Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Вінцэсь Мудроў

Албанскае танга

Гісторыя хваробы

На трэцім уроку мяне заўсёды цягне на сон. Сёньня ў нас трэці ўрок геаграфія. Я сюд-туд правальваюся ў сонную замарач, нечыя цьмяныя твары плывуць перад вачыма, прастору поўняць гэткія ж цьмяныя пахі і аднекуль здалёк далятае абрыдлы голас геаграфічкі: «Да дошкі пойдзе Дасюлін».

Я ачомваюся. Дасюлін зь неахвотаю ўстае, гучна ляскае векам парты і пашчэнкі мае рассоўвае адчайны позех.

– А можна бяз грукату? – падае голас геаграфічка і, прычакаўшы Дасюліна, тыцкае яму ў руку ўказку. – Напачатку скажы – калі ты абкарнаеш свае пэцалы? Зарос як Галуза з Шутовічам.

Чувакі, якіх згадвае геаграфічка, вучацца ў дзясятым клясе і носяць фрызуры «пад бітлоў».

– Маўчыш? Зусім ад рук адбіўся, – прамаўляе геаграфічка з пагрозьлівай інтанацыяй, але потым мяняе тон і ў голасе яе чуецца зьедлівае задавальненьне: – Ну тады пакажы нам асноўныя эканамічныя цэнтры Вугорскай Народнай рэспублікі.

Мішка, праўдападобна, ня ведае дзе знаходзіцца сама Вугоршчына. Указка паўзе спачатку ў бок Балтыйскага мора, потым рашуча скіроўвае на поўдзень і няўпэўнена застывае пасярод жоўта-брунатнай падковы Карпат. Мапа, што вісіць на дошцы, адмысловая. На ёй не падпісаны ні гарады, ні краіны. Паспрабуй, знайдзі тут прамысловыя цэнтры.

Настаўніца ўдыхае паветра, каб паўшчуваць Дасюліна, ды тут з расчыненай фрамугі далятае мерны шоргат і хтосьці гучна загадвае:

– Цягніце,… вашу маць!

Я хаця й сяджу каля вакна, але толькі цяпер заўважаю напятую вяроўчыну. Вяроўчына зьлёгку матляецца ў бокі – яе нехта тузае – і за вакном, захінуўшы на нейкі час дзённае сьвятло, паўзе чырвоны, зьбіты з негабляваных брусоў транспарант.

«51-я га-да-віна Вя-лі-кай Кастрыч…» – чытаю я задам наперад словы закліку, геаграфічка ляпае далоньню па стале, патрабуючы цішыні, і ляпаньне тое заглушае доўгачаканы званок.

– Задзяўбла ўжо сваёй Вугоршчынай, – выдыхае мне ў сьпіну Мішка Дасюлін. – Нарадзілася там, ці што? А можа пятнаццаць сутак сядзела… за дробную хуліганку?

Мы выходзім ў калідор і я тузаю сябра за рукаво: геаграфічка (па сумяшчальніцтву яна яшчэ й наша клясная кіраўнічка) сунецца сьледам і можа пачуць Мішкавы праклёны.

– А хай чуе, Палуёнас-Палуянчык недаробленая…

Летась клясная, Надзея Мікітаўна Палуянчык, пабралася шлюбам з мужыком па прозьвішчы Ёнас, і з тае нагоды атрымала падвойную мянушку.

Пад час пярэрвы ўсе бягуць у буфэт, але мы зь Мішкам нікуды не бяжым. Стаім на сходах, назіраючы, як два дзядзькі – відаць, тыя самыя, што мацавалі транспарант, – спускаюцца празь люк са школьнага даху.

– Гляньма, замок не павесілі, – сябрук бліскае белымі, як на падбор зубамі, дае лёгкага высьпятка недаростку, што таўчэцца пад нагамі, і калі дзядзькі зьбягаюць долу, шпарка ўзьбіраецца па прымацаванай да люка жалезнай лесьвіцы. Сьледам, азірнуўшыся, узьбіраюся і я.

Волкі вецер налягае на сьпіну, казыча шыю і тут жа дзьмухае ў твар, ды так хвацка, што на вочы наплывае сьлязіна.

Адсюль, з пляскатага даху, горад выглядае аграмадным і незнаёмым. Немаведама адкуль – ці то зь зямлі, ці то з нізкіх папяловых хмараў струменіць сіняе сьвятло і гэтай сінечай палеяныя навакольныя будынкі, згалелыя дрэвы, якія атачаюць школьныя майстэрні, і тонкая стужка ракі на даляглядзе.

Мяне раптам ахоплівае вострая радасьць. Я паціраю рукі, спрабуючы ўцяміць – з чаго гэта радуюся, і сябрук, таксама пацёршы далоні, захоплена шапоча:

– Да вакацыяў – тры дні засталося…

На доле гучыць званок і дах прыкметна дрыжыць ад прыглушанага тупату. І хаця мы прамерзьлі на ветры, лезем у паддашкавы люк без ахвоты. Бо каму ахвота вяртацца з паднябеснай вышыні ў прыцемны кляс.

– Пятровіч зноў будзе душыць пятлёй магнітнага гістэрэзысу, – бурчыць сябрук, патрапляючы ў тон маіх думак.

Наступны ўрок у нас фізыка, а выкладае яе Пятровіч – адзіны настаўнік, якога я паважаю.

У суботу надарылася неспадзеўка: перагарэў наш стары «Нёман». І гэта прыканцы футбольнага сэзона! Акурат сёньня мае куміры – менскія дынамаўцы – гуляюць дома з растоўскім СКА. І вось я сяджу ў Мішкавай хаце і гляджу футбольны матч. Тэлевізар у Мішкі клясны: «Тэмп-7»! Экран ці не ў два разы большы ад «нёманскага». Аднак усё псуе Мішкава бабуля. Бабулі 87 гадоў, і яна ўвесь час прагне з кімсьці пагаманіць. І хаця ні я, ні ўнук яе ня слухаюць, старая ўголас, з усхліпамі, згадвае як з іхнай вёскі бралі людзей на расейска-японскую вайну.

… Леанард Адамаў прарываецца па правым фланзе… перадае мячык Мустыгіну… мы з сябрам ускокваем з крэслаў і разам хапаемся за галовы: мячык пасьля ўдару менскага форварда ляціць міма брамаў.

– А ў якім жа гэта было годзе? Ці то ў чацьвёртым, ці то ў пятым? – мармыча за нашымі сьпінамі бабуля, і пасьля паўзы, пад час якой растоўскі брамнік выбівае мячык у поле, дадае: – Відаць, у чацьвёртым… тады яшчэ гарачае лета было…

– Бабуля… – з інтанацыяй абарванай лаянкі гукае Мішка, – дай нам паглядзець футбол!

– А я што, не даю? – бабуля гучна смаркаецца ў хусьцінку. – Гэта ж ажнуль у Манчжурыю людзей павезьлі… Хведзька Ліхаманаў вунь з адарванай рукой вярнуўся, а Ваньку Залатуху дык зусім забілі… А які танцор быў! На вячорках калодкі да ботаў прывяжа, мазгочыць па падлозе…

– Бабуля, – плаксіва стогне ўнук, ды тут «Дынама» ізноў ідзе ў атаку і Мішка, ужо акрыялым голасам, прамаўляе: – Паглядзі лепш гульню!

– А што тут глядзець! Бегаюць як ашалелыя… А чорны вуньдзека – гэта хто?

– Судзьдзя, бабуля, судзьдзя, – бязгучна, аднымі вуснамі шапоча сябрук, выцягнуўшы шыю і ўтаропіўшыся ў экран. Ды дзіва што! Белагаловы Сахараў прарываецца па цэнтры, абводзіць адразу двух армейцаў і мячык – я нават не ўгледзеў, якім чынам, – залятае ў сетку растоўскіх брамаў.

– А-аа, бляха! – крычым мы з Мішкам, захоплена абдымаемся, і сябрук хуткагаворкай, перакрыкваючы футбольнага камэнтатара, гарлае: – Памятаеш, у 65-м, першая гульня ў Менску… забілі нам тады, с-сукі… цяпер вось атрымай!

– Зусім мальцы здурнелі, – мармыча бабуля, спалохана хрысьціцца, але мы не зьвяртаем на яе ўвагі. – Менчукі вядуць зь лікам 1:0, і рэшту гульні даглядаем стоячы – нічога, апрача футбола, ня бачачы і ня чуючы.

Задаволеныя – дынамаўцы выйгралі, хай і зь мінімальным лікам – выкульваемся з сябруковага пад’езду і Мішка, згадваючы фільм «Цырк», які нядаўна круцілі па тэлевізіі, махае рукамі і пытаецца:

– Цяпер ты разумееш?

– Цяпер разумею! – адказваю я, таксама, з маршавым імпэтам, махаючы рукамі.

Гаворка, вядома, пра 87-гадовую бабулю.

– Вось у такіх цяжкіх умовах даводзіцца жыць, глядзець футбол і вучыць фізычны законы, – Мішка нездарма згадвае фізыку; наша школа адзіная ў горадзе, дзе гэты прадмет, дзеля пэдагагічнага экспэрымэнту, вывучаюць паглыблена. – Праўда, бывае і цікавыя рэчы кажа, – сябар зыркае на вокны сваёй кватэры, – сёньня японскай вайной даймала, а ўчора ўвесь вечар пра немцаў ды партызанаў балакала. Ведаеш, чаму немцы да Масквы дайшлі? Таму што, як кажа бабуля, ніхто за савецкую ўладу ваяваць не хацеў. Думалі, пры немцах калгасаў ня будзе, новае жыцьцё пачнецца. І толькі як пабачылі, што немцы горшыя за камуністаў, тады толькі ў лес падаліся.

Прызнацца, я штосьці падобнае чуў і ад маці, але не надаваў таму ўвагі, і вось цяпер адчуў у сэрцы, якое толькі што трапятала ад радасьці, нейкую халодную паныласьць. Паныласьць гэтая выплывала зь цёмных кутоў двара, струменіла мляўкім сьвятлом ліхтароў; яе нёс, разам з папяровым сьмецьцем, гарэзьнік-вецер, які цяпер, позьнім вечарам, стаў яшчэ больш няўрымсьлівым і рашучым.

Да майго дому ідзем разам. Мішка наагул гатовы цягацца хоць да ранку, балазе маці пайшла ў начную зьмену, а бацька, інжынэр-будаўнік, знаходзіцца ў замежнай камандзіроўцы. Будуе горад Дархан у братняй Манголіі. Бяз бацькі сябрук, як кажа клясная, зусім ад рук адбіўся: зьехаў на тройкі ды стаў адрошчваць валасы. Праўда, яны ў яго пакуль не такія даўгія, як у «бітлух» – Галузы і Шутовіча.

1
{"b":"481810","o":1}