- Курвачкі растуць...
- І не сорамна табе, - ушчуваў Аляксей. - Ты ж родны бацька!
- Можа, для цябе гадуюцца.
- Мне, чужому, і то сорамна...
- Які ты чужы? Ты мне як малодшы брат! Я цябе адразу палюбіў, прыкіпеў душою... Вось убярэцца лета, пачнуць пляменніцы прыязджаць, я цябе са Светай пазнаёмлю... Дачкой майго брата-хірурга-нябожчыка. Во такая дзеўка! агонь баба! З Тацянай маёй на металургічным працуе. Адна, без мужа. Чарку бярэ, цыгарэту закурыць. Бо табе ж трэба, ты пасля арміі, галодны...
- Кінь, мне непрыемна слухаць. І ніякі не галодны...
- А хочаш, з меншай, Аксанай, пазнаёмлю? Экзамены здае, школу канчае...
Неўзабаве, у чэрвені, і праўда пачалі наведвацца пляменніцы. Першай прыехала падобная на маладзенькую мініяцюрную японачку Аксана, з чорнымі, кароткімі, у карэ, валасамі, з жывымі, вішнёвага колеру вачыма. Сямнаццаць гадоў. Знаёмячыся з Аляксеем, працягнула ручку: “Ксю. Так мяне бацька зваў”.
Аляксей у думках паспрабаваў прыкінуць да яе іншыя варыянты імені. Аксана-Оксана - украінска-гогалеўскае, Аксеня, Ксеня - старое, Аксіння - шолахаўскае, Ксюша - расейскае... А кароткае Ксю сапраўды так падыходзіла ёй!
Потым, у выхадныя, пачала прыязджаць Света, высокая, белая, зусім не падобная на сястру-“азіятачку”. Прыязджала то адна, то з маленькай, чатыры гады, дачкой Настай, і дзяўчынкі ўжо ўтрох - дзве Жэневы і Наста - калупаліся ў пяску, гулялі ў здаганялкі; самая большая, Анька, закрывала далонькаю вочы і лічыла:
- Раз... два... два-а з палавінаю... два-а з валасінаю... Валасіна абрываецца - тры пачынаецца! - і з піскам дзеці разбягаліся.
- Тры свае, - загінаў пальцы Жэня, - тры пляменніцы, плюс Наста... Аднымі курвачкамі акружаны! Ды яшчэ сам, як цэлка, хаджу, - пасміхаўся ён, маючы на ўвазе свае скалечаныя ногі.
Света сядзела разам з імі на ганку, піла чарка ў чарку, пасміхалася, слухаючы распутнага дзядзьку. А дзядзька, выпіўшы, не сунімаўся:
- Дай ты чалавеку. Свой жа хлопец, не чужы. Пасля арміі...
- Я старая для яго, - адмахвалася Света, трымаючы шклянку з віном у руцэ.
“Старой” было не больш за 25. Аляксей пазіркваў збоку на яе прыгожы твар, прыпухлыя вусны, на грудзі, рукі, плечы, на выцягнутыя, адна на адну пакладзеныя ногі. Ад яе пахла спіртным, і гэта было прыемна; гэты пах ад маладой жанчыны трывожыў, і бударажыў, і радаваў. Яна падабалася Аляксею куды больш за Ксю - найперш уяўнай даступнасцю; ён чамусьці заўсёды лічыў, што белыя дабрэйшыя за чарнявых, меншыя ламакі, з імі лягчэй.
- Трэба ж памагаць людзям! - чапляўся да пляменніцы Жэня, заклікаючы яе да своеасаблівага гуманізму. - І самой карысна... Для здароўя...
- Мне што, на гэтым ганку зараз разлегчыся? Ці на пяску пасярод двара? Хай купляе бутэльку ды прыязджае, - ужо без усмешкі адказвала Света. Вочы ў яе патухалі.
- Чуў? Аляксей! Бачыш, як проста, - шчыра радаваўся Жэня.
Але Аляксей не бачыў тут нічога простага. Гэтае дэманстратыўнае, перабольшанае самапрыніжэнне толькі насцярожвала яго. Хаця... ты іх зразумееш? Калі яны гуляюцца, а калі кажуць праўду?
V.
Света прыязджала рэдка, на выхадныя. Затое Ксю ў канцы чэрвеня, здаўшы экзамены, скончыўшы школу, часцей пачала бываць у вёсцы, а потым і зусім пасялілася ў дзядзькі. Дні стаялі цёплыя, вечары - яшчэ цяплейшыя. Жэня даваў пляменніцы поўную волю. Праўда, Ксю была “жаваронкам”, рана лягала спаць, але ўлетку цямнее позна, і ў іх - у яе з Аляксеем - хапала часу нагуляцца.
Аляксей паступова прывыкаў да Ксю. Ён ставіўся да яе як да малодшай сястры, не забываў, што яна сірата, і яму прыемна было адчуваць сябе гэткім старэйшым братам, хацелася клапаціцца пра яе, абараняць, аберагаць. Ён трохі паблажліва зваў яе:
- Мая маленькая пяшчотная сяброўка.
З ёю можна было гаварыць на любую тэму. Ксю жаночай інтуіцыяй адгадвала яго думкі, жаданні, наперад ведала, якіх слоў яму хочацца, якога настрою, якіх інтанацый ён ад яе чакае - і акурат такія ён атрымліваў.
- Ты незвычайны, - шаптала яна, прыціскаючыся да яго.
- Чым?
- Ад цябе прыемна пахне, - проста адказвала яна.
Ён абдымаў яе і, каб падражніць, пераводзіў размову на Свету.
- Слухай, Ксю, хачу з табой параіцца. Можа, мне ўзяць тваю сястру замуж? Ты была б мне сваячка...
Ксю сярдзіта адсоўвалася. Яго цешыла гэтая мілая, няўмелая рэўнасць.
- Нічога не атрымаецца, - сур’ёзна адказвала Ксю. - Яна за цябе не пойдзе.
- Чаму?
- А ў яе ёсць. Нейкі чэх, ці немец. Не, чэх.
- Што ён тут робіць?
- Працуе на металургічным, інжынерам. Стары, непрыгожы, - хутка дадала яна.
Канечне, ён не верыў ні ў якага інжынера. У душы ён пасміхаўся з яе. “Ты не ў курсе, дарагая. Ты не ведаеш нашых размоваў на ганку. Не ведаеш, што Света мяне сама запрашае”. Але яму падабалася пацяшацца з сваёй даверлівай, наіўнай сяброўкі.
- Ну, хай сабе чэх. Мала хто ў каго ёсць. Ён жа не збіраецца жаніцца? А я б ажаніўся. Афіцыйна. Насту ўдачарыў бы...
Ксю пакрыўджана маўчала. Аляксей абдымаў яе, цалаваў у шчочкі, у лоб, гладзіў па галаве.
- Дзіўныя вы, мужчыны, - з уздыхам, задуменна казала яна. - Усё шукаеце нечага... А не бачыце таго, што пад носам. Не заўважаеце тых, хто, можа, па-сапраўднаму ўмее кахаць. Як я, напрыклад. Я - не Света. Ты мяне зусім не ведаеш. А прыязджай у госці? - Ксю не ў першы раз гэта прапаноўвала. - Пазнаёмімся бліжэй... Кавы пап’ем.
- Як гэта - узяць ды прыехаць? А тут яшчэ інжынер...
- Нашто табе інжынер? Да мяне прыедзь! Паглядзіш, як я жыву, - і заўсёды дадавала: - Кавы пап’ем.
- Малая ты яшчэ “на каву” запрашаць.
- Малая! - гмыкала яна. - Сямнаццаць хутка. Знайшоў дзяўчынку!..
Аляксей тады ўспамінаў трыццаціпяцігадовую Шуру, на якую Рэвут казаў - “старая кабыла”, згадваў Свету - “я ўжо старая”; цяпер яшчэ і Ксю.
- Дык якія ж вы тады бываеце маладыя?! - шчыра ўсклікваў ён. - Калі вы дзяўчынкі?! Такія, як Наста? Як Жэневы дочкі?
- Відаць, толькі тады, - смеючыся, пацвярджала яна.
Раніцай Жэня па дарозе на станцыю даганяў Аляксея, глушыў мапед і, клыпаючы побач, вёў яго ў руках.
- Ну, прызнавайся. Вы гуляеце - а ёсць толк?
- Які толк, - чырванеў Аляксей. - Мы проста сябруем - як з табою. Мне ўвогуле здаецца, што яна яшчэ нечапаная дзяўчынка.
- Дык добра. Пашанцавала табе. Нехта ж робіць дзяўчынак жанчынамі.
- Ведаеш, я думаў пра гэта...
- А тут не трэба думаць - рабіць трэба, - параіў Жэня.
- Мне здаецца, ёсць нейкія прафесіяналы, якія толькі гэтым і займаюцца. Гэта іхняя спецыяльнасць. З адпаведным запісам у працоўнай кніжцы. Яны і бываюць заўсёды першыя - па законе, а ўсе астатнія, такія, як я, заўсёды другія.
- Не кажы, чаго не ведаеш. І запомні: хто п... пашкадуе - сам п... стане!
- выдаў Жэня адну са сваіх зэкаўскіх прымавак.
Канчаўся ліпень, Ксю паехала ў горад. А ў выхадныя ў Аляксея адбылася нечаканая размова са Светаю. Яна ўсё ж зрэдку ўспамінала, што павінна апекавацца меншай сястрою. Света пачала здалёк, з рамантыкі, усё з таго ж - “зайздрошчу я вам, маладым, і табе, і Ксю... у вас будучыня, усё наперадзе, можна з’ехаць, уцячы ад гэтых п’янак, хамства, ненавіснага металургічнага...” Затым перайшла да справы.
- Ты гуляеш з Ксю, я ведаю. Яна ўжо закаханая ў цябе. Ты неўзабаве паедзеш, паступіш. Канечне, у цябе іншыя планы, што табе да нейкай правінцыялкі. Але павер - яна цудоўная. Добрая, разумная, гаспадарлівая. Чыстая, - зрабіла націск Света. - Табе ўсё роўна трэба будзе жонка, надзейная, памочніца. Калі зрабіць гэта адразу, на пачатку - ажаніцца я маю на ўвазе - ты большага ў жыцці даб’ешся, і хутчэй. Бо інакш ты не столькі будзеш вучыцца, колькі шукаць, і добра, калі пашанцуе, і знойдзеш такую, як Ксю. А калі памылішся?
Аляксею страшэнна няёмка было, упершыню ў жыцці яго так адкрыта сваталі, і хто - дзяўчына, якая яму самому падабаецца! Яна што, не разумее, што яму ўсяго дваццаць, што ён не ведае жыцця, ён не збіраецца планаваць яго матэматычна, хай яно ідзе спантанна, хай будуць памылкі, расчараванні, але гэта будуць яго памылкі, яго расчараванні, яго вопыт. Якія жаніцьбы!