Ты начулася ўдосталь прамоўцаў пустых, У якіх наяднаны хлусня і хвала, I чамусыхі даўно ўжо не слухаеш тых, Каму таленты раздала. А яны ж тваю сутнасць нясуць праз гады. Свет па іх вызначаць тваё месца прывык. Дзе ж стаіўся іх голас, Заўжды малады? I ў душы выспявае не просьба, а крык: «На цябе неаднойчы вастрылі нажы, Каб навекі цябе загубіць. Беларусь, Свае таленты беражы, Калі хочаш свабоднаю быць! У вар'яцкай яздзе, на сляпым віражы I дарогу няцяжка згубіць. Беларусь, Свае таленты беражы, Калі хочаш разумнаю быць! Ты аглухла сягоння ад песень чужых, А свае ўсе паспела забыць. Беларусь, Свае таленты беражы, Калі хочаш славутаю быць! Прагані з даляглядаў сваіх міражы I пабудку паспей пратрубіць. Беларусь, Свае таленты беражы, Калі хочаш магутнаю быць! Сіратліва не стой ля суседскай мяжы I не дай сваю памяць знябыць. Беларусь, Свае таленты беражы, Калі хочаш шчасліваю быць!» ...I разбілася думка мая яшчэ раз Аб каменную сценку людской глухаты. I яхідна ўсміхнуўся знявераны час... Ну няўжо не пачула і ты? Матулі зноў прысніўся дрэнны сон Пра сына. Пра каго ж яшчэ ёй сніцца? Нібыта ходзіць па кватэры ён, Ламаючы струхлелыя масніцы. А ёй карціць яму дапамагчы, Рвануцца напярэймы, Ды не можна. I сын, як здань, знікае уначы. I сэрца маці тахкае трывожна. Ёй не заснуць да раніцы цяпер, Не вымаліць душэўнай раўнавагі. I прадчуванне, як галодны звер, Ламацца будзе ў сумныя развагі. «Чаму масніцы? Ад чаго яны Рыпелі і ламаліся штохвілі, Калі ў яго паркет і дываны — Ні парахні, Ні шашалю, Ні цвілі? Так доўга не званіў і не пісаў. Мінулы год хварэлі ўнукі часта. А можа, недзе прастудзіўся сам? А можа, чым не дагадзіў начальству?..» Як толькі сонца бліснула ў акне, Яна спалох панесла да суседзяў, Каб нехта ў дзіўным, недарэчным сне I тайны сэнс, і тайны знак угледзеў. Зноў прыгадала ўсе свае гады, Усе свае сакрэты і прыкметы. Калі ён быў худы і малады, Дык на пабыўку прыязджаў штолета. Гарэў у печы весела агонь. Па хаце праплывалі кропу хвалі. I ціха пад ягонаю нагой Памытыя маснічыны спявалі... Вярнулася вясёлая. На ўслон Прысела, Перш чым корпацца ў гародзе. «I праўду кажуць: Глупства — гэты сон. Чаго не навярзецца ў адзіноце...» Палола, палівала цэлы дзень. Курэй у хлеў загнала на змярканні. Прылегла. А жаданы сон не йдзе. I сэрца распінаюць прадчуванні. На вуліцы не ціхнуць галасы. Пад коўдраю ніяк не прымасціцца... I ўсё ў вачах стаіць далёкі сын. I ўсё рыпяць старэнькія масніцы... Ноч над лугамі, расою намоклымі, Хмаркі рассоўвае. Зноў і на сэрцы маім, і за вокнамі Ціша бяссонная. Нейкая птушка ніяк не ўгамоніцца, Пырхае, ціўкае. Можа, і ў птушкі старая бяссонніца Роспачнасць ціхая. Ці не хапае святла над разорамі, Ветру мурожнага? Ці і ў яе між зямлёю і зорамі Столькі трывожнага? Цьмяна заранка за вёскаю бліскае, Птушку палохае. Крылы слабыя. Надвор'е вятрыстае. Доля нялёгкая. I ўжо на выгане вырай збіраецца Купкаю рэдкаю... Вось і засні тут, чакаючы раніцу, З гэткай суседкаю... Ён вечна быў мне казкай, Таемнай і прыгожай. Ды ўсё часцей З апаскай Я ў родны лес прыходжу. Мне злосны горкі роздум Вярэдзяць штохвіліны Разбураныя гнёзды, Зламаныя галіны. Засыпалі палянкі I барсуковы сцежкі Пагнутыя бляшанкі, Старыя галавешкі... Падораная Богам Уся краса лясная Ад варварства людскога Зняможана канае. Прыбраў сухое голле I здзёртую кару я... Няўжо і мне ніколі Лес родны не даруе? Вы за мяне, За грэшніка, Замоўце хоць бы слоўца, Ласкавы ліст арэшніку, Калючы куст ядлоўцу... |