Страшны кашмар Мяне мучыць да раніцы. Жудасны сон Зноў і зноў паўтараецца: Быццам бы воля злавесная нейчая Шэрых ваўкоў пасяліла з авечкамі. I пад аўчынаю Знікла адвечнае. Што тут — Ваўчынае? Што тут — Авечае? Ходзяць ваўкі кучаравыя Пашамі. Выюць авечкі З клыкастымі пашчамі. Не заўважаюць Ні сена, Ні зайцаў Б'юцца ілбамі, Штоміг агрызаюцца. Кожны лаўчыцца Іншага зжэрці I не шкадуе Ні шкуры, Ні шэрсці. А праз выццё I бляянне авечае Ясна чуваць Галасы чалавечыя: «Што ж не ў засценках Вы ўсе апынуліся — Проста за сцэнай Пераапрануліся? Вымелі вон Маніфесты з дакладамі, Робіце шмон З адрасамі дакладнымі. Сталі шпікамі З начнымі пагонямі. Пад пінжакамі — Мундзіры з пагонамі...» Зграя гырчыць, Не даруе, Не каецца I загрызае Усіх, Хто спаткаецца. Поўсць разлятаецца, Шкура крывяніцца... Не надыходзіць Жаданая раніца... ...Вые, Скавыча, У друзе качаецца... Жудасны сон мой Ніяк не канчаецца. Што ж гэта такое З Радзімай адбываецца? Песні не спяваюцца. Вершы не складаюцца. Душы недалужныя Не здалелі выстаяць — Пад вятрамі сцюжнымі Даастатку выстылі, Хоць і не апальныя, Хоць і не галодныя, На чужыну дальнюю Рвуцца, як бязродныя. А за акіянам Ласка невялікая Для гасцей нязваных, Сваякоў някліканых. I сумленне ж мучае, Што так лёгка кінулі I бацькоў засмучаных, I садкі з калінамі... Покуль гэта ўцяміцца, Покуль песня вернецца, Колькі дум запляміцца, Колькі душ зняверыцца! Горка, Як дзяціна Ад хаты адбіваецца... Што ж гэта з Радзімай I з намі адбываецца?.. У раённай ранішняй гасцініцы Першы промень шыбы залаціць. I здаецца, Вось акно расчыніцца I гарласты певень заляціць, Крыламі агністымі залопае, Горда ўскіне Звонкі свой кадык I ўзнясе над соннаю Еўропаю Першабытны пераможны крык... Хай нічога ў свеце не адбудзецца, Ды ўва мне, Як вечнае святло, Раптам Дзіва дзіўнае абудзіцца, Што дзіцячай яваю было. Дзе яно, Забытае, Далёкае, Даўняе, Схаванае ў душы — На палянах верасных галёкае Ці маўчыць у цёмным шалашы? Вабнае, Наіўнае, Няўлоўнае, Да якога зноў не дабрысці, Сёння, можа, самае галоўнае, Самае патрэбнае ў жыцці? Цяжка цісне скрухай беспрычыннаю Сэрца, пасталелае даўно... Свеціць сонца. I акно расчынена. Толькі пеўня штосьці не чутно... Паўтараю, Як словы замовы, Шэпт з мінуўшчыны нашай сівой: Хто не ведае матчынай мовы, Той не любіць матулі сваёй. Запісы з дальняй шуфляды
Яны чамусьці сталі рана старыцца, Раптоўна прытаміліся крычаць. Вусы пазбрылі, Фрэнчы здзерлі «сталінцы». Ды на душы — Былых часоў пячаць. Яны і сёння ўсё на «бацьку» крывяцца Маўляў, без іх махаў ён тапаром. А ці не ў іх чыгунныя чарніліцы Сцякала з праржавелых пёраў кроў? Ці ж не яны халоднымі вужакамі Паўзлі к сябрам і ў сэрца, і ў пасцель?.. Іх, Што былі у Берыі служакамі, Я не забуду, Як бы ні хацеў. Хоць не мае бацькі ад іх загінулі, Я не дарую ім ні кроплі слёз... I на іх лягуць Пліты надмагільныя, Як іхні ж недапісаны данос... |