- У цябе, аказваецца, выдатна адладжаны абарончы механізм. Ты як віеўскім кругам сябе абвёў, і ні пераступіць яго, ні прабіць. Усё ў цябе роўна, гладка, складна, распланавана, разлічана.
- Ну што ты, Ксю, - сумеўся ён. - У мяне акурат-такі нічога не атрымалася. Гэта ў цябе ўсё здорава, роўна і гладка, гэта ты ў параўнанні са мной усяго дабілася...
- Спытай, якой цаною. Я прайшла праз усё, што ты зараз казаў. Даводзілася і круціцца, і рваць, і кусацца, і быць цынічнай, і подлай... Так што дарэмна ты мяне хваліш. Ты нічога не страціў, толькі набыў, ты стаў лепшы, а я - горшаю.
Х.
Яны вярнуліся на кухню. Настала няёмкая паўза, якая сведчыла, што трэба мяняць тэму.
- А прызнайся, ты крыўдуеш на мяне, - ціха сказала Ксю. - Я падабалася табе, ты хацеў мяне. Я помню тую ноч, я сядзела ў цябе на каленях... Мы глядзелі на дождж... Памятаеш тыя залатыя часы?
Яна, не міргаючы, глядзела на яго. Чырвань на шчоках, паўраскрытыя вусны. Складзенымі накрыж рукамі яна абдымала сябе за плечы, нібы ёй холадна было. Тут, на кухні, пры такім асвятленні і ў такім ракурсе Дарафей упершыню ўбачыў, што яна змянілася; гэта ўжо не дзяўчынка, не яго Ксю, што і праўда яна, відаць, прайшла праз многае, перш чым стаць такой.
Раптам яму страшнавата зрабілася ад немігаючага позірку гэтых вачэй. Нешта гіпнатычнае, вядзьмарскае, містычнае з’явілася ў ёй (а можа, і заўсёды было). Нічога дзіўнага, што яе кліенты ніякавеюць перад ёю, яна не хваліцца, а так і ёсць, - і пачынаюць распранаць перад ёю душы. Яшчэ яму прыйшло ў галаву, што сярэднявечную інквізіцыю можна ў некаторых рэчах калі не апраўдаць, дык зразумець.
Яна адвяла вочы.
- Аляксей, у нас мала часу. Я хачу сказаць... Ты можаш святкаваць перамогу, - сказала з разгубленай, бездапаможнай усмешкай. - Ты выйграў. Божа, якая я дурная была! Якая вінаватая! Усе гады адчуванне, што зрабіла балюча чалавеку, які адзін па-сапраўднаму кахаў мяне... Я ведаю - гэта з-за мяне ты не жаніўся. Аляксей, пакуль у нас ёсць час... Мы адныя. Трэба карыстацца момантам. Дай мне шанец выправіць віну. Цяпер ужо я ў цябе прашу. Пайтттлі? Вунь пакой, там ложак.
- Ксю...
Ён пацягнуў яе да сябе, пасадзіў на калені і абняў. Яна аддана, гатоўна, з удзянасцю прыціснулася да яго. Горача зашаптала:
- Дарагі мой, дзякую... Як я чакала гэтага дня, гэтага моманту! Ты ўявіць не можаш, як дзяўчыне, жанчыне жыць з гэтым, насіць у сабе! І чым хутчэй бяжыць час, а ён бяжыць, тым цяжэйшы робіцца камень на шыі... Псіхолагі, маючы справу з не нормаю, самі набіраюцца негатыву. У мяне нейкая псіхалагічная траўма. Аляксей, мне вельмі цяжка, я хачу ў нашу вёску, у наша лета, у свае сямнаццаць! У мяне не жыццё, а існаванне, мне так адзінока, у мяне бяссонніца, я не ведаю, дзеля чаго жыву... Хочаш праўду? Я па-ранейшаму кахаю толькі цябе... я нават у ложку з мужам цябе ўяўляю на яго месцы!
Яна паднялася і ўзяла яго за руку, прапануючы ісці за ёю. Ён застаўся сядзець.
- Ксю... Мы ж сябры... Ты мне сястра...
Яна ўсё яшчэ не разумела, што адбываецца.
- Аляксей, у нас мала часу! Пятнаццаць год назад не была сястрою, калі ты ціскаў мяне ў сябе на каленях.
- Малады быў, п’яны... Кроў гарачая, дурная...
Яна выпусціла яго руку.
- Вось як? І... толькі?!
Нарэшце да яе пачало даходзіць, што ролі памяняліся: цяпер ужо яна ініцыятарка, а ён як бы зусім не свеціцца ад шчасця. Відаць, яна нават думкі не дапускала, што ён можа не кахаць, не хацець яе.
Яна выглядала няшчаснай, мілай, разгубленай і бездапаможнай.
- Але... ты не можаш адмовіцца. Жанчыны так могуць рабіць, але не мужчыны! Ты... зусім не хочаш мяне? Табе дарагая лыжка толькі ў абед? Гэта помста мне? Ты, як дзіця, адчуваеш нейкую насалоду ад таго, што цябе пакрыўдзілі, “не далі” табе? Не разумею! Забі - не разумею, як здаровы нармальны мужчына можа не скарыстацца такім шанцам!
Ён слухаў, глядзеў ёй у вішнёвыя вочы і маўчаў, бачачы, ведаючы, што не зможа ёй нічога растлумачыць. Усё, што магло паміж імі адбыцца, ужо адбылося, і не трэба спрабаваць перайначваць жыццё - можна толькі змірыцца і прызнаць, што яго Ксю, яго дзяўчынка з белымі трусікамі засталася там, у далёкім леце; што гэтыя бясконца доўгія гады, ды яшчэ памножаныя на адзіноту, зрабілі сваю справу - зрабілі тое, што яго нерэальная, выдуманая Ксю на самой справе стала для яго нечым большым нават за сяброўку, бліжэй, чым родная сястра.
А жанчына, якая цяпер стаіць перад ім, дарослая, самастойная, са сваім “Лексусам”, псіхалогіяй, мужам, дзецьмі, кватэраю - чужая яму.
І гэтую двухсэнсоўнасць, гэтае раздваенне, нават растраенне: у адным целе - каханая дзяўчынка, любімая сястра і чужая жанчына - ён ні за што не зможа прымірыць, спалучыць, зліць у адно - хоць на сцяну залезь, хоць лоб разбі.
- А хочаш, я скажу, што з табой адбываецца? Як псіхолаг?
Нечакана халодныя, насмешлівыя, жорсткія ноткі з’явіліся ў яе голасе. Усю прыкрасць, самалюбства пакрыўджанай, адрынутай жанчыны яна ўкладвала ў іх.
- Ты жывеш сваімі ўспамінамі, песціш іх, калоцішся над імі, яны табе даражэй за жывое, яны памагаюць табе паважаць самога сябе. Адбяры іх у цябе - ты загінеш! А тут я - замахваюся на святое! Прапаноўваю ўласнымі рукамі задушыць, знішчыць тое, што адно памагае жыць, з чым так прыемна насіцца! Так?
Ён маўчаў.
- Добра... Што гэта я на самой справе. Як насланнё нейкае, - яна правяла па вачах рукою, нібы стараючыся скінуць нябачныя павуцінкі гэтага наслання. - Калі так табе лягчэй...
Пазбягаючы глядзець на яе, ён узяў свой пакет са стартэрам, патаптаўся, што азначала: ісці трэба... электрычка хутка.
- Ідзі, - сказала яна. - Не, пачакай, - пакорпалася ў сумачцы. - На, вось візітоўка. На ўсялякі выпадак. Пішы, звані. Мала што. Можа, яшчэ сустрэнемся...
- Кавы пап’ем? - пажартаваў ён.
І хоць выйшла недарэчна, яна ўсміхнулася, праўда, не зусім весела, хутчэй неяк безнадзейна.
Праз дзесяць хвілін зялёны аўтобус-“сотка” вёз Аляксея Дарафея па шырокім праспекце, абсаджаным з двух бакоў каштанамі, з прыгожымі будынкамі справа і злева. І чым бліжэй да вакзала, тым больш, здавалася, шырэў праспект; вышэйшымі станавіліся каштаны, прыгажэйшымі - будынкі, святлейшымі - думкі.
Усмешка блукала на яго вуснах. Ён зусім не думаў, што едзе ў глушэчу, да хворага чалавека, да мазутных шпалаў, да звыклай ужо адзіноты.
Ён думаў, што хутка лета - усяго праз пяць дзён, і вось ён едзе, спяшаецца да яго, такога жаданага, таго самага, у якім засталася здаровая маці, ранішняя дарога, сонца, раса, Рэвут, жывы Жэня, прызба, ганак, выпіўка з “прысмакамі”, цёплы пясок з курамі і з дзяўчынкамі, добрая і загадкавая Света, бесклапотны, без цара ў галаве хлопец з дзяўчынкай - сваёй малодшай сястрой, сваёй пяшчотнай сяброўкай, якая цёплымі вечарамі ціснецца да яго, захапляецца ім, яго розумам, яго незвычайнай будучыняй...
Дзяўчынка з кароткімі, цёмнымі, у карэ падстрыжанымі валасамі, з вачыма, што мякка свецяцца, нібы гладзяць, да якой так пасуе яе кароткае, як летняя ноч, імя - Ксю.
2014 г.