзiўшы за калгасным статкам? Эх, ды што там!..

А Васька прыязджаў разоў колькi. З жонкай, з сынамi. Жонка ў яго прыгожая – аднекуль з Урала цi што. Шапка ў Васькi была, як у Брэжнева. Кнiгу падпiсаў. Даў грошай на вiно i так бутэльку белай прывёз. Да яго ў горад, праўда, я нiводнага разу не выбiраўся – не запрашаў. Калi ж у яго два бацькi, то ўжо той хай ездзiць, прозвiшча якога носiць. Па мне так. Алiменты на Ваську, бо забыўся сказаць, з мяне не бралi. А з чаго ж было браць, з чаго, чмель, ты вось скажы мне? З працаднёў? Яны тады, настаўнiкi, добра жылi. На маё не замахвалiся. Дык вось у цябе, чмель, i папытаць карцiць: дзе яно ляжала, тое багацце? Дзе яно было схавана, тое шчасце, на якое так спадзяваўся? Не скажаш? Маўчыш, так-так!..

28
{"b":"549415","o":1}