Хто паспеў зваряцець - звар'яцеў, Хто прадацца хацеў - той прадаўся... Свідаровіч Цімох дажывае жыццё ў Варкуце, У бараку па вуліцы Праўды. Я ў застольнай блазноце пытаюся: - Слухай, Цімох, Ты не мог звар'яцець ці прадацца?.. Свідаровіч Цімох сам сябе перапытвае: "Мог ці не мог?.." - што той Гамлет, прынц Дацкi. Ён глядзіць скрозь мяне, скрозь барака глухую сцяну, Да крайкоў налівае гарэлку ў зрудзелую шклянку. Над баракам завея ляціць з даўніны ў даўніну - I крычыць, і рагоча, шалёна спраўляючы п'янку. Засынаем мы ўпокат ля печы, пагаслай даўно, Прачынаемся мы - непатрэбныя людзям і Богу. I Цімох Свідаровіч мне кажа: "Усё ўсё адно. Можаш думаць, як хочаш. А можаш не думаць наогул". Пахмяліўшыся дымам, ён кыхкае хрыпла ў кулак, З асівелай яго галавы сіва цэдзіцца шэрань. Векавая завея навальваецца на барак - То цвікамі прыб'е, то рассцежыць рыпучыя дзверы... Свае забойцы ёсць ва ўсіх забітых. Яго няма. Ён на крыжах і плітах Чытае прозвішчы, шукаючы сярод Усіх імён адно імя. Штогод У дзень адзін і той жа на далоні Ён пісталет вагае. Халадок Да сэрца падступае і да скроні, Дранцвеюць пальцы. Шчоўкае курок… Пасля ўсю ноч спраўляе ён радзіны I п'е да непрытомнасці з таго, Што зноў яму пашчасціла: адзіны Патрон на ўсю абойму - не яго. Што затужылі, воі, мужчыны? Волі ўдыхнулі - і дух заняло? Як там і што там ні стане з Айчынай - Горай не будзе, бо лепш не было. Шлях свой зблукала Айчына ў трох соснах, Збегала шлях чаўнаком, нібы ў кроснах, Кідаючы невідушчы народ З пасткі на захадзе ў пастку на ўсход. Можа, відушчымі стануць нашчадкі? Шляху няма. Ні канца, ні пачатку. Прывідам - у пустату з пустаты - Рвецца Пагоня з дзяржаўнай пячаткі, Непадкаваныя б'е капыты. Усё, што коціцца, Дакоціцца да нас... Ля могілак якраз, Дзе сны пра вечнасць сняць, Ці спяць без сноў З усімі Караткевіч, Куляшоў... - Маўклівы мітынг. З кожным, хто прыйшоў, З'явіліся і сталі побач продкі... Маўклівыя стаялі цені родных, Маўклівыя стаялі цені блізкіх: Пад крыжам злеглых. Зоркай. Абеліскам. Ва ўсіх Хатынях спаленых. Забітых Пад Грунвальдам. На Калыме "прышытых". Бясследна зніклых. Хапам пахапаных. Нікім, нідзе, ніяк не пахаваных, Ці ў Курапатах скінутых у роў... Ад плоці плоць I ад крывінкі кроў - Мы ведалі, пра што маўчалі з імі. Жывыя з мёртвымі. I мёртвыя з жывымі. I ўпершыню, маўкліва сцяўшы рот, З натоўпу глянуў люд. Амаль народ. Разбой. Вайна і зноў вайна. Хапіла і крыві, і болю. Усё было - чаго ўжо болей? Скажы, у чым твая віна, Адкрый, у чым віны прычына, Мая самотная Айчына? Ці сапраўды руіны ў Крэве - Адзін дзірван, пясок пусты, I праўда, што на Божым дрэве Ад дзічкі прыжылася ты? На магіле Скурата Малюты Скрывянелыя гронкі калін - Гэта птушак няма, гэта люты, Гэта шлях не звярнуць з каляін. Гэта іншага шляху не будзе, Гэта люты - на захад і ўсход, Гэта рэк зледзянелыя грудзі Уздыхаюць, ламаючы лёд. Гэта лютага стогаў і хрыпу З набалелай зямлі не чутно, Гэта ў мітрапаліта Філіпа Твар збялелы, нібы палатно. Гэта плачу і енку падробка Пад малітвы, пад песні і смех... Гэта кроў векавую таропка Засыпае скалечаны снег. Радок у Апакаліпсіс... З карцін Глядзяць святыя, што зруйнуюць Мекку. Па камянях, адчуўшы небяспеку, Бягуць звяры з пагібельных мясцін. Сустрэчнымі шляхамі перад тым Прабеглі людзі - прочкі род ад роду, I, скалануўшы ў ярасці прыроду, Пасеялі пустое на пустым: Нянавісць на нянавісць, Гнеў на гнеў, На попел - попел I на порах - порах... Чакаючы малітвы і пакоры, Чаму, Гасподзь, ахвяр ты захацеў? Ты ў камені, ці ты ў агні, ці ў ветры - Гасподзь, як ёсць ты, адгукніся хоць: Тваёю воляй зрушыліся нетры, Ці над табою воля ёсць, Гасподзь? |