Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Перад тым, як пераступіць парог, Галуза з Шутовічам зачэсваюць валасы за вушы, прыўздымаюць каўняры, наструньваюць насы. Дзерык наш былы вайсковец і па-старой вайсковай звычцы кожнай раніцы голіцца ды пырскае на твар нязьменны «Шыпр». Па тым адэкалённым смуродзе, што потым лунае ў паветры, Галуза з Шутовічам і вызначаюць – ёсьць дзерык у школе, ці яшчэ няма.

Мы пераступаем, сьледам за «бітлухамі», парог і чуем злавесны голас:

– Шутовіч з Галузам! Да заняткаў не дапускаецеся!

Дзерык стаіць пасярод калідора, шырока рассунуўшы ногі, і школьная малеча з двух бакоў пужліва абмінае яго, шоргаючы плечукамі па сьценах.

– А вы ня маеце права адхіляць нас ад заняткаў, – мармыча Галуза, і дзерык па-бацькоўску насьмешліва выдыхае:

– Гляньма, законы ты ведаеш, а вось правілы савецкіх школьнікаў ведаць не жадаеш. Зарасьлі з Шутовічам – вачэй не відаць!

– А што, правілы рэглямэнтуюць даўжыню валасоў? – падае голас Шутовіч.

– У правілах напісана, што вучні павінны мець ахайны выгляд! – Бздунчонак роблена пасьміхаецца і зыркае ў той бок, дзе стаім мы зь Мішкам. – Вунь, гледзячы на вас, ужо і дзевяціклясьнікі пачалі зарастаць!

Мы з Мішкам выскокваем на ганак. Волкі вецер працінае навылёт і мяне ізноў працінаюць дрыжыкі: гарачыя, несупынныя.

– Чаго трасесься, гэта ж ён пра мяне казаў, – Дасюлін устурбавана прылашчвае валасы, і школьную будыніну скаланае званок.

– Учора на даху прасыфоніла! – гучна, як на перагаворным пункце, крычу сябру на вуха, адчуваючы, як па целу разьліваецца млявасьць і пачынае шчыміць патыліцу.

Сьледам за намі на парог выкульваюцца кудлатыя небаракі.

– Бл-ляха, кантрольная па альгебры, а Бздунчонак на заняткі не пускае, – прамаўляе скрозь зубы Шутовіч, і Дасюлін запабежліва хапае яго за рукаво.

Хлопцы адыходзяць убок; Мішка штосьці тлумачыць Шутовічу, паказваючы рукой угору, той сьвятлее тварам і махае Галузу. Тулячыся да сьцяны, тройца бяжыць да пажарнай лесьвіцы і празь імгненьне я назіраю, як Шутовіч, трымаючы ў зубах важкую тэчку, лезе ўгору, а за ім, узьбіўшыся на Мішкавы гарбень, чапляецца за парэнчы Галуза.

Ззаду гулка бухаюць дзьверы і мы бяжым з сябрам па калідоры. Калідор пусты, калі не лічыць фізрука Лазкова, які стаіць каля шатні.

– Бздунчонак паставіў, – шапоча праз плячук Мішка Дасюлін і задаволена хіхікае.

Фізрук мае мянушку Вакзал (хтосьці даўмеўся прачытаць ягонае прозьвішча наадварот) і, як лічаць многія настаўнікі, ня мае клёку ў галаве. Вось і цяпер: чувакі ўжо ў клясе, пішуць кантрольную, а гэты ёлупень пільнуе іх ля ўваходу.

– Заўтра да Галузы йду… запрашаў… хочаш, разам пойдзем, – Мішка заварочвае на сходы і я за ім ледзь пасьпяваю. Ногі робяцца ватнымі, таму спыняюся, пераводжу дых.

Сястра Галузіна скончыла маскоўскі інстытут і паўгода стажыравалася ў Індыі. Адтуль прывезла кружэлку з двума песьнямі «Бітлз». Цяпер уся школа падбіваецца пад Галузу, каб тую кружэлку паслухаць. А яшчэ паглядзець на партрэт Тэлесфора Данатавіча ў багетавай аправе, які Галуза павесіў над сваім ложкам. Дзеля хохмы, вядома. Фотаздымак – Дунчонак стаіць ля моўніцы і чытае нейкае спавешчаньне – чувак зьняў з гарадзкой Дошкі гонару.

Цёткі-прыбіральшчыцы мыюць падлогу, гучна бразгаюць вёдрамі.

– Ці чула ты, што ноччу ў школу лезьлі? – на падлогу пляскае мокрая ануча.

– Ідзі ты! А чыя была зьмена?

– Пракопаўны. Перапудзілася так, што ў больніцу адвезьлі, на «хуткай». Дачка во званіла, казала, ляжыць у цяжкім стане…

Мішка таксама спыняецца.

– Чуў? – шапоча сябар, калі я, ужо зусім зьнямоглы, узыходжу на трэці паверх. – Вось дык пужнулі… Ты ж нікому не казаў… пра маю вандроўку?

Я матляю галавой і галава пачынае гарэць і слых поўніцца замарачным звонам.

Першы ўрок у нас фізыка. Выкладчык, Леанід Пятровіч, – клёвы дзяхан. За спазьненьні ніколі не ўшчувае і наагул ніколі не падвышае голасу. Ці не таму ён адзіны ў школе настаўнік, які не займеў мянушкі і ўсе скрозь называюць яго Пятровічам. У мяне, дарэчы, па фізыцы адны пяцёркі, дарма, што займаемся па праграме дзясятага кляса.

Пятровіч штосьці піша на дошцы, мелькам азіраецца на дзьверы і махае нам рукой, маўляў, хутчэй сядайце.

Я плюхаюся на сваё месца, цісну да вушэй далоні і аднекуль з глыбіняў сьвядомасьці да мяне далятаюць малітоўныя словы: «Толькі б не памерла!» Ямчэй сьціскаю вушы, спрабуючы ўцяміць сэнс пачутага, і скрозь шум і звон да мяне далятаюць такія ж далёкія і незразумелыя словы: «Запішам тры асноўныя групы: дыямагнэтыкі, парамагнэтыкі і фэрамагнэтыкі…» Я згадваю раптам, пра што хацеў спытаць маці: пра свайго дзядзьку-паэта, які патануў напярэдадні вайны. Хто гэта там да яго прыходзіў? Мяне падхоплівае, як той вятрыска на даху, імкліва-урачысты сон, я панурваюся ў чорны атрамант забыцьця і тут жа ўсплываю з замарачнага прадоньня.

– Ты што, заснуў? – нехта кратае мяне за плячук.

Я расплюшчваю вочы. Увесь кляс запытальна, нават з трывогай, глядзіць на мяне і я адчуваю на лобе дотык сухой і халоднай рукі.

– Э-ээ, браток, дык у цябе тэмпэратура, – прамаўляе Пятровіч, – давай хутчэй дадому, у пасьцель.

… На першым паверсе мяне сустракае неспакойны дырэктаравы голас:

– Загадчыца сталовай усё перагледзела: нічога не прапала…

Іншым разам я б прыхаваўся, каб не патрапляць дзерыку на вочы, але цяпер, не чуючы ног, шыбую па калідоры да шатні. Бздунчонак, на шчасьце, мяне ня бачыць: ходзіць на пару з мажным міліцыянтам, тузае зачыненыя на зіму вокны.

У шатні доўга шукаю сваю куртку і напаўголаса, сасьмяглымі вуснамі шапчу: «Толькі б не памерла…»

Ключ доўга не патрапляе ў шчыліну, нарэшце скрыгоча ў замку, я налягаю на дзьверы, скідваю куртку і, ужо амаль непрытомны, валюся на канапу. Канапа круціцца пада мною, дыван на сьценцы разьліваецца страшнай плямай, замарачна дрыжыць і мяне цягне на ваніты. Але самае страшнае – гэта дрыжыкі. Мяне калоціць як мае быць, нават сківіцу курчыць. Нацягваю коўдру да падбародзьдзя, потым накрываюся з галавой. Ляжу хвіліну і вокраччу паўзу ў спальню, сьцягваю коўдру з матчынага ложку…

Коўдры ціснуць грудзіну, стрымліваюць дыханьне, але паратунку няма: мяне па-ранейшаму трасе.

У галаве злым вятрыскам праносяцца карцінкі учорашняга дня, пакідаючы ў душы дакор і шкадаваньне. Учора ў нас была фізкультура. Наш 9-ты «А» маршыруе па залі і мы зь Мішкам раз-пораз азіраемся на Ленку Новікаву. Нізкарослая таўстуха адстала ад шыхта, і тупае, махаючы рукамі не ў такт хадзе. Мішка Дасюлін таксама пачынае махаць рукамі неўпапад нагам і Вакзал дзьме ў сьвістульку, загадваючы ўсім спыніцца.

– Новікава, колькі разоў паказваць?! Правая нага ідзе ўгору, абедзьве рукі ідуць управа, левая нага ідзе ўгору, рукі ідуць улева…

Расплюшчваю вочы… столь над галавой падае на мяне, я ўлякнута зьмежваю павекі і бачу школьны калідор, але ня наш, а той, маскоўскі… у канцы калідора кволіцца жоўценькая лямпачка… я іду ў той бок, намагаючыся не рыпець масьніцамі, і там, у цьмяным сьвятле, бачу драўляную, падобную на ночвы, труну і сівыя пасмы нябожчыцы, што віснуць да падлогі… чаму ў вахцёркі такая несамавітая труна? – віруе ў галаве страхотная думка, і тут жа згадваю, што гаротніца атрымлівала калгасную пэнсію і на лепшую грошай не сабрала…

Нізкая столь ляціць на мяне, я прыхопліваюся і не разумею: дзе я і што са мной? Сэрца парывіста клякоча ў горле, само горла перасохла і галава расколваецца ад болю. Мне горача. Я сьпіхваю зь сябе цяжар коўдраў, расшпільваю пінжак, потым кашулю і хворую чмуру разьвейвае панічны матчын голас:

– А дзетухна… а што з табой? – маці стаіць, сашчапіўшы рукі, а ўбачыўшы, што я жывы, зьнясілена аддзімаецца. – Гляджу – дзьверы расчыненыя і куртка ляжыць на падлозе… Ледзь не самлела зь перапуду…

Маці кране мой лабешнік.

– Гарыш увесь. Зараз табе што-небудзь дам.

Гэтага «што-небудзь» – пігулак, мікстуры ды розных прыпарак у маці цэлая шафка. Прынесла з паліклінікі.

3
{"b":"481810","o":1}