Литмир - Электронная Библиотека
A
A

«Калі б вы ведалі, як прыемна пачуць тут, у богам забытым Азярышчы, клясычны basso cantante», – паведаміла Нінэль Іванаўна, не даючы рады ўтаймаваць душэўнае хваляваньне. Уладальнік клясычнага басу кіўнуў на знак падзякі, прапанаваў выпіць зь ім на брудэршафт, але тут жа быў узяты жонкай пад руку і адведзены ад стала.

Праз пару дзён яны сустрэліся на вуліцы.

«Вы нават не ўяўляеце – як я рада вас бачыць», – яшчэ здаля выгукнула Нінэль Іванаўна, перабягаючы дарогу, а калі сьпявак, азірнуўшыся, прыклаўся вуснамі да яе рукі, здрыганулася ад захапленьня.

Размова у іх, аднак, не заладзілася. «Ну, сьпяваў калісьці… у Казанскай опэры», – выдыхнуў, з сарамлівай гіморай на вуснах, опэрны расстрыга. «Скажыце, Рэм Ісаевіч, а якая была ваша апошняя партыя?» – не сунімалася загадчыца Дома культуры, і сьпявак, згадаўшы Міракля з «Казак Гофмана», усё з той жа сарамлівай гіморай папрасіў пазычыць яму тры рублі…

Дзьверцы ціха бразнулі і Нінэль Іванаўна, разганяючы дрымоту, правяла рукой па твары.

– Спаў, – каротка заўважыў вадзіла. Прыпаліўшы прыгаслую папяросіну, хлопец імклівым рухам працёр анучкай запацелае шкло. – Учора ўзяў лішку, цяпер устаць ня можа, – хлопец зацягнуўся папяросай і разам з дымам выдыхнуў: – Ксеня лаецца. Ня сёньня, дык заўтра пагоніць небараку.

Нінэль Іванаўна заклапочана паглядзела ў акно.

Зь весьніц Ксенчынага двара паважнай хадою выйшаў белы певень. Агледзеўшы круглявым вокам запыленую «Кубань», ён выцягнуў шыю, зьбіраючыся засьпяваць, ды тут у хлеўчуку, што стаяў ля хаты, залапаталі крылы, пачулася кудахтаньне, і певень, страсянуўшы віслым грэбнем, стаў тураваць чубатцы. «Куд-куд-куд-куда-а! Куда!» – загарлалі певень з курыцай, прычым гэтае самае «Куда-а!» гучала ў разнабой і Нінэль Іванаўна з прафэсійным дакорам хітнула галавою.

Кудахтаньне спарадзіла ў душы неспакой; неспакой – трапяткі і халодны – паблукаў пад дыхніцай, засяродзіўся ў грудзіне і неўзабаве вырваўся адтуль парывістым уздыхам. Нінэль Іванаўна тарганула пальцам, паказваючы вадзілу, каб той пасыгналіў, і навакольле пакрыў натужлівы зык. Ксенчын певень пры гэтым пакінуў кудахтаць, а калі аўтамабільная гудзёлка аціхла, махнуў крыламі і нема галёкнуў.

– Во ў каго галасіна, – кіроўца апусьціў шкло і жартам гукнуў пеўню: – Давай, Пятро, з намі… на конкурс мастацкай самадзейнасьці. А то там усе безгалосыя…

Певень у адказ натапырыўся, а з Ксенчынага падворку пачуўся сіплавата-непракерханы голас Рэма Ісаевіча:

– Безгалосыя, ды ня ўсе…

Ужо ля весьніц сьпявак адкерхаўся, аксамітным барытонам засьпяваў:

Мне грустно и легко-о;
Печаль моя светла-а;
Печаль моя полна тобою-у-у…[1]

Залазячы з аўтобус, Рэм Ісаевіч падміргнуў вадзіле – маўляў, цяжка, браце, без апахмелу, – а плюхнуўшыся на сядзеньне, дыхнуў гарэлачным перагарам і, ужо зьвяртаючыся да Нінэлі Іванаўны, загаварыў, паціраючы рукі:

– Не, што не кажыце, а Рымскі-Корсакаў – арыстакрат духу. Заўсёды стрыманы, і сумуе зусім ня так, як Рахманінаў, – было бачна, што Рэм Ісаевіч яшчэ дарэшты не працьверазеў.

Нінэль Іванаўна паглядзела на вадзілу і той, крутнуўшы ключ запальваньня, сьмяшлівымі вачыма прамовіў: «Нічога, дарогаю працьверазее».

Новы, пяты па ліку, Ксенчын муж быў запойным п’яніцам. Праўда, сама Ксеня гэты факт як магла прыхоўвала, і калі хто зь сябровак з усьмешкаю пытаўся: – А чаго гэта твайго Рэма ня бачна? – з бабскай экзальтацыяй, расьцягваючы зыкі, гукала: – Хворы ё-о-он… Пры гэтым усім было вядома: Рэм сьпіць на гарышчы жончынай хаты ў абдымку з бутлем самаробнага віна. Ксенчын дзед быў вядомым на ўсю акругу мічурынцам; пакінуў па сабе вялікі сад, пчальнік і мэханічную сокавыціскалку, і ўнучка штовосень ставіла на гарышчы па дваццаць бутляў самаробнай «дамагі».

Калі ж, прыкладна раз на тыдзень, сьпявак выходзіў на прагулянку, дык абавязкова прасіў каго-небудзь пазычыць яму тры рублі й потым да самага закрыцьця сядзеў у азярышчанскім рэстаране – піў каву з каньяком, чапляўся да афіцыянтак, а часам, па просьбе наведнікаў, выконваў у суправаджэньні рэстараннага ВІА папулярныя расейскія рамансы.

Даўгі потым вяртала жонка. Пры гэтым Ксенія чырванела і, панурыўшы вочы, кожнага разу казала: «Ён у мяне такі няўважлівы, такі няўважлівы… Пакіну грошы на стале, а ён не заўважыць – у людзей пазычае». Ну і, вядома, надта раўнавала мужа да навакольных кабецін. Дый было з чаго. Рэм Ісаевіч сваімі далікатнымі манерамі й размовамі аб высокім мастацтве дарэшты зачараваў азярышчанак. У той жа Нінэлі Іванаўны заўсёды кружылася галава, калі сьпявак цалаваў ёй руку. Для яе гэта быў чалавек зь іншага сьвету – сьвету, дзе буяюць чалавечыя жарсьці, дзе гучыць Рахманінаў, а цёмнае неба асьвятляюць вогнепырскія фэервэркі. Яшчэ здалёк, пабачыўшы Рэма Ісаевіча, Нінэль Іванаўна з гатовасьцю адчыняла сумачку, каб пазычыць артысту трульнік і пры тым ніколі не прасіла Ксенію вярнуць даўгі. Вось і нядаўна, перахапіўшы цупкую паперку, Рэм Ісаевіч прыклаўся да Нінэльчынай рукі, стоеным голасам запытаўся: «Што я магу зрабіць дзеля вас, багіня?» – і Нінэль Іванаўна, уражаная такім камплімэнтам, пралепятала: «3 ліпеня ў вобласьць едзем… на міжраённы агляд мастацкай самадзейнасьці…» – і, ня скончыўшы фразы, узьняла на сьпевака дапытлівыя вочы.

Сьпявак з задуменнай павольнасьцю пачухаў няголенае падбародзьдзе. Яму, прафэсійнаму выканаўцу, удзельнічаць у аглядзе мастацкай самадзейнасьці ніяк не выпадала, таму, памаўчаўшы, Рэм Ісаевіч каротка выдыхнуў: «Ксенія…»

Наступным ранкам Нінэль Іванаўна пасьпяшала ў кабінэт загадчыцы раённага таварыства «Веды». Гаспадыня кабінэту сустрэла наведніцу з робленай прыязнасьцю, пачаставала гарбатаю, а пачуўшы пра міжраённы агляд мастацкай самадзейнасьці, раўніва павяла паскубаным брывом. «Ды разам паедзеце… у крамы зазірняце… а я табе за гэта лекцыю арганізую… пра баптыстаў», – з жарсьцю паведаміла Нінэль Іванаўна, і гаспадыня кабінэту, дапіўшы гарбату, здушана прамармытала: «Падумаем».

Аўтобус крутнуўся па азярышчанскіх вуліцах, выехаў на шашу і толькі тады, пад мернае вуркатаньне матору, Нінэль Іванаўна задала пытаньне, якое халадзіла язык:

– А чаму Ксеня не паехала?

– Хворая яна-а, – прасьпяваў, перадражніваючы жонку, Рэм Ісаевіч і недарэчны жарцік гэты вохкай трывогай адбіўся пад Нінэльчыным сэрцам.

Яшчэ ўчора паездка ў вобласьць выглядала трыюмфальнай. Нінэль Іванаўна з асалодаю ўяўляла – як уразіцца журы, пачуўшы клясычны basso cantante, як натхнёна яно будуць біць у ладкі, а потым, насуперак правілам, папросіць азярышчанскага самародка прасьпяваць што-небудзь на bis… І вось цяпер, калі яна сказеліла вочы на самародка, у сьвядомасьці зварухнулася, выпетраўшы на міг ўсе астатнія думкі, страхавітае пытаньне: «А як нап’ецца, ды сарве выступ?» На памяць прыйшоў аповед пра тое, як артыст Бузіла, пад час спэктаклю ў Казанскай опэры, зваліўся, п’яны, у аркестравую яму (пра гэта казалі ў адной жаночай кампаніі), і цела – ад макаўкі да халодных пятак – працялі нэрвовыя дрыжыкі. «Кубань» запаволіла рух, збочыла з шашы на гравійку, і пад нагамі Нінэльчынымі гучна бразнулі бутэлькі. Бутэлечны бразгат, дзякаваць богу, да Бузілавых вушэй не даляцеў: артыст тым часам укідваў у рот прапанаваную вадзілам папяросу. Нінэль Іванаўны нахілілася да сумкі, піхнула між бутэлек насоўку, сьціснула сумку нагамі. Гарэлку яна везла Лёшку Пісарэвічу, зь якім колісь вучылася ў музвучэльні, і які цяпер кіраваў у Гарадку аркестрам народных інструмэнтаў. Свайго аркестру ў Азярышчы не было, таму давялося дамаўляцца наконт акампанэмэнту з гарадчукамі.

«Кубань» ізноў страсянула; вадзіла, імпэтна круцячы руль, выгукнуў: – Йоп! – і, абмінуўшы калдабан, зь вясёлым дакорам зазначыў: – Пяюх і на шашы поўна. А мы ў Бычкі плішчымся. Каб не разваліцца па дарозе.

вернуться

1

Раманс М. Рымскага-Корсакава на верш А. Пушкіна.

6
{"b":"481810","o":1}