I прыйдзе ноч, i ноч міне, I дзень павекі разамкне I аглядзіцца навакола. Ці будзе рады й мне? Ён — грук матораў, шоргат шын, Ён — самалётны рык вышынь,— Што для яго пялёстак кволы Ссамотненай душы? Па бровы ўкутаму ў браню, Пялёстак той, як парахню, Бязлітасна пусціць на вецер Было б так легка дню,— Калі б у непрыманні зла Душа змагарна не ўрасла У заўтрае надзей бяссмерцем. Цікуеш за маімі песнямі, Кажнюсенькую ловіш ноту, Бо часта будні твае скрэслены Рукой няшчаднай адзіноты, Бо хочаш ты Маёй пяшчоты. Якія ж ісціны адкрыліся, Што не хапае ўжо адвагі Паўстаць Супроць сваёй бяскрыласці, Супроць уяўнай раўнавагі Паміж натоленасцю — Смагай? Якою праўдаю апоена Сама я на мяжы чужання, Што знерухомелі абое мы Тут, у паўкроку да світання, Што ў золку Бачыцца змярканне? Пытается, чаго маўчу. Я не хачу Парушыць гэтую магчымасць Паслухаць, Што там, за вачыма, За небам позірку твайго. Загавару — i не пачую, Што Птушка часу нам вяшчуе. Усе мы, усе мы ў хадзьбе Да небакраю. Калі й чакаю чаго — ад сябе Чакаю. Табе не па сіле крок Маёю сцяжынай. Мы нават у снах сяброў Чужыя. Пераклікаюцца званкі, Як спозненыя жаўрукі!.. Не будзем сумныя. Не варт. Перавядзем усё на жарт! Хто як пераглядаўся з кім — Пасмеймася, бо позірк — дым! Што сказана каму было — Не дайма веры, слова — тло! А жаль... Ператаўчэм свой жаль... Перавядзем усё на жарт! Пагаворым на розных мовах (Разумеючы кожны нюанс), Інстынктыўна творачы ўмовы, Каб мацней не збліжала нас. Пад крылом усвядомленай сілы, Што пануем усё ж над сабой, Бесклапотна прамовіцца: «Мілы» I ў сур'ёз не ўзвядзецца табой. Прывітальным тваім: «Дарагая» Толькі песня святлее мая, Вечаровая песня над гаем Непрыкаянага салаўя... Колькі важыць святло? — З адказу на гэта Прырода не робіць сакрэту: Хоць бы столькі, Колькі важыць пялёстак вішнёвага цвету. A колькі ж каштуе святло? — Белы свет Знае плату адну за яго спаконвеку: Жыццё чалавека. Я ўжо не веру ў незвычайнасць. Жбан воду носіць да пары. Занадта доўга ты маўчала, Каб мне пра цуд мой гаварыць. Твайго аддару не баюся, Кладзіся ценем на ілбе. Ужо ў табе зашмат спакусы, Каб я паверыла ў цябе. Толькі мо ў казцы ёсць лёс — нібы кошык, Поўны адно медуніц ды суніц. Бойся спазніцца са словам харошым: Тонка прадзецца жыццёвая ніць. Ах, запіваць бы сухую скарынку Наканаванага — з чыстых крыніц! Бойся спазнідца з харошым учынкам: Тонка прадзецца жыццёвая ніць. «Каханы, мой каханы! Мне хораша з табою. Ніводнае хмурыны У небе нада мною. Усе яны знікаюць Яшчэ на даляглядзе, Пакуль прысутнасдь сведчыць Твая пра душ суладдзе. Адужаю хваробы, Не змоўчу на абразу. Я знаю, што «Кахаю Цябе» — зусім не фраза. Братазабойна ў свеце. Ваююць за радзіму?.. Ты прыгарні пяшчотней Мяне, о мой адзіны. Ахоўна i надзейна Тваё пульсуе сэрца. Я знаю, ёсць людское I шчасце, i бяссмерце. Ёсць сіла, што нітуе Свет, горам дратаваны». ...Няма каму сказаць мне: «Каханы, мой каханы!» |