Литмир - Электронная Библиотека
ЖЫЦЦЁ —ЯК КАЗКА

Да партрэта Сэнт-Экзюперы

Жыццё, сапраўды, як казка:
Ідзеш ад бяды да бяды.
То сцюжна, то слізка, то гразка,
То моташна да жуды.
Туманам забрана поле.
Ідзеш ад надзей да надзей.
Але не сляпая доля,
Во плуг твой цябе вядзе.
Канчаецца ўсё шчасліва,—
Шчаслівы ў казак канец,—
Заснеш пасяродку нівы,
Спакоены ўрэшце жнец.
* * *

Былі словы — як шолах травы...

Апатоль Вярцінскі
Вам сёння скажуць шмат харошых слоў,
Для гэтага ёсць не адна прычына.
Прыйду i я — цераз маіх паслоў:
Світальны вецер, зорку, аблачыну.
Калі натоміць Вас бяздарны дзень,
Бясконцым здасца доўгі шэры вечар —
Да золкай шыбы лёгка прыпадзе
I Вас аклікне мой світальны вецер.
I Вы тады расчыніце акно,
I мова ветру будзе зразумета:
Утканы ў долі Вашай палатно
Усе калёры залатога лета.
Павольна пройдзе ў Вас над галавой
У час той аблачына, ціха скажа:
Мінецца морак, як мінуцца ёй,
I зноў пагодна будзе ў небе Вашым.
Там вечна зорцы лучнасці цвісці,
Той лучнасці з зямлёй, з сябрынай, з песняй,
Што памагае па жыцці ісці,
Што не дае душы прагоркнуць плесняй.
...Вам сёння скажуць шмат харошых слоў.
А свята — нібы пяцьдзесят аерын...
Я аддаю Вам трох маіх паслоў —
На шчасце, i на сілу, i на веру!
* * *
Паверыла: душа заснула,
I ўжо ёй не загаварыць.
...Як ад маланкі — аж хіснула:
Ты!.. мерна крочыў па двары.
Ішоў, i ў вокны углядаўся,
Шукаў, каторае маё,
I прызмерк нема ў ногі слаўся,
I бледнай зоркі вастрыё
У сэрца самае ўпілося!..
I знікла навалач слаты,
I загула, як прорва, просінь,
Куды мяне зноў рынуў ты!
* * *
Што ёсць сэнс? Няўжо адзіна справа,
Што з жыццём так моцна заручыла?
Дык нашто ж уваскрасаюць травы
Там, дзе лугу быць i немагчыма?
Косіць вокам счырвапелым вечар,
Як трывае наша шчасце-мука,
Дзе адна — на ўсё жыццё — сустрэча
I адна — на ўсё жыццё — разлука...
ВЫЗВАЛЕННЕ
Зярнятка радасці маёй,
Карэньчык сонца ў золкай долі!
Яшчэ скавана мітуснёй —
I ўсё-такі я ўжо на волі.
Яшчэ цягну ярмо тугі
I неразважаных сумненняў,
Ды ўяю мне шлях той дарагі,
Дзе ў кроў саб'юся аб каменне.
Хачу сама таго ярма!
Бяда вяшчунна пратрубіла...
Бяда старалася дарма:
З мяне рабыню не зрабіла!
Яшчэ скавана мітуснёй —
I ўсё-такі я ўжо на волі!
Зярнятка радасці маёй,
Карэньчык сонца ў золкай долі...
* * *
Цені ў кутках, як блакітная варта...
Сёння мы ў шчасця ў гасцях.
Можа, адзіна цяпер мы i варты
Жыцця.
Сёння, калі нашы душы пад знакам Злітнасці i паўнаты;
Зараз, калі ў ix ні следу ніякай
Лухты.
Выстыў даўно ў белых кубачках чорны
Чай на вячэрнім стале...
Спеўна i вольна, нібыта на горнай
Скале!
Лётка, як птахам уразлівым дзікім
З гордым узмахам крыла!
Цені, як варта блакітная... Лікі
Святла!..
* * *
Слова мае не накліча бяды,
Вока мае не злое.
Шчасця твайго не сурочу й тады,
Як будзеш ты не са мною.
Толькі аднойчы, пры цёмным акне,
У задуменні мройным
Неасцярожна згадаеш мяне —
I смутак ляжа гарою
На ўтульнасць тваю,
На вясёлы твой дзень,
На памяць пра нас абоіх,
Дзе я, нібы голачка на вадзе,
Трымалася на любові.
НАЗАЎЖДЫ
О милых спутниках, которые наш свет
Своим сопутствием для нас животворили.
Не говори с тоской: их нет,
Но с благодарностию: были.
В. А. Жукоўскі
А парывала ж!.. Ды вярталася...
Пашто вярталася? Чаму?
Адно гаркоты дабаўлялася...
Бывай, мір сэрцайку твайму.
Нарэшце вырвана дарогаю.
Цяпер з яе ўжо не сыду.
...Аж дзесь за даллю промнерогаю, Чужая ўжо ўсяму, ўпаду.
Ды на парозе вечнай цёмначы,
Пры голасе яе трубы,
Калі яшчэ хоць нешта помнячы,
Згадаю, ўдзячная: ты быў...
6
{"b":"547092","o":1}