- Усё зразумела з табою. Пашкадаваў п... - сам п... стаў, - махнуўшы рукой, рэзюмаваў Жэня.
Між тым часу да першага экзамена амаль не засталося. Кніжак, розных абітурыенцкіх дапаможнікаў Аляксей яшчэ ў пачатку лета поўна набраў у гарадской бібліятэцы; яны ляжалі на тумбачцы сімпатычным стосам, ён любаваўся імі, ды так ні разу не разгарнуў. Уся надзея была на армейскую характарыстыку. У войску казалі, што з добрай характарыстыкай прымаюць амаль без экзаменаў. Восьмага жніўня ён апрануў касцюм, павязаў гальштук, начысціў чаравікі і паехаў у Мінск - паступаць на “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, разлічваючы, што прабудзе ў сталіцы дзён дзесяць мінімум, па два дні на кожны іспыт: супрамат, фізіка, замежная мова, сачыненне. А прыехаў дамоў... праз дзень, безнадзейна праваліўшы першы ж экзамен. Ён углядаўся ў білет, а бачыў шпалы, рэйкі, расу, круглую траву “перакаці-поле”... Белыя трусікі на загарэлых ножках... Словам, лезла ў галаву абы-што. Нічога людскага з такой здачы не магло атрымацца.
Ён вяртаўся дамоў з пачуццём сораму і з адчуваннем, што не апраўдаў нейкіх надзей, якія на яго кімсьці ўскладаліся, не выканаў якогась важнага, даручанага яму задания, і вось вяртаецца - прыніжаны і з пустымі рукамі. Як яго сустрэнуць? Што скажуць? Што яму адказваць?
Аднак дарэмныя былі яго перажыванні. Нічога не змяніліся, у брыгадзе ніхто не ўспрыняў яго правал як няўдачу. Німб “вялікай будучыні” не пабляк над яго галавою.
- На другі год паступіш, - упэўнена заявіў Жэня. - Тваё ад цябе не ўцячэ!
Маці дык увогуле не хавала радасці. Ёй добра было з сынам - такая дапамога, праца блізка, грошы неблагія. Аляксей супакоіўся, і зноў жыццё пайшло, як і раней, пакацілася па сваіх знаёмых роўных рэйках. Восенню, у канцы верасня, Жэня паведаміў яму, што Ксю паступіла, ды не абы- куды - у БДУ:
- Пашкадавалі яе, - чамусьці вінавата дадаў Жэня, нібы апраўдваючы Аляксея і асуджаючы спрытную пляменніцу. - Узялі як сірату, з чарнобыльскай зоны...
Вось гэтая навіна па-сапраўднаму ўкалола самалюбства. Цяпер Аляксею было з чым параўноўваць уласную няўдачу - з чужой удачай. Да таго ж ён не сумняваўся, што “сіроцтва” і “зона” тут справа дзясятая, а проста Ксю, як разумная дзяўчынка, у адрозненне ад яго аказалася лепш падрыхтаванай.
З Ксю была ў іх яшчэ адна сустрэча - апошняя. З нізкага неба на скапаныя грады, на пусты, непрыветны, без дзяцей і курэй двор імжэў дождж, і стаяў у паветры, як туман. Ксю сказала, апусціўшы вочы:
- Прабач, калі можаш: і за той вечар. І...
Яна запнулася, але ён зразумеў - “і за паступленне”.
- Ты толькі не губляйся, добра? - горача сказала яна. - Пішы! Я цябе буду чакаць у Мінску. Ты абавязкова паступіш, мы будзем разам!
VIII.
Да канца восені ад Ксю прыйшлі два лісты.
Аляксей разрываў канверт з нецярплівым хваляваннем, спадзеючыся ўбачыць пісьмо з размытымі ад слёз радкамі, у якіх настальгічна, з сумам раскаяния ўспаміналася б іхняе лета, была б розная лірыка... Словам, чакаў таго, што ў яго самога было на душы і ў памяці. А ўбачыў - вясёлы, шпаркі почырк, узнёсла-радаснае паведамленне, як ёй добра ў Мінску, як яна ажыла там, колькі ў яе новых сяброў... Яна і яму, Аляксею, ад усяе душы раіць любым чынам імкнуцца ў Мінск, бо “толькі тут сапраўднае жыццё!.. ”
У другім лісце Ксю прасіла дапамогі. Ім далі задание (яна паступіла на псіхалогію) зрабіць апытанку-тэст, і вось яна просіць Аляксея адказаць:
а) ці задаволены Вы сваім жыццём;
б) якія колеры выклікаюць у Вас трывогу, якія - супакой;
в) ці была ў Вас у дзяцінстве якаясь псіхалагічная траўма;
г)...
Расчараваны, пакрыўджаны, ён не адказаў. Ды і пра што было пісаць? Чым маглі яе зацікавіць іхнія лакальныя, мясцовага маштабу навіны? Тое, што ён перавёўся з сезонных рабочых у пастаянныя? Ці што яе дзядзьку - Жэню Бракарэнку, разам з брыгадзірам Рэвутам застукалі-такі на крадзяжы, і ў вёску прыехаў міліцэйскі “ўазік”, забіраць яго. Перад тым, як сесці ў машыну, Жэня тужлівым паглядам аббег двор, агарод, дарогу, лес за ёю, падняў вочы ў неба - нібы развітваючыся назаўсёды.
“За бацькаў х... - ды век гаруй”, - прамовіў ён і палез у машыну. Тацяна галасіла па ім, як па нябожчыку. Анька і Валька не адставалі, трымаючыся з двух бакоў за яе спадніцу.
Рэвут атрымаў два гады, Жэня - тры. Жонка Рэвута, кіргізка, неўзабаве з’ехала ў Кіргізію. Дзед нядоўга радаваўся знікненню ворага, сам захварэў, не мог больш працаваць - нават змазваць мазутам рэйкі ў яго ўжо не стала сілы. Шура таксама звольнілася і, нібыта, зноў пайшла ў буфетчыцы на любімы металургічны. Брыгаду, як вайсковую адзінку пасля баявых стратаў, давялося тэрмінова дафармоўваць новымі людзьмі з горада.
Пасля таго, як Ксю паступіла, у кватэры засталіся толькі Света з маленькай Настаю. Тацяна хутка ацаніла сітуацыю і неўзабаве разам з дзецьмі (Аньцы трэба было ўжо ў школу) перабралася ў горад да мужавай пляменніцы. Ніхто больш не прыязджаў у вёску. Хата стаяла сіратлівая, запушчаная, двор зарастаў травою.
А Аляксей Дарафей так і працягваў жыць разам з маці і працаваць на станцыі. Ён - той, хто лічыў сябе часовым, сезонным, толькі адзін і застаўся пастаянным, на тым самым месцы, як укапаны.
Ён нечакана лёгка змірыўся з гэтым, перастаў думаць пра паступленні, ні на што не наракаў, ні аб чым не шкадаваў - проста жыў, як у вакууме, у нейкай духоўнай і фізічнай рэзервацыі, без імпэту, без мары, без асаблівага спадзявання на нешта, што магло б з ім здарыцца і змяніць яго жыццё.
Толькі калі-нікалі яму рабілася сорамна за тую веру ў сваю “абранасць”, у “незвычайную будучыню”. Якая лухта, з чаго ён узяў, што заслугоўвае большага?
Яго не цікавілі ні палітычныя, ні эканамічныя, ні сацыяльныя, ні нацыянальныя змены. Недзе ў вялікім свеце ўсё кіпела, бурліла, блыталася, разбураліся старыя дзяржавы і ўзнікалі новыя, ішло вялікае перасяленне народаў, умацоўваліся празрыстыя межы, лёгка падалі праржавелыя “жалезныя заслоны” і нетрывалыя “бетонныя сцены”... Усё абыходзіла яго бокам. Ён ведаў толькі шпалы, рэйкі, малаток ды кастыль. Фізічны час існаваў для яго хіба што ў пераменах года: за зімой прыходзіла вясна, за вясной - лета, ды яшчэ ў намінале купюр, якімі выплачвалі аванс, зарплату, прэміяльныя: спачатку лік ішоў на сотні, потым на тысячы, на мільёны - адсюль стваралася ілюзія руху жыцця, павышэння дабрабыту, нават кар’ернага росту.
Зрэшты, ён сам ужо быў брыгадзірам, меў падначаленых, ганяў іх, як некалі сваіх рабочых Рэвут, і таксама, як Рэвут, не скупіўся на моцныя слоўкі.
У матэрыяльным плане грэх было скардзіцца. Плацілі добра, Дарафей не піў, не курыў, плюс матчына пенсія. Так у яго з’явілася любіміца, “Кіа” - не новая, але і не дабітая, надзейная. Без машыны, як без рук, як колісь селяніну без каня. Рэйсавыя аўтобусы адмянілі, медпункт закрылі, аўталаўка не хадзіла, на працу туды і назад дабярыся: з гадамі лянота, ды і проста фізічна цяжка стала пехатой накручваць кіламетры. Пасля працы ці ў выхадныя Дарафей заязджаў у горад, закупляўся прадуктамі, лекамі для маці.
Маці хварэла на рэдкую немач: адсутнасць энергіі. У яе хапала сілы на якія паўгадзінкі раніцай, потым пераставалі слухацца рукі-ногі, яна клалася ў ложак і бяссільна плакала. Затое гэтыя каштоўныя паўгадзінкі яна выкарыстоўвала надзвычай ашчадна, на самае неабходнае, без чаго не абыдзецца сын, чаго ён сам не ўмее - на гатаванне ежы. Яна варыла, смажыла, пякла, каб хапіла на ўвесь дзень. Аляксей ніколі не быў галодны. Што да мыцця, яны купілі дарагую замежную пральную машыну.
Акрамя фізічнай хваробы, маці пакутавала духоўна. У тым, што ў сына, як ёй здавалася, не склаўся лёс, яна вінаваціла толькі сябе. Хіба такі добры, спакойны, працавіты чалавек, як яе сын, заслугоўвае такой долі - сядзелкаю быць пры ёй? Асабліва цяперашнім часам, калі ўсе дарогі адкрытыя? Гэта ж у міністры можна выйсці! Яна забрала сябе ў галаву, што ён і не жэніцца з-за яе. Якая дзяўчына пойдзе ў вёску, у хату, да хворай свякрухі? Трэба купляць кватэру, ці будаваць катэдж, распачынаць пераезды-пераборы, і ў любым выпадку яна, нямоглая, будзе лішняю. Не раз яна прасіла: здай мяне куды, у які дом састарэлых, цяпер гэта не сорамна, цяпер дзеці не глядзяць бацькоў, бацькі самі хочуць аслабаніць дзяцей.