– Сеялкі і цябе... цябе і сеялкі... а пра горад і не ўспамінай. Тут маё гняздо. Вунь, бачыш, на ліпе. Для буслоў зрабіў. Тут. Яны, птушкі, вяртаюцца кожны год назад, не жывуць дзесьці там, далёка. І я сваёй дарогі не забыў... вярнуўся. Прыгожая ты ў мяне... прыгожая... Прыгажэй, чым раней была. Калі хто і ліпне да твайго сэрца, адарві яго... адкінь. Адкінеш?
Клаўка паціснула плечуком:
– Пастараюся.
Слесар уключыў прайгравальнік і запрасіў Клаўку на вальс. Прыціснуўшы жонку да сябе, горача шаптаў ёй у твар:
– Я з табой, Клаўдзія Сцяпанаўна! З табой! З табой!
– І я, – нарэшце выдыхнула Клаўка.
9
А тым часам Кіпцік, Амерыканец і Чапуха рыхтаваліся ў лазню. Яны выцягвалі з-пад прыстрэшкаў бярозавыя венікі, корпаліся ў шафах, шукаючы чыстую бялізну, бо жонкі зусім махнулі на іх рукой. Гуртам і накіраваліся да ракі, дзе ў вольхах курэла лазня Чапухі.
Апошнім у прылазнік усунуўся Чапуха.
– Чапуха,– сказаў ён, паклаўшы прынесеныя рэчы на лаўку. – Хутка будзе гатова. Даходзіць. А вы тут, бачу, без мяне абжыліся.
– Пачакаем,– уздыхнуў Кіпцік.
Амерыканец таксама ўставіў:
– І я кажу: пачакаем. Затое адмыемся.
– Трэба, трэба грахі змыць,– пагадзіўся Кіпцік.
Чапуха паглядзеў на Кіпціка:
– Што курыш, сусед?
– Што сельмаг пашле. Сёння «прыму».
– І «прыміна» , і «беламорына» – чапуха!– махнуў рукой Чапуха, сеў. – Уся табака – чапуха, дурман. Ад яе дых спірае. Давайце кінем, мужыкі, га?
– Давайце, я – за,– торкнуў руку, бы на сходзе ў калгасным клубе, угору Кіпцік. – А што? І кінем! Правільна! Хіба доўга? З панядзелка?
Чапуха пагадзіўся:
– Лепш, канешне, з панядзелка. Каб запомніць лягчэй было, калі пазбавіліся ад гэтай атруты.
– Слухай сюды, Чапуха!– гукнуў Кіпцік, і ўбачыўшы, што той навастрыў слых, сказаў. – Прыйдзецца, відаць, пакурыць яшчэ і гэты панядзелак, што на гарызонце.
– Ды кінем – і кропка!– бадзёра паглядзеў на Кіпціка Чапуха. – Чапуха!
Амерыканец устаў з лаўкі, пакрактаў, і, паабяцаўшы хутка прыйсці, пакінуў неразлучных сяброў адных. Не звярнуўшы на яго асаблівай увагі, Кіпцік запярэчыў:
– Не пары гарачку, Чапуха. Не трэба. Вось сустрэнем Мішку, а тады – зразу, га? Як і не курылі. Ты, бачу, адразу захваляваўся, як я пра Мішку ўспомніў?
Чапуха ледзь чутна прашаптаў:
– Хвалююся, братка, хвалююся.
– І я таксама,– прызнаўся Кіпцік. – Быццам стараюся і не хвалявацца, а хвалюецца. Давай ужо Мішку сустрэнем, а тады ўжо – зразу?
– Правільна,– аблізаў губы Чапуха. – Згодны. Сустрэнем, адрапартуем, і як не курылі...
– А пакуль дымі, Ягор!– паляпаў, супакойваючы, Чапуху па плячы Кіпцік.
– Дымі, Трафім!– зарагатаў, на імгненне забыўшыся пра Мішку, Чапуха.
І ў гэты самы момант у прылазнік прасунула галаву Чапушыха, заміргала кругленькімі вочкамі:
– Не голыя?
– Рана прыцягнулася,– сказаў Чапуха.
– Кхі!– вырвалася ў Кіпціка.
– А чаго вы сумеліся? – пераставіла ногі ў прылазнік Чапушыха. – Хіба ж не помніце, як раней у лазні разам мыліся? Ты з Груняй і я з Чапухой. Ну і што – убавілася ад нас?
Чапуха строга глянуў на жонку:
– Ты ніяк і цяпер захацела?
– Розуму – што ў курыцы! – павысіла голас Чапушыха. – Ужо і сказаць мне нічога нельга. Калі што і можна, то толькі вам. Пошту разнесці , кіно пакруціць і без кіна застацца... курэй патруціць. Тут вы майстры. Цьфу!
Натапырыўся і Чапуха:
– От піла! От!.. Слова не скажы!
Кіпцік жа ўсміхнуўся, міргнуў вейкамі:
– І праўда, Ягор, было. І праўда... мыліся. От давалі, га? А цяпер – і сорамна. А здавалася б, павінна быць наадварот.
– А чаму сорамна?– акінуў Груню і Кіпціка позіркам Чапуха. – Таму што нічога ў нас не засталося... паказаць срамна. А раней мы нечым і ганарыліся.
Такое рэзюме спадабалася Кіпціку, і ён зарагатаў. Чапушыха ж сумна прамовіла, хітаючы галавой:
– Цяпер мы... не тое каб... без стуку-груку адзін да аднаго не заходзім. Дажыліся. І тое, калі сабака дазволіць... Ну што ў вас тут?
На пытанне жонкі Чапуха адказаў:
– Скора будзем вугельчыкі заліваць.
– Пакуль вугельчык – вочы не заліце,– параіла Чапушыха.
Чапуха раздражнёна плюнуў:
– От д’ябла, га? Чым заліваць іх? Вадой?
– Кхі!– вырвалася, як і нярэдка ў такіх сітуацыях, у Кіпціка.
– Вы знойдзеце чым,– працягвала ўшчуваць мужчын Чапушыха. – Гэтай навуцы вас вучыць не трэба. Тут вы надта граматныя. Прахвесары.
Чапуха развёў рукамі, зморшчыўся, і быў падобны на вельмі пакрыўджанага чалавека:
– Трафім, не, ты вось скажы шчыра, ага: да якога часу на нас будуць падазрэнні? Да якога, га, Трафім?
Кіпцік адказаў не адразу, спярша паскроб за вухам, крадком кінуў позірк на Чапушыху, паглядзеў на Чапуху, і пасля гэтага толькі ўскінуў бровы:
– Мы ж, Чапушыха, і курыць, можна сказаць, кінулі.
– Які па ліку раз?– здзекліва паглядзела на мужчын Чапушыха.
Кіпцік тупнуў нагой:
– Не лічылі, але – кропка на тым тыдні! Тлустая!
– З панядзелка?– нечакана для Кіпціка і Чапухі з лёгкай вясёлай усмешкай запыталася Чапушыха.
Мужчыны пераглянуліся, і тая паўза, што ўтварылася, дала падставу Чапусе хмыкнуць:
– Зразумела.
– Ох і пілы ж вы, бабы!– скрывіўся і плюнуў Чапуха. – Шух-шух,шух-шух! Га? Бервяно... нават дубовае языком сваім перапіліце.
– Ты лепш памаўчаў бы, Чапуха,– не гледзячы на мужа, сказала жонка. –Бялізну ўзяў?
– Узяў, узяў!– хуценька выпаліў Чапуха. –- Пра бялізну ты ў апошнюю чаргу, а пра ўсё астатняе – у першую... Такі ў вас клопат пра нас, мужчын.
– Палі ўжо лазню, не грэй неба,– на поўным сур’ёзе сказала Чапушыха. – Ды не размывайцеся асабліва. Нам, бабам, духу пакіньце ж.
Чапуха рашуча заявіў:
– Што ад нас застанецца – увесь ваш.
Кіпцік удакладніў:
– Тое і ваша...
– Ад цябе схавацца можна толькі ў лазні,– Чапуха знік за дзвярыма.
Чапушыха пэўны час памаўчала, а тады паглядзела на Кіпціка, узбурылася:
– Ну, а ты чаго з Груняй не падзяліў?
– Паскардзілася?
– З хаты выгнаў – і гэта называецца паскардзілася. Сорам. У такія гады. Гэта маладыя ўжо няхай ваююць за ўладу ў доме, а вы?
Кіпцік нарэшце зразумеў, што ў лазню – услед за Чапухой – ныраць яму ранавата, таму выпнуў грудзі:
– Ты, Маруся, не сунь нос куды цябе не просяць! Самі разбяромся! Самі! У цябе толькі адзін нос і застаўся!
– А што, іх два павінна быць?– пакратала нос рукой Чапушыха.
Кіпцік махнуў рукой і адвярнуўся. З лазні выглянуў Чапуха, зрабіў здзіўлены выгляд:
– Ты ўсё яшчэ тут? Мужыкі мыцца будуць. Не той час табе!..
– Мыйцеся,– пазяхнула Чапушыха. – Вам трэба, грэшнікі. А я пазней квасу вам прынясу. Пайшла, пайшла, Чапуха! Чуеш?
– Во цяпер чую,– зачыніў дзверы ў лазню Чапуха, калі жонка прапала з вачэй. – Распранайся, Трафім. І я пайду... Пара мыцца.
Не паспелі яны распрануцца, калі пачулі перапалоханы голас Чапушыхі:
– Ратуйце-е! Бяда-а! Ратуйце чалавека-а!
– Каго... ратаваць?– выглянуў з прылазніка Кіпцік.
Чапушыха была непадалёк, глядзела на Кіпціка і старался падняць некага з разоры.
– Амерыканца,– нарэшце мовіла яна. – Каго ж яшчэ? У баразне ляжыць. І венік пад галавой... замест падушкі.
– Чапуха,– памяркоўна сказаў Чапуха. – Будзе жыць. Амерыканца ніякая трасца не возьме.
Чапушыха не пагадзілася:
– Якая табе чапуха, Чапуха? Памірае-е!
– Ён і прыкінуцца можа, каб ад пакарання ў баку застацца,– спакойна сказаў Кіпцік. – Мішка ж неўзабаве павінен вярнуцца. Ён можа...
– Амерыканец можа,– падтрымаў Чапуха.
– Хай толькі памрэ, я вас здам міліцыі!– замахала рукамі Чапушыха. – Сама пазваню, куды трэба!
Чапуха здрэйфіў:
– Пайшлі, Трафім, глянем, што там. І вады зачэрпнуць трэба. На морду ліну.
Вада спатрэбілася. Чапушыха адразу ж набрала яе, колькі ўлезла, у рот, дзьмухнула на Амерыканца, бы з брандспойта. А тады, як толькі Амерыканец лыпнуў вачыма, пачала паіць яго з кружкі.