Гара з гарой не сходзяцца... З прымаўкі. На той і на гэтай гары I рыбы жывуць, і звяры. Азёры шумяць і бары На той і на гэтай гары. На той і на гэтай гары Народы і правадыры. Таму крапасныя муры Ля той і ля гэтай гары. I грукае ў браму герой Пад той і пад гэтай гарой. I страх пазірае з нары З-пад той і з-пад гэтай гары. На той і на гэтай гары Спяваюць званы на зары. Не спяць на зары званары На той і на гэтай гары. Да той і да гэтай гары Данайцы прыносяць дары. Гарматы маўчаць да пары На той і на гэтай гары. I не засланіцца гарой, - Як крыкне званар званару! Як грукне ў героя герой! Як рушыць гара на гару! Для мужчын няма прычын, Каб маркоціцца... Мы стаім з табой Пад гарой, з якой З громам-грукатам Камень коціцца. Лёс - ні ўцяць ні ўзяць. Скалане?.. Міне?.. Да якой з табой Нам стаяць пары - Не табе гадаць I не мне гадаць, А гадаць гары Разам з каменем. Прабачаць дурню. I даруюць кату. Ахвяры злічаць. Пабудуюць храм. Ды не даруюць мне. Суседу. Брату. За тыя сны, якія сняцца нам. За казкі, што страшней за сны. За яву - Жудзейшую за казкі і за сны. Сусед і брат не ведаюць віны. Нібы не мы, нібыта не яны - Народ, што прамаўчаў сваю дзяржаву. Аддаў загад - і выканаў загад. Сам капітан. Сам пры сабе салдат. Сам - строй. I сцяганосец сам. I сцяг. Сам - левы фланг і цэнтр, і правы фланг. Сам спераду і ззаду - за сабой Правёў свой строй скрозь барабанны бой. Адны - памер і рост. Адна вага. Сам - і ланцуг, і звенні ланцуга. Сам, як усе, I ўсе, як сам, як ён... Сам суд сабе i сам сабе закон, Сам над сабой, салдатам, капiтан I барабаншчык сам, i барабан, Сам авангард i сам глыбокi тыл, Сам - боты i на ботах прах i пыл… Пільнаваў і карпеў. Даслужыўся-такі: Партупеяй рыпеў. Пасылаў "варанкі". Як па ўсіх - па яго "чорны воран". I пачуў ён прысуд, што вораг. На праклённай зямлі Калымы, За рыпучай сцяной барака Быў глухі ён, сляпы, нямы - Верны Сталіну, як сабака Непадсуднаму гаспадару... "Прызаві, правадыр, памру! Вораг - ворагу твайму горла Хоць цынгою перагрызу!.." Словы ў песні: "арол наш горны" - Друг зыначыў: "казёл наш горны..." Ён крутнуў пралетарскія жорны - I пазногцем правёў па лязу. Адмялі дваццаць дзве зімы, Дваццаць два адбылі гады. На прамерзлай зямлі Калымы Плакаў ён, да партрэта прыпаўшы... Адпусцілі яго, сказаўшы: "Вінаваты ва ўсім жыды". Не шукаў ні сям'і, ні хаты. Зноў служыў, пільнаваў, карпеў. Нескарона пёркам рыпеў. "Рып> ды "рып". Але тут дваццаты З'езд - і выйшла, што вінаваты Скрозь адзін правадыр... "Вар'яты! - Ён рашыў.- Болей веры няма". Стала сніцца яму Калыма. Ён служыў. Пільнаваў. Карпеў. Пад пярынаю снег рыпеў. Слова кожнае, кожны рух. Стаў адчай спавіваць, як спрут. I аднойчы з'явіўся друг, Над якім ён звяршыў самасуд. Ён уцяміць ніяк не мог: Ці наяве яно, ці ў сне?.. На пярыну друг побач лёг, На рыпучы калымскі снег. Як калісьці, адзін адным Прыхаваныя ад завей, Абняліся яны,- затым Друг падняўся на Маўзалей I народ прывітаў кіўком... Заняло ад крамолы дух! "Ты арол наш..." - пракаркаў друг Перарэзаным гарляком. Ён не помніў, ці зведаў страх. Апрытомнеў - на снезе кроў. На партрэтах у двух кутах Двое новых правадыроў. Ён падумаў: "А што было?..". Сплюшчыў вочы да чарнаты. Павуцінне перавіло Незанятыя два куты. |